Летнія перамогі

- 13:02Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Лета для Барысаўскага дзяржаўнага каледжа пачалося з прыемных навін: навучэнцы і педагогі ўстановы атрымалі перамогі ў двух конкурсах. Мерапрыемствы гэтыя маюць розныя кірункі. Адзін — конкурс творчых літаратурных і даследчых работ навучэнцаў. Другі — міжнародны прафарыентацыйны фестываль. Абодва мерапрыемствы дазволілі ўдзельнікам праявіць свае найлепшыя якасці.

М.А.Вронская, Аліна Паўловіч, Вікторыя Арнаутава, Т.В. Рашатняк.

У свеце духоўнасці

Вікторыя Арнаутава і Дар’я Малашова, якія вучацца ў Барысаўскім каледжы на педагагічным аддзяленні, прадставілі сваю работу на конкурс творчых літаратурных і даследчых работ навучэнцаў “Святло праваслаўя”.

Гэты конкурс адбываецца па благаславенні Мітрапаліта Мінс­кага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Яго сумесна праводзяць Беларуская Праваслаўная Царква, Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя роўнаапостальных Мяфо­дзія і Кірыла”. У гэтым годзе конкурс быў прысвечаны 550-годдзю з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзю Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, а таксама 75-годдзю Вялікай Перамогі.

На конкурс было прадстаўлена больш за 360 работ. Сярод іх — даследаванне Вікторыі Арнаутавай і Дар’і Малашовай “Гісторыя святыні. Храм Архістратыга Міхаіла ў аграгарадку Зембін”. Праект быў удастоены дыплома I ступені.

У даследаванні аўтары вывучалі гісторыю і сучаснасць храма. Для пошуку інфармацыі дзяўчаты разам з педагогамі адправіліся ў Зембін, дзе наведалі храм, пабывалі ў музеі, пазнаёміліся і пагутарылі з мясцовымі жыхарамі. Таксама ў рабоце ўзнімаюцца пытанні духоўнага і маральнага выхавання сучаснай моладзі. У рамках праекта было праведзена сацыялагічнае апытанне, каб выявіць, што ведаюць навучэнцы аб праваслаўнай культуры, традыцыях беларускага народа. Вынікі даследавання аўтары прадставілі не толькі ў пісьмовым выглядзе, але і стварылі інфармацыйны банер з QR-кодамі, якія дазваляюць даведацца больш інфармацыі.

Навучэнцы педагагічнага аддзялення каледжа трэці год запар паспяхова ўдзельнічаюць у гэтым конкурсе.

Дэбютавалі ў конкурсе “Святло праваслаўя” навучэнцы ўстановы адукацыі два гады назад. Першай сваю работу прадставіла Аліна Паўловіч. Яе даследчы праект мае назву “Беларусь мая святая, ты мне маці родная!”. У ім вывучаецца гісторыя і сучас­насць святынь Беларусі, матэрыялы сістэматызаваны і змешчаны ў наглядным інфармацыйным даведніку. Праект знаёміць з культавымі аб’ектамі Беларусі, іх гісторыяй і архітэктурнай стылістыкай. Работа апісвае 28 аб’ектаў — існуючых і разбураных. Даследаванне было адзначана дыпломам І ступені.

У мінулым годзе Аліна Паўловіч з яшчэ большым жаданнем і імкненнем працавала над даследаваннямі. І на конкурс былі прадстаўлены адразу тры. Дзяўчына  скіравала ўвагу на храм, які знаходзіцца ў Барысаве. Вывучыла гісторыю яго ўзнікнення, розныя бакі жыцця парафіі, формы работы з моладдзю. Так з’явіўся даследчы праект “Жывыя вытокі духоўнага жыцця храма нараджэння Хрыстова горада Барысава”. Яшчэ адна работа Аліны — “Едиными усты и сердцем воспевати Пречистое имя Твое!” — прысвечана богаслужбовым спевам. Даследаванне расказвае аб гісторыі ­ўзнікнення, знаёміць з законамі, традыцыямі, правіламі выканання, выяўляе сучасныя тэндэнцыі развіцця і адраджэння царкоўных спеваў. Таксама ў мінулым годзе Аліна Паўловіч упершыню ўдзельнічала ў літаратурнай намінацыі конкурсу.

Над трэцяй даследчай работай Аліна працавала разам з Вікторыяй Арнаутавай. У рабоце “Ікона як феномен духоўнай і мастацкай культуры Беларусі” аўтары раскрываюць духоўнае значэнне іконы, яе месца і ролю ў жыцці праваслаўнага чалавека.

Па выніках конкурсу ў 2019 годзе Аліна Паўловіч атрымала гран-пры, таксама Аліна і Вікторыя ўзнагароджаны дыпломамі І ступені.

Аліна Паўловіч, якая стала першапраходцам і актыўнай удзельніцай конкурсу “Святло праваслаўя” і іншых мерапрыемстваў духоўна-маральнага кірунку, у мінулым годзе скончыла Барысаўскі дзяржаўны каледж. Аднак яна працягвае сваю дзейнасць і сёлета дапамагала канкурсанткам рыхтаваць даследаванне ў якасці ментара і кіраўніка.

Працаваць над праектамі навучэнцам дапамагалі і выкладчыкі каледжа М.А.Вронская і Т.В.Рашатняк. Трэба адзначыць, што работа па духоўна-маральным выхаванні мола­дзі ў каледжы не абмяжоўваецца толькі конкурсамі, яна право­дзіцца актыўна і ў розных формах. І Марына Аляксандраўна, і Таццяна Вітальеўна — галоўныя рухавікі гэтай дзейнасці. Іх ідэі і намаганні падтрымлівае кіраўнік установы — Лілія Эдуардаўна Чэча.

Навучэнцы каледжа дапамага­юць ла­дзіць калядны і велікодны канцэрты ў храме нараджэння Хрыстова, паказы тэатра “Батлейка”. Яны бяруць удзел у раённых конкурсах “Цуд Каляд”, “Велікоднае яйка”. Разам з педагогамі адпраўляюцца на экскурсіі па святых месцах, пабывалі ўжо ў Магілёве, Полацку, Жыровічах.

Педагогі право­дзяць змястоўныя гутаркі аб сапраўдных каштоўнасцях, выхаваўчыя мерапрыемствы, на якіх расказваюць аб праваслаўных традыцыях. Дарэчы, на гэтых мерапрыемствах выкарыстоўваюцца матэрыялы, даведнікі, якія былі створаны падчас даследчай дзейнасці.

— Калі, працуючы над даследаваннямі, мы праводзілі апытанні, то зразумелі, што навучэнцы мала ведаюць аб праваслаўі, нават калі лічаць сябе веруючымі. Не ведаюць, адкуль з’яўляюцца іконы, не веда­юць храмаў у родных гарадах, не разумеюць сапраўднага значэння царкоўных свят. А гэта ж наша гісторыя, гісторыя нашай духоўнасці, нашы агульныя каштоўнасці. Таму мы, педагогі, імкнёмся даць ім патрэбныя веды і запаліць у іх сэрцах агеньчыкі дабрыні, накіраваць іх на сцяжынку маральнасці і духоўнага развіцця, — расказвае Таццяна Вітальеўна Рашатняк.

Педагогі і навучэнцы каледжа дзеляцца сваім вопытам і папаўняюць уласную духоўную скарбонку на тэматычных канферэнцыях і чытаннях. Напрыклад, бралі ўдзел ва Усебеларускіх калядных педагагічных чытаннях у Мінску, Свята-Ефрасіннеўскіх педагагічных чытаннях у Полацку, рэспубліканскай канферэнцыі “Духоўнасць. Маральнасць. Традыцыі” ў Жыровічах і іншых мерапрыемствах.

Усе грані прафесіі

Свае творчыя здольнасці, а таксама павагу да прафесіі, якую набываюць, прадэманстравалі навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа ў міжнародным прафарыентацыйным фестывалі “Творчасць у прафесіі”.

Першы прафарыентацыйны фестываль “Творчасць у прафесіі” адбыўся ў 2017 годзе. Сацыякультурны праект стварылі педагогі Лыткарынскага каледжа, які з’яўляецца філіялам універсі­тэта “Дубна”. Потым фестываль вырас да федэральнага, а затым і да міжнароднага ўзроўню. Сёлета ладзіўся чацвёрты раз, аднак барысаўчане далучыліся да яго ўпершыню. Адметна, што ў Лыткарынскім каледжы, родапачынальніку фестывалю, працуе выпускніца Барысаўскага каледжа.

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў гэтым годзе, мерапрыемства прайшло ў лічбавым фармаце. Конкурсная праграма фестывалю праводзілася пад дэвізам “Прадстаў прафесію!” і прадугледжвала 6 намінайцый.

У намінацыі “Прафесіі будучыні” моладзь дэманстравала свой погляд на развіццё прафесій і тое, якія з іх будуць актуальныя, запатрабаваныя, прэстыжныя ў будучыні. Барысаўчане прадставілі відэавыступленне агітбрыгады “Адрасы цікавых прафесій”, якое расказвае аб тым, якія спецыяльнасці можна атрымаць у Барысаўскім дзяржаўным каледжы. За гэтую работу дыпломам лаўрэата І ступені ўзнагароджаны Кацярына Нагаева, Мікіта Шандакоў, Юлія Конан, Валерый Мельнікаў, Алена Дзюбайла.

Кацярына Несцяровіч і Марына Казыра вырашылі аб прафесіі будучыні расказаць праз фотакалаж. Яны таксама ўдастоены дыплома лаўрэата І ступені. Уладзіслаў Якубенка і Аляксей Прывалаў таксама прадставілі фотакалаж і атрымалі дыплом лаўрэата ІІ ступені.

Намінацыя “Старт да поспеху” прадугледжвала матэрыялы, якія расказвалі аб шляху да прафесійных вяршынь. У гэтай намінацыі дыплом лаўрэата І ступені атрымалі Ірына Целешава, Ірына Трушын і Кацярына Сімановіч. Дзяўчаты стварылі відэафільм “Усе грані прафесіі”, дзе расказваюць аб прафесіі цырульніка і візажыста, якім вучаць у каледжы: як арганізаваны вучэбны працэс, практыка, якое абсталяванне выкарыстоўваецца.

Для навучэнцаў каледжа ўдзел у прафарыентацыйным фестывалі не быў складаным, бо прафарыентацыйная работа ва ўстанове вядзецца вельмі актыўна і ўжо назапашана вялікая база якасных фота- і відэаматэрыялаў, цікавых сцэнарыяў. І кожны дзень з’яўляюцца новыя ідэі для папулярызацыі розных прафесій.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Барысаўскім дзяржаўным каледжам.