— Самае галоўнае ў прафесіі — быць чалавекам. Разумець, што твае вучні не робаты, здольныя бездакорна выконваць усе каманды, а людзі. Людзі розныя, са сваімі характарамі, пачуццямі, праблемамі, — пераканана Лілія Паўлаўна Сакавец. Менавіта з такімі думкамі і прынцыпамі яна ідзе па сваім педагагічным шляху. І крочыць па ім упэўнена і паспяхова — штогод вучні радуюць выступленнямі на алімпіядах і здачай ЦТ. Два гады назад адразу тры выпускнікі Ліліі Паўлаўны атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па прадметах, якія яна выкладае. Усе 24 вучні класа, дзе настаўніца была класным кіраўніком, паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Як гэта часта бывае, вялікі ўплыў на будучую настаўніцу аказаў яе колішні педагог. Лілія Паўлаўна Сакавец прызнаецца, што і зараз у яе памяці засталіся ўрокі гісторыі, якія праводзіў настаўнік і дырэктар школы, дзе яна вучылася, Уладзімір Уладзіміравіч Пятроўскі. А сёння яна сама менавіта такі настаўнік, з якога варта браць прыклад, які дорыць натхненне сваім вучням і калегам.
— Мне так хацелася стаць настаўніцай гісторыі, што толькі ўжо студэнткай зразумела: акрамя гісторыі, мая спецыяльнасць прадугледжвае яшчэ і англійскую мову! — расказвае Лілія Паўлаўна.
Але потым студэнтка шчыра зацікавілася і гэтым прадметам, з яго пачыналася і прафесійная дзейнасць. Праўда, замежную мову выкладаць давялося нядоўга. Хутка Лілія Паўлаўна, як і марыла, стала настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства. Больш за 30 гадоў яна застаецца вернай любімым прадметам і адной установе — працуе ў сярэдняй школе № 11 Слуцка.
Лілія Паўлаўна — цудоўны апавядальнік. Яна з тых настаўнікаў, уважліва паслухаўшы якога на ўроку, вучань можа не вучыць дамашняе заданне. Зразумела, зрабіць так, каб дзеці цябе слухалі, — задача няпростая.
— Гісторыя — складаны прадмет для выкладання, бо заўсёды трэба думаць, што сказаць дзецям. З вопытам я разумею, што неабходна старанна выбіраць матэрыял, сартаваць, сістэматызаваць яго. Гісторыя і грамадазнаўства — надзвычай аб’ёмістыя прадметы, і вельмі проста адхіліцца ад тэмы, пусціцца ў разважанні, дэталі і ўвогуле не даць дзецям карысных ведаў. Таму лічу, што варта даваць інфармацыю коратка і сцісла, вылучыўшы самую сутнасць, канкрэтыку. Пры гэтым трэба не забыць расказаць і пра нешта цікавае, каб у дзяцей быў стымул самім пачытаць больш, — расказвае педагог.
Лілія Паўлаўна спрабавала і спрабуе мноства педагагічных тэхналогій, прыёмаў, методык, але прызнаецца, што найбольш ёй даспадобы дыдактычная мнагамерная тэхналогія В.Э.Штэйнберга і работа з апорнымі схемамі. Сістэмна падыходзіць да ведаў настаўніца вучыць і дзяцей: старшакласнікі на кожным уроку складаюць схемы-канспекты і потым менавіта гэтыя запісы выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы да экзаменаў, каб хутка і якасна паўтарыць матэрыял.
Проста немагчыма не пацікавіцца ў такога педагога, як удалося ёй выхаваць адразу траіх стабальнікаў. У адзін год двое навучэнцаў атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні 100 балаў па грамадазнаўстве і адзін — па гісторыі. Прычым усе трое займаліся толькі з Ліліяй Паўлаўнай, не звяртаючыся па дапамогу да рэпетытараў.
— Сакрэтаў тут ніякіх няма, — дзеліцца педагог. — Да поспеху прыводзіць сістэматычная работа педагога і навучэнцаў. Выпускнікі, якія атры-малі 100 балаў на ЦТ, вельмі працавітыя, мэтанакіраваныя, адказныя. Яны вучыліся ў профільным класе, наведвалі факультатыў, і кожны раз, прыхо-дзячы на заняткі, ведалі, навошта яны тут. Я выкарыстоўвала розныя формы работы: тэсты па тэмах, абмеркаванні, дыскусійныя пытанні, складанне схем, лекцыі, групавую работу і многае іншае. Думаю, пэўную ролю адыграла і тое, што ў гэтых дзяцей я была класным кіраўніком, таму ведала, як знайсці падыход да кожнага.
Лілія Паўлаўна Сакавец прызнаецца, што знайшла сваё прафесійнае шчасце. Адчуваць, што ты на сваім месцы, што робіш любімую справу і робіш яе добра, разумець, што ты дапамагаеш дзецям здзяйсняць іх мары. Вось што дорыць ёй радасць штодзень.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.