Пытанні ўзнікнення інтэрнэт-рызык — тэхнічных, кантэнтных, рызык у сферы спажывання, камунікатыўных, этычныя праблемы развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, асноўныя лініі паводзін педагога ў сетцы і яго рэпутацыі — былі разгледжаны на семінары “Адказныя паводзіны настаўнікаў у інтэрнэце”, які прайшоў на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, МГІРА, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска, кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі.
Семінар быў арганізаваны ў межах рэалізацыі праекта “Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетцы”, які рэалізуецца Міністэрствам адукацыі сумесна з ТАА “Мабільныя ТэлеСістэмы” ў межах пагаднення аб супрацоўніцтве.
У сучасным свеце тэхналогіі аказваюць значны ўплыў на фарміраванне асобы, таму важна, каб гэты ўплыў быў пазітыўным і стваральным. Працэс імклівага развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазволіў значна пашырыць функцыянальныя магчымасці сеткі інтэрнэт, пры гэтым выкарыстанне ІКТ на працягу ўсяго часу існавання, нягледзячы на з’яўленне новых магчымасцей, суправаджаецца ўзнікненнем часткова ўсвядомленых рызык і пагроз. Кожнае другое дзіця лічыць, што ў сетцы інтэрнэт размяшчаецца інфармацыя, якая негатыўна ўплывае на яго, а кожнае пятае хаця б раз сутыкалася з такой інфармацыяй. У сітуацыі, калі дзеці не здольны справіцца з чым-небудзь у сетцы, яны звяртаюцца па дапамогу да бацькоў і сяброў. Настаўнікі стаяць у гэтым шэрагу на апошнім месцы. Як паказалі шматлікія даследаванні, нават высокакампетэнтныя ў сферы ІКТ педагогі далёка не заўсёды з’яўляюцца безумоўнымі аўтарытэтамі для школьнікаў і маюць адэкватныя ўяўленні пра тое, чым займаюцца іх вучні ў сетцы і з якімі небяспекамі могуць сутыкнуцца.
Да асноўных найбольш актуальных тыпаў інтэрнэт-рызык для дзяцей адносяцца: тэхнічныя рызыкі (пашкоджанне праграмнага забеспячэння, парушэнне канфідэнцыяльнасці інфармацыі і г.д.), рызыкі ў сферы спажывання (узнікаюць у працэсе набыцця тавараў і паслуг праз сетку інтэрнэт), рызыкі ў інфармацыйным асяроддзі (у працэсе выкарыстання матэрыялаў, якія змяшчаюць супрацьзаконную, неэтычную і шкодную інфармацыю), рызыкі ў сферы камунікацыі (у працэсе зносін і міжасобаснага ўзаемадзеяння).
Даныя даследаванняў паказваюць, што 90% дзяцей штодзень заходзяць у інтэрнэт, кожны трэці з іх знаходзіцца ў сетцы ад 3 да 5 гадзін, кожнае шостае дзіця — ад 5 да 8 гадзін. Пры гэтым, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, маладое пакаленне амаль не ўсведамляе рызыку, звязаную з кожнай лічбавай аперацыяй, са зносінамі ў сацыяльных сетках. Задача бацькоў і настаўнікаў — гарантаваць бяспеку дзяцей у сетцы, у тым ліку і шляхам уласных адказных паводзін. Адзін са шляхоў — урокі мабільнай дасведчанасці — праект “Дзеці ў інтэрнэце” кампаніі МТС.
Як адзначалася, у сацыяльнай сетцы педагог павінен быць не менш сацыяльна адказным, чым у рэальным жыцці. Даследаванні лабараторыі Касперскага сведчаць, што 96% настаўнікаў выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі ў асабістых мэтах; у 67% апытаных педагогаў ёсць адкрыты акаўнт у сацыяльных сетках, 73% апытаных настаўнікаў дабаўляюць сваіх вучняў у “сябры”, прычым 25% з іх не праводзяць з дзецьмі ніякай педагагічнай работы на гэтых пляцоўках.
Сёння існуюць дзве асноўныя лініі паводзін педагога ў сетцы: адмова ад зносін з вучнямі ў сацыяльных сетках (з пункту гледжання выхавання гэты шлях менш эфектыўны, але ён вучыць дзяцей паважаць асабістую прастору педагога, дэманструе, як можна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, не выстаўляючы асабістае жыццё напаказ) і ўключэнне школьнікаў у “сябры”, зносіны з імі ў сацыяльных сетках (як інструмент выхавання гэты шлях найбольш эфектыўны і паказальны, паколькі тычыцца бяспекі дзяцей у сетцы, закранае пытанні настаўніцкай рэпутацыі і аўтарытэту). Варта памятаць, што адпаведнасць паміж ладам жыцця педагога ў рэальным і віртуальным жыцці павялічвае крэдыт даверу ў яго навучэнцаў.
Педагогам, актыўным у сетцы, спецыялістамі былі дадзены практычныя рэкамендацыі. Так, ім варта ўдзяляць асаблівую ўвагу культуры паводзін і маўленню; інфармацыі, што размяшчаецца, у тым ліку фота- і відэакантэнту; ступені адкрытасці інфармацыі пра сябе і сваіх сяброў, кантролю ўключэння ў групы, пабочнай педагагічнай рабоце.
На семінары было падкрэслена, што настаўнік — гэта прыклад для пераймання, асабліва для малодшых школьнікаў. Дзеці назіраюць за паводзінамі настаўніка ў сетцы, чытаюць яго выказванні, бачаць фота і відэа, што размяшчаюцца педагогам, і прымаюць усё як дапушчальную і прымальную існасць.
Рэпутацыя ў інтэрнэце залежыць ад самапрэзентацыі карыстальніка, яго паводзін у віртуальнай прасторы, узроўню культуры зносін і кантэнту, што размяшчаецца. Настаўнік рызыкуе рэпутацыяй і аўтарытэтам сярод настаўнікаў і іх бацькоў, калі размяшчае ў сваім акаўнце фота і відэа сумніўнага зместу, выкарыстоўвае ненарматыўную лексіку і нецэнзурную лаянку; абражае (троліць іншых карыстальнікаў).
Пагроза бяспекі навучэнцаў у сетцы ствараецца, калі профіль настаўніка адкрыты для ўсіх, вучні ў спісе сяброў, у групу класа можа ўступіць любы жадаючы. Таму рэкамендуецца, каб профіль настаўніка быў адкрыты толькі для сяброў, вучні ў спісе сяброў павінны быць схаваны ад усіх, групу класа неабходна зрабіць прыватнай і ўступаць у яе можна толькі па запрашэнні. Акрамя таго, сацыяльна адказны настаўнік павінен мэтанакіравана праводзіць з дзецьмі педагагічную работу ў сетцы. Педагог дэманструе навучэнцам, як правільна паводзіць сябе ў віртуальнай прасторы, тлумачыць, як учынкі і выказванні ўплываюць на іх імідж не толькі ў вачах блізкіх, педагогаў і бацькоў, але і будучых работадаўцаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.