На высокім беразе

- 12:11Родная земля

За вызваленне Лоеўскага раёна восенню 1943 года 365 чырвонаармейцаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Ні адзін іншы куточак беларускай зямлі не ведаў ні ў 1943, ні ў 1944 годзе такога масавага гераізму савецкіх салдат і афіцэраў. Любы подзвіг — гэта канкрэтны лёс канкрэтнага чалавека. Што гэта былі за людзі? У якіх умовах ім даводзілася ваяваць? Які подзвіг яны здзейснілі? Як захоўвае сучаснае пакаленне памяць пра гэты подзвіг? Адказы знойдзем на высокіх берагах шырокага Дняпра.

Мужнасць і стойкасць

Бераг Дняпра каля вёскі Крупейкі Лоеўскага раёна, напэўна, самы высокі, пакручасты і самы маляўнічы ў Беларусі. Здаецца, так і прасядзеў бы тут цэлае лета каля паходнага вогнішча, любаваўся даляглядамі поймы, уначы глядзеў на ззянне зор, а ўдзень — на павольнае падарожжа белых аблокаў, слухаў ціхі плёскат дняпроўскіх хваль. Усё, як у знакамітым выслоўі пра рэчы, на якія можна глядзець бясконца. Да ціхага плёскату дняпроўскіх хваль прыслухоўваліся 15 кастрычніка 1943 года і байцы 65-й арміі 1-га Беларускага фронту. Яны ўглядаліся ў шырокую і павольную раку, яе высокі правы бераг, на які трэба было пераправіцца і захапіць нямецкія ўмацаванні.

У 6 гадзін 30 хвілін пасля артпадрыхтоўкі пачалося фарсіраванне. Першымі на бераг каля Крупеек высадзіліся разведчыкі 20-й асобнай разведроты 69-й стралковай дывізіі, за імі пераправіліся байцы 2-га дэсантнага батальёна 120-га стралковага палка. Амаль гадзіна бою — і нямецкае ўмацаванне ўзята. Сёння на тым месцы ўзвышаецца вялізны валун з надпісам: “Тут 15 кастрычніка 1943 года войскі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту фарсіравалі Днепр і захапілі плацдарм аператыўнага значэння”.

Пераправа праз раку адбывалася ў некалькіх месцах, у тым ліку на тэрыторыі сучаснага Лоева. У 1966 годзе тут быў адкрыты абеліск, а ў 2015 годзе створаны мемарыяльны комплекс, дзе размешчана пляцоўка з тэхнікай часоў Вялікай Айчыннай вайны. За паспяховае выкананне баявых задач па фарсіраванні Дняпра ў раёне Лоева 106-я і 193-я стралковыя дывізіі, 143-ы і 218-ы мінамётныя палкі і 61-ы асобны матарызаваны пантонна-маставы батальён былі ўдастоены назвы дняпроўскіх, 14-я інжынерна-сапёрная брыгада і 321-ы інжынерны батальён узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У 65-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гарадскі пасёлак Лоеў быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць i стойкасць у гады Вялiкай Айчыннай вайны”.

Падчас баёў за Лоеўскі плацдарм подзвігі здзяйснялі ўраджэнцы розных рэспублік Савецкага Саюза. Напрыклад, грузін Георгій Майсурадзэ паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава і закрыў сваім целам кулямётную кропку праціўніка. Пра падобныя подзвігі часта расказваецца на ўроках гісторыі, кожны з нас ведае, хто такі Аляксандр Матросаў і што такое кулямётная кропка. Ведаць — ведаем, аднак ці можам мы, прадстаўнікі ХХІ стагоддзя, якія прывыклі да штодзённага бытавога камфорту, цалкам зразумець, што гэта значыць — накрыць сваім целам варожы кулямёт? Крупейкі, высокі бераг павольнага Дняпра — выдатнае месца, каб пасядзець, адпачыць, паўглядацца ў пойму ракі і паразважаць над гэтым пытаннем. Дарэчы, цяжкапараненага Георгія Майсурадзэ дактарам удалося ўратаваць. За праяўлены гераізм ён атрымаў “Залатую Зорку” Героя Савецкага Саюза, па стане здароўя быў дэмабілізаваны, працаваў ляснічым у родным сяле. На радзіме слаўнаму сыну грузінскага народа ўстаноўлены бюст.

Лісты з фронту

“Першым маім баявым хрышчэннем было фарсіраванне Дняпра. Гэта было ў кастрычніку 1943 года. Мне сказаў камандзір санітарнага ўзвода Пушкароў, каб я даставіў у стралковыя роты 37-га гвардзейскага стралковага палка санітарныя сумкі з перавязачным матэрыялам. Калі я ішоў, была цішыня, быццам і не было вайны. Уздоўж Дняпра стаяла шмат замаскіраваных гармат і зенітак, каля кожнай ляжала куча снарадаў. Салдаты сядзелі ў траншэях і каля гармат. Яны адпачывалі перад адказным боем. Ноччу, гадзіны ў чатыры, падышлі “Кацюшы” — і праз нашы галовы паляцелі вогненныя снарады на правы бераг Дняпра, дзе былі ўмацаванні фашыстаў. Потым пачалася артпадрыхтоўка. Гэта былі не стрэлы, а суцэльны гул. Тысячы снарадаў паляцелі на беларускі бераг Дняпра. Як мурашы, заварушыліся салдаты. Пацягнулі лодкі, дошкі, бярвенне, рабілі плыты, плывучыя масты”, — узгадвае ўдзельнік вызвалення Лоеўскага раёна Сяргей Акімавіч Велігорскі.

Лістоў з падобнымі ўспамінамі ў лоеўскім Музеі бітвы за Днепр захоўваецца некалькі дзясяткаў. “Лісты з фронту” — так называюцца музейныя заняткі, якія праводзяць для навучэнцаў Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова супрацоўнікі музея ў рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта “Музей і школа”. “Асноўныя наведвальнікі музея — гэта прадстаўнікі ўстаноў адукацыі. Наш музей вузкатэматычны, таму вялікая і багатая частка гісторыі Лоеўшчыны не асветлена ў экспазіцыі. Дзякуючы праекту “Музей і школа”, было вырашана запоўніць гэты прабел. Праграма праекта складаецца з 34 гадзін і рэалізуецца па пяці тэматычных раздзелах: “Гісторыя краю”, “Родазнаўства”, “Народазнаўства”, “Спадчына”, “У свеце музеяў”. Нам хацелася адысці ад класічных лекцый, таму былі выбраны розныя формы работы з вучнямі. Праводзім музейныя святы, музейныя ўрокі, тэатралізаваныя паказы, урокі мужнасці, распрацавалі і гістарычную гульню. Гэта наш першы вопыт цеснага супрацоўніцтва са школамі. І, лічым, даволі паспяховы, што пацвярджае не толькі цікавасць педагогаў і навучэнцаў да музейных заняткаў, але і дыплом ІІІ ступені, які атрымаў музей за рэалізацыю праекта на ІІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” ў Магілёве”, — паведамляе старшы навуковы супрацоўнік Музея бітвы за Днепр Ксенія Уладзіміраўна Сямашка.

Папулярнасцю карыстаюцца практычныя заняткі “Лісты з фронту”. Па словах Ксеніі Уладзіміраўны, гэтая тэматыка была выбрана невыпадкова: франтавыя лісты з’яўляюцца праўдзівай, шчырай крыніцай вывучэння Вялікай Айчыннай вайны. Салдаты пісалі іх падчас перапынкаў паміж баямі ў акопе, зямлянцы, у лесе пад дрэвам. “Калі чытаеш гэтыя лісты, заўсёды здзіўляешся гаме пачуццяў, якія ў іх перадаюцца: гэта і гнеў на ворага, боль і пакуты за родную зямлю і сваіх блізкіх. Ва ўсіх лістах — вера ў хуткую перамогу над фашыстамі. У гэтых лістах чалавек паўстае такім, які ён ёсць на самай справе, бо ў хвіліны небяспекі ён не можа хлусіць і крывадушнічаць перад сабой і іншымі. А яшчэ гэтыя лісты з’яўляюцца цікавым мовазнаўчым матэрыялам, паколькі ў іх ураджэнцы Лоеўскага раёна часта ўжываюць дыялектныя словы”, — адзначае Ксенія Сямашка.

На музейных занятках вучням абавязкова расказваецца, чаму франтавыя лісты маюць форму трохвугольніка. Папера ў той час была ў вялікім дэфіцыце, пра канверты ніхто не думаў, таму пісалі тэкст з аднаго боку, потым ліст складвалі адмысловым чынам, а на чыстым баку пісалі адрас. Так і атрымліваўся трохвугольнік. У дэфіцыце было і чарніла, таму пісалі ў асноўным алоўкам.

Каб не было вайны

Канечне, пра многае ў гэтых лістах не гаворыцца. І цяпер ветэранам балюча ўзгадваць вайну, таму нам яны расказваюць у асноўным пра тое, дзе служылі, як наступалі, колькі ворага знішчылі, за што атрымалі ўзнагароды. Падчас такіх сустрэч нярэдка складваецца ўражанне, што вайна — гэта суцэльны гераізм. Так, перамога без гераізму немагчыма, аднак вайна — гэта яшчэ і смерць, гора, гэта чырвоная ад крыві сцюдзёная дняпроўская вада восенню 43-га, гэта целы забітых 18—20-гадовых хлопцаў на жоўтым рачным пяску. Высокі маляўнічы бераг Дняпра — выдатнае месца, каб пасядзець і падумаць над праўдзівасцю нашага адвечнага беларускага “абы не было вайны”.

Стаць патрыётам

У Лоеўскім раёне беражліва захоўваюць памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Пацвярджае гэта экспазіцыя Музея бітвы за Днепр, назва вуліц населеных пунктаў, актыўная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі. Па словах загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама Наталлі Пятроўны Паўліўскай, добрай традыцыяй з’яўляецца правядзенне ў першай палове жніўня на базе ўстаноў адукацыі Лоеўскага раёна профільнага аздараўленчага ваенна-патрыятычнага лагера “Патрыёт”, дзе адпачываюць падлеткі і юнакі Лоеўскага, Рэчыцкага, Брагінскага, Хойніцкага раёнаў.

Актыўная работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вядзецца і ў самай вялікай па колькасці навучэнцаў установе адукацыі раёна Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В.Казлова. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларысы Уладзіміраўны Хамічэнка, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў школе вядзецца ў рамках праекта “Патрыётамі не нараджаюцца — патрыётамі становяцца”. На працягу навучальнага года праект рэалізоўваўся на базе двух 7-х класаў. 7 “А” быў кантрольны, 7 “Б” — эксперыментальны. Сярод вучняў 7 “А” класа ў пачатку навучальнага года разам з супрацоўнікамі Музея бітвы за Днепр быў створаны патрыятычны клуб, у якім праводзілася больш глыбокая работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Маніторынг, праведзены ў канцы навучальнага года, паказаў глыбокія веды вучняў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, засведчыў эфектыўнасць праекта і праўдзівасць яго назвы. Патрыётамі сапраўды не нараджаюцца — імі становяцца.

Імя героя

Аляксей Васільевіч Казлоў, імя якога носіць Лоеўская сярэдняя школа і якога часта называюць беларускім Мярэсьевым, нарадзіўся ў Лоеве ў сялянскай сям’і. У 1934 годзе скончыў Севастопальскую школу лётчыкаў, потым — Качынскае лётнае вучылішча. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе 118-й асобнай далёкай разведвальнай авіяэскадрыллі 7-й паветранай арміі. У 1942 годзе за выдатнае выкананне заданняў быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны ІІ ступені. 4 лютага 1944 года капітану Казлову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Падчас выканання баявога задання 3 сакавіка 1944 года яго самалёт быў збіты. Аляксей Васільевіч атрымаў цяжкія раненні, але змог здзейсніць пасадку непадалёк лініі фронту. Знайшлі яго на шостыя суткі з абмарожанымі ступнямі ног, якія давялося ампуціраваць. З неверагоднай упартасцю герой зноў вучыўся хадзіць, асвойваючы крок за крокам. Ён спадзяваўся вярнуцца на фронт, але па стане здароўя быў накіраваны інструктарам у Краснадарскую школу пілотаў. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Радзіму, арганізаваў у Лоеве дзіцячую бібліятэку і з 1947 года быў яе загадчыкам.

Аляксей Васільевіч вельмі любіў дзяцей. Ён быў частым госцем у школе, вучні ўважліва слухалі аповеды знакамітага лётчыка. Вайна пастаянна нагадвала пра сябе. Аляксей Васільевіч вельмі пакутаваў з-за болю ў нагах. Хадзіў ён на пятках, абапіраючыся на кій. У чэрвені 1976 года ва ўзросце 63 гадоў яго не стала. Разам з жонкай Валянцінай Аляксееўнай, таксама ветэранам вайны, яны выхавалі двух сыноў і дачку. Яго дзеці таксама скончылі Лоеўскую сярэднюю школу, як і ўнучка Юлія, а праўнук Раман Асадчы, якога вы бачыце на фотаздымку з мамай, перайшоў у 2 клас.

— Сённяшні будынак школы быў адкрыты ў 1987 годзе. Сваю назву школа мяняла некалькі разоў. Спачатку гэта была Лоеўская сярэдняя школа імя М.І.Калініна, потым — проста сярэдняя школа, нядаўна ёй было прысвоена імя Аляксея Васільевіча Казлова. Добра памятаю свае вучнёўскія гады, калі Аляксей Васільевіч прыходзіў да нас на сустрэчы. Ад гэтага чалавека заўсёды ішла дабрыня, прыстойнасць, прастата. Ён ніколі не рабіў з сябе героя і нават зорку чапляў толькі на святы. Ён сябраваў з тагачасным дырэктарам школы Іванам Рыгоравічам Ермаковым, які многае зрабіў для адкрыцця Музея бітвы за Днепр. Дарэчы, у Лоеве ёсць вуліца і Казлова, і Ермакова, — гаворыць дырэктар школы Генадзь Юр’евіч Блізнец.

Асобы і лёсы

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна актыўна вывучаюцца ва ўсіх установах адукацыі Лоеўшчыны. Так, настаўнікі Каўпенскага дзіцячага сада — базавай школы і Суткоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Уладзіслаў Анатольевіч Анісавец і Андрэй Васільевіч Колас працягваюць традыцыі школьнай краязнаўчай справы, якія заклаў былы настаўнік гісторыі Каўпенскай базавай школы Мікалай Іванавіч Анісавец, і даследуюць малавывучаныя старонкі гісторыі раёна ХХ стагоддзя.

— Тэма вайны мяне цікавіць яшчэ з напісання дыпломнай работы. Ухіл у даследчай рабоце раблю на штодзённым сацыякультурным жыцці насельніцтва падчас акупацыі. Пра падзеі восені 1943 года, калі байцы Чырвонай Арміі фарсіравалі Днепр і вызвалялі Лоеўшчыну, пра дзейнасць партызанскай брыгады “За Радзіму” вядома шмат. Аднак вучням цікава даведацца і пра штодзённае жыццё іх землякоў падчас акупацыі: што яны елі, у што апраналіся. Час быў цяжкі, аднак і ў такіх умовах людзі займаліся звыклым сялянскім клопатам. З ліпеня 1941 года па студзень 1942 года жыццё ў Лоеўскім раёне было адносна спакойным, карныя аперацыі з боку гітлераўцаў не праводзіліся. Менавіта гэты перыяд з’яўляецца менш вывучаным і ўяўляе цікавасць для даследчыкаў, — гаворыць Уладзіслаў Анатольевіч Анісавец.

Асобы, асобныя лёсы, асобныя людзі з іх радасцямі, перажываннямі, гераізмам — на гэтым робіць акцэнт у сваёй краязнаўчай дзейнасці настаўнік гісторыі Суткоўскай сярэдняй школы Андрэй Васільевіч Колас. Настаўнік сабраў успаміны педагогаў-ветэранаў, а таксама багатыя звесткі пра гэтых людзей. Захоўваецца матэрыял у школьным музеі “Суткоўскі край”. Па словах Андрэя Васільевіча, заснавальнікам музея з’яўляецца доктар гістарычных навук прафесар Георгій Васільевіч Штыхаў. Першапачаткова матэрыялы знаходзіліся ў кабінеце дырэктара. Цяпер экспазіцыя размяшчаецца ў будынку былога флігеля. Калі музей — у флігелі, то сама школа павінна размяшчацца ў палацы. Так і ёсць. Суткоўская сярэдняя школа знаходзіцца ў будынку былога палаца графіні Бараноўскай і была адкрыта ў 1924 годзе. Сярод знакамітых выпускнікоў школы — Герой Савецкага Саюза франтавік Дзмітрый Кузьміч Марозаў.

Знаёмства з раздзелам, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, пачынаецца з аповеду пра партызан Лоеўскага раёна, ураджэнцаў Пярэдзелкі і Суткова, якія змагаліся ў партызанскай брыгадзе “За Радзіму”. Грунтоўную даследчую работу Андрэй Васільевіч прысвяціў знакамітаму ўрачу заснавальніку мясцовай бальніцы Яўгену Уладзіміравічу Клумаву, у гады Вялікай Айчыннай вайны актыўнаму ўдзельніку мінскага падполля. Ганарыцца калектыў школы і Героем Савецкага Саюза Леанідам Сямёнавічам Лапцевым, які тройчы перапраўляўся праз Днепр, рамантаваў пашкоджаны кабель сувязі. Падчас бою быў смяротна паранены. Пахаваны ў брацкай магіле каля Суткоўскай сярэдняй школы. Яго імя носіць адна з вуліц вёскі.

Нельга забываць

Бераг Дняпра, на якім знаходзіцца будынак Суткоўскай сярэдняй школы, такі ж высокі, пакручасты, як і бераг у ваколіцах Крупеек. Аднак каля Пярэдзелкі ён настолькі зарос хмызняком і дрэвамі, што люстэрка Дняпра толькі дзе-нідзе праглядвае праз шчыльную сцяну галін. Бераг зарос, аднак не зарастае народная памяць пра салдат, якія восенню 1943 года фарсіравалі Днепр і пад варожымі кулямі і снарадамі ўзбіраліся на пакручасты схіл. 365 чырвонаармейцаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза падчас баёў на Лоеўскім плацдарме. А колькі подзвігаў засталося незадакументаванымі… Пра гэта нельга забываць, асабліва сёння, 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.