Усё жыццё Ганны Шнэпс звязана з роднай вёскай Сасноўкай Віцебскага раёна і мясцовай школай, дзе вырасла будучы педагог. Маці, Раіса Рыгораўна, была настаўніцай хіміі і біялогіі, бацька, Рыгор Гаўрылавіч, — настаўнікам фізічнай культуры. Абодва менавіта ў педагогіцы знайшлі сваё прызванне і здолелі перадаць захапленне прафесіяй дачцэ і сыну. Больш за дваццаць гадоў Ганна Рыгораўна выкладае хімію і біялогію ў Сасноўскім дзіцячым садзе — базавай школе. Тут жа шчыруе яе брат: Яўген Рыгоравіч прыняў эстафету бацькі і на занятках прывівае навучэнцам любоў да фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця.
— Добрую прафесійную ўстаноўку нам далі з дзяцінства, — усміхаецца настаўніца. — Неяк так атрымалася, што са школьных гадоў я не бачыла сваёй будучыні без урокаў, вучняў, класнага журнала і любімых біялогіі і хіміі. З бацькамі мы жылі на адной хвалі — шчаслівае супадзенне інтарэсаў і схільнасцей. Таму паспяхова вучыцца і потым паступіць ва ўніверсітэт нам было прасцей, чым равеснікам: заўсёды пад рукой — дадатковая літаратура па прадмеце, калі ўзнікне пытанне — побач самыя дасведчаныя і зацікаўленыя кансультанты, мама з татам, іх прыклад — выдатная дапрафесійная падрыхтоўка. Выбар месца -вучобы для мяне быў відавочным: ВДУ імя П.М.Машэрава, біялагічны факультэт. Вельмі ўдзячна ўніверсітэту, сваім выкладчыкам. Абітурыенткай думала, што амаль усё знутры ведаю і пра прадмет, і пра настаўніцкую прафесію. Але ў студэнцтве столькі новага, цікавага пашанцавала даведацца! Асабліва падабаліся практыкі: па хіміі — на ўсіх галіновых прадпрыемствах Віцебска, па біялогіі — у палявых экспедыцыях і на аграбіялагічнай станцыі ў Віцебскім раёне. Першыя самастойныя ўрокі падчас педагагічнай практыкі таксама ўдала атрымліваліся, так што ісці працаваць у школу зусім не баялася — верыла ў сябе і была ўпэўнена: я выбрала самую лепшую прафесію.
Пасля заканчэння ўніверсітэта настаўніца вярнулася ў родную школу, а праз некаторы час перспектыўнаму маладому спецыялісту прапанавалі асвоіць новы напрамак дзейнасці.
Другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі” Ганна Рыгораўна набыла ў Мінску, у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.
— Сумяшчаць работу настаўніка-прадметніка і педагога-псіхолага было напачатку цяжкавата, затое надзвычай цікава, — прызнаецца Ганна Шнэпс. — Як настаўнік я працавала першыя часы толькі са старшакласнікамі, а тут вучылася кантактаваць з навучэнцамі малодшага школьнага ўзросту, пасля аб’яднання школы і дзіцячага садка — нават з дашкалятамі, з бацькамі. Вельмі каштоўны і карысны вопыт. Цяпер у старшых класах мяне, напэўна, у першую чаргу ўспрымаюць як псіхолага, дарослага сябра, які з дзяцінства добра ведае кожнага, і толькі потым — у якасці настаўніка. Прыемна гаварыць, што сваімі вучнямі я ганаруся.
Некаторыя з іх, дарэчы, сталі настаўнікамі, у тым ліку хіміі і біялогіі. Разам з навучэнцамі мы досыць паспяхова і вынікова ўдзельнічаем у розных конкурсах, дыстанцыйных прадметных алімпіядах, займаемся даследчай работай. Аднак найкаштоўнейшым сваім прафесійным здабыткам усё ж лічу давер. Калі ўзнікае праблема, дзеці ідуць да мяне, пытаюцца парады. Часам прыходзяць, каб проста выказацца: нават бацькам і сябрам не заўсёды давяраюць тое, што настаўніку. Гэта прызнанне і велізарная адказнасць. Педагогу сама прафесія дыктуе быць добразычлівым, дасведчаным, спартыўным, бадзёрым, мець пачуццё гумару. Трэба ўмець стрымліваць негатыўныя эмоцыі, жыць у пастаянным развіцці, любіць родную зямлю і сваю справу, імкнуцца ва ўсім быць прыкладам для дзяцей, а на ўроках, пазашкольных занятках старацца даваць ім практычныя веды і навыкі, якія потым спатрэбяцца ў дарослым жыцці.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.





