Малецкая санаторная школа-інтэрнат — адзіная ў Бярозаўскім раёне, у якой дзеці вучацца і адначасова праходзяць курс аздараўлення. А яшчэ яна вызначаецца тым, што сюды кожную чвэрць заязджаюць школьнікі з многіх раёнаў Брэсцкай вобласці. Тым не менш тут наладжаны вучэбны працэс як ва ўсіх сярэдніх адукацыйных школах. Настаўнікі за кароткі час стараюцца даходліва выкладаць вучэбную праграму і заўсёды ідуць на ўрокі з адкрытай душой.
Дваццаць два гады працуе ў гэтай школе-інтэрнаце настаўнік геаграфіі і біялогіі Ігар Іванавіч Корган. За яго плячамі Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Вучыўся ён на факультэце прыродазнаўства. Пасля вучобы ўладкаваўся ў санаторную школу і з той пары не расстаецца з ёй. І нават не думае шукаць месца ў іншых школах. Адукацыйны ўзровень Ігара Іванавіча вельмі высокі. Больш за дзесяць гадоў назад яму прысвоена першая катэгорыя. І дадзена такая высокая ацэнка невыпадкова.
Як падкрэсліў дырэктар санаторнай школы-інтэрната Пётр Пятровіч Крупскі, заняткі з дзецьмі І.І.Корган праводзіць цікава, выкарыстоўвае многа дадатковага матэрыялу. У прыватнасці, ён стварыў у кабінеце геаграфіі куток, у якім ужо захоўваецца каля 300 узораў мінеральных і горных парод. Педагог працягвае папаўняць калекцыю. А пачынаў ён ствараць такі куток, здавалася, з самага простага.
Недалёка ад школы-інтэрната знаходзіцца кар’ер, у якім здабывалі крэйду і на месцы выкарыстоўвалі для вытворчасці вапны. Тут Ігар Іванавіч прымеціў цікавыя мінералы і вырашыў іх прымяняць на ўроках. Паступова калекцыя папаўнялася. Цяпер у міні-музеі І.І.Коргана ёсць узоры пяску з пустыні Каракумы Туркменістана і нават з далёкай Ірландыі. З гэтай краінай санаторная школа на працягу многіх гадоў падтрымлівае цесную сувязь. Выхаванцы школы-інтэрната ў летні перыяд аздараўляліся ў Ірландыі.
— За кароткі час, на працягу чвэрці, складана ацаніць веды кожнага вучня па маіх прадметах, — прызнаецца І.І.Корган. — Тым не менш ёсць імкненне праводзіць урокі цікава, на высокім прафесійным узроўні.
І гэта педагогу ўдаецца.
Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.