На што расходуецца кінетычная энергія аўтамабіля ў руху пры тармажэнні?

- 11:14Адукацыйная прастора

Многа разоў даводзілася чуць, што актыўная ацэнка адкрывае другое дыханне ў настаўнікаў, дапамагае перагледзець падыходы ў рабоце. А нядаўна я пазнаёмілася з педагогам, якому актыўная ацэнка дапамагла адкрыць сэнс педагагічнай прафесіі. Цяпер настаўніца сярэдняй школы № 10 Бабруйска Таццяна Багдановіч сама праводзіць майстар-класы, каб заахвоціць калег да прымянення новых педагагічных тэхналогій, хаця яшчэ некалькі гадоў назад Таццяна Віктараўна цвёрда вырашыла, што ў школу больш ні нагой.

“У 2010 годзе я скончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Два гады адпрацавала ў школе і сышла ў дэкрэт. Вырашыла, што пасля яго заканчэння вяртацца ў школу не буду, змяню сваю жыццё кардынальна, бо зусім не разумела, навошта прыходжу ў гэтую школу. На працягу двух гадоў друкавала канспекты ўрокаў, сачыла за трыадзінай мэтай. Праца­ваць было нецікава. Зацягвала руціна. І ў 2016 го­дзе (знаходзячыся яшчэ ў дэкрэтным водпуску) закончыла праграму перападрыхтоўкі ў Інстытуце бізнесу БДУ. Планавала ўладкавацца менеджарам. Але пасля выхаду з дэкрэта вырашыла папрацаваць у школе год (так склаліся жыццёвыя абставіны, ды і дзіця ў садок хадзіла недалёка).

Пачалася мая другая адаптацыя ў школе, і тут я выпадкова на педагагічным савеце пачула пра АА. Сваім вопытам па яе выкарыстанні дзялілася калега — настаўніца гісторыі Ала Мікалаеўна Пазнякова. І настолькі мяне зачапіла пачутае, што я пачала ўсё сабе канспектаваць. Для мяне было шокам, што існуе абсалютна іншая педагогіка, ад якой атрымліваюць задавальненне і дзеці, і настаўнікі”, — успамінала Таццяна Віктараўна.

Праз год яна скончыла дыстанцыйныя курсы па выкарыстанні АА. Вучылася ў вядомага ментара — настаўніцы фізікі Элы Якубоўскай, якая распрацавала для Таццяны Багдановіч сваю праграму, дзякуючы якой настаўніца не толькі засвоіла ўсе элемены АА, але і ўзбагацілася прадметнымі ведамі па фізіцы. Пасля пачалося актыўнае, але паэтапнае выкарыстанне АА на ўроках. “Спачатку мне ўвесь час падавалася, што я нешта раблю не так, але поўнасцю прыняць і асэнсаваць АА мне дапамагло менавіта паэтапнае ўвядзенне гэтай стратэгіі. Элементы АА ўводзіла па чарзе, і ўвесь час аналізавала сваю дзейнасць і рэакцыю вучняў. Пачынала з пастаноўкі мэты, якую фармулявала сама ці разам з вучнямі (важна: на іх мове). Мэта, як маяк, накіроўвае ў патрэбнае рэчышча.

Пасля мы з вучнямі пачалі звяртацца да “НаШтоБуЗУ”, што ўдакладняе мэту. “НаШтоБуЗУ” можна выкарыстоўваць як да ўрока, так і для цэлай тэмы, раздзела. Я часцей прымяняю ў адносінах да задач, самастойных работ ці іншых відаў кантролю. Крытэрыі прагаворваю загадзя. І, натуральна, яны не мяняюцца. Дзеці прывыклі давяраць мне. 

Ужо ў 2018/2019 навучальным годзе, калі пачала выкарыстоўваць усе элементы АА, у мяне склалася поўная карціна. Я канчаткова ўсвядоміла метадычную і педагагічную каштоўнасць АА. Паміж мной і вучнямі з’явіўся давер, усталявалася сувязь. Мае дзеці (тады гэта былі васьмікласнікі) ведалі, што на ўроку не будзе ніякага прэсінгу, а будзе партнёрст­ва, плённае супрацоўніцтва”, — працягвала Таццяна Віктараўна. 


Найвышэйшым пілатажам у АА, па меркаванні Таццяны Віктараўны, з’яўляецца складанне ключавых пытанняў, бо інтрыгу (сэнс ключавога пытання) трэба трымаць на працягу ўсяго ўрока. “Настаўнікам фізікі складаць такія пытанні прасцей, бо можна звярнуцца да эксперымента ці задачы, асабліва калі гэта якасныя або разліковыя задачы. Іншым разам паказваю відэа”, — адзначыла настаўніца.

Затым Таццяна Віктараўна прывяла прыклады ключавых пытанняў, якія фармулявала і выкарыстоўвала ў розных класах.

У 7 класе падчас вывучэння тэмы “Ціск. Адзінкі ціску” ключавым пытаннем можа быць такое:

— Як вы лічыце, навошта пад гайку падкладаюць шырокае металічнае кольца, так званую шайбу?

Пры вывучэнні хуткасці руху цела, інерцыі ключавым пытаннем можа стаць эксперымент. На шклянку кладзём паштоўку, а на яе — манетку. Пстрычкай удараем па паштоўцы. Паштоўка адлятае, а манетка падае ў шклянку. Як можна патлумачыць падзенне манеты ў шклянку? Якую выснову можна зрабіць з убачанага?

Калі ў 7 класе звяртаемся да тэмы “Дыскрэтная будова рэчыва. Цеплавы рух часціц”, то ключавым можа быць наступнае пытанне:

— Чаму паветраныя шарыкі, напоўненыя геліем, з цягам часу губляюць пругкасць і не лятаюць? Неабходна прапанаваць 3 варыянты, як можна падоўжыць жыццё геліевым шарыкам.

Вывучэнне перадачы ціску газамі і вадкасцямі (закон Паскаля) стане больш цікавым, калі ў ключавым пытанні прааналізаваць аповед капітана Урунгеля і даць яму ацэнку з фізічнага пункту гледжання:

— Капітан Урунгель, вярнуўшыся з чарговага кругасветнага падарожжа, расказваў: “У нас у кают-кампаніі на сцяне вісіць стрэльба. Старадаўняя паляўнічая стрэльба. Дык вось, яна абавязкова раз у год страляе. І ў гэтым годзе таксама як бабахне! Мы якраз стаялі на выспах Барнеа. Я ўрываюся ў кают-кампанію і што бачу: стрэль­ба разгойдваецца на сцяне, як маятнік у шторм, а куля прабіла наскрозь акварыум з маімі залатымі рыбкамі… Вада выліваецца праз дзіркі, як скрозь кінгстаны, а бедныя рыбкі падскокваюць, б’юцца аб дно. Прыйшлося мне затк­нуць прабоіну і выклікаць сваіх памочнікаў”.

Некалькі прыкладаў ключавых пытанняў для васьмікласнікаў.

Тэма “Плаўленне і крышталізацыя”:

— Якая памылка дапушчана ў гэтым вершы з пункту гледжання фізікі? Ці згодны вы з яго зместам?

Она жила и по стеклу текла,

Но вдруг ее морозом оковало,

И неподвижной льдинкой капля стала,

А в мире поубавилось тепла.

Тэма “Унутраная энергія”:

— Растлумачце, на што расходуецца кінетычная энергія аўтамабіля ў руху пры тармажэнні.

У 9 класе пры вывучэнні тэмы “Сілы трэння. Сілы супраціўлення асяроддзя” ключавое пытанне можа таксама быць у выгля­дзе эксперымента. Навучэнцам прапануецца ўзя ць два аднолькавыя папяровыя аркушы, адзін скамячыць. Затым адпусціць іх адначасова з адной вышыні і растлу­мачыць, чаму так адбываецца.

Некалькі прыкладаў ключавых пытанняў для 11 класа.

Тэма “Прынцып Гюйгенса-Фрэнэля. Дыфракцыя святла. Дыфракцыйная рашотка”:

— Пры вырабе штучных перламутравых гузікаў на іх паверхні робяць найдрабнейшую штрыхоўку. Як вы лічыце, чаму пасля гэтага яны набываюць вясёлкавую афарбоўку?

Тэма “Дысперсія святла. Спектр. Спектральныя прыборы”:

— Чаму ліхтары задніх габарытных агнёў і шкло стоп-сігнала аўтамабіля маюць чырвоную афарбоўку?


АА дае магчымаць атрымаць асалоду ад навучання. І дзеці, і настаўнікі становяцца больш разняволенымі, што павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Адзі­нае, з чым уступае ў супярэчнасць АА, — гэта кантрольна-ацэначная дзейнасць. Але вопытныя педагогі не бачаць у гэтым праблему. Усё вырашальна. АА фарміруе самастойнасць і адказнасць вучняў найперш перад сабой, што з’яўляецца ключавым у развіцці ўстойлівай матывацыі да навучання. На першы план выходзіць “чаму я навучыўся (што ведаю)”, а не “якую адзнаку атрымаў”. Гэта канстатуюць і навучэнцы Таццяны Віктараўны.

Выкарыстанне АА (а цяпер і зварот да медыяадукацыі) паўплывала на фарміраванне новага педагагічнага светапогляду Т.В.Багдановіч. Дарэчы, навучанне ў Інстытуце бізнесу БДУ таксама не прайшло дарма. Там Таццяна Віктараўна пераасэнсавала сябе як асобу, бо вакол былі людзі іншай фармацыі.

Вучнёўскі давер, выкарыстане новых тэхналогій прынеслі свой плён. У скарбонцы дасягненняў (за 2018/2019 навучальны год) Таццяны Багдановіч і яе вучняў 8 дыпломаў на гарадскім этапе, 1 дыплом III ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы.

Навучэнец Аляксандр Пінчук за даследаванне “Элемент Пельцье. Тэрмаэлектрычнасць у паходных умовах” атрымаў дыплом II ступені на абласным этапе.

За работу даследчага характару “Стварэнне мадэлі ахоўнай сістэмы на базе ArduinoUno” вучні Таццяны Віктараўны Марыя Машкарова і Андрэй Зюлкоўскі атрымалі дыплом I ступені на гарадскім этапе і ўвосень прадставяць сваю работу на вобласці.

Фіналістамі Рэспубліканскага конкурсу “Лаві фэйк” сталі Марыя Машкарова з работай “Тролі побач з намі. Як ім супрацьстаяць” і Таццяна Казіміровіч з Марыяй Машкаровай, якія прадставілі Filter Bubble.

Акрамя таго, Таццяна Віктараўна разам са сваімі вучнямі рэалізавала школьныя праекты “YouTube — аналіз”, “Я — ютубер”.

Вырасла (і працягвае расці) Таццяна Віктараўна і ў прафесійным плане. У канцы мая на фестывалі педагагічных ідэй “Стратэгіі актыўнай ацэнкі для эфектыўнага навучання: лепшыя адукацыйныя практыкі” настаўніца праводзіла мікранавучанне па тэме “АА + + працоўны ліст = новыя магчымасці сучаснага ўрока”.

На зварот да працоўнага ліста Таццяну Багдановіч натхнілі яе вучні. Сямікласнікі былі актыўныя, дапытлівыя і вельмі любілі матэматыку, але працавалі не на поўную моц. Акрамя таго, пэўны час яны вучыліся ў другую змену. Усё гэта паўплывала на характар іх навучання. І Таццяна Віктараўна знайшла выйс­це. Спачатку яна матывавала сямікласнікаў фізічнымі эксперыментамі, якія праводзіла сама. Затым вучні рабілі доследы дома, здымалі відэа, “сэлфіліся” на фоне сваіх эксперыментаў. Дарэчы, усё гэта настаўніца брала пад увагу пры ацэнь­ванні. Такім чынам яна імкнулася сфарміраваць у сямікласнікаў станоўчае стаўленне да свайго прадмета.

А пасля ў метадычным арсенале Таццяны Віктараўны з’явіўся працоўны ліст-самавучыцель. Ідэя такога ліста нале­жыць вядомым адукацыйным тэхнолагам Эстоніі Юры і Марыне Курвітс, у якіх Т.В.Багдановіч адвучылася на спецыяльных курсах. Існуе некалькі відаў такіх лістоў: рабочы ліст-канспект, рабочы ліст-гульня, рабочы ліст-трэнажор, рабочы ліст-даследаванне і рабочы ліст-самавучыцель. Апошні і ўзяла на ўзбраенне настаўніца фізікі з Бабруйска.

Рабочы ліст-самавучыцель — гэта калі:

• акцэнт робіцца на самастойную працу навучэнцаў;

• настаўнік выступае кансультантам;

• абавязкова змяшчаецца дакладная інструкцыя на даступнай і зразумелай для вучняў мове;

• вучэбная дзейнасць адбываецца праз камунікацыю: работа ў парах, групах;

• заданні падбіраюцца ад самага простага да складанага;

• заданні суправаджаюцца самаправеркай вучняў у выглядзе QR-кодаў, якія могуць змяшчаць прымацаваны дакумент, відэа і інш;

• ажыццяўляецца абавязковая зваротная сувязь.

Адзнака за работу на такім лісце не ставіцца. Ліст-самавучыцель можна распрацаваць па кожным прадмеце. Так, у адным з іх Таццяна Віктараўна прапанавала інструкцыю і 9 заданняў. Гэта быў ліст па тэме “Патэнцыяльная энергія. Разлік патэнцыяльнай энергіі”. У інструкцыі гаварылася пра тое, што заданні трэба выконваць у строгай паслядоўнасці, а працаваць прапаноўвалася ў парах. Такі від вучэбнай дзейнасці прыйшоўся даспадобы і дзецям, і настаўніцы, бо яна аб’яднала рабочы ліст з АА.

“У такіх лістах можна прапісаць мэту, рабіць па ходзе ўрока яе дыягностыку, акрамя таго дзеці вучацца працаваць у камандзе”, — заўважыла педагог. У метадычных планах Таццяны Віктараўны — спалучыць актыўную ацэнку з інтэрактыўнай дошкай. Настаўніца ўжо адвучылася на курсах па выкарыстанні новых інфармацыйных тэхналогій і набыла пэўныя навыкі. Новыя адукацыйныя тэхналогіі будуць у прыярытэце і ў 2019/2020 навучальным годзе. “Цяперашнія вучні тэхнічна падкаваныя, таму я не магу сабе дазволіць адставаць ад іх. Я павінна іх вучыць, даваць ім новыя веды, але і яны мяне натхняюць”, — адзначыла Таццяна Багдановіч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.