У чацвер, 20 снежня, у рамках праекта “ШАГ” у нашай школе прайшла цікавая сустрэча ў форме брыфінгу, у ходзе якой вучні 8—11 класаў змаглі задаць пытанні, якія датычацца дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, выказаць свае меркаванні аб выступленні маладых талентаў на дзіцячым “Еўрабачанні-2018”. Не засталося без увагі і пытанне аб эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі. Вучні выказвалі свае меркаванні аб тым, што пільная ўвага да шматдзетных сем’яў і забеспячэнне іх жыллём вырашыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
У якасці гасцей прысутнічалі кіраўнік справаў Нягневіцкага сельвыканкама Ларыса Пятроўна Шурак, ветэран педагагічнай працы і шматдзетная маці Анфіса Юльянаўна Шкарпета, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ школы Анастасія Генадзьеўна Грыгор’ева, класныя кіраўнікі, адміністрацыя школы. У якасці вядучых выступілі Максім Вайна, Дар’я Камар.
З асаблівай цікавасцю дзеці слухалі ветэрана педагагічнай працы і шматдзетную маці Анфісу Юльянаўну. Жанчына адзначыла, што ў цяперашні час асаблівую ўвагу дзяржава ўдзяляе шматдзетным сем’ям, забеспячэнню іх жыллём, што ў тыя далёкія часы, калі яна ўзначальвала прафсаюзны камітэт школы, была сакратаром партарганізацыі, дэпутатам сельскага савета, дзяцей выхоўвала школа, а сельскі савет выдзеліў невялікае жыллё. Гэта было важна. Падтрымка дзяржавы шматдзетных сем’яў патрэбна ва ўсе часы, бо будучыня нашай краіны — гэта нашы дзеці.
Кіраўнік справаў Нягневіцкага сельвыканкама Ларыса Пятроўна Шурак праінфармавала, якія мерапрыемствы ў рамках акцыі “Нашы дзеці” пройдуць на тэрыторыі сельвыканкама. У ходзе брыфінгу старшакласнікі прыйшлі да высновы, што 29 снежня члены валанцёрскага атрада “Надзея” наведаюць сацыяльных хворых пры Нягневіцкай бальніцы сястрынскага догляду, абавязкова падрыхтуюць для іх сувеніры і прысмакі, правядуць святочную канцэртную праграму. У першы тыдзень лютага вучні прапанавалі правесці агульнашкольнае свята “Алё, мы шукаем таленты!”, на якім кожны класны калектыў і ўсе ахвотныя змогуць паказаць і раскрыць свае творчыя здольнасці.
Прыемна ўсведамляць, што нашы вучні лічаць, што менавіта ім трэба будаваць новае грамадства, жыць і тварыць новае жыццё.
Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.