Для многіх жыхароў Навагрудка Гродзенскай вобласці імя Наталлі Міхайлаўны Вайтовіч непарыўна звязана з гімназіяй № 1. Сама яна з усмешкай адзначае, што вучыць ужо дзяцей сваіх былых вучняў і радуецца кожнаму поспеху роднай гімназіі, якая стала для яе школай жыцця, станаўлення і сяброўства.
Наталля Міхайлаўна Вайтовіч у гімназіі № 1 выкладае матэматыку. Акрамя таго, з 2003 па 2005 год з’яўлялася намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, з 2005 па 2013 год — узначальвала гэтую перадавую ўстанову адукацыі. Калі была кіраўніком — працягвала выкладаць любімы прадмет. З задавальненнем робіць гэта і зараз.
Наконт выбару прафесіі ў Н.М.Вайтовіч сумненняў ніколі не было. Хаця яна, дачка настаўніцы, не па чутках ведала аб усіх складанасцях гэтага шляху. Падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і праходжання практыкі ў школе зноў і зноў пераконвалася: усё правільна, ёй па душы і матэматыка, і яе выкладанне.
Універсітэцкія гады сталі яшчэ і часам стварэння сям’і. (Дарэчы, муж Наталлі Міхайлаўны таксама ўсё жыццё працаваў у адукацыйнай сферы: спачатку — у школе, затым — ва ўпраўленні адукацыі Навагрудскага райвыканкама.) Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1979 годзе маладая сям’я была накіравана ў вёску Лаўрышава Навагрудскага раёна. Тут пры падтрымцы вопытных педагогаў былі зроблены першыя прафесійныя крокі.
У 1986 годзе сям’я Вайтовіч пераехала ў Навагрудак. Якраз на той момант у новым мікрараёне горада адкрывалася школа № 6. Менавіта з гэтага часу лёс Наталлі Міхайлаўны непарыўна звязаны з гэтай установай адукацыі.
“Кожны перыяд жыцця непаўторны і па-свойму каштоўны, — разважае Н.М.Вайтовіч. — Я з асаблівай цеплынёй узгадваю пачатак работы ў 6-й школе, зараз ужо гімназіі № 1. Мы прыйшлі туды маладымі, працягвалі набірацца вопыту. Прафесіяналізму, вялікай жыццёвай мудрасці кіраўніка і чалавечнасці можна было павучыцца ў першага дырэктара Алены Андрэеўны Падалянчык, а затым яе пераемніцы Таццяны Георгіеўны Мароз. Калі мне прапанавалі прадоўжыць зробленае імі і ста ць кіраўніком, думала доўга. Разумела: гэта вялікая адказнасць не толькі за сябе, а і за калектыў. Тым больш, у 2003 годзе школа № 6 была ператворана ў гімназію № 1. Сама назва абавязвала трымаць планку і ва ўсім быць наперадзе”.
У 2005 годзе Наталля Міхайлаўна ўзначаліла маладую гімназію. Пачаўся новы перыяд — станаўлення гімназіі і яе новага кіраўніка. За гады работы ў згуртаванага калектыву было шмат дасягненняў, перамог вучняў і педагогаў. А самае галоўнае — ва ўстанове адукацыі былі і застаюцца шчырыя чалавечыя адносіны і падтрымка, жаданне развівацца і даць максімальны вынік.
Творчы працаздольны калектыў гімназіі з самага пачатку імкнуўся хутка асвойваць і актыўна прымяняць усе лепшыя наватарскія ідэі ў педагогіцы. Н.М.Вайтовіч захавала і прадоўжыла традыцыі, унесла свой важкі ўклад. Заўсёды падтрымлівала сярод педагогаў і вучняў атмасферу культу ведаў, творчасці, супрацоўніцтва і партнёрства.
Сёння Наталля Міхайлаўна карыстаецца ў калектыве асаблівай павагай і аўтарытэтам. І не толькі як былы дырэктар, але яшчэ і як вопытны педагог, прафесіянал, у якога склалася свая эфектыўная сістэма арганізацыі адукацыйнага працэсу. Яна імкнецца паказаць дзецям прыгажосць матэматыкі і перадаць любоў да яе, кожную тэму выкладаць цікава і даступна. Робіць стаўку на рознаўзроўневы падыход, накіраваны на развіццё асобы. Для раскрыцця індывідуальных здольнасцей кожнага выкарыстоўвае самастойныя формы набыцця ведаў і навыкаў, што спрыяе асобаснаму росту, дынамічнаму руху ў асваенні прадмета. Змена вучэбнай дзейнасці, пастаяннае паўтарэнне і ўскладненне матэрыялу выводзіць вучняў на творчы ўзровень работы.
Самыя розныя магчымасці для развіцця асобы Наталля Міхайлаўна выкарыстоўвае падчас пазакласнай работы па прадмеце. Актыўна прымяняе гульні, конкурсы, матэматычныя КВЗ. Яе вучні з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі міжнароднага конкурсу “Кенгуру”. Ахвотна спрабуюць свае сілы і паказваюць добрыя вынікі ў інтэрнэт-праекце “Інтэлектуальны марафон па матэматыцы “Школа геніяў”, алімпіядзе “Школа дакладных навук”, Гродзенскім турніры юных матэматыкаў.
Працуючы з адоранымі дзецьмі, Н.М.Вайтовіч стварае ўмовы для фарміравання імкнення да самапазнання, творчую атмасферу, развівае крэатыўнасць і здольнасць мысліць нестандартна. Такі падыход спрыяе выніковаму выступленню дзяцей на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Напрыклад, у 2017/2018 навучальным годзе на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды вучні Н.М.Вайтовіч былі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені. Адзінаццацікласнік Валерый Комар атрымаў дыплом ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Да таго ж на ЦТ па матэматыцы ён паказаў стабальны вынік. У мінулым навучальным годзе ў скарбонцы перамог вучняў Наталлі Міхайлаўны аказаліся дыпломы І і ІІ ступені на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды і ІІІ ступені на трэцім этапе.
Наталля Міхайлаўна прызнаецца, што кожная перамога вучняў, безумоўна, вельмі радуе, але для яе вялікае шчасце і галоўнае дасягненне — простыя словы падзякі! Так прыемна, калі ад душы кажуць: “Дзякуй за тое, што вы вучылі нас, і вельмі хочацца, каб вучылі нашых дзяцей!”. Калі б прыйшлося выбіраць яшчэ раз, яна б нічога не стала мяняць: зноў выбрала б педагогіку і матэматыку!
Таццяна ШЫМКО.