20 снежня ў Раманавіцкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна прайшоў адзіны дзень інфармавання для навучэнцаў 8—11 класаў “ШАГ” на тэму “Будучыня Беларусі — гэта мы”.
Інфармацыйныя блокі сустрэчы: дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, “Дзіцячае Еўрабачанне-2018” і “II Еўрапейскія гульні ў Беларусі” — сталі асновай мультымедыйнай прэзентацыі, матэрыялы для якой былі прадстаўлены Беларускім тэлеграфным агенцтвам.
Падчас абмеркавання блока “Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” школьнікі паразважалі пра значэнне акцыі “Нашы дзеці”. У фокусе абмеркавання — увага і клопат дзяржавы і грамадства да кожнага дзіцяці, духоўна-маральныя каштоўнасці, спагадлівасць, міласэрнасць, справядлівасць, спачуванне, ініцыятыва, альтруізм.
Падчас абмеркавання блока “Дзіцячае Еўрабачанне-2018” у падлеткаў была магчымасць паглядзець відэазапіс адкрыцця “Еўрабачанне-2018” і выступленне беларускага канкурсанта Даніэля Ястрэмскага. Падчас дэбатаў школьнікі выказалі свае пазіцыі аб неабходнасці правядзення такіх конкурсаў і іх значэнні.
Па блоку “II Еўрапейскія гульні ў Беларусі” было праведзена ток-шоу па тэхналогіі “100 пытанняў даросламу: падзеі, факты, каментарыі”. Госцем адзінага дня інфармавання для навучэнцаў “ШАГ” стала чэмпіёнка свету па летнім біятлоне, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь Ірына Аляксандраўна Тананайка. Ірына Аляксандраўна адзначыла, што арганізацыя і правядзенне Гульняў у Мінску з’яўляецца знакавай падзеяй у спартыўным жыцці Еўропы. Гэта дазволіць умацаваць аўтарытэт і пацвердзіць рэпутацыю Рэспублікі Беларусь як сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая надае першараднае значэнне прасоўванню Алімпійскіх каштоўнасцяў, здаровага ладу жыцця, развіццю фізічнай культуры і спорту.
Падчас сустрэчы школьнікі задавалі пытанні пра спартыўнае жыццё чэмпіёнкі, першыя перамогі і эмоцыі. Ірына Аляксандраўна падзялілася эмоцыямі пра першыя крокі ў спорт, расказала пра складнікі поспеху ў спартыўнай кар’еры. У завяршэнне сустрэчы І.А.Тананайка заклікала актыўна займацца спортам і весці здаровы лад жыцця. У цяперашні час Ірына Аляксандраўна працуе метадыстам у Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву.
Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Алена Міхайлаўна Шайтурава з гонарам расказала пра спартыўныя поспехі навучэнцаў нашай школы. Так, напрыклад, навучэнка 3 класа Марыя Кавалёва ўвайшла ў склад зборнай каманды Магілёўскай вобласці, якая заняла 3-е месца ў фінальных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы “300 талентаў для каралевы”, што праводзіліся 13—14 снежня 2018 года ў Мінску.
Мы можам з упэўненасцю сказаць, што будучыня Беларусі за таленавітымі, мэтанакіраванымі і ініцыятыўнымі людзьмі!
Таццяна ГОЛАХАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.