Для чаго чалавеку дадзена жыццё? Не проста ж так чалавек прыходзіць у гэты свет, крочыць па ім, пакідаючы ўласныя сляды як біяграфію. Мы мяркуем пра чалавека па яго справах. Толькі ў працы можа раскрыцца яго талент, уменне.
Я хачу расказаць пра цудоўную жанчыну, добрую жонку, клапатлівую маці, бабулю і выдатнага кіраўніка Валянціну Аляксандраўну Крэміс. Завочна я ведала Валянціну Аляксандраўну даўно, а бліжэй пазнаёмілася, калі яна стала дырэктарам Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Што адразу кінулася ў вочы? Яе ўвага да людзей, дабрата, рашучасць.
Больш за 30 гадоў аддадзена педагагічнай дзейнасці. Многа гэта ці мала для жыцця настаўніка, а ў далейшым дырэктара школы? Гэта вялікі шлях, поўны ўзлётаў і падзенняў, радасцей і нягод, перамог і няўдач. Але што значаць для кіраўніка гэтыя гады? Гэта пастаянная і мэтанакіраваная работа па выхаванні дзяцей, самаўдасканаленні. І сотні выпускнікоў…
Шмат сіл і энергіі Валянціна Аляксандраўна аддае школе. Асаблівая ўвага — настаўніку. Яна лічыць, што галоўная задача дырэктара школы — метадычны рост педагога. Валянціна Аляксандраўна заўсёды знаходзіць час пагаварыць з настаўнікамі, падтрымаць іх, падбадзёрыць, калі трэба — даць параду. І мы ўдзячны ёй за гэта. Яна імкнецца зрабіць калектыў адной вялікай дружнай сям’ёй. Дырэктар паважае сваіх калег, іх працаздольнасць. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі дапамагаюць ёй захапляць педагагічны калектыў агульнай справай. Школа для нашага дырэктара — гэта цэнтр жыцця, гэта спалучэнне энергіі, мудрасці, любові, радасці. Валянціна Аляксандраўна ўдзячна лёсу, што стала настаўнікам, што кожны дзень напоўнены сустрэчамі і зносінамі з выдатнымі педагогамі і таленавітымі вучнямі. Незвычайная, мужная і цудоўная жанчына.
Таццяна ДЗЕМЯНКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.





