На адным з мерапрыемстваў, прысвечаных памятным мясцінам Віцебска, чытачы бібліятэкі гімназіі № 5 раптам на экране пасярод блакітных елак убачылі бронзавы помнік паэтэсе Еўдакіі Лось, які знаходзіцца ў нашым горадзе каля абласной бібліятэкі імя Леніна. Адразу навучэнцам захацелася яшчэ больш пазнаёміцца з жыццём і творчасцю вядомай паэтэсы. Сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня яе нараджэння. Хочацца расказаць пра тое, як рыхтаваліся мы да гэтага мерапрыемства і як яно прайшло.

Адразу ў чытачоў узніклі пытанні “Адкуль родам Еўдакія Лось?”, “На якую тэматыку пісала яна свае творы?”, “У якім годзе быў пастаўлены помнік паэтэсе ў нашым горадзе?”, “Хто стваральнікі гэтага помніка?”.
На гэтыя пытанні мы прапанавалі адказаць юным чытачам самастойна, таму запрасілі ўсіх ахвочых прыняць удзел у пошуку матэрыялаў.
Затым мы падзялілі ўсіх зацікаўленых на 3 групы. Першая група збірала звесткі з біяграфіі Еўдакіі Лось. Другая група шукала матэрыял аб творчасці паэтэсы і рыхтавала выставу яе кніг. А трэцяя група — даследчыкі — выяўляла матэрыялы аб ушанаванні памяці паэтэсы ў нашым родным горадзе.
Канечне, чытачы нашай гімназічнай бібліятэкі хутка маглі знайсці інфармацыю — ёсць інтэрнэт, ёсць кнігі. Але само мерапрыемства, прысвечанае Еўдакіі Лось, атрымалася незабыўным. Яно пачалося са знаёмства з біяграфіяй паэтэсы. З экрана на нас глядзела сціплая беларуская жанчына з уважлівымі вачыма. Навучэнцы даведаліся аб тым, што Еўдакія Лось нарадзілася ў сялянскай сям’і ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Да вайны скончыла 5 класаў. А пасля заканчэння сямігодкі вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча. Паступіла на філалагічны факультэт педінстытута ў Мінску. Затым працавала літработнікам у рэдакцыі газеты “Зорька”. А з 1975 года працавала галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса “Вясёлка”. Еўдакія Лось пражыла вельмі цікавае, хоць і кароткае, усяго 48 гадоў, жыццё.
Далей прадстаўнік другой групы чытачоў паведаміў аб тым, што Еўдакія Лось выдала 11 паэтычных зборнікаў, а таксама 7 кніг дзіцячых вершаў і 2 кнігі ў прозе, якія расказвалі пра Віцебск гістарычны і сучасны. Навучэнцы даведаліся аб тым, што творы і паэмы паэтэсы перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую і іншыя мовы.
А затым удзельнікі літаратурнага вечара разглядалі кнігі на выставе: знаёміліся з паэтычнымі зборнікамі Е.Лось “Сакавік”, “Палачанка”, “Людзі добрыя”, “Хараство”, а таксама з яе кнігамі вершаў для дзяцей “Вяселікі”, “Дванаццаць загадак”, “Смачныя літары”.
Асаблівую цікавасць праявілі чытачы, калі на экране былі паказаны відэакліпы па вершах Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны” і “Продкі”.
Напрыканцы літаратурнага вечара юныя даследчыкі расказалі аб тым, што помнік Еўдакіі Лось у нашым горадзе быў устаноўлены ў 1976 годзе. Яго стваральнікі — скульптар В.Магучы і архітэктар В.Рыбакоў. У дзень адкрыцця гэтага помніка ў Віцебску адбыўся мітынг, прысвечаны памяці паэтэсы, на якім прысутнічалі яе сын і сястра. Нашы навучэнцы даведаліся аб тым, як віцябляне шануюць памяць знакамітай паэтэсы: яе імем названы адна з вуліц Віцебска, гарадская бібліятэка па вуліцы Цітова, а таксама Ушацкая раённая бібліятэка.
Наша літаратурная вечарына прайшла вельмі цікава найперш таму, што паэзія Еўдакіі Лось сагрэта пачуццём любові да Радзімы, да людзей. Яна вельмі шчырая. Усё, аб чым гаварыла паэтэса ў сваіх вершах, глыбока хвалюе кожнага з нас. І за гэта мы яе любім.
Інеса ПАНІЗОВІЧ,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 5 Віцебска, магістр педагагічных навук.





