Майстэрства правільных рашэнняў

- 12:50Адукацыйная прастора

Лепшы вынік на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы ў Оршы паказаў Уладзіслаў Кошчанка з Баранавіч.

Уладзіслаў Кошчанка.

Сёлета ў фінале алімпіяды сустрэліся 45 адзінаццацікласнікаў у складзе каманд абласцей, Мінска і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спаборніцтва праходзіла на базе Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Самымі прадстаўнічымі па колькасці ўдзельнікаў былі каманды Ліцэя БДУ і Віцебшчыны, традыцыйна для алімпіяды па матэматыцы большасць фіналістаў — юнакі. На працягу двух дзён навучэнцы змагаліся за перамогу ў двух (тэарэтычных) турах; журы ўзначаліў загадчык кафедры матэматыкі Ліцэя БДУ кандыдат фізіка-матэматычных навук Міхаіл Карпук.

У адпаведнасці з унесенымі ў гэтым годзе змяненнямі ў парадак правядзення алімпіяды, тыражаваныя Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў заданні дастаўляла да месца правядзення фельд’егерская служба, пасля тура выкананыя заданні сканіраваліся і перадаваліся ў РІКВ. Задаваць пры ўзнікненні неабходнасці пытанні, што не адносяцца да спосабаў, метадаў і сутнасці рашэння задач, у ходзе спаборніцтва ўдзельнікі маглі толькі ў пісьмовым выглядзе на лісце А4 са штампам (не больш за 3 ад аднаго навучэнца), кожнае пытанне адказны за суправаджэнне тура перадаваў у журы, затым кароткі пісьмовы адказ зачытваўся ўсім удзельнікам. У склад журы не ўваходзілі педагагічныя работнікі, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы каманд і ўдзельнікаў алімпіяды. Па словах галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алены Сенчанка, заключны этап алімпіяды ў Оршы прайшоў са строгім выкананнем усіх зацверджаных патрабаванняў, а таксама рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Віктар Макоўскі і Мікалай Юдзін разам са сваімі настаўнікамі Святланай Матросавай і Аляксандрам Шугалем.

Навучэнец гімназіі № 1 Баранавіч Уладзіслаў Кошчанка набраў найбольшую колькасць балаў па выніках двух тураў і стаў уладальнікам спецыяльнага прыза міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. На рахунку гімназіста гэта не першая значная перамога. Уладзіслаў чатыры гады запар удзельнічаў у Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, з папярэдняга турніру вярнуўся дадому з дыпломам найвышэйшага гатунку, цяпер упэўнена пацвердзіў лідарства.

— Такія маладыя людзі — гонар і надзея не толькі гімназіі, але і ўсяго горада, вобласці і краіны, найлепшы арыенцір і ўзор для пераймання равеснікам і наступным пакаленням навучэнцаў, — лічыць дырэктар гімназіі Мікалай Шырко. — Падобныя перамогі заўсёды плён вялікай сумеснай работы навучэнца, яго бацькоў і педагогаў. Упэўнены, што прыклад Уладзіслава і яго настаўніцы Алены Кіруховай натхніць нашых дзяцей і настаўнікаў на пакарэнне новых вяршынь. Мы ўдзячны трэнерскай камандзе БДУ, якая рыхтавала юны талент да міжнародных стартаў: у мінулым годзе ён стаў бронзавым прызёрам 60-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды ў Баце (Вялікабрытанія) і VI Іранскай алімпіяды па геаметрыі. І, дарэчы, на гэты раз на гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды ў Баранавічах узяў 4 дыпломы: па фізіцы, інфарматыцы, матэматыцы і англійскай мове, прычым па двух апошніх прадметах выконваў заданні ў адзін дзень

Як пацвярджае шматгадовая практыка, сярод адзінаццацікласнікаў — фіналістаў рэспубліканскай алімпіяды выпадковых людзей не бывае: большасць удзельнікаў знаёмы па спаборніцтвах ранейшых гадоў, многія разам абаранялі гонар Беларусі на міжнародных алімпіядах. Прадстаўнікі каманды паўночнага рэгіёна навучэнцы гімназіі № 2 Віцебска Віктар Макоўскі (дыплом ІІ ступені, настаўніца Святлана Матросава) і Мікалай Юдзін (дыплом ІІІ ступені, настаўнік Аляксандр Шугаль) у гэтым плане таксама не выключэнне. Акрамя таго, што гімназісты некалькі гадоў уваходзілі ў лік пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, абодва — бронзавыя прызёры XVI Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды.

— Крыху не хапіла патрэбнага настрою, — пракаменціраваў сваё выступленне Мікалай. — Для мяне асабіста ў алімпіядзе, як у спорце: максімальную форму набіраеш паступова да пэўнай вызначанай даты. Напэўна, перанос сыграў сваю ролю. Дагэтуль перажываюць нашы малодшыя з гімназічнай каманды — навучэнцы 8—10 класаў, хто ўзмоцнена рыхтаваўся і не змог праявіць сябе. Супакойваем, што іх перамогі яшчэ наперадзе. У мяне асабіста ў найбліжэйшай перспектыве — экзамены і паступленне ва ўніверсітэт, які трэба толькі выбраць з любых прэстыжных профільных у Беларусі ці Расіі (я прызёр алімпіяды Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта). Запрашэнні ёсць, з прыблізным выбарам вызначыўся. Так ці інакш збіраюся звязац­ь жыццё з матэматыкай і ІТ-сферай. Канкрэтна не скажу, пакуль хочацца проста вучыцца: рана гаварыць больш сур’ёзна, бо мае сённяшнія ўяўленні за ўніверсітэцкія гады, хутчэй за ўсё, зменяцца. У ідэале хацелася б так вучыцца, каб на момант выпуску з універсітэта ў мяне былі цікавыя прапановы ад розных работадаўцаў — як цяпер з месцам атрымання вышэйшай адукацыі. А там паглядзім.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы таксама ўзнагароджаны Данііл Юршэвіч і Мікіта Хоміч (абодва з Ліцэя БДУ), Паліна Чэрнікава і Мікіта Шаўнёў (абодва — навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і гімназіі № 1 Баранавіч.