Першая прыступка ў дарослае жыццё

- 16:46Актуально, Рознае
У Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшла ганаровая цырымонія ўручэння пашпартоў грамадзяніна нашай краіны 14-гадовым навучэнцам мінскіх школ, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце, грамадскай працы. У знамянальнай падзеі прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу А.М.Рубінаў, першы сакратар ЦК БРСМ намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці І.І.Бузоўскі, дэпутаты камісій Савета Рэспублікі.

У гонар значнай падзеі ў гісторыі нашай краіны — 20-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — праходзіць Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”, у час якой адбываецца ўручэнне пашпартоў лепшым прадстаўнікам навучэнскай моладзі, якія з’яўляюцца выдатнікамі вучобы, удзельнікамі навукова-практычных канферэнцый, пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд.
Акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” стала традыцыйным усебеларускім патрыятычным мерапрыемствам, якое праводзіцца штогод на працягу апошніх 10 гадоў па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з 10 па 15 сакавіка ў розных кутках нашай краіны прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, ветэраны вайны і працы, лідары маладзёжнага руху ў ганаровай атмасферы ўручаюць юным грамадзянам нашай краіны нацыянальныя пашпарты.
Хацелася б прадставіць некаторых навучэнцаў, якім пашчасціла атрымаць пашпарт у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Сярод іх, напрыклад, Герман Барысевіч. Хлопец вучыцца ў сярэдняй школе № 16 Мінска. Ён выдатнік вучобы, мае высокія вынікі па ўсіх прадметах і прэтэндуе на залаты медаль. Характару хлопца ўласцівы таварыскасць, шчырасць, адказнасць, ён з’яўляецца актыўным удзельнікам грамадскага жыцця школы, ініцыятарам шматлікіх мерапрыемстваў.
Арына Іванова — навучэнка сталічнай гімназіі № 12. Яна выдатна вучыцца, пастаянна ўдзельнічае ў прадметных алімпіядах па рускай і беларускай мовах і ні разу не засталася без узнагароды. А нядаўна Арына паказала свой высокі ўзровень ведаў па кітайскай мове і стала дыпламантам конкурсу “Акенца ў Паднябесную”. Акрамя таго, дзяўчына захапляецца мастацкай творчасцю, удзельнічае ў конкурсах і выставах. А яшчэ адзін навучэнец гімназіі № 12 Дзмітрый Крымскі заваяваў аўтарытэт у калектыве ўстановы не толькі высокімі адзнакамі ў дзённіку, але і мастацкімі здольнасцямі. Аб гэтым сведчаць выдатныя выступленні хлопца на конкурсе танцаў “Новыя гукі свету” і на музычным фестывалі-конкурсе “Я іграю джаз”.
Настасся Казакова — адна з лепшых навучэнак сярэдняй школы № 76 Мінска. Дзяўчына вельмі ініцыятыўная па натуры, і ніводнае школьнае мерапрыемства не абыходзіцца без яе ўдзелу. Да сваіх перамог у школьных і раённых алімпіядах Насця нядаўна дадала першынство ў інтэлектуальным конкурсе “Мудры філін”.
Галоўны дакумент лепшым навучэнцам сталіцы ўручыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Мікалаевіч Рубінаў. Ён звярнуўся да навучэнскай моладзі з прывітальнымі словамі і павіншаваў юных грамадзян са знамянальнай падзеяй у іх жыцці.
— 15 сакавіка — гэта асаблівая дата ў гісторыі нашай суверэннай дзяржавы, — заявіў А.М.Рубінаў. — У гэты дзень 20 гадоў назад была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. У азнаменаванне гэтай падзеі роўна 20 юных беларусаў — лепшых прадстаўнікоў сталічнай навучэнскай моладзі — удастоіліся гонару атрымаць свой самы галоўны дакумент у сценах Савета Рэспублікі і такім чынам стаць паўнапраўнымі членамі нашага грамадства. Атрыманне пашпарта, першага і такога важнага дакумента, — гэта не толькі хвалюючая падзея для кожнага з вас, гэта своеасаблівая прыступка ў дарослае жыццё, у якім вы ў праве прымаць самастойныя рашэнні і адказваць за кожны свой учынак. Хочацца спадзявацца, што ўся ваша далейшая дзейнасць будзе накіравана на развіццё і працвітанне нашай Беларусі.
Са знамянальнай падзеяй павіншаваў юных грамадзян Беларусі першы сакратар ЦК БРСМ намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці І.І.Бузоўскі.
— У гэты дзень хочацца не толькі віншаваць нашых маладых людзей з атрыманнем пашпартоў, але і ўшанаваць іх за высокія дасягненні ў вучобе, у грамадскай дзейнасці, у спорце і творчасці, — падкрэсліў Ігар Іванавіч. — Усе ўдзельнікі сённяшняга свята з’яўляюцца маладзёжнымі лідарамі, актыўнымі членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, займаюць актыўную пазіцыю ў жыцці і тым самым прыўносяць новыя здабыткі для нашай краіны. І хочацца спадзявацца, што такія ж арыенціры будуць і ў іх далейшым жыцці.

Ала КЛЮЙКО.
kliuiko@ng-press.by
Фота БелТА.