На “воблаках” гісторыі

- 11:12Сродкі навучання

“Не многія прафесіі могуць даць такую разнастайнасць, дынамічнасць, палёт думкі, уражанняў і эмоцый, такой вялікай колькасці людзей, якія штодзень акружаюць цябе, як прафесія настаўніка”, — лічыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава Вольга Віктараўна Краўчанка.

Вольга Віктараўна трэці год запар становіцца пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Сёлета ў педагога дыплом І ступені ў намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс” за распрацоўку “Дапаможніка па гісторыі Беларусі” (другая палова XVI—XVIII ст.). Выхаванцы настаўніцы становяцца ўладальнікамі дыпломаў разнастайных спаборніцтваў па гісторыі, краязнаўстве. Вольга Віктараўна выхавала не адно пакаленне пераможцаў і такога маштабнага конкурсу, як “100 ідэй для Беларусі”. Аб педагагічных прынцыпах настаўніцы і яе новай распрацоўцы наш карэспандэнт гутарыць з В.В.КРАЎЧАНКА.

— Вольга Віктараўна, як атрымалася, што вы сталі настаўніцай гісторыі?

— Прафесію настаўніка выбрала таму, што з самага дзяцінства была ініцыятарам шматлікіх спраў. Канцэрты, выступленні, гуляла ў школьны КВЗ, удзельнічала ў раённых інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”, гістарычных віктарынах. Закончыла сярэднюю школу № 6 Рагачова з сярэбраным медалём. Усе прадметы даваліся лёгка, таму напрамкаў для паступлення было многа. Але спынілася на прафесіі настаўніка, бо вельмі любіла ўзаемадзейнічаць з малодшымі школьнікамі. Часта праводзіла для іх у школе і піянерскіх лагерах розныя мерапрыемствы. Ды і бацькі мяне падтрымалі, нягледзячы на тое, што родныя ў маёй сям’і звязаны з будаўнічай сферай. Але я сябе будаўніком не магла ўявіць. Выбар склаўся сам сабой.

Прафесія цікава мне перш за ўсё тым, што я магу запаліць у вучняў агеньчык новых ведаў. Вельмі важна, каб вучні сталі не толькі інтэлектуальна развітымі, але і атрымалі неабходныя навыкі, якія дапамогуць ім у жыцці (сацыялізавацца ў грамадстве). Імкнуся заўсёды, каб мае ўрокі былі пазнавальнымі і матывавалі дзяцей на далейшае развіццё. Сваім педагагічным крэда лічу словы: “Гісторыя — скарбніца нашых дзеянняў, сведка мінулага, прыклад і павучанне для цяперашняга, перасцярога для будучыні” (М.Сааведра).

Я пастаянна наладжваю зваротную сувязь з навучэнцамі. Імкнуся зрабіць так, каб яны мне давяралі, і ў мяне гэта атрымліваецца. Мае выхаванцы пастаянна задаюць шмат пытанняў на ўроках. З вялікай цікавасцю яны не толькі выконваюць заданні, але і становяцца ініцыятарамі новых спраў і пачынанняў.

— Як фарміруеце матывацыю школьнікаў да вывучэння гісторыі?

— Падчас сваёй работы я заўважыла, што праблемай навучання становіцца тое, што пазнавальная дзейнасць з узростам навучэнцаў паступова падае, такая ж тэндэнцыя назіраецца ў класах з дастаткова высокім інтэлектуальным патэнцыялам. На мой погляд, перадумовай паспяховага развіцця пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з’яўляецца ўзаемадзеянне матывацыі, актыўнасці, мэтанакіраванасці і супрацоўніцтва. Прычым матывацыя павінна насіць сістэматычны характар, а не выпадковы — толькі тады яна дае станоўчы вынік. І трэба памятаць старажытную мудрасць: “Можна прывесці каня да вадапою, але прымусіць яго напіцца нельга”. Можна пасадзіць навучэнцаў за парты, але без унутранай матывацыі добрага выніку не дасягнуць.

У сваёй дзейнасці я выкарыстоўваю тэхналогіі інтэрактыўнага навучання. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца трэнінгі, камп’ютарнае навучанне, вучэбныя групавыя дыскусіі, праектны метад case-study (аналіз канкрэтных, практычных сітуацый), дзелавыя і ролевыя гульні. Па маім меркаванні, для фарміравання ўстойлівай станоўчай матывацыі вельмі важна, каб кожны вучань адчуў сябе суб’ектам адукацыйнага працэсу.

Распаўсюджаныя прыёмы матывацыі — дэманстрацыя ілюстрацый, партрэтаў, прэзентацый, відэа- і аўдыяматэрыялаў. Пры іх выкарыстанні задзейнічана вобразнае мысленне маіх навучэнцаў. У такой рабоце матывуючым элементам выступае не сама нагляднасць як аб’ект, а яе змест, які суправаджаецца займальнымі, праблемнымі пытаннямі, незвычайнай падачай матэрыялу, уключэннем навучэнцаў у індывідуальную, групавую і парную работу.

Я праводжу сістэмную работу па развіцці пазнавальнай і даследчай ініцыятыўнасці навучэнцаў ў 5—11 класах. Асаблівае значэнне надаю гульнявой дзейнасці. На ўроках у 5—9 класах вялікай папулярнасцю карыстаюцца такія гульні, як “Свая гульня”, “Мнематэхніка”, “Кітайскія іерогліфы”, “Рэканструкцыя” і інш. У 10—11 класах з улікам змянення матываў у навучанні (у навучэнцаў з’яўляецца новы пазнавальны матыў самаадукацыі — імкненне да аналізу індывідуальнага стылю вучэбнай дзейнасці) мэтазгодна выкарыстоўваць такія формы работы, як дэбаты і трэнінгі (“Рэкламная дыета”, “Давераная асоба”, “Рэферэндум” або “Народнае меркаванне”, “Я і закон”).

У пазавучэбнай дзейнасці для фарміравання матывацыі арганізоўваю мерапрыемствы ў межах прадметнага тыдня гісторыі, а таксама паходы і экскурсіі. Праводжу тэматычныя вечарыны, віктарыны, унутрышкольныя алімпіяды, тэматычныя і краязнаўчыя спаборніцтвы анлайн. У нашай школе працуе ініцыятыўная група па выпуску і стварэнні насценгазет, буклетаў па матэрыялах музейнай экспазіцыі пра гісторыю нашай установы. Гэтую экспазіцыю зрабілі я і мае навучэнцы і размясцілі яе ў кабінеце.

— Якое месца ў вашай рабоце займаюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?

— Хуткі паток інфармацыі ў цяперашні час патрабуе ўкаранення такіх метадаў навучання, якія дазваляюць за дастаткова кароткі час даваць даволі вялікі аб’ём ведаў, павышаюць у навучэнцаў узровень авалодвання матэрыялам і замацавання яго на практыцы. Асаблівае месца ў гэтым напрамку я адводжу прымяненню ІКТ.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю такія заданні, як медыярад, фотакалаж, пазлы, філворды, анлайн-прэзентацыі. Для сістэматызацыі ведаў навучэнцаў практыкую стварэнне віртуальных дошак, інтэрактыўных плакатаў, інфаграфік, воблакаў слоў, ментальных карт. Для замацавання і праверкі ведаў навучэнцаў складаю інтэрактыўныя заданні, медыяазбукі, крыжаванкі. Таксама праводжу анлайн-тэсціраванне і алімпіяды, медыядыктанты. Найбольш цікавымі для маіх навучэнцаў з’яўляюцца дамашнія заданні па напісанні медыяэсэ, складанні анлайн-рабочых лістоў, медыягалерэі, прэзентацыі па тэме.

Менавіта для сістэматычнага прымянення ІКТ мной створаны электронны дапаможнік па гісторыі Беларусі. Пры гэтым многія матэрыялы і заданні з’яўляюцца ўніверсальнымі, іх можна выкарыстоўваць у розных інтэрпрэтацыях на любых этапах урока, яны спалучальныя паміж сабой. Напрыклад, для ўрока я раздрукоўваю воблакі слоў і пры вывучэнні новага матэрыялу прапаноўваю навучэнцам прааналізаваць з іх дапамогай тэкст па зададзенай частцы вучэбнага дапаможніка. Пасля гэтага адным навучэнцам даю заданне скласці ўласны слоўнік ключавых слоў, іншым — паставіць пытанні да слова-воблака, выкарыстоўваючы слоўнік створанага мной электроннага дапаможніка. Гэта дазваляе дыферэнцыраваць работу навучэнцаў, а пасля выканання заданняў правесці сістэмнае ўзаемаапытанне. У якасці дамашняга задання я прапаноўваю скласці ўласнае воблака слоў пры дапамозе сэрвісаў Web 2.0 і падрыхтаваць паведамленне да яго.

— Вольга Віктараўна, а як вы прыйшлі да стварэння ўласных электронных сродкаў навучання?

— Больш за 10 гадоў я выкарыстоўваю розныя прыёмы і метады, накіраваныя на работу з медыяінфармацыяй і магчымасцямі выкарыстання рэсурсаў інтэрнэту і ІКТ. Я прайшла вучэбныя семінары па выкарыстанні графічных сэрвісаў Web 2.0, па стварэнні геаінфармацыйных рэсурсаў і вучэбных курсаў у сістэме Мoodle ў НІА. З 2010 года стала прымяняць магчымасці сэрвісу Google і ў межах самаадукацыі асвоіла сістэму кіравання зместам (CMS) — Joomla, што дазволіла мне перайсці на новы этап і сістэматызаваць назапашаныя паўрочныя матэрыялы ў раздзелы і рубрыкі. За 5 гадоў я сабрала дастатковы матэрыял для сістэматычнага выкарыстання медыяінфармацыі пры выкладанні гісторыі Беларусі. Навучэнцы, якія першапачаткова выконвалі пасіўную ролю ў рабоце з медыйнай інфармацыяй, пасля асваення прынцыпаў работы з яе зместам сталі актыўнымі ўдзельнікамі ў стварэнні ўласных прадуктаў.

Аснову праектавання сваёй работы я пабудавала ў сістэме “ўрок — пазаўрочная дзейнасць — праектная і даследчая дзейнасць”. Да асаблівасцей дадзенага праектавання я аднесла б дзве функцыянальныя магчымасці: рэалізацыя электронных рэсурсаў ў сістэме афлайн і анлайн. Мной створана 25 медыйных прадуктаў у сістэме афлайн (18 вучэбных і 7 краязнаўчых). Гэта розныя тэматычныя электронныя адукацыйныя рэсурсы па гісторыі Беларусі, распрацаваныя пры дапамозе праграмы Microsoft Frontpage, якая дазваляе сістэматызаваць матэрыял у выглядзе старонак з гіперспасылкамі. Матэрыял дапоўнены прэзентацыямі і тэстамі, створанымі ў праграме MyTestX. Далей я працягнула работу па стварэнні ўласнага электроннага адукацыйнага асяроддзя ў спалучэнні CMS (Joomla) і магчымасцей тэхналогій Web 2.0. Гэта дазволіла сістэмна прымяняць электроннае адукацыйнае асяроддзе не толькі на ўроках ў 6—8 класах, але і падчас індывідуальнай, групавой работы.

Дапаможнік па гісторыі Беларусі складаецца з трох частак, якія адпавядаюць гістарычным перыядам: са старажытных часоў да пачатку XIII стагоддзя; з сярэдзіны XIII да пачатку XVI стагоддзя; з першай паловы XVI да канца XVIII стагоддзя. Яго характарыстыкі: інтуітыўнасць і даступнасць (адсутнасць рэгістрацыі) навігацыі, статычнасць і дынамічнасць прадстаўленай інфармацыі, апрабаванасць сярод навучэнцаў, арыентаванасць на дзейнасць (разнастайнасць заданняў), ілюстрацыйнасць тэкстаў і заданняў, магчымасць улічваць індывідуальны тэмп навучэнцаў і інш.

На занятках я выкарыстоўваю камп’ютар з падключэннем інтэрактыўнай дошкі, мультыборд, планшэты і мабільныя тэлефоны навучэнцаў. Матэрыял у дапаможніку характарызуецца не толькі дынамічнай нагляднасцю (з магчымасцю перасоўваць элементы), але і статычнай (табліцы, урыўкі з дакументаў), таму я магу раздрукаваць неабходную інфармацыю і выкарыстоўваць яе на занятках у выглядзе раздатачнага матэрыялу.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб распрацоўцы, прадстаўленай на мінулагоднім конкурсе.

— На конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у суаўтарстве з сынам вучнем 11 класа Паўлам Краўчанкам, які займаўся складаннем гласарыяў і заданняў трэнінгу, і спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама (зараз супрацоўнікам НІА) А.В.Назарчуком я прадстаўляла “Дапаможнік па гісторыі Беларусі” (другая палова XVI — XVIII ст.). Праект нясе пазнавальную, забаўляльную і камунікатыўную функцыі. Ён прадастаўляе не толькі вялікую колькасць інфармацыі, але і прапаноўвае лёгкі спосаб вывучэння гісторыі Беларусі.

Дапаможнік можа выкарыстоўвацца для праведзення ўрокаў, факультатыўных, стымулюючых і падтрымліваючых, індывідуальных заняткаў у 8—11 класах, а таксама пры падрыхтоўцы да алімпіяды, выпускнога экзамену і ЦТ. Сярод асноўных задач праекта — забяспечыць засваенне навучэнцамі асноўных гістарычных паняццяў, прывіць цікавасць да вывучэння гісторыі, развіць вобразную памяць і навыкі самакантролю; арганізаваць паўтарэнне, замацаванне ведаў і гістарычных уменняў па тэмах.

Матэрыял дапаможніка адпавядае вучэбнай праграме па гісторыі Беларусі для 8 класа. Прапаноўваюцца два ўзроўні вывучэння: базавы (на вучэбных занятках) і павышаны (пры індывідуальнай падрыхтоўцы да алімпіяд, інтэлектуальна-творчых конкурсаў). Дапаможнік складаецца з 6 блокаў: інфармацыйнага, нагляднага, трэнінгавага, кантралюючага, дыдактычнага і краязнаўчага. Да кожнага параграфа падрыхтавана восем падраздзелаў: “Слоўнік”, “Ілюстрацыі”, “Інтэрактыўная інфаграфіка”, “Анлайн-урок”, “Атлас”, “Контурная карта”, “Хрэстаматыя”, “Трэнажор”. Яны дапамагаюць настаўніку ў арганізацыі працэсу навучання на ўроку, а таксама навучэнцу пры засваенні, паўтарэнні і замацаванні ведаў.

Інфармацыйны блок дапамагае сістэматызаваць веды па асноўных паняццях, датах. Матэрыял ілюстраваны і просты ў выкарыстанні. Лекцыі, віртуальная бібліятэка, хрэстаматыя, выказванні гістарычных асоб, слоўнікі для кожных вучэбных заняткаў садзейнічаюць запамінанню навучэнцамі матэрыялу і авалоданню навыкамі работы з гістарычнымі крыніцамі. Для павышанага ўзроўню падрыхтаваны раздзелы “Хрэстаматыя”, “Відэафільмы”.

У наглядным блоку знаходзяцца ілюстрацыі да кожных заняткаў, радзел “Атлас”, ілюстраваная энцыклапедыя па рубрыках, раздзел “Ілюстратар” з асобным падраздзелам “Карцінная галерэя”, у якім змяшчаюцца медыятэксты да асноўных гістарычных падзей па датах, а таксама падрыхтаваны анлайн-урокі і агульная рубрыка “Кіназал”. Спасылкі на прагляд фільмаў паскараюць працэс падрыхтоўкі да заняткаў і ствараюць умовы для лепшага вобразнага ўспрыняцця матэрыялу.

Заданні на ўважлівасць (пазлы) дапамагаюць замацаваць прагледжаны матэрыял у раздзеле “Карцінная галерэя” і павышаюць матывацыю пры вывучэнні і запамінанні інфармацыі. Акрамя таго, можна скідваць і выбіраць карцінкі. Для сістэматызацыі ведаў навучэнцаў падрыхтаваны раздзелы “Прэзентацыі”, “Інтэрактыўныя плакаты” — “запаміналкі”, схемы.

У трэнінгавым і кантралюючым блоках асаблівае месца займае рубрыка “Ігралія”, у якой сабраны гістарычныя рэбусы, пазлы, гульня “Крыжыкі — нулікі”, крыжаванка, медыяазбука, літараміксер. Усе заданні размешчаны па параграфах, рубрыках, што дапамагае арганізаваць сістэму трэнінгу па рабоце з матэрыялам у раздзелах “Трэнажор”, “Контурная карта”, “Уваходны кантроль”, “Падрыхтоўка да ЦТ”, вызначыць узровень ведаў па розных відах гістарычнай памяці (веданне дат, паняццяў, карт, выяў), выканаць рознатыповыя тэставыя заданні (адказаць адным словам, размясціць у храналагічнай паслядоўнасці, суаднесці, выбраць правільны адказ, разгадаць крыжаванку).

— Вольга Віктараўна, а якія ў вас найбліжэйшыя планы?

— Хачу завяршыць работу па стварэнні электроннага дапаможніка. Планую прадоўжыць адбор і сістэматызацыю найбольш эфектыўных заданняў, скласці дзве часткі дапаможніка па гістарычных перыядах — беларускія землі ў XIX і XX стагоддзях, а таксама падрыхтаваць памяткі-інструкцыі (навігатары) для навучэнцаў па стварэнні элементаў медыйнага зместу.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.