Адукацыя са знакам якасці для дзяцей з АПФР

- 11:40Спецыяльная адукацыя

Сярэднія школы № 25 Мінска і № 3 Дзятлава з’яўляюцца пляцоўкамі па рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР. Развіццё інклюзіўных працэсаў ва ўстановах прадугледжвае стварэнне спецыяльных умоў для ўключэння асаблівых дзяцей у агульнаадукацыйнае асяроддзе. 

“Абавязковая ўмова — сістэмнасць у арганізацыі ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, стварэнне даступнай, разнастайнай, адаптаванай адукацыйнай прасторы, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 25 Мінска Таццяна Генадзьеўна Бандарэнка. — Сістэмны падыход у рабоце педкалектыву школы грунтуецца на каманднай рабоце па стварэнні суполкі дзяцей і дарослых, заснаванай на павазе і цікавасці да асобы кожнага вучня, падтрымцы сяброўскіх талерантных адносін з рознымі дзецьмі, развіцці іх здольнасцей і талентаў. Такі падыход улічвае магчымасці і патрэбы ў развіцці ўсіх дзяцей і кожнага паасобку і вырашае задачы іх сацыяльнага ўзаемадзеяння”.

Таццяна Генадзьеўна спынілася на спецыфіцы арганізацыі адукацыйнага працэсу ў класах, дзе вучацца дзеці з АПФР сумесна са звычайнымі аднагодкамі. Пры падрыхтоўцы да ўрока ва ўмовах інклюзіі вучняў з АПФР важна зразумець, з якімі дзецьмі педагогу трэба працаваць, ацаніць розныя аспекты: асаблівыя адукацыйныя патрэбы, уласцівасці ўвагі, памяці і г.д. Таццяна Генадзьеўна прапануе дыферэнцыраванае навучанне. На 1-м узроўні вучні з АПФР могуць выконваць заданні на адным узроўні з аднагодкамі. 2-гі ўзровень прадугле-джвае, што вучні з асаблівасцямі могуць выконваць тое ж заданне, што і звычайныя дзеці, але з адаптаванымі заданнямі (напрыклад, меншая колькасць практыкаванняў у заданні). На 3-м узроўні вучні з асаблівасцямі могуць выконваць тое ж заданне, але з адаптаванымі матэрыяламі (напрыклад, матэрыял можа дапаўняцца схемамі, малюнкамі, фатаграфіямі). На 4-м узроўні вучні з асаблівасцямі могуць выконваць іншае, паралельнае, заданне, якое мае пэўныя спрашчэнні. 5-ы ўзровень прадугледжвае, што вучні могуць выконваць практычныя і функцыянальныя заданні (напрыклад, індывідуальныя карткі і г.д.), звязаныя з вывучэннем тэмы, магчыма, з дапамогай педагога.

Выкарыстанне дыферэнцыраванага навучання дазваляе кожнаму дзіцяці займацца ў сваім тэмпе і на сваім узроўні, пры гэтым можна пераходзіць з аднаго ўзроўню на іншы, выбіраючы ўсё больш складаныя заданні. Такім чынам, працэс навучання прадугледжвае актыўную дзейнасць кожнага вучня. У ходзе дыферэнцыраванай самастойнай работы ў настаўніка з’яўляецца магчымасць аказваць індывідуальную дапамогу дзецям, якія маюць у ёй патрэбу, не адцягваючы ўвагу іншых вучняў класа, абмеркаваць алгарытм выканання задання, правесці бягучы кантроль. Абавязковая ўмова навучання дзяцей з АПФР — узаемадзеянне з аднакласнікамі. Педагогі садзейнічаюць гэтаму, улічваючы адрозненні ў інтарэсах, здольнасцях, навыках дзяцей.

Інтэрактыўная дзейнасць на занятках прадугледжвае арганізацыю дыялогу, у ходзе якога вучні аналізуюць інфармацыю, слухаюць адно аднаго, шукаюць вырашэнне праблемы або выхад з праблемнай сітуацыі. Навучанне дзяцей з АПФР і іх звычайных аднагодкаў узаемадзеянню можа ажыццяўляцца ў парах, калі вучні сядзяць за адной ці за суседнімі партамі, і ў групах з чатырох чалавек. Для паспяховай сумеснай работы неабходна: наяўнасць адзінай мэты і неабходных умоў для кожнага, падзел функцый і абавязкаў, кантраляванне сваёй дзейнасці і іншых, наладжванне супрацоўніцтва і таварыскай узаемадапамогі. Прыёмамі арганізацыі калектыўнай работы з’яўляюцца: узаемныя дыктоўкі вучняў (адзін з працуючых у пары чытае па сказах тэкст, другі — піша), выкананне заданняў па картках з наступнай узаемаправеркай. У якасці вядучага метаду стымулявання групавой работы разглядаюцца заахвочванне і стварэнне сітуацыі поспеху. Такі метад ажыццяўляецца шляхам адабрэння, падбадзёрвання, пахвалы, падзякі. Такім чынам, кожнае дзіця ўсведамляе ўключанасць у агульную работу, адчувае сваю значнасць. У класе прымаюцца пэўныя маральныя нормы і правілы сумеснай дзейнасці.

Важная ўмова рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі — арганізацыя прадметна-развіццёвага асяроддзя, якое стымулюе развіццё самастойнасці, ініцыятывы і актыўнасці, забяспечвае розным дзецям доступ да развіцця іх магчымасцей. Асяроддзе ва ўстанове плануецца і ажыццяўляецца сумесна педагогамі і спецыялістамі пры ўдзеле бацькоў. Калі ў дзіцяці ўзнікаюць цяжкасці ў засваенні навакольнага свету, спецыялісты прапануюць яму спосабы іх пераадолення. З 2012 года ў сярэдняй школе № 25 Мінска выкарыстоўваюць канструктар LEGO, у тым ліку на занятках з навучэнцамі з АПФР. Адукацыйныя магчымасці канструктара велізарныя, яго выкарыстанне стымулюе творчасць дзяцей, настаўнікаў і бацькоў. Як вынік — тэматычныя творчыя праекты, у стварэнні якіх удзельнічаюць усе дзеці. Бацькі, дзякуючы падтрымцы спецыялістаў, таксама ўключаюцца ў адукацыйны працэс і дапамагаюць сваім дзецям у яго ўключыцца.

Практычным вопытам выхаваўчай работы, накіраванай на аб’яднанне дзяцей у адзінай адукацыйнай прасторы на аснове іх узаемадзеяння на роўных, падзялілася намеснік дырэктара сярэдняй школы № 3 Дзятлава Алена Мікалаеўна Баклага. Гаворка ідзе аб сістэмнай рабоце, якая ўключае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне талерантных адносін: гадзіны займальных зносін, гульні для папярэджання і вырашэння канфліктаў, трэнінгі па засваенні сацыяльных норм узаемадзеяння, інтэрактыўныя гульні, ток-шоу, практычныя заняткі. Усведамленню навучэнцамі права кожнага чалавека быць пачутым, належаць да грамадства і быць яго часткай, уменню прымаць яго такім, які ён ёсць, садзейнічае арганізацыя валанцёрскіх ініцыятыў (дабрачынных акцый, святочных канцэртаў, маладзёжных марафонаў, творчых фестываляў) з запрашэннем валанцёраў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, бацькоўскіх клубаў, вучнёўскага самакіравання, БРПА, БРСМ і г.д. 

Навучэнцы з АПФР таксама актыўна ўключаюцца ў сацыяльна значную, валанцёрскую, пошукавую, творчую і экскурсійную дзейнасць. Для таго каб экскурсія была больш займальнай і развіццёвай, выкарыстоўваюцца квест-тэхналогіі. Падчас экскурсій дзеці з АПФР вывучаюць гісторыю малой радзімы, наведваюць музеі, архітэктурныя помнікі і памятныя месцы, удзельнічаюць у анлайн-дыялогах з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і ветэранамі педагагічнай працы, выконваюць заданні творчага пошуку з выкарыстаннем QR-кодаў. На кожным з гэтых мерапрыемстваў у звычайных дзяцей выпрацоўваюцца навыкі дапамогі дзецям з АПФР. Вынікам рэалізацыі сумесных сацыяльна значных праектаў з выкарыстаннем ІКТ з’яўляецца стварэнне вучнямі інтэрактыўнай карты памяці Дзятлаўскага раёна, распрацоўка цыкла адукацыйных маршрутаў, інтэрактыўнай гульні “Таямніцы вуліц Зецела”. Асаблівыя вучні ўдзельнічаюць у аб’яднаннях па інтарэсах, факультатыўных занятках “Камп’ютарная графіка”, “Майстар”, “Фом-фантазія”, “Хачу ўсё ведаць”, “Стэндавы мадэлізм”, “Сам сабе рэжысёр”.

Паказчыкам паспяховасці заняткаў служыць удзел дзяцей у штогадовых выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а таксама перамогі, атрыманыя ў конкурсах дзіцячай творчасці. Дзеці з АПФР актыўна ўключаюцца ў дзейнасць тэатральнай студыі Little Stars. На бацькоўскіх сходах, агульнашкольных святах адбылося некалькі прэм’ер: пастаноўкі “Церамок”, “Золушка”, “Чырвоная Шапачка”. Дзейнасць тэатральнай студыі адзначана дыпломамі на раённым і абласным узроўнях. Навучэнцы сталі прызёрамі і ўзнагароджаны дыпломам III ступені абласнога этапу конкурсу тэатральных пастановак “Трыумф” (2020 г.). Сумесная работа над спектаклем дазваляе дзецям далучыцца да сродкаў міжкультурнай камунікацыі, вучыць прынцыпам партнёрства, стварае ўмовы для ўзаемаразумення і ўмацавання адказнасці за поспех агульнай справы.

Асаблівай увагі заслугоўвае штогадовая рэалізацыя спартыўна-інклюзіўнага праекта шостага школьнага дня, арганізаванага сумесна з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай. Вучні з АПФР разам з аднагодкамі і бацькамі прымаюць актыўны ўдзел у спартыўна-масавых, пазнавальных мерапрыемствах, становяцца прызёрамі гульняў. Так, вучань з асаблівасцямі ў агульнашкольным спаборніцтве па каманднай гульні “Лазертаг” у мінулым годзе ўзнагароджаны дыпломам III ступені. У раённых спаборніцтвах каманда вучняў адзначана дыпломам II ступені па выніках эстафеты “Хутчэй. Вышэй. Мацней” у рамках Параалімпійскіх гульняў і падзячным лістом за ўдзел у Калядным турніры па настольным хакеі.

“Ёсць адна рэч, якая аб’ядноўвае ўсіх, — што мы ўсе людзі, — гаварыла пісьменніца і журналістка Марыяна Атэнсіа. — Давайце будзем гуманістамі перад і пасля ўсяго астатняга!.. Давайце радавацца тым адрозненням, якія робяць людзей асаблівымі… Мы ўсе розныя і ўнікальныя. Гэта і робіць нас дзіўна чалавечнымі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.