Мадэль прафесійнай адукацыі трансфармуецца і мяняецца з улікам таго, як развіваюцца галіны эканомікі, для якіх рыхтуюцца кадры. Адпаведна мяняюцца і ўстановы прафесійнай адукацыі. Сёння перад імі стаіць задача забяспечваць выпускнікам такую падрыхтоўку, якая адказвала б не толькі сучасным, але і будучым патрэбам грамадства і дзяржавы. А паколькі мадэрнізацыя і ўкараненне новых тэхналогій у розных сферах адбываецца з кожным годам усё хутчэй, установы працуюць у вельмі дынамічным рытме, як, напрыклад, Баранавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй машынабудавання.
Супрацоўнікам, кіраўніцтву ўстановы прафесійнай адукацыі неабходна арыентавацца ў тым, што адбываецца ў галіне, для якой рыхтуюцца кадры, быць глыбока дасведчанымі ў тым, чым жывуць прадпрыемствы. Толькі так можна дасягнуць таго, каб выпускнікі былі запатрабаванымі, а прадпрыемствы атрымлівалі патрэбныя, добрыя кадры. Вось чаму ліцэй працуе ў цеснай звязцы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.
Заказчыкамі кадраў у галіне тэхналогіі машынабудавання з’яўляюцца буйныя прадпрыемствы Брэстчыны, такія як Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод станкапрылад, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод і інш. Прадпрыемствы машынабудаўнічай галіны маюць вялікае значэнне для вобласці і забяспечваюць рабочымі месцамі значную колькасць насельніцтва.
За апошняе дзесяцігоддзе, рэалізуючы праграмы развіцця рэгіёна і краіны, прадпрыемствы правялі тэхнічнае пераўзбраенне, тут з’явілася новае тэхналагічнае абсталяванне. Адпаведна, рыхтаваць кадры на састарэлым абсталяванні стала немагчымым, таму на базе ліцэя з’явіўся рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Механічная апрацоўка на станках і лініях”. Дзякуючы цэнтру навучэнцы могуць асвойваць запатрабаваныя на рынку працы прафесіі — аператар станкоў з праграмным кіраваннем, станочнік шырокага профілю, токар, фрэзероўшчык — з улікам высокатэхналагічнасці сучасных вытворчасцей. Зразумела, калі работнік умее працаваць на сучасным абсталяванні, гэта выводзіць яго на новы прафесійны ўзровень. Дарэчы, займаюцца тут не толькі навучэнцы Баранавіцкага ліцэя. Рэсурсны цэнтр працуе на ўсю вобласць — сюды па веды і навыкі прыязджаюць навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі з Брэста, Лунінца, Пінска, дзе вядзецца падрыхтоўка па адпаведных спецыяльнасцях. Таксама тут ажыццяўляецца перападрыхтоўка дарослага насельніцтва і школьнікаў у рамках прафесійнай падрыхтоўкі.
Супрацоўнічаючы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, ва ўстанове не толькі удасканальваюць падрыхтоўку па існуючых спецыяльнасцях, але і адкрываюць новыя. Напрыклад, у гэтым годзе ў ліцэі пачынаецца прыём на новую спецыяльнасць — “Заліўшчык металу”. Такія спецыялісты патрэбны Баранавіцкаму станкабудаўнічаму заводу, які з’яўляецца філіялам ЗАТ “Атлант”. З гэтым заводам ліцэй супрацоўнічае ўжо шмат гадоў.
Падрыхтоўка ва ўстанове практыкаарыентаваная. Навучэнцы выпускнога курса на працягу 8 месяцаў працягваюць вытворчае навучанне ў арганізацыях, 2,5 месяца з гэтага часу адводзіцца на вытворчую практыку. Такое навучанне ў арганізацыях забяспечвае асобная катэгорыя майстроў вытворчага навучання, якая на выпускным курсе замацоўваецца за кожнай вучэбнай групай. Таксама навучанне вядзецца пад кіраўніцтвам настаўнікаў з ліку найбольш вопытных рабочых прадпрыемства. Дзякуючы магчымасці вучыцца ў рэальных працоўных умовах, выпускнікі атрымліваюць больш высокія кваліфікацыйныя разрады. У адпаведнасці з дагаворамі, якія заключаюцца ліцэем з прадпрыемствамі і арганізацыямі, усе работы, выкананыя навучэнцамі ў перыяд вытворчага навучання і вытворчай практыкі, аплачваюцца прадпрыемствамі. Гэта дабаўляе навучанню ў ліцэі прывабнасці ў вачах навучэнцаў і іх бацькоў.
Завяршальным этапам прафесійнай падрыхтоўкі з’яўляюцца выпускныя кваліфікацыйныя экзамены, па выніках якіх можна меркаваць аб паспяховасці работы калектыву ліцэя па падрыхтоўцы рабочых кадраў. Адметна, што ацэньвае навучэнцаў незалежная кваліфікацыйная камісія, у склад якой уваходзяць толькі спецыялісты машынабудаўнічых прадпрыемстваў горада (выключэннем стаў толькі гэты год — свае карэктывы ўнесла эпідэмічная сітуацыя). Кожны год камісія пацвярджае факт высокага ўзроўню ведаў і падрыхтоўкі будучых маладых спецыялістаў.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.