Мужчынская размова

- 12:01Родная земля

Расонскі раён унікальны. Па плошчы ён адзін з самых вялікіх у краіне. Пры гэтым на тэрыторыі амаль 2 тысячы км пражывае ўсяго 9,5 тысячы чалавек і знаходзіцца толькі 3 установы сярэдняй і 2 базавай адукацыі. Для параўнання: у самым маленькім Жабінкаўскім раёне аж 9 устаноў сярэдняй адукацыі. Затое па колькасці помнікаў і абеліскаў, звязаных з ваенным мінулым, Расонскі раён зноў у лідарах. Расоншчына — партызанскі край, зямля мужных людзей, баявой славы, і Дзень абаронцаў Айчыны тут адзначаюць з асаблівай пашанай.

Другаснае і першаснае

Быць мужчынам — значыць, быць мужным, адказным, сапраўдным прыкладам, а быць прыкладам — значыць, валодаць станоўчымі рысамі характару, здзяйсняць вартыя пераймання ўчынкі. Героі Савецкага Саюза Пётр Машэраў, Уладзімір Хамчаноўскі, Аляксандр Шэлепень, Сцяпан Жукаў, віцэ-адмірал Іларыён Павалішын, генерал-маёр Якаў Кульнеў, у якіх з расонскай зямлёй звязаны самыя яркія старонкі біяграфіі, якраз і былі такімі людзьмі — мужнымі, адказнымі. Сапраўдныя героі? Так. Прычым не толькі свайго, але і нашага часу. Ідэальныя мужчыны? Не зусім. Ідэальнага, як вядома, нічога не бывае. І ў Машэрава, і ў Хамчаноўскага, і ў Шэлепня, і ў Жукава, і ў Павалішына, і ў Кульнева, канечне, былі свае слабасці. А вось сапраўдны мужчынскі характар — гэта тое, чым яны дакладна валодалі.

Кожны год напярэдадні 23 лютага хлопчыкі і юнакі, будучыя абаронцы Айчыны, падчас тэматычных мерапрыемстваў на прыкладзе жыцця знакамітых землякоў знаёмяцца з рысамі сапраўднага мужчынскага характару. Не крыўдзіць дзяўчынак, жанчын — гэта асаблівасць мужчынскага характару? Так. А не плакаць і не плакацца? Таксама. Трымаць слова, выконваць пачатую справу да канца, паважаць старэйшых? І гэта прыклад мужчынскага характару. І не важна, у што ты апрануты: у мундзір віцэ-адмірала ХVIII стагоддзя, як Іларыён Павалішын, у гусарскі мундзір ХІХ стагоддзя, як Якаў Кульнеў, у форму лётчыка-штурмавіка Чырвонай Арміі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, як Сцяпан Жукаў, у элегантны касцюм, як першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, або ў джынсы і красоўкі, як многія сучасныя мужчыны. Адзенне — другаснае, першаснае — выхаванне, характар і ўчынкі.

Чалавек-легенда і проста чалавек

Сярод военачальнікаў і камандзіраў, якімі ганарацца педагогі і навучэнцы Расонскай сярэдняй школы, асаблівае месца, безумоўна, займае адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху на Беларусі Пётр Машэраў. І справа не толькі ў тым, што ўстанова адукацыі носіць яго імя, і нават не ў тым, што Пётр Міронавіч з 1939 па 1941 год працаваў тут настаўнікам фізікі. Машэраў-чалавек — вось кім асабліва ганарацца расонцы. Яго характар, учынкі, адносіны да родных і землякоў — гэта той прыклад, на якім выхоўваюцца юныя расонцы.

“Мы ганарымся Пятром Міронавічам. Нягледзячы на тое, што нарадзіўся ён на Сенненшчыне, значная частка яго жыцця звязана з нашым краем. Менавіта ў Расонскім раёне і праходзілі асноўныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя яго нараджэння. Асабліва маштабнай стала міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Расонскі край: гісторыя, культура, людзі”, арганізаваная Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Расонскім райвыканкамам на базе музея баявой садружнасці да юбілею земляка. Актыўны ўдзел у канферэнцыі прынялі педагогі і навучэнцы нашай школы. У рамках канферэнцыі прайшла яшчэ адна цікавая падзея: каля будынка музея ўрачыста адкрылі Алею Славы. Ганаровую варту ў гэты момант неслі ўдзельнікі школьнай каманды “Зорка”. Дарэчы, з музеем баявой садружнасці мы цесна супрацоўнічаем у плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Напрыклад, на базе музея працуе гурток экскурсаводаў для навучэнцаў нашай школы”, — паведамляе дырэктар Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава Алена Барысаўна Марозава.

Настаўнік гісторыі Аляксандр Міхайлавіч Амялішка спадзяецца, што ў хуткім часе ў школе будзе адноўлена экспазіцыя памяці Пятра Міронавіча. “Я 30 гадоў працую ў школе, і кожны год напярэдадні 13 лютага (дня нараджэння славутага земляка) у нас праводзіцца Тыдзень памяці Машэрава. Адным з мерапрыемстваў з’яўляецца канферэнцыя, у рамках падрыхтоўкі да якой вучні збіраюць матэрыял пра Пятра Міронавіча, даследуюць яго біяграфію. Часам знаходзяцца даволі цікавыя матэрыялы. Так, нядаўна два мае вучні, якіх я жартам называю інтэрнэт-шукальнікамі, адкапалі ў сусветнай павуціне два малавядомыя фотаздымкі Пятра Міронавіча. Матэрыялу для экспазіцыі сабралася дастаткова”, — гаворыць настаўнік.

Падчас аповеду вучням пра біяграфію знакамітага земляка Аляксандр Міхайлавіч прытрымліваецца наступнага правіла: не рабіць з Машэрава культа, а расказваць пра чалавечнасць, чуласць, спагадлівасць. Вучні цягнуліся да яго, бо ведалі: што б у іх жыцці ні здарылася, малады настаўнік іх перажыванні ўспрыме як свае, зразумее і дапаможа разабрацца. Гэта і адыграла станоўчую ролю ў Вялікай Айчыннай вайне. Калі Пётр Міронавіч арганізаваў падполле, у яго склад увайшлі калегі, старшакласнікі Расонскай сярэдняй школы. Яны склалі касцяк партызанскага атрада імя Шчорса, камандзірам якога быў Пётр Міронавіч. Дарэчы, пазыўны “Дубняк” ён выбраў невыпадкова. Гэта дубовы лес, такі ж малады, як і яго баявыя таварышы — учарашнія вучні.

“Пётр Міронавіч намагаўся гаварыць толькі праўду, тое, што думаў, не любіў несправядлівасць, грубасць. Гэта быў чалавек душэўнай цеплыні, сардэчнасці, які добра разумеў іншых. Пасля вайны Пётр Міронавіч быў частым госцем у нашай вёсцы. Убачыўшы яго верталёт, усе, ад старых да малых, кідалі свае справы і беглі насустрач. А ён, раскінуўшы рукі, як бы жадаючы абняць усіх разам, ішоў нам насустрач са сваёй нязменнай ветлівай усмешкай, моцна ціснуў руку кожнаму. І заўсёды дзякаваў за прытулак, які давала ў вайну наша вёска партызанам”, — Аляксандр Міхайлавіч зачытвае ўспаміны жыхароў вёскі Роўнае Поле.

Узнагарода за мужнасць

Разам з вучнямі Расонскай школы ў партызанскі атрад, які арганізаваў Машэраў, уступілі і клясціцкія школьнікі. Адным з іх быў выпускнік гэтай установы адукацыі будучы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Хамчаноўскі. Як і Машэраў, ён таксама быў настаўнікам, перад вайной працаваў у Сакалішчанскай школе. У Клясціцкай школе ганарацца не толькі Хамчаноўскім, але і яшчэ двума выпускнікамі, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта Аляксандр Шэлепень і Сцяпан Жукаў. Падрабязныя звесткі пра герояў можна даведацца ў школьным музеі народнай славы.

“Музей з’яўляецца цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Тут праводзяцца экскурсіі, урокі мужнасці, сустрэчы з… хацела сказаць ветэранамі, аднак, на жаль, на тэрыторыі нашага сельсавета не засталося ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. У музеі праходзяць сустрэчы з малалетнімі вязнямі, людзьмі, у лёсе якіх прысутнічала вайна. Матэрыялы экспазіцыі дапамагаюць вучням праводзіць даследчую работу, працаваць над праектамі. Напрыклад, у мінулым годзе мы вывучалі гісторыю спаленых вёсак на тэрыторыі нашага сельсавета”, — расказвае дырэктар Клясціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.А.Хамчаноўскага Таццяна Віктараўна Мельман.

Падчас вайны ваколіцы Клясціц былі сэрцам партызанскага краю на мяжы Расіі, Беларусі, Латвіі. Выдатным прыкладам баявога братэрства партызан трох былых савецкіх рэспублік з’яўляецца бой каля вёскі Паўлава, калі аб’яднанымі сіламі атрадаў была спынена карная экспедыцыя нацыстаў пад кодавай назвай “Заяц-бяляк”.

“Адвагай і гераізмам праславіліся ў гады вайны многія землякі, у тым ліку Уладзімір Антонавіч Хамчаноўскі. Са жніўня 1941 года ён — член падпольнай групы Расонскага раёна, з красавіка 1942 года — намеснік камандзіра па разведцы партызанскага атрада імя Шчорса брыгады імя Ракасоўскага. 9 снежня 1942 года ў вёсцы Гліснаўка Полацкага раёна ў ліку 30 партызан трапіў у засаду і прыняў няроўны бой. Прыкрываючы адыход таварышаў, знішчыў 24 гітлераўцы, быў паранены. Не жадаючы здавацца ў палон, застрэліўся. Пахаваны ў Расонах. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года Уладзіміру Антонавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна. З 1975 года яго імя носіць наша школа”, — паведамляюць юныя экскурсаводы.

Ганарацца клясціцкія настаўнікі і вучні і Сцяпанам Іванавічам Жукавым. У пачатку вайны будучаму Герою Савецкага Саюза было ўсяго 18 гадоў. У маі 1941 года пасля заканчэння заняткаў у аэраклубе Віцебска, дзе ў вольны ад вучобы час займаўся ў педагагічным тэхнікуме, ён адразу як выдатнік вучобы накіроўваецца ў Чарнігаўскую знішчальную школу. Пачалася вайна, і праз год 19-гадовы юнак становіцца пілотам ІЛ-2. На працягу вайны здзейсніў 170 баявых вылетаў. Пяць разоў яго самалёт быў збіты. Пра мужнасць Сцяпана Іванавіча сведчыць 7 ордэнаў і больш за 15 медалёў.

“А вось фотаздымак вучня нашай школы, ураджэнца суседняй вёскі Забор’е Аляксандра Кірылавіча Шэлепня. Званне Героя Савецкага Саюза ён атрымаў у 1946 годзе за ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях за ўзяцце Берліна. Яго батарэя прыкрывала артылерыйскім агнём пяхоту. Яна адной з першых уварвалася на ўскраіну Берліна і адкрыла агонь, знішчыўшы больш за 30 умацаванняў ворага. Шлях да высокага звання героя быў складаным і небяспечным. Ужо ў пачатку вайны 23-гадоваму лейтэнанту даверылі камандаванне гаўбічнай батарэяй. Але ў 1943 годзе ён быў цяжка паранены. Пасля шпіталя ўзначаліў артылерыйскую разведку. Шэлепень настолькі добра арганізаваў работу, што яго батарэя дайшла да сцен Берліна, не маючы страт ні ў асабістым складзе, ні ў баявой тэхніцы. Аб яго мужнасці сведчаць 4 ордэны і некалькі медалёў. Завяршае экспазіцыю раздзел, прысвечаны вайне ў Афганістане. На жаль, Афганістан забраў жыццё нашага земляка, майго аднакласніка Мікалая Беладзедава. Тут захоўваюцца асабістыя рэчы воінаў-афганцаў. Музей — гэта наша памяць, мы расказваем дзецям пра вайну, яе жахі, каб яны не паўтарыліся зноў”, — далучаецца да экскурсіі Таццяна Віктараўна Мельман.

Таварыш салдатам

Праславіліся Клясціцы не толькі ў Вялікую Айчынную, але і ў вайну 1812 года. Менавіта тут руская армія здабыла свая першую перамогу над напалеонаўскімі войскамі. Каля Клясціц здзейсніў свой подзвіг генерал-маёр кавалерыі Якаў Пятровіч Кульнеў. Для вучняў і настаўнікаў Клясціцкай сярэдняй школы ён з’яўляецца прыкладам вернасці прысязе і баявому братэрству, таму пра яго расказваюць з асаблівай цеплынёй.

Вучань Суворава і Кутузава, удзельнік руска-шведскай, руска-турэцкай войнаў, вайны 1812 года, Якаў Кульнеў вылучаўся харызмай, карыстаўся павагай сярод падначаленых, яго жыццё было напоўнена ваеннай рамантыкай. Пад камандаваннем Кульнева Гродзенскі гусарскі полк здабыў шэраг перамог, за што Якаў Пятровіч быў удастоены высокіх узнагарод. Кульнеў не дапускаў службовых злоўжыванняў, быў уважлівым камандзірам, патрабавальным да сябе і сваіх падначаленых. Ён справай даказваў паважлівыя адносіны да радавых, у яго войску былі адменены цялесныя пакаранні, нават сваім прыгонным сялянам ён падарыў волю, за што Павел І пагражаў пасадзіць яго ў Петрапаўлаўскую крэпасць.

А яшчэ Кульнеў шчыра любіў Радзіму. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца адказ нявесце, якая прасіла яго пакінуць вайсковую службу, бо баялася рана застацца ўдавой: “Сударыня, долг перед службою Отечеству я ценю превыше долга супружеского”. Гераічнай з’яўляецца і смерць генерала. Калі пад Клясціцамі яму ядром адарвала абедзве нагі, ён сарваў з сябе ордэн Святога Георгія, кінуў яго салдатам і прамовіў: “Няхай вораг не цешыць сябе тым, што забіў генерала”. Пасля вайны імя генерала стала надзвычай папулярным у народзе. Яго гравіраваныя партрэты можна было сустрэць нават у сялянскіх хатах.

Наколькі міфічнымі, а наколькі рэальнымі з’яўляюцца подзвігі і смерць Якава Кульнева, сёння мы дакладна сказаць не можам. Магчыма, нешта ў яго біяграфіі ў пазнейшыя дзесяцігоддзі было надумана, занадта гераізавана. Аднак дыму без агню, як вядома, не бывае. Таму героем, прыкладам сапраўднага мужчыны, вернага Радзіме і ваеннай прысязе, ён застаецца і для сённяшніх пакаленняў, будучых абаронцаў Айчыны.

З партрэтам генерала можна азнаёміцца ў школьным музеі, прысвечаным вайне 1812 года. Побач партрэт яго маці Луізы Іванаўны, фотаздымкі магілы генерала, маёнтка Ільзенберг у Латвіі. Кульневу прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі па вайне 1812 года, а цэнтральнае месца займае рэпрадукцыя карціны нямецкага баталіста Петэра фон Геса “Бітва пры Клясціцах 19 ліпеня 1812 года”, арыгінал якой захоўваецца ў Эрмітажы.
Нагадваюць пра знакамітую бітву экспанаты школьнага музея. Гэта рэшткі ядраў, кулі ад вінтовак, афіцэрская шабля, цвікі ад калісьці спаленага маста, па якім перапраўляліся войскі. Шмат экспанатаў створана рукамі настаўнікаў і вучняў. Сярод іх сцяг і абмундзіраванне 24-га егерскага палка, форма гусар Гродзенскага гусарскага палка. Актыўную дапамогу ў афармленні музея, стварэнні фотапано і дыярамы Клясціцкай бітвы, формы егерскага і гусарскага палкоў аказаў дацэнт кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Ігар Васільевіч Гарбуноў. Вялікая заслуга ў стварэнні музея належыць яго былому кіраўніку Міхаілу Мікалаевічу Собіну. Настаўнік гісторыі стварыў гурток “Юны экскурсавод”, перадаў сваю цікавасць вучням. А паклаў пачатак школьнай музейнай справе ў Клясціцах яшчэ ў 1975 годзе былы дырэктар Анатоль Парфір’евіч Іваненка, пад кіраўніцтвам якога і быў адкрыты музей народнай славы.

Краязнаўчая палітра

“Даследчая работа, якая праводзіцца ў нашай школе, шматвектарная, мы рэгулярна працуем над праектамі. Адзін з апошніх стаў прызёрам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Гадуем патрыётаў!” Нядаўна ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” мы стварылі работу, прысвечаную тапаніміцы роднага краю. Дарэчы, як лепшыя ўдзельнікі акцыі нашы вучні рэгулярна адпачываюць зімой у “Зубраняці”. Традыцыйнай з’яўляецца і школьная краязнаўчая канферэнцыя. Наш край багаты на гістарычныя падзеі, таму цікавы матэрыял у нас знайсці лёгка. Галоўнае, прыкласці намаганні да апрацоўкі матэрыялу, тады і поспех будзе гарантаваны”, — паведамляе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Уладзіміраўна Буланава.

Цікавы матэрыял, прыгожае афармленне — адметнасць даследчага праекта “Рэканструкцыя гусарскага мундзіра”, які да 200-годдзя вайны 1812 года выканаў сённяшні навучэнец 11 класа Арцём Зуеў разам са сваёй мамай пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Людмілы Васільеўны Малаш. Па словах Арцёма, вывучэнне ваеннага гістарычнага касцюма з’яўляецца цікавай справай. Форма Гродзенскага гусарскага палка, якім камандаваў Якаў Кульнеў і які прымаў удзел у Клясціцкай бітве, выбрана невыпадкова: яна самая эпатажная сярод гістарычнага адзення той эпохі. Гусары апраналі кароткую да таліі аднабортную куртку са стаячым каўняром і шнурамі — даламан. Менавіта даламан было найбольш складана пашыць, таму рэканструкцыя касцюма пачыналася з гэтага элемента гусарскага абмундзіравання. Потым да яго падганялі чакчыры (штаны) і менцік (яшчэ адна куртка, абшытая мехам). Пра маштаб праведзенай Арцёмам работы можна меркаваць вось па гэтым фотаздымку, на якім хлопец трымае гусарскі мундзір. У створаным мундзіры можна адправіцца, напрыклад, на касцюміраваны баль, выкарыстоўваць яго ў тэатральных пастаноўках ды і проста ў якасці музейнага прадмета ў школьнай экспазіцыі, прысвечанай вайне 1812 года.

Яшчэ адным яркім краязнаўчым праектам, створаным вучнем 7 класа Уладзіславам Барадулькіным пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Вольгі Уладзіміраўны Малашэнка, стала вызначэнне сямі цудаў Клясціц. Цуд першы: Клясціцкая ГЭС на рацэ Нішча. Цуд другі: панскія дубы. Цуд трэці: валун вагой каля 10 тон. Чацвёрты цуд: вялізнае буслінае гняздо, якое мясцовыя жыхары называюць “вісячы луг”, на стэле мемарыяльнага комплексу каля будынка школы. Пра яшчэ тры цуды вы даведаецеся, наведаўшы Клясціцы. А наведаць Клясціцы варта, хаця б дзеля знаёмства з багатай экспазіцыяй школьнага музея народнай славы.

Штодзённыя подзвігі

Заўтра ў Дзень абаронцаў Айчыны ў адрас мужчын будзе гучаць шмат віншавальных слоў. Неафіцыйны мужчынскі дзень, як яшчэ называюць 23 лютага, — выдатная нагода для нас, прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, спытаць сябе: наколькі сваім жыццём, сваімі ўчынкамі я адпавядаю высокаму званню мужчыны? Быць мужчынам — няпроста, аднак быць мужчынам — цудоўна, асабліва калі побач ёсць каханая жанчына, любімыя дзеці, калі ёсць Радзіма. Дзеля іх мы і здзяйсняем нашы штодзённыя маленькія подзвігі. Дзеля іх здзяйснялі свае вялікія подзвігі знакамітыя генералы, афіцэры, салдаты, якімі ганарацца на Расоншчыне.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.