Цікавыя, зразумелыя, практыка-арыентаваныя

- 12:11Сродкі навучання

З 1 верасня 2015/2016 навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паэтапна ўкараняюцца новыя вучэбныя праграмы і дапаможнікі. Вучэбныя дапаможнікі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. На сённяшні дзень падведзены вынікі конкурсу па 48 дапаможніках. Сярод пераможцаў конкурсу амаль кожны чацвёрты (26%) настаўнік-практык. І сёння мы гаворым з тымі педагогамі, якія ўваходзяць у аўтарскі калектыў або з’яўляюцца аўтаномнымі аўтарамі вучэбных дапаможнікаў.

Да 2016/2017 навучальнага года было выдадзена 8 новых вучэбных дапаможнікаў: “Сусветная гісторыя” (VI клас), “Гісторыя Беларусі” (VI клас), “Геаграфія” (VI клас), “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” (V , VI класы), “Чалавек і свет” (V клас), “Літаратурнае чытанне” (II клас) для ўстаноў адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.

Ад існуючых вучэбных дапаможнікаў новыя адрознівае больш даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу, выкарыстанне розных форм прадастаўлення вучэбнай інфармацыі, практыка-арыентаваная накіраванасць. У новых дапаможніках выкладзены мінімальна неабходны і дастатковы для якаснай адукацыі вучэбны матэрыял. Улічваючы тое, што ў класах вучацца навучэнцы з рознымі пазнавальнымі інтарэсамі, матывацыяй да вучэбнай дзейнасці, у вучэбных дапаможніках прапанаваны спасылкі на іншыя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў (атласы, хрэстаматыі, электронныя адукацыйныя рэсурсы).

Навучэнцы пры жаданні могуць даведацца больш, патрэніравацца ў выкананні дадатковых задач і практыкаванняў, праверыць свае веды. Такі падыход да распрацоўкі новых вучэбных дапаможнікаў дазволіць педагогам дыферэнцыраваць адукацыйны працэс і ўлічваць розныя адукацыйныя запыты навучэнцаў.

Ірына Глебаўна Арэф’ева, настаўніца матэматыкі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, суаўтар вучэбнага дапаможніка па алгебры для 7 класа:

— Я даўно супрацоўнічаю з дацэнтам кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі БДПУ імя Максіма Танка Вольгай Мікалаеўнай Пірутка. У выніку супрацоўніцтва ў нас нара­дзілася ідэя напісаць падручнік і прыняць удзе­л у конкурсе на стварэнне вучэбных дапаможнікаў, які праводзіцца Нацыянальным інстытутам адукцыі. У нас атрымалася добрая творчая прафесійная кампанія. Мы працуем разам, пры гэтым я больш увагі ўдзяляю практычнай частцы дапаможніка, а Вольга Мікалаеўна — тэарэтычнай. Насамрэч мяжу праводзіць нельга, бо мы пастаянна абменьваемся сваімі меркаваннямі.

Мы імкнёмся рабіць так, каб дзецям наш вучэбны дапаможнік быў цікавы і зразумелы, таму карпатліва працуем над тэкстам і сістэмай практыкаванняў, якая павінна быць заснавана на прынцыпе “ад простага да складанага”. Практычныя заданні, якія ўвойдуць у дапаможнік, ужо адпрацаваны ў класах. Іх упадабалі мае калегі, якія працуюць у 7-х класах.

Вучэбны дапаможнік не павінен быць зусім простым. Каб дамагчыся пэўнага выніку, вучань павінен прыкладаць намаганні. Калі гэта нейкая тэорыя, то яе трэба прачытаць і пераасэнсаваць. Разам з тым падручнік павінен быць напісаны простай мовай, каб, калі, напрыклад, дзіця захварэла, яно магло разабрацца з прапушчаным матэрыялам дома. Канечне, тое, што было незразумелым, потым у класе патлумачыць настаўнік, але падручнік павінен быць своеасаблівым гарантам спакою вучня: калі я прапусціў урок, то змагу разабрацца з дапамогай школьнага падручніка.

Вучэбны дапаможнік павінен быць падмацаваны дыдактыкай, метадычнымі парадамі, дапаможнікам для дадатковай работы для больш моцных і хуткіх вучняў, трэнажорамі, якія дапамогуць патрэніравацца і замацаваць вывучаны вучэбны матэрыял. З часам у нас бу­дзе вучэбна-метадычны комплекс, які бу­дзе ўключаць як папяровыя дапаможнікі (для дзяцей і педагогаў), так і на электронных носьбітах.

Мікалай Васільевіч Жуковіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст, дырэктар сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко, аўтар вучэбнага дапаможніка па літаратурным чытанні для 2 класа для школ з беларускай мовай навучання:

— Перад тым, як узяцца за напісанне вучэбнага дапаможніка, я вывучыў, што сабой уяўляе школьная літаратура ў Польшчы, Украіне, Расіі. Тое, што мне вельмі спадабалася, прыўнёс у свае дапаможнікі.

Па вучэбным дапаможніку для 2 класа дзеткі працуюць ужо з 1 верасня 2016 года. І мне вельмі прыемна, што вынікі маёй працы як настаўніка-метадыста патрэбны рэспубліцы, нашым маленькім грамадзянам. Тут жа хачу заўважыць, што выйграў конкурс сярод дапаможнікаў па літаратурным чытанні для 3 класа. Гэты дапаможнік ужо распрацаваны, па ім з наступнага навучальнага года будуць вучыцца трэцякласнікі школ з беларускай і з рускай мовамі навучання.

І літаральна некалькі месяцаў назад даведаўся, што выйграў мой дапаможнік па літаратурным чытанні для 4 класа. Журы ўпадабала маю сістэму выкладання матэрыялу, і я, канечне, вельмі ўдзяч­ны за прызнанне. У чым адметнасці майго дапаможніка?

Я ўпершыню ў літаратурным чытанні ўвёў старонку-навігатар на папяровай аснове. Напрыклад, у 2 класе ёсць 10 тэматычных раздзелаў. (Дарэчы, вялікі дзякуй распрацоўшчыкам праграмы за тое, што тэматычна разнастаілі нашу літаратуру і паказалі яе багацце. Сёння ёсць і тэма працы, і пораў года, і добразычлівых адносін, асобна вывучаецца “Чалавек і прырода”, стасункі чалавека. У 3 класе ўводзіцца тэма “Чалавек і спорт”, праз усе класы праходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны.) Старонка-навігатар уключае рубрыкі “Мы пазнаёмімся”, “Будзем вучыцца”, “Чаму навучымся”.

 Раздзел заканчваецца традыцыйнай літаратурнай віктарынай па тых тэмах, творах, якія былі вывучаны за 5—6 урокаў раздзела. Тут я працягваю традыцыі, закладзеныя А.Вольскім і І.Гімпель, але ў больш шырокім фармаце. Пасля кожнага раздзела ідуць пытанні і заданні, якія дапамогуць праверыць, што вучні засвоілі, а над чым давядзецца яшчэ папрацаваць.

Будучы вопытным педагогам (стаж у мяне 32 гады), вырашыў, што для таго, каб вучні асэнсавана ўспрымалі літаратурныя творы на беларускай мове, іх абавязкова трэба падрыхтаваць у маўленчым плане. Таму са звычайнага зрабіў трохі незвычайнае. Традыцыйна слоўнік незразумелых слоў падаваўся пасля твораў, і вучань не заўсёды да яго звяртаўся. Я ж спецыяльна такі слоўнік (цяжкіх або незразумелых слоў) падаю перад творам. У вучэбным дапаможніку прадугледжана рубрыка і для фарміравання навыкаў правільнага вымаўлення гукаў.

Пасля літаратурнага твора я прапаноўваю пытанні на асэнсаванне ўчынкаў дзеючых асоб, прычынна-выніковых сувязей у творы, разуменне аўтарскай пазіцыі.

У рубрыцы “Давайце тэму абмяркуем разам” стаўлю пытанні выхаваўчага характару або ўводжу гаворку па карціне мастака. Ілюстрацыі, дарэчы, дазваляюць больш эмацыянальна ўспрымаць літаратурны твор, зразумець мастацкія вобразы ў ім.

У 3 і 4 класах уводжу рубрыку “Пашукайце з бацькамі разам”. Яна накіравана на фарміраванне ўменняў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Адначасова паспрыяе ўстанаўленню даверлівых адносін паміж бацькамі і дзецьмі. Лічу, калі бацькі разам са сваімі дзецьмі будуць шукаць пэўную інфармацыю, то гэта будзе іх яшчэ больш збліжаць.

У вучэбным дапаможніку ёсць таксама рубрыка “Папрацуйце ў пары або ў групе”. Яна ўводзіцца для таго, каб дзеці мелі магчымасць пагаварыць па-беларуску не толькі з настаўнікам, але і адно з адным. Заданні такога кшталту па аб’ёме будуць невялікія, але амаль пасля кожнага твора. Гэта можа быць, напрыклад, пераказ, чытанне па ролях. Такія заданні будуць развіваць маўленне вучняў і фарміраваць у іх камунікатыўную культуру.

Напрыканцы адзначу. Аўтарам (суаўтарам) вучэбнага дапаможніка абавязкова павінен быць настаўнік, тады мы не будзем шукаць прычыны дрэнных падручнікаў, бо будзем ствараць іх самі. Мы павінны дэманстраваць свой прафесіяналізм, тым больш, што сярод беларускіх педагогаў шмат высакакласных спецыялістаў, здольных напісаць падручнік. Канечне, гэта не проста. Я — настаўнік, дырэктар школы, і ў мяне шмат рознай працы: дакументы, педсаветы і г.д. Але ж маёй аддушынай з’яўляецца напісанне вучэбных дапаможнікаў. І для мяне гонар, што мае дапаможнікі будуць фарміраваць нацыянальную самасвядомаць нашых дзетак (і маіх унукаў у тым ліку), якія ў будучым стануць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй краіны.

Галіна Эдуардаўна Давідоўская, настаўніца гісторыі гімназіі № 21 Мінска, настаўнік-метадыст, суаўтар вучэбнага дапаможніка па сусветнай гісторыі новага часу для 7 класа:

— Мы працуем над дапаможнікам па сусветнай гісторыі новага часу, які ахоплівае XVI—XVIII стагоддзі — цікавы гістарычны перыяд. Навуковым рэдактарам вучэбнага дапаможніка з’яўляецца Уладзімір Сяргеевіч Кошалеў, а ў аўтарскі калектыў, акрамя мяне, уваходзяць Наталля Уладзіміраўна Кошалева, Святлана Анатольеўна Кудраўцава (таксама метадыст). Паколькі ў нашым аўтарскім калектыве працуюць два метадысты, то вялікае значэнне надаецца метадычнаму апарату.

Пры напісанні параграфа ўлічваем узроставыя асаблівасці вучняў, узровень іх адукацыйнай падрыхтоўкі, звяртаем увагу на тэрміны, якія выкарыстоўваем, на даўжыню сказаў, на колькасць інфармацыйна-сэнсавых элементаў, якія неабходна вучням засвоіць і інш. Імкнёмся, каб вучэбны дапаможнік быў не толькі даступны, але і цікавы.

Новы вучэбны дапаможнік напісаны ў поўнай адпаведнасці з вучэбнай праграмай па прадмеце, але назвы параграфаў мы вырашылі сфармуляваць так, каб яны былі прывабнымі для вучняў, каб ім захацелася іх прачытаць.

Акрамя традыцыйнай рубрыкі “Успомніце”, якая звычайна размяшчаецца ў пачатку параграфа і мае на мэце актуалізацыю ведаў і ўменняў вучняў, мы зрабілі да кожнага параграфа ўступ з пытаннямі, якія арыентуюць увагу навучэнцаў на самае галоўнае ў параграфе.

Для таго, каб зацікавіць вучняў, уключаем інфармацыю аб цікавых фактах, дзейнасці гістарычных асоб. Гэта дазволіць таксама фарміраваць у навучэнцаў правільнае ўяўленне пра гістарычную эпоху, якая вывучаецца (як жылі тады людзі, як развіваліся грамадства і дзяржавы).

У новым вучэбным дапаможніку ў якасці крыніц гістарычнай інфармацыі будуць выступаць фрагменты гістарычных дакументаў, ілюстрацыі, схемы, табліцы. Для таго, каб вучыць вучняў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, мы прапаноўваем пытанні і заданні, якія накіраваны на пошук інфармацыі, яе інтэрпрэтацыю, ацэнку і выкарыстанне для выканання вучэбнай задачы.

У планах аўтарскага калектыву — распрацаваць метадычны дапаможнік для настаўнікаў з рэкамедацыямі, як больш эфектыўна арганізаваць работу з новым вучэбным дапаможнікам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.