На мінулым тыдні ў АПА прайшоў трохдзённы Міжнародны навукова-практычны семінар “Розныя дзеці — роўныя магчымасці: стварэнне варыятыўных сістэм карэкцыйна-педагагічнай падтрымкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інтэграцыі іх у соцыум”. Мерапрыемства ладзілася ў рамках Праграмы павышэння кваліфікацыі і прафесійных абменаў Савета еўропы “Песталоці”. У ім прынялі ўдзел спецыялісты з краін Еўрапейскай культурнай канвенцыі (Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Грэцыі, Італіі, Латвіі, Румыніі, Чарнагорыі, Харватыі), а таксама вядучыя навукоўцы і спецыялісты галіны спецыяльнай адукацыі Беларусі.
Аб’ядноўваючы прафесіяналаў адукацыі
Праграма Савета Еўропы была названа ў гонар Іагана Генрыха Песталоці — выдатнага педагога-гуманіста канца XVIIІ — пачатку XIX стагоддзя. Праграма ўяўляе сабой структурнае падраздзяленне Дырэктарата па пытаннях адукацыі і моўнай палітыкі Савета Еўропы, які арганізоўвае і праводзіць на пастаяннай аснове семінары па пытаннях адукацыі з улікам сучасных патрабаванняў да настаўнікаў, школ і навучэнцаў з боку грамадства, а таксама спрыяе стварэнню сеткі высокакваліфікаваных прафесіяналаў у галіне адукацыі на еўрапейскім кантыненце.
Праграма адрасавана работнікам адукацыі з 50 краін — удзельніц Еўрапейскай культурнай канвенцыі, у лік якіх уваходзіць і Рэспубліка Беларусь. Функцыі адміністравання і каардынацыі ўдзелу ў праграме “Песталоці” педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь ускладзены на Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Нацыянальным каардынатарам праграмы з’яўляецца першы прарэктар АПА Людміла Георгіеўна Тарусава.
Асноўныя мэты праграмы: азнаямленне педагогаў з міжнароднымі напрацоўкамі ў адукацыйнай галіне ў інтарэсах устойлівага дэмакратычнага развіцця; пераадоленне разрыву паміж тэорыяй і практыкай у адукацыі; абмен педагагічным вопытам і вучэбнымі матэрыяламі; наладжванне зносін паміж настаўнікамі, выкладчыкамі і спецыялістамі адукацыі розных краін і ўдасканаленне іх прафесійных ведаў.
Праграма “Песталоці” ажыццяўляе сваю дзейнасць у трох асноўных кірунках: праводзіць еўрапейскія практыкумы ў краінах — удзельніцах канвенцыі, ладзіць еўрапейскія семінары на базе Акадэміі Бад-Вільдбада (Германія) і еўрапейскія модулі падрыхтоўкі настаўнікаў-трэнераў.
Як падкрэсліла мадэратар праграмы “Песталоці” Параскеві Чыёна, галоўная мэта праграмы — данесці да педагогаў пасланне Савета Еўропы аб такіх агульначалавечых каштоўнасцях, як дэмакратыя, захаванне заканадаўчых норм, павага да правоў чалавека і яго годнасці. Дакумент закліканы падтрымаць краіны — члены Савета Еўропы пры рэалізацыі адукацыйных мэт з улікам гэтых каштоўнасцей. У праграме падкрэсліваецца, як важна разумець усю разнастайнасць жыцця, не проста прыстасоўвацца да яе, а вучыцца дзейнічаць дэмакратычна, спрыяць наладжванню безбар’ерных адносін і пастаянна развіваць у сабе здольнасць да самаўдасканалення. І тут павінна дапамагчы эфектыўная педагогіка.
Інклюзія — працэс непазбежны
“Працэсы інтэграцыі ў сістэме адукацыі пачаліся яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, — заўважыў спецыяліст Цэнтра адукацыі і рэабілітацыі Сараева (Боснія і Герцагавіна) Харыс Мемісевіч. — Але тэрмін “інклюзія” сталі выкарыстоўваць толькі ў апошнія гады ХХ стагоддзя. Ён мае на ўвазе роўныя магчымасці атрымання адукацыі для ўсіх людзей, у тым ліку і для дзяцей з АПФР, якія атрымліваюць яе побач са звычайнымі дзецьмі. Сёння ў нашай краіне існуе 13 міністэрстваў адукацыі і ў кожнага з іх — свая заканадаўчая база, якая падтрымлівае ў тым ліку і інклюзіўную адукацыю. Акрэслілася тэндэнцыя ўсё большага ўключэння дзяцей з асаблівасцямі ў заняткі ў звычайных школах. Больш за тое, бацькі могуць выбіраць, у якой школе будуць вучыцца іх дзеці. Настаўнікі лічаць гэты працэс непазбежным, большасць з іх станоўча адносіцца да інклюзіі. Аднак ім неабходна падтрымка: не ўсе ўстановы адукацыі маюць дастатковую колькасць рэсурсаў для правядзення інтэграваных заняткаў”.
“У нашай краіне працэсы інтэграцыі ў адукацыі пачаліся па ініцыятыве такіх арганізацый, як ЮНІСЕФ, АБСЕ і іншых, — падкрэсліла практычны псіхолаг пачатковай школы імя Маршала Ціта (Чарнагорыя) Ардзіта Кавацэвіч. — Яны пачалі асветніцкую дзейнасць, каб людзі больш даведаліся аб асаблівых дзецях, змянілі сваё прадузятае стаўленне да іх. З 1998 па 2002 год у нашай краіне працаваў пілотны навукова-даследчы праект, падчас рэалізацыі якога дзеці з парушэннямі развіцця наведвалі звычайныя дзіцячыя садкі. Праект меў поспех і быў працягнуты ў школах.
У маёй школе сёння вучыцца больш як 1200 вучняў, сярод якіх ёсць і асаблівыя дзеці. З кожным годам да нас прыходзіць усё больш такіх дзяцей. З адказаў на пытанні анкеты, якую я прапаноўвала навучэнцам нашай школы, я даведалася, што звычайныя дзеці падтрымліваюць добрыя адносіны з асаблівымі дзецьмі, але на гэтым шляху ёсць, вядома, і праблемныя пытанні. Для таго каб вырашыць іх, вядзём асветніцкую работу сярод школьнікаў, на пазакласных мерапрыемствах ствараем плакаты на тэму інклюзіі, малюем, пішам вершы і эсэ па тэматыцы інклюзіўнай адукацыі, абмяркоўваем правы дзяцей, праводзім сустрэчы звычайных дзяцей з дзецьмі і маладымі людзьмі з АПФР, арганізоўваем для іх сумесную дзейнасць”.
“Работа ў кірунку інклюзіўнай адукацыі пачалася ў нашай краіне яшчэ ў 1971 годзе, — гаворыць выкладчык замежных моў Дзяржаўнай мастацкай школы г.Трыесце (Італія) каардынатар праграмы міжнародных абменаў Раберта Цырэлі. — У 1997 годзе сумеснае навучанне дзяцей з АПФР і звычайных дзяцей прыйшло ў маю школу. Практыка паказала, што для больш якаснага ўкаранення інклюзіўнай адукацыі трэба распрацоўваць новыя методыкі выкладання. Папярэдняя метадалогія, якая не прадугледжвае інклюзію, робіць акцэнт пераважна на самастойную работу навучэнца. Я ж вырашыў на сваіх занятках наладзіць навучанне дзяцей у супрацоўніцтве з выкарыстаннем міждысцыплінарнага падыходу — актывізацыі ўзаемасувязей паміж англійскай, італьянскай мовамі і выяўленчым мастацвам. Уключыць дзяцей з асаблівымі патрэбамі ва ўмовы інтэграванага класа мне дапамагае метад мандала-тэрапіі, які закранае ўсе сферы псіхалагічнага быцця чалавека і спрыяе вырашэнню самых розных праблем. Як працуе гэты метад? Напрыклад, я прашу навучэнцаў прыдумаць словы, якія маглі б патлумачыць, што такое сусвет, а затым прапаноўваю гэтыя словы намаляваць у выглядзе мандалы — геаметрычнага сімвала складанай структуры. Кожны вучань у выніку стварае сваю мандалу, праз якую выказвае пачуцці, надзеі і жаданні”.
Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва
“Беларусь адной з першых на постсавецкай прасторы ў 2004 годзе прыняла Закон аб адукацыі асоб з АПФР, — адзначыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко. — З 1 верасня 2011 года ў краіне дзейнічае Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, і ўсе гарантыі, якія тычацца адукацыі асоб з АПФР і былі прадугледжаны законам, увайшлі ў склад кодэкса — аб тым, што дзеці з АПФР маюць права на стварэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі. Ім забяспечваецца бясплатнае псіхолага-медыка-педагагічнае абследаванне, бясплатная карэкцыя парушэнняў, бясплатны падвоз ва ўстанову адукацыі на спецыяльна абсталяваным транспарце, бясплатнае карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, бясплатнае пражыванне, харчаванне і шэраг іншых гарантый”.
Колькасць дзяцей з асаблівасцямі ў агульнай колькасці дзяцей у краіне складае 7,64 працэнта, што адпавядае агульнасусветным тэндэнцыям. Кодэкс падзяляе дзяцей з асаблівасцямі на дзве вялікія групы: тых, хто мае патрэбу ў спецыяльнай адукацыі, і тых, хто атрымлівае толькі карэкцыйна-педагагічную дапамогу, бо ў іх лёгкія парушэнні.
Адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца стварэнне сістэмы ранняй комплекснай дапамогі, якая аказваецца дзецям з парушэннямі ад нараджэння да 3 гадоў. Большасць дашкольнікаў з асаблівасцямі ў развіцці атрымлівае сёння адукацыю ў інтэграваных і спецыяльных групах у звычайных установах дашкольнай адукацыі. Уводзяцца новыя методыкі навучання — вербатанальная методыка навучання дзяцей з парушэннем слыху, а таксама распрацоўваецца сістэма работы з дзецьмі, якія перанеслі аперацыю па кахлеарнай імплантацыі.
За перыяд з 2000 года колькасць спецшкол і школ-інтэрнатаў зменшылася з 95 да 54 устаноў (у гэтым годзе). Вядучае месца ў нашай сістэме займаюць ЦКРНіР, якія пачалі сваю дзейнасць у 1999 годзе і забяспечваюць выяўленне дзяцей з АПФР, аказанне ім карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, займаюцца ранняй комплекснай дапамогай, ажыццяўляюць адукацыю дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця, якіх, як лічылася раней, навучаць немагчыма. Штогод адукацыйную і карэкцыйна-педагагічную дапамогу ва ўмовах цэнтраў атрымліваюць больш як 7 тысяч дзяцей.
Вядзецца работа над удасканаленнем зместу адукацыі. Так, ужо распрацаваны адпаведныя палажэнні для навучання асаблівых дзяцей дашкольнага ўзросту. У завяршальнай стадыі змест адукацыі і карэкцыйнай работы з дзецьмі, якія маюць кахлеарныя імпланты. Распрацоўваюцца палажэнні аб рабоце і карэкцыйна-педагагічнай дапамозе дзецям з аўтычнымі парушэннямі, аб рабоце з прымяненнем жэставай мовы, якая лічыцца ў нас раўнапраўнай мовай у адукацыі асоб з парушэннем слыху. Выдаюцца і першыя вучэбныя электронныя дапаможнікі для дзяцей з АПФР.
Дзеці з АПФР маюць магчымасць атрымліваць прафесійную адукацыю. Толькі ў гэтым годзе ў нашай краіне ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступілі 356 інвалідаў, ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі — каля 700 асоб з АПФР.
Асноўным кірункам дзяржаўнай палітыкі ў адукацыі асоб з АПФР з’яўляецца інтэграванае навучанне і выхаванне. Работа па яго развіцці і ўдасканаленні вядзецца ў Беларусі з 1995 года. Аднак выбар формы навучання для свайго дзіцяці — права бацькоў. Кожная школа, дзе ствараюцца такія класы і групы, праводзіць вялікую падрыхтоўчую работу яшчэ да таго, як ва ўстанову прыходзяць дзеці з асаблівасцямі. Аднак адзін з галоўных фактараў, які вызначае, наколькі паспяховым будзе інтэграванае навучанне і выхаванне, і якому ўдзяляецца значная ўвага ў нашай краіне, — фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з АПФР.
“Мы разглядаем інтэграванае навучанне і выхаванне як этап на шляху да інклюзіўнай адукацыі, а інклюзіўную адукацыю як наступную прыступку ў развіцці сістэмы адукацыі нашай краіны, — падкрэсліла Антаніна Міхайлаўна. — Зараз рыхтуецца нарматыўная прававая база па інклюзіўнай адукацыі. Падрыхтаваны праект закона Рэспублікі Беларусь аб ратыфікацыі канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, дзе таксама гаворыцца аб тым, што адукацыя павінна быць інклюзіўнай. Пакуль у Кодэксе аб адукацыі няма паняцця “інклюзіўная адукацыя”, але зараз ідзе карэкціроўка норм кодэкса, і мы ўнеслі адпаведную прапанову. Распрацоўваецца канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Наша краіна прымала ўдзел у распрацоўцы праекта пагаднення краін — членаў Еўразійскай эканамічнай супольнасці аб супрацоўніцве ў галіне інклюзіўнай адукацыі, і гэты праект знаходзіцца на стадыі зацвярджэння”.
***
Падчас семінара абмяркоўваліся таксама пытанні навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, стварэння адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, фарміравання талерантных адносін да асаблівых дзяцей (з вопыту работы сярэдняй школы № 111 Мінска). Удзельнікі сустрэчы спыніліся на праблемах атрымання прафесійнай адукацыі асобамі з АПФР, была адзначана роля грамадскіх арганізацый ва ўключэнні такіх людзей у соцыум (на прыкладзе дзейнасці Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам).
Замежныя госці разам з беларускімі педагогамі прынялі ўдзел у трэнінгавых занятках, майстар-класах, наведалі ўстановы адукацыі, дзе пазнаёміліся з вопытам работы з асаблівымі дзецьмі, — сярэднюю школу № 25 Мінска, сталічную сярэднюю школу № 91 імя Хасэ Марці, факультэт спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, Маладзечанскую спецыяльную школу-інтэрнат № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, Вілейскую спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, Вілейскі раённы ЦКРНіР, а таксама Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. На базе многіх з названых устаноў сёння працуюць рэсурсныя цэнтры па аказанні кваліфікаванай дапамогі спецыялістам у рабоце з дзецьмі з АПФР.