Віншаванне і ўдзячнасць настаўніку

- 11:33Адукацыйная прастора

Педагогаў Гродзеншчыны гасцінна прымалі ў Лідзе напярэдадні прафесійнага свята. Тут адбылося ўрачыстае пасяджэнне, удзел у якім прыняло больш за 500 работнікаў сістэмы адукацыі, прадстаўнікі ўлады, ветэраны педагагічнай працы з усіх раёнаў вобласці.

1 верасня гэтага года па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама быў дадзены старт марафону-акцыі “Віншаванне і ўдзячнасць настаўніку свайму”, калі навучэнцы школ і каледжаў і іх бацькі, студэнты ўніверсітэтаў павіншавалі сваіх любімых педагогаў, ветэранаў працы, запрасілі іх на лінейкі і сустрэчы ў школе. Урачыстае мерапрыемства з нагоды Дня настаўніка стала лагічным завяршэннем гэтай шчырай і эмацыянальнай акцыі.

— Настаўнік — гэта вельмі адказна, бо жыццё і час прад’яўляюць нам асаблівыя патрабаванні. І я ганаруся, што такіх адказных педагогаў на Гродзеншчыне больш за сорак тысяч. Хачу падзякаваць усім настаўнікам за іх працу, — звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгін да сваіх калег.

Віншаванні і пажаданні плённай працы, здароўя, новых ідэй у рабоце прагучалі на ўрачыстасці ад намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сягодніка, старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Веры Грышэчка, прарэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Васіля Сянько, старшыні Гродзенскага абласнога савета ветэранаў галіны Уладзіміра Гаўрона. Атрымалі ўдзельнікі ўрачыстага пасяджэння і відэавіншаванне ад сваіх калег — удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Кожны год на Гродзеншчыне пачынае працаваць больш за 700 маладых настаўнікаў. З 2016 года імёны лепшых маладых спецыялістаў, якія на працягу першых гадоў работы вызначыліся высокімі вынікамі, заносяць на віртуальную Дошку гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. А.Г.Сонгін павіншаваў 20 маладых педагогаў з гэтай падзеяй.

А іх вопытныя калегі, якія прысвяцілі працы на педагагічнай ніве дзясяткі гадоў і ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, былі адзначаны ўзнагародамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення адукацыі, прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” адзначаны намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько, ганаровымі граматамі — дырэктар сярэдняй школы № 12 Гродна Ала Галавенка і майстар вытворчага навучання Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Галіна Парманчук. Ганаровымі граматамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Эльвіра Сарока і дырэктар сярэдняй школы № 8 Ліды Леанід Стэльмах, ганаровымі граматамі Гродзенскага аблвыканкама — педагог-арганізатар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Вольга Баран, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Святлана Храпко і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Наталля Чаркес. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін быў адзначаны граматай Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Завяршылася віншаванне педагогаў рэтрамюзіклам “Школьныя гады цудоўныя”. 350 дзяцей з 14 навучальных устаноў вобласці пад кіраўніцтвам спецыялістаў Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі вярнулі ўсіх прысутных у незабыўныя школьныя гады, калі кожны ўспомніў і сваю першую настаўніцу, і любімага класнага кіраўніка, а таксама каханне, камсамол і вясну.

Відэазапіс гэтага цудоўнага паказу маглі ўбачыць ва ўсіх школах Гродзеншчыны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.