“Таленавітая творчая моладзь — эліта, чые поспехі прымнажаюць багацце краіны”, — адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко на сустрэчы з навучэнцамі і студэнтамі-пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі.
Усё, што адбывалася падчас мерапрыемства, атаясамлівалася з трыма паняццямі: творчасць, інтэлект, будучыня. Пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, стыпендыяты спецыяльных фондаў прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі прадстаўлялі свае праекты — творчыя і інтэлектуальныя.
Экскурсія ў свет інтэлекту ўключала творчыя і інтэлектуальныя студэнцкія праекты, а таксама вынаходствы школьнікаў. Шматлікія пераможцы міжнародных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый прадстаўлялі вынікі сваіх дасягненняў. Як было заўважана, тут сабраліся самыя тытулаваныя маладыя людзі, якія змаглі дасягнуць першых вяршынь толькі дзякуючы сваім інтэлекту і таленту. Так, на выставе былі прадстаўлены вынікі праектаў студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Беларускай акадэміі мастацтваў, а таксама вучняў сярэдняй школы № 12 Гродна.
Ушанаванне адоранай моладзі адбылося ўчора ў сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт”. У цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў фондаў прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко, міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр культуры Барыс Святлоў.
“Дапамога і падтрымка моладзі — ад зін з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. Ад таго, якой вырасце моладзь, наколькі падрыхтаванай яна будзе да самастойнага жыцця, залежыць будучыня дзяржавы, прагрэс грамадства. У Год навукі моладзь можа рэалізаваць свае самыя смелыя ініцыятывы, заявіць пра сябе, ствараючы славу краіны”, — падкрэсліў Васіль Жарко падчас свайго выступлення.
Ён выказаў упэўненасць, што высокая ацэнка дзяржавай заслуг моладзі стане для яе крыніцай натхнення і важным стымулам для далейшага ўдасканальвання, а значыць, будзе дастойным укладам у развіццё Беларусі. Асаблівыя словы падзякі віцэ-прэм’ер выказаў педагогам і бацькам таленавітых маладых людзей.
У 2016 годзе беларускія школьнікі і студэнты заваявалі 16 залатых, 17 сярэбраных і 37 бронзавых медалёў на міжнародных алімпіядах і конкурсах. Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў у 2016 годзе заахвочаны 2 178 чалавек і 4 навуковыя інтэлектуальныя і творчыя аб’яднанні навучэнцаў і студэнтаў, гранд-прэміямі і званнямі лаўрэата спецыяльнага фонду ўдастоены 81 чалавек.
За 2016 год спецыяльны фонд па падтрымцы таленавітай моладзі заахвоціў 169 чалавек і 18 калектываў, з іх гранд-прэміі і званні лаўрэата атрымалі 10 прадстаўнікоў творчай моладзі і 2 калектывы.
Па выніках 2016 года заахвочвальнымі прэміямі спецыяльнага фонду ўзнагароджаны 206 педагагічных, навуковых работнікаў. Як неаднаразова адзначалі падчас цырымоніі прадстаўнікі талетавітай моладзі, іх дасягненні — гэта найперш дасягненні іх педагогаў і настаўнікаў. Гэтыя мудрыя і клапатлівыя людзі адкрываюць перад вучнямі свет ведаў, аддаючы часцінку сваёй душы. Прызнанне педагагічнага таленту з’яўляецца важным не толькі для вучняў і навучальнай установы, але і ўсёй дзяржавы.
На цырымоніі ўшанавання таленавітай моладзі гучалі словы падзякі педагогам і навучальным установам. Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў падзякі ад галіновага ведамства калектывам Ліцэя БДУ і мінскай гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага. Гэтыя навучальныя ўстановы дасягнулі самых высокіх вынікаў за 2016 год.
Для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства быў арганізаваны канцэрт. Ганаровымі гасцямі сталі дзеючыя старшыні спецыяльных фондаў — рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Кацярына Дулава і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка; старшыні, якія ўзначальвалі саветы фондаў у розныя гады; лаўрэаты фондаў; педагогі, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё таленавітай і адоранай моладзі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.