У панядзелак на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі адбылося трэцяе пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі. На гэты раз у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў савета былі падручнікі. На савеце абмеркавалі сучасны школьны падручнік, падыходы да яго распрацоўкі, этапы стварэння.
Як паведаміў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік, на сёння ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваецца 259 вучэбных дапаможнікаў. У базе Нацыянальнага адукацыйнага партала 429 электронных версій падручнікаў (тут улічаны іх беларуска-і рускамоўныя варыянты, а таксама тое, што некаторыя вучэбныя дапаможнікі выдаюцца ў дзвюх частках).
У 2016 годзе было выдадзена 8 новых падручнікаў, у 2017 годзе плануецца выдаць 41 новы падручнік, у тым ліку для 1 класа — 12, для 2 класа — 1, для 3 класа — 4, для 5 класа — 7, для 6 класа — 1, для 7 класа — 12, для 8 класа — 1, для 9 класа — 3.
Асаблівасцямі новых школьных падручнікаў з’яўляюцца:
• адбор вучэбнага матэрыялу, мінімальна неабходнага і дастатковага для якаснай адукацыі ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце;
• рэалізацыя прынцыпаў дыферэнцыраванага падыходу да навучання праз дадатковы матэрыял (спасылкі на кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу, у тым ліку электронныя адукацыйныя рэсурсы);
• даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу ў адпаведнасці з узроставымі пазнавальнымі магчымасцямі вучняў;
• практыкаарыентаванасць і дзейсная накіраванасць;
• уключэнне метадычна мэтазгоднага беларускага матэрыялу;
• розныя формы прад’яўлення вучэбнага матэрыялу;
• больш дасканалы навігацыйны апарат (уключэнне G-кодаў);
• больш дасканалы дызайн.
Новыя вучэбныя дапаможнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. З 1 верасня 2015 года конкурс праводзіцца па абноўленых правілах. Удзельнікі конкурсу прадстаўляюць канцэпцыю свайго падручніка і адзін раздзел будучага падручніка (раздзел вызначаецца Нацыянальным інстытутам адукацыі). Парадак правядзення конкурсу, крытэрыі ацэнкі конкурсных матэрыялаў размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале.
“Спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі праводзяць інфармацыйную работу па пытаннях, звязаных з конкурсам, падчас семінараў, канферэнцый ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, установах дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў.
Конкурсныя матэрыялы праходзяць праз некалькі этапаў. Рэцэнзаванне: 1) калектыўная рэцэнзія кафедры ўстановы вышэйшай адукацыі або структурнага падраздзялення НАН Беларусі; 2) індывідуальная рэцэнзія метадыста ўстановы дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў; 3) індывідуальная рэцэнзія настаўніка.
Пераможцаў конкурсу вызначаюць конкурсныя камісіі, якія створаны па прадметным прынцыпе. У складзе конкурсных камісій — настаўнікі, універсітэцкія выкладчыкі, метадысты ўстаноў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў. Конкурс праводзіцца паэтапна.
Пры аб’яўленні конкурсу ўлічваюцца некалькі фактараў:
1) тэрмін выкарыстання падручнікаў у адукацыйным працэсе. Ён залежыць ад колькасці ўрокаў на тыдзень: 4 і больш — 4 гады, 2—3 — 5 гадоў, 1—1,5 — 6 гадоў. Тэрмін выкарыстання ўлічваўся пры складанні перспектыўнага плана выдання падручнікаў на 2016—2020 гады. Перспектыўны план зацверджаны міністрам адукацыі і з’яўляецца асновай для распрацоўкі планаў выдання падручнікаў да кожнага навучальнага года.
2) увядзенне ў адукацыйны працэс абноўленых вучэбных праграм: 2015/2016 навучальны год — 1, 5, 10 класы;
2016/2017 навучальны год — 2, 6, 11 класы;
2017/2018 навучальны год — 3, 7 класы і г.д.”, — расказаў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі.
На дадзены момант вынікі конкурсу падведзены па 58 падручніках. У асноўным яны для 1—4, 5—7 класаў. З 58 падручнікаў: па 21 падручніку пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, па 22 — аўтарскія калектывы дзеючых падручнікаў; па 15 — “змешаныя” аўтарскія калектывы, у якіх аўтары дзеючых падручнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі.
Сярод аўтараў — пераможцаў конкурсу (усяго 119 чалавек): навукоўцаў — 46%, настаўнікаў — 26%, метадыстаў — 28%.
Настаўнікі-практыкі сталі пераможцамі конкурсу на стварэнне 7 падручнікаў:
“Літаратурнае чытанне” (2, 3, 4 класы ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання) — Мікалай Васільевіч Жуковіч (Бяроза Брэсцкай вобласці);
“Матэматыка” (5 клас) — Валерый Дзмітрыевіч Герасімаў (Орша Віцебскай вобласці);
“Чалавек і свет” (2, 3, 4 класы) — Галіна Уладзіміраўна Трафімава, Сяргей Анатольевіч Трафімаў (Орша Віцебскай вобласці).
Пры заключэнні пагадненняў з аўтарамі на падрыхтоўку вучэбных дапаможнікаў у склад аўтарскіх калектываў дадаткова ўключаюцца настаўнікі, метадысты, навукоўцы.
“Сёння школьны падручнік базавы, але не адзіны кампанент вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбным прадмеце, што з’яўляецца адным з прынцыповых падыходаў да распрацоўкі вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Сучасны школьны падручнік — арыенцір у працэсе навучання. Ён становіцца інструментам для кіравання вучэбнай дзейнасцю школьнікаў. Важнай задачай пры гэтым з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў уменняў самастойнай работы з падручнікам”, — адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук.
У ВМК па вучэбным прадмеце, акрамя самога падручніка, уваходзіць вучэбна-метадычны дапаможнік па вучэбным прадмеце (для настаўнікаў), прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне, якое выдаецца па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх класаў. Гэта сцэнарыі ўрокаў, якія былі выдадзены ў мінулыя гады, кантрольна-вымяральныя матэрыялы, якія ўяўляюць сабой рознаўзроўневыя заданні і тэставыя заданні па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх класаў.
Кампанентам ВМК па вучэбным прадмеце з’яўляецца вучэбна-метадычны комплекс для факультатыўных заняткаў. Яны былі распрацаваны ў межах навукова-даследчай работы ў НІА. ВМК для факультатыўных заняткаў уключаюць у сябе тры кампаненты: вучэбная праграма для факультатыву, метадычныя рэкамендацыі для педагогаў, дыдактычныя матэрыялы для навучэнцаў, якія ўключаюць у сябе розныя віды заданняў, практыкаванні, тэсты, дыдактычныя матэрыялы для навучэнцаў.
Па кожным вучэбным прадмеце распрацаваны электронныя адукацыйныя рэсурсы. Кожны электронны адукацыйны рэсурс уключае ў сябе тры модулі. Даведачна-інфармацыйны модуль — розныя дадатковыя матэрыялы да падручніка, якія могуць быць прадстаўлены электроннымі хрэстаматыямі, даведнікамі, энцыклапедыямі, гласарыямі і інш.
Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены тэставымі заданнямі, рознымі практыкаваннямі, якія вучань можа выконваць у рэжыме анлайн. Пры гэтым ён будзе адразу бачыць, наколькі паспяхова іх выконвае.
Трэці модуль — інтэрактыўныя практыкаванні, якія накіраваны на адпрацоўку розных кампанентаў зместу адукацыі па вучэбным прадмеце.
Электронныя адукацыйныя рэсурсы былі распрацаваны ў Нацыянальным інстытуце адукацыі ў межах навукова-даследчай работы. У сувязі з тым, што цяпер у адукацыйны працэс укараняюцца абноўленыя вучэбныя праграмы, электронныя адукацыйныя рэсурсы дапрацоўваюцца і ва ўстаноўленым парадку праходзяць працэдуру грыфавання.
Калі гаворка ідзе пра ўдасканаленне школьнага падручніка, то трэба адзначыць выкарыстанне розных інтэрактыўных элементаў. Так, электронныя версіі новых падручнікаў дапаўняюцца новымі магчымасцямі — гіперспасылкамі на электронныя адукацыйныя рэсурсы, іншымі матэрыяламі, якія размешчаны на адукацыйным партале.
Яшчэ адным кірункам з’яўляецца выкарыстанне тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. На дадзены момант гэтая тэхналогія рэалізавана толькі ў адным вучэбным дапаможніку — “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. Мы плануем распаўсюдзіць тэхналогію дапоўненай рэальнасці на іншыя вучэбныя дапаможнікі.
Важным сродкам удасканалення вучэбных дапаможнікаў з’яўляецца вопытная праверка, якую праходзяць усе новыя вучэбныя дапаможнікі. У ходзе такой праверкі настаўнікі ва ўмовах рэальнага адукацыйнага працэсу прапрацоўваюць кожны параграф вучэбнага дапаможніка, прадстаўляюць свае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні тэксту, метадычнага і ілюстрацыйнага апарату вучэбнага дапаможніка.
У рамках вопытнай праверкі праводзіцца анкетаванне вучняў, іх бацькоў і педагогаў. Вынікі праверкі абмяркоўваюцца на круглых сталах з удзелам аўтарскіх калектываў, заўвагі і прапановы педагогаў улічваюцца пры падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў да перавыдання.
У 2016/2017 навучальным годзе праводзіцца вопытная праверка 9 найменняў падручнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.У вопытнай праверцы ўдзельнічаюць 67 устаноў адукацыі, якія знаходзяцца ў розных рэгіёнах рэспублікі.
На Нацыянальным адукацыйным партале створана пляцоўка для абмеркавання новых вучэбных дапаможнікаў “Новыя падручнікі: вывучаем, абмяркоўваем”. Кожны жадаючы можа выказаць свае заўвагі і прапановы па змесце новых вучэбных дапаможнікаў, выдадзеных да 2016/2017 навучальнага года. З мэтай вывучэння меркаванняў настаўнікаў аб новых вучэбных дапаможніках праводзіцца электроннае анкетаванне. У кожным рэгіёне настаўнікам, якія працавалі ў 2016/2017 навучальным годзе з новымі вучэбнымі дапаможнікамі, будзе прапанавана адказаць на пытанні анкеты, даць ім ацэнку, выказаць свае заўвагі, прапановы па іх удасканаленні.
Удзельнікі савета скарысталіся такой магчымасцю падчас пасяджэння. У прыватнасці, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім прапанавала абнавіць вучэбныя праграмы па беларускай літаратуры. Спасылаючыся на меркаванні педагогаў, Алена Мікалаеўна адзначыла, што школьнікам не хапае сучасных твораў, якія б адпавядалі іх светапогляду і ладу жыцця. Некаторыя творы, па яе меркаванні, маральна састарэлі.
Запрошаная на пасяджэнне савета настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 12 Мінска Валянціна Рудаквас заўважыла, што вельмі многае ў інтэрпрэтацыі падручніка залежыць ад асобы настаўніка, яго эрудзіраванасці і ўмення пераламаць падзеі твора, які вывучаецца, на сучаснасць.
“Канечне, многіх беларускіх слоў цяперашнія дзеці не разумеюць, таму трэба спыняцца і тлумачыць. Разам з тым калі настаўнік здолее заахвоціць, зацікавіць сваім прадметам, то вучні абавязкова пойдуць за ім. Нядаўна мае вучні складалі радаводы сваіх сямей. Яны так захапіліся, што і бацькоў далучылі да гэтай справы”, — адзначыла Валянціна Аляксееўна.
Удзельнікі савета пазнаёміліся з эксперыментальным вучэбным дапаможнікам па фізіцы для 7 класа. Новы падручнік мае аблегчаную інтэгральную вокладку, новы фармат, набліжаны да А4, змяшчае шмат ілюстрацый. Але самае асноўнае — у новым вучэбным дапаможніку тэкст параграфа даецца на адным развароце. Увесь неабходны матэрыял будзе ў вучня перад вачыма. Адзін з аўтараў новага вучэбнага дапаможніка, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі НІА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ларыса Ісачанкава адзначыла, што перш чым прыступіць да распрацоўкі такога падручніка, яна вывучыла вопыт замежных калег і перагартала безліч замежных падручнікаў па фізіцы.
Народны настаўнік Рэспублікі Беларусь настаўнік фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Валерый Барашкоў станоўча адазваўся аб эксперыментальным падручніку па фізіцы. Ён з тых педагогаў, якія працавалі са шматлікімі падручнікамі, пачынаючы з савецкай школы. Валерый Васільевіч яшчэ раз падкрэсліў, што ўсё залежыць ад прафесіяналізму настаўніка. “Якія б падручнікі ні былі, настаўнік іх або выратуе, або загубіць. У фізіцы вялікае значэнне мае малюнак, бо, як гавораць, тое, што ўбачыла вока, — зразумеў мозг. У сувязі з гэтым чым больш у падручніку ілюстрацый, тым лепш”, — сказаў Валерый Васільевіч.
Дырэктар гімназіі № 1 Мінска Наталля Бушная заўважыла, што цяперашнія школьныя падручнікі ў прынцыпе задавальняюць і настаўнікаў, і вучняў. Адзінае, што выклікае нараканні, дык гэта падручнік па інфарматыцы. Інфарматыка — прадмет, які развіваецца вельмі дынамічна. Інфармацыя ў падручніку па гэтым прадмеце старэе раней, чым ён паспявае трапіць у рукі сучасных школьнікаў. Па словах намесніка міністра адукацыі Раісы Сідарэнка, разглядаецца пытанне аб мэтазгоднасці выдання падручніка па інфарматыцы на папяровай аснове. Магчыма, ён будзе існаваць толькі ў электронным варыянце.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.