Пра дружбу і службу

- 11:00Адукацыйная прастора

Прадстаўнікі Акадэміі пагранічнай і марской абароны Кітая з горада Сіянь пабывалі ў дзвюх школах Гродзенскай вобласці.

У Малабераставіцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна госці даведаліся пра работу клуба “Юныя сябры пагранічнікаў”.

— Клуб існуе ў нашай школе сем гадоў, — гаворыць дырэктар школы Надзея Кулікоўская. — Мы расказалі гасцям пра работу клуба, узаемадзеянне з пагранічнікамі, а ўдзельнікі клуба прадэманстравалі элементы страявой падрыхтоўкі.

Пабывалі кітайскія госці і ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі”.

У гродзенскай сярэдняй школе № 3 імя В.М.Усава іх сустракалі дырэктар школы Ірына Коўшык і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы пагранічнік Рэспублікі Беларусь, палкоўнік у адстаўцы Рыгор Абялеўскі. Як расказала намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Кацярына Бірукова, паміж школай і Інстытутам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь падпісаны дагавор аб су­працоўніцтве, а многія выпускнікі школы выбіраюць для сябе ваенную прафесію, у прыватнасці, у орга­нах пагранічнай службы. У школе створаны ваенна-патрыятычныя класы. Падчас круглага стала іх навучэнцы і педагогі расказалі, як арганізаваны вучэбны працэс, якія прадметы тут вывучаюць, як супрацоўнічаюць з пагранічнікамі заставы імя Віктара Усава, імя якога носіць школа.

Спецыяльна да гэтага візіту школьнікі падрыхтавалі вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Граніца”, а таксама выканалі беларускія творы. З нацыянальнымі традыцыямі гасцей з Акадэміі пагранічнай і марской абароны Кітая азнаёмілі ў школьным этнаграфічным музеі “Скарбонка”. У мемарыяльным музеі была праведзена экскурсія “Жыццё і подзвіг Віктара Міхайлавіча Усава”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 3 імя В.М.Усава Гродна.