Новых ідэй і перамог, цікавых сустрэч і адкрыццяў

- 14:43Планёрка ў рэгіёне

“Як пастаянны чытач “Настаўніцкай газеты” адзначу, што выданне было і застаецца для мяне і маіх калег адной з актуальных пляцовак для абмену думкамі па розных кірунках педагагічнай дзейнасці, па прэзентацыі перадавога вопыту педагогаў і знаёмстве з інавацыямі ў адукацыі”, — заўважыла начальнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Валянціна Вінцэнтаўна ЛЮЛЕНКА.

— З кожным годам ваша выданне становіцца ўсё больш прывабным і цікавым як для настаўніка, так і для кіраўніка, — працягвае Валянціна Вінцэнтаўна. — Асабліва ўзрадавала ўвядзенне рубрыкі “Адукацыйная прастора”, калі цэлая старонка прысвечана цікавым знаходкам педагогаў у галіне сваіх прадметаў. З алоўкам у руках чытаю пра тое, як жывуць і працуюць мае калегі з іншых рэгіёнаў, у “Суботняй планёрцы”. Знаёмячыся з вопытам работы кіраўнікоў раённых аддзелаў адукацыі, раблю “рэвізію” сваёй дзейнасці, узбагачаючы яе новымі ідэямі, якія затым увасабляю на практыцы. Зразумела, што немагчыма ўсю важную неабходную інфармацыю размясціць у друкаванай версіі газеты, але яе віртуальная версія прадастаўляе магчымасць настаўнікам дадаткова публікаваць матэрыялы пра цікавыя падзеі і факты, пра ўнікальныя напрацоўкі і таленавітых вучняў.

— Пра якія тэмы (праекты) вы хацелі б расказаць на старонках выдання?

— У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах раёна рэалізоўваецца 8 інавацыйных праектаў рэспубліканскага ўзроўню. У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-суполак” (2017—2018гг.) на базе Пагародненскай сярэдняй школы быў арганізаваны клуб шостага школьнага дня “Ідэі без межаў” для навучэнцаў 10 класа. Педагог-наватар Т.Ф.Дода стала кіраўніком клуба, асноўная мэта якога — фарміраванне прадпрымальніцкай культуры і навыкаў дзелавых зносін навучэнцаў з дапамогай укаранення інфармацыйных тэхналогій.

Найважнейшым кірункам работы ў раёне з’яўляецца краязнаўства. Менавіта яно — шлях да пазнання сваёй малой радзімы і аснова фарміравання грамадзянскай пазіцыі школьнікаў, спосаб асэнсавання этнічнай самабытнасці і самаідэнтыфікацыі. У музеях і музейных пакоях кожнай школы, раёна як мінімум ёсць экспазіцыя, прысвечаная малой радзіме, людзям, якія яе праславілі і праслаўляюць. У ходзе наведвання памятных гістарычных мясцін школьнікі Воранаўшчыны ўключаюцца ў пошукавую і даследчую работу. На працягу некалькіх гадоў на тэрыторыі раёна працуе фальклорная экспедыцыя пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Руслана Канстанцінавіча Казлоўскага і Аліны Эдмундаўны Сабуць. Разам з навучэнцамі і настаўнікамі школ збіраецца ўнікальны этнаграфічны матэрыял.

На базе ўстаноў адукацыі раёна паспяхова рэалізаваны праекты “БДУ — твой крок у будучыню” і “БДУ педагогам Воранаўшчыны”. Падпісаны дагавор паміж Воранаўскай сярэдняй школай і БДУ аб стварэнні ў школе райцэнтра Цэнтра вывучэння кітайскай мовы, які зараз паспяхова працуе.

— Як заахвочваюцца таленавітыя навучэнцы раёна?

— У апошнія пяць гадоў навучэнцы Воранаўскага раёна ў рэспубліканскай алімпіядзе на заключным этапе атрымліваюць прызавыя месцы. Амаль штогод у нас ёсць дыпломы на абласным конкурсе даследчых работ “Крышталёвая альфа”, на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. З 2014 года ў раёне працуе лагер “Навука”, у якім заняткі з навучэнцамі праводзяць выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Вучняў раёна, якія маюць дасягненні па фізіцы, запрашаюць адпачыць і ўдасканаліць веды па прадмеце ў спартыўна-аздараўленчым комплексе БДУ “Брыганціна”. З 2008 года пачалі праводзіць раённую навукова-практычную канферэнцыю “Дарога ў будучыню”, у склад журы якой неаднаразова ўваходзілі прадстаўнікі рэктарата БДУ. Даследчыя здольнасці дзяцей мы пачынаем выяўляць падчас раённага конкурсу “Я — даследчык” для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту. Па выніках інтэлектуальных спаборніцтваў лепшыя навучэнцы ўзнагароджваюцца граматамі, дыпломамі аддзела адукацыі, каштоўнымі падарункамі, стыпендыямі абласнога фонду міру, прэміяй абласнога выканаўчага камітэта імя А.Дубко, прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, стыпендыяй імя С.У.Абламейкі — ураджэнца Воранава.

— Як развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі раёна?

— Так, у 2013 годзе здадзена ў эксплуатацыю Доцішская сярэдняя школа — установа рэарганізавана з базавай школы ў сярэднюю. У 2014 годзе адкрыты дзіцячы дом сямейнага тыпу, у 2016 — праведзена рэканструкцыя Воранаўскай сярэдняй школы, якая працягнецца ў гэтым годзе за кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця. У 2017 годзе здадзена ў эксплуатацыю прыбудова Больцішскай базавай школы, што дазволіла арганізаваць заняткі ў адну змену. У 2018 годзе ажыццёўлены капітальны рамонт корпуса № 2 Радунскай сярэдняй школы.

— Што робіцца для задавальнення запытаў бацькоў і патрэб выхаванцаў дашкольных устаноў?

— Паказчык ахопу выхаванцаў ад 1 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае 72,95%, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 62,9% (78,2% з улікам дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, але наведваюць гарадскія ўстановы). У дашкольных установах раёна працуюць 58 груп (з іх 11 — у складзе вучэбна-педагагічных комплексаў), у тым ліку 44 групы агульнага прызначэння, 1 санаторная, 13 груп інтэграванага навучання і выхавання. Для дзяцей, якія не наведваюць установы на пастаяннай аснове, працуюць 30 груп кароткачасовага знаходжання. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца адаптацыйныя групы, гульнявыя пляцоўкі, прагулачныя групы. Педагогі гарадскіх устаноў дашкольнай адукацыі аказваюць паслугі па выхаванні і навучанні дома па праграме дашкольнай адукацыі на платнай аснове (гувернёрства).

— Раскажыце, калі ласка, аб вашых планах і перспектывах.

— Нельга замыкацца толькі ў сваім асяроддзі, не чэрпаючы вопыт іншых рэгіёнаў. Таму пастаянна пашыраем рамкі сувязей з іншымі ўстановамі адукацыі тых рэгіёнаў і краін, з якімі ў Воранаўскага раёна заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве. А гэта, напрыклад, горад Піж у Польшчы, установы адукацыі Калінінградскай вобласці Расіі, Шальчынінкайскага раёна Літвы. У снежні 2018 года ў Воранаўскім раёне па ініцыятыве аддзела адукацыі з мэтай захавання нацыянальнай аўтэнтычнасці, папулярызацыі народнага танца ўпершыню праведзены абласны фэст народнага танца, удзел у якім прынялі 23 дзіцячыя танцавальныя калектывы. Мы лічым, што гэта стане брэндавым мерапрыемствам раёна, якое будзе праводзіцца раз у два гады, і плануем далучыць да ўдзелу ў ім яшчэ больш дзіцячых танцавальных груп. Штогод павялічваецца колькасць вучняў, ахопленых арганізаванымі формамі адпачынку, у тым ліку аздараўленнем. У лютым 2018 года ўпершыню ў раёне прайшла выстава-кірмаш “Лета-2018”, на якой на выбар прапаноўваліся розныя формы летняй занятасці дзяцей і падлеткаў. Немагчыма зараз заставацца ў баку і ад інфармацыйных тэхналогій: робататэхнікі, 3D-мадэлявання, Лега-канструявання, абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы камп’ютарных класаў. Паэтапна школы раёна рухаюцца і ў гэтым кірунку.

Хачу пажадаць педагогам раёна новых ідэй і перамог, цікавых сустрэч і адкрыццяў, творчага гарэння, незабыўных урокаў, дапытлівых і працавітых вучняў, нязгаснага натхнення і любові да сваёй прафесіі і, канечне, яркіх публікацый у “Настаўніцкай газеце”. А чым больш педагогі раёна публікуюцца, тым з большым імпэтам адносяцца да выдання. Жадаю далейшага росквіту любімай газеце беларускіх настаўнікаў, неабыякавых, актыўных чытачоў і аўтараў.

Надзея ЦЕРАХАВА.