Віртуальная школа — паспяховы каледж

- 11:23Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Па выніках 2018/2019 навучальнага года Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання стаў лепшай установай прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці. Гэтае ганаровае званне ўстанова заслужыла сёмы раз. Безумоўна, адзін з камянёў у падмурку такіх дасягненняў — уменне эфектыўна працаваць у агульнай плыні інавацый і сучасных тэхналогій. З гэтым у каледжы ўсё ў парадку. Педагогі ўстановы актыўна выкарыстоўваюць у рабоце сучасныя тэхналогіі, напрыклад, мабільныя дадаткі, QR-коды. А яшчэ тут стварылі сваю віртуальную школу, якая падабаецца навучэнцам і дае новыя магчымасці для работы педагогам.

Віртуальная школа складаецца з навучальных інтэрнэт-курсаў, размешчаных на сайце ў сістэме кіравання навучаннем Moodle. Калі выкладчыкі каледжа зацікавіліся гэтай тэмай, то заўважылі, што можна знайсці інтэрнэт-курсы па агульнаадукацыйных прадметах, а для вывучэння спецдысцыплін іх практычна няма. Вось і вырашылі стварыць іх самастойна. Цяпер у каледжа ёсць цудоўны інфармацыйны прадукт, які дапамагае ў вывучэнні спецдысцыплін, неабходных навучэнцам для асваення розных прафесій.

Пачалася праца каля 6 гадоў назад. На сёння распрацаваны навучальныя інтэрнэт-курсы з выкарыстаннем воблачных тэхналогій па спецыяльных прадметах “Страхавая справа”, “Арганізацыя работы страхавога агента”, “Таваразнаўства харчовых тавараў”, “Тэхналогія швейнай вытворчасці”, “Матэрыялазнаўства швейнай вытворчасці”. Актыўны ўдзел у распрацоўцы курсаў узялі Таццяна Міхайлаўна Бергер, Таццяна Віктараўна Гладун, Ксенія Валер’еўна Паклонская, Таццяна Георгіеўна Ярашэвіч.

— Усе навучэнцы перад тым, як распачаць вывучэнне гэтых курсаў, атрымліваюць лагін і пароль і рэгіструюцца, каб атрымаць доступ да віртуальнай школы, — расказвае Ксенія Валер’еўна Паклонская, выкладчык каледжа, адзін з самых актыўных стваральнікаў і карыстальнікаў віртуальнай школы. — Змест інтэрнэт-курсаў адпавядае асноўным праграмам па прадметах, грунтуецца на аўтарскіх распрацоўках і методыках па вывучэнні прадметаў з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў.

Кожны інтэрнэт-курс уключае поўны, дакладна структураваны тэарэтычны матэрыял па вучэбных прадметах, у тым ліку прэзентацыі, відэаматэрыялы, спасылкі на важныя дакументы, законы. Бязмежная віртуальная прастора робіць навучанне надзвычай зручным, усе матэрыялы знаходзяцца разам, не трэба нічога шукаць. Акрамя таго, гэта яшчэ і магчымасць даваць навучэнцам самыя актуальныя веды. Напрыклад, будучыя таваразнаўцы пастаянна звяртаюцца да ДАСТаў і стандартаў, якія нярэдка мяняюцца. У віртуальнай прасторы вельмі проста падтрымліваць інфармацыю аб іх у актуальным стане, замяняючы старыя спасылкі на новыя. Курсы змяшчаюць яшчэ і разнастайныя дадатковыя матэрыялы, што дазваляе навучэнцам пры жаданні паглыбіцца ў тэму, пашырыць свае веды па-за межамі праграмы.

Кожны інтэрнэт-курс змяшчае таксама заданні для практычных работ і сродкі для кантролю ведаў — разнастайныя кантрольныя тэсты, вынікі праходжання якіх бачыць выкладчык.

— У створаным віртуальным асяроддзі можна дабаўляць спасылкі на знешнія рэсурсы, што дазваляе разумна выкарыстоўваць урочны час і загадзя планаваць формы работы ў патрэбным аб’ёме, — працягвае размову Ксенія Валер’еўна. — І, вядома, велізарны плюс у тым, што ў сістэму можна ўкараняць такія адукацыйныя сэрвісы, як віктарыны, інтэрактыўныя практыкаванні, навучальныя анлайн-гульні, квесты і інш. Інтэрактыўныя заданні дапамагаюць развіваць творчае мысленне, фарміраваць уменні і навыкі самастойнага пошуку, аналізу і ацэнкі інфармацыі, ды і проста робяць працэс навучання больш лёгкім і займальным.

Сёння выкладчыкі каледжа ўжо могуць гаварыць пра перавагі, якія дае выкарыстанне створаных інтэрнэт-курсаў. Укараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс дазволіла павысіць эфектыўнасць заняткаў, разнастаіць формы работы на ўроку. Структураваны вучэбны матэрыял інтэрнэт-курсаў у выглядзе навучальных модуляў зручны для вывучэння і лёгкі для ўспрымання. З’яўляюцца новыя магчымасці індывідуалізацыі навучання, пабудовы для навучэнцаў індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, дыферэнцыяцыі заданняў. Падрыхтоўка да заняткаў займае ў педагога менш часу — можна хутка ствараць, адаптаваць і тыражаваць адукацыйныя сэрвісы ў ходзе вучэбнага працэсу. Значна спрашчаецца кантроль ведаў навучэнцаў, маніторынг паспяховасці і прагрэсу ў навучанні, пры гэтым электронны кантроль ведаў гарантуе аб’ектыўнасць і незалежнасць ацэнак. Важны станоўчы момант такой формы работы — у магчымасці для навучэнцаў ажыццяўляць зваротную сувязь з выкладчыкам праз каменціраванне прапанаваных ім адукацыйных сэрвісаў. Варта таксама адзначыць, што ў віртуальнай школе навучэнцы не толькі атрымліваюць веды па вывучаемых спецдысцыплінах. Яны вучацца працаваць самастойна, а таксама ўдасканальваюць уменне працаваць з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Немагчыма ігнараваць і той факт, што такія формы работы падабаюцца сучасным падлеткам. Яны прывыклі да розных відаў дзейнасці за камп’ютарам, і навучанне з дапамогай інтэрнэту арганічна ўпісваецца ў іх стыль жыцця.

— Адзін з галоўных плюсоў выкарыстання інтэрнэт-курсаў бачу ў тым, што, дзякуючы ім, навучэнцы зацікаўліваюцца прадметам. Ім падабаецца мабільнасць і сучаснасць курсаў, — расказвае Ксенія Валер’еўна Паклонская, выкладчык каледжа. — Многія з прадметаў аб’ёмістыя, складаныя для ўспрымання. Калі проста чытаць лекцыі, навучэнцам часам становіцца нецікава, яны страчваюць матывацыю. А дзякуючы разнастайным формам работы ў віртуальнай школе, можна далучыць да работы нават самага лянівага, зацікавіць самага абыякавага вучня.

У каледжы перакананы, што асяроддзе навучання павінна быць гнуткім і лёгка адаптавацца да новых умоў. Таму работа па распрацоўцы дыстанцыйных курсаў працягваецца. У ходзе гэтай дзейнасці не толькі ўдасканальваюцца навыкі работы з сучаснымі сродкамі камунікацыі, але і адкрываюцца новыя педагагічныя перспектывы.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.