Выраз “выбрацца на прыроду” даўно стаў устойлівым і многія выкарыстоўваюць кожную магчымасць, каб узяць бінокль ці фотаапарат, рукзак ці палатку і адправіцца ў найбліжэйшы лес, на раку ці возера. Але, на жаль, сёлета не ў кожнага ёсць такая магчымасць. Эпідэмічная сітуацыя ў краіне прымушае шукаць новыя, дыстанцыйныя, формы навучання і арганізацыі вольнага часу вучняў. Свае 11 варыянтаў актыўнасцей, якія дапамогуць зацікавіць дзяцей дзікай прыродай у фармаце анлайн, падрыхтавала на гэтае лета грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Дыстанцыйны курс пачаткоўца-бёрдвотчара ад АПБ
З дапамогай анлайн-курса кожны жадаючы можа навучыцца вызначаць 40 самых распаўсюджаных гарадскіх відаў птушак і больш даведацца пра захапляючае хобі — назіранні за птушкамі (бёрдвотчынг). Для зручнасці курс падзелены на тэматычныя модулі: “каля вады”, “каля дома”, “у парку”, “зімой”. Каб пасля навучання ацаніць свае веды, пасля кожнага модуля ёсць тэсты, пры паспяховым праходжанні якіх навучэнцам выдаецца сертыфікат. Для педагогаў і іх вучняў прадугледжана абмеркаванне ў Zoom або ў агульным чаце:
course.ptushki.org
Таццяна Карнялюк, педагог Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна: “Мы з дзецьмі прымаем удзел у клубе “Крылаты дазор” ужо пяты год. За гэты час наш клуб вырас з 5 да 21 удзельніка. Пасяджэнні клуба ў нас праходзяць раз у тыдзень, і заўсёды ёсць што абмеркаваць. Але ў гэтым годзе мы больш працуем дыстанцыйна: робім прамыя ўключэнні з лесу, назіраем за жывёламі па вэб-камерах, спісваемся праз Viber. Вучням цікава ўсё рабіць з гаджэтамі, гэта дабаўляе новых фарбаў у заняткі”.
“Сфатаграфаваць” дзікую прыроду праз вэб-камеру
У свеце шмат вэб-камер, расстаўленых па лясах, лугах і нават у гнёздах, для назіранняў за дзікай прыродай у рэжыме 24/7. Прапануйце сваім вучням павандраваць па свеце праз гэтыя камеры і паназіраць за рознымі насельнікамі дзікай прыроды. Няхай яны робяць скрын экрана кожны раз, калі ўбачаць цікавых жывёл і птушак, і дасылаюць у агульны чат для абмеркавання. Лепшыя фотаздымкі можна дабавіць у сторыз Instagram, адзначаючы старонку АПБ @apb_birdlife_belarus. Напрыклад, паназіраць за двума гнёздамі сокала-пустальгі з Брэста можна па спасылцы:
birdwatch.by/pustalga-brest2020
Зрабіць свае Instagram-маскі па тэме дзікай прыроды
Забаўныя маскі захапілі інтэрнэт. Прапануйце вучням зрабіць сваю маску для Instagram. Дзеці асвояць нескладаную тэхніку, а заадно даведаюцца пра новыя факты аб дзікай прыродзе. Напрыклад, можна зрабіць маску “якая ты сёння птушка” з выпадковай смешнай выявай птушкі. У гэтым дапамогуць дадаткі ARLOOPA і Spark AR Studio.
Вучыцца ў блогераў і ў сацыяльных сетках экспертаў
Падмогай настаўнікам у іх рабоце сёння выступаюць экаблогеры на YouTube, у Instagram, Tiktok і ў іншых сацыяльных сетках. Прапануйце вучням падпісацца на трох блогераў па прыродаахоўнай тэматыцы, вывучыць іх стужкі і падзяліцца самымі цікавымі пастамі. Напрыклад, Lera aloe, ecoblogiya, kristinaplanet, habit_for_planet, greener.with.kristinа ў Instagram. Падпісацца ў сацсетках можна і на экалагічныя і прыродаахоўныя арганізацыі. На старонцы АПБ у Instagram вучні даведаюцца, што рабіць, калі вы знайшлі на зямлі птушаня, і факты пра розных беларускіх птушак, а Цэнтр экалагічных рашэнняў даступнай мовай раскажа, як выбраць шматразовы кубак і як сартаваць смецце. Вучням прапануйце прачытаць 10 пастоў і пакінуць каментарыі ці пытанні пад самымі цікавымі.
Наталля Саракавік, куратар клубаў АПБ “Крылаты дазор”: “Важная частка працы з клубамі “Крылаты дазор” — метадычныя матэрыялы для выкладчыкаў і вучняў. Мы стараемся рабіць іх сучаснымі і займальнымі, бо калі дзеці зацікавяцца прыродай яшчэ ў школе, то і, стаўшы дарослымі, яны будуць ставіцца да яе адказна і беражліва. Далучайцеся да клубаў АПБ “Крылаты дазор”, трымайце сувязь з калегамі, аднадумцамі і спецыялістамі і дапамагайце дзецям наладзіць сувязь з прыродай”.
Прамая трансляцыя з экспертамі
Тэхнічныя параметры Instagram дазваляюць лёгка правесці для вучняў прамую трансляцыю з запрошаным экспертам у прыродаахоўнай справе. Можна дамовіцца з мясцовым актывістам, прадстаўніком экалагічнай арганізацыі або блогерам. Гэта можа быць інтэрв’ю з магчымасцю для вучняў задаваць пытанні, міні-лекцыя, экскурсія па месцы працы і ўсё, на што хопіць фантазіі і што будзе цікава вучням.
Тыдзень віктарын у Instagram
Акрамя прамых трансляцый, Instagram дазваляе праводзіць гульні-віктарыны ў сторыз. Такі гульнявы фармат цікавы і просты ў выкарыстанні. Дамоўцеся з вучнямі, што пасля праходжання матэрыялу па нейкай тэме кожны падрыхтуе віктарыну з пытаннямі і варыянтамі адказаў, напрыклад, “Дзе зімуе гэтая птушка?”, “Чырванакніжны — гэта від ці не?” і г.д., а затым кожны дзень на працягу тыдня, пераходзячы з акаўнта ў акаўнт, можна гуляць і вучыцца адначасова.
Прагляд дакументальнага кіно з Бінга
Для кінапрагляду з Бінга трэба гэтае самае Бінга падрыхтаваць. Напрыклад, калі кіно пра птушак, то гэта можа быць раздрукаваная табліца з тыповымі дзеяннямі птушак: “птушка чысціць пёры”, “птушаняты крычаць у гняздзе”, “птушкі ляцяць клінам” і г.д. Вучні глядзяць любы дакументальны фільм з прапанаванага вамі спіса і выкрэсліваюць тыя пазіцыі, якія ўбачаць. А пасля прагляду можна параўнаць даныя табліц і абмеркаваць, якія моманты ў фільмах уразілі. Можам прапанаваць дзецям “Жыццё птушак” Дэвіда Атэнбора, “Вялікі год”, “Распрастай крылы”, “Планета Зямля”, “Птушкі — вандроўны народ”, “Дом”, шматсерыйны фільм “Птушкі”.
Разам з вучнямі прайсці курс аб “зялёным” ладзе жыцця “Цяпер так”
Курс разлічаны на тых, хто разумее, што рэсурсы планеты не бясконцыя. У курсе шэсць модуляў, навучанне праходзіць праз электронную пошту. Кожны тыдзень вы будзеце атрымліваць ліст з практычнай інфармацыяй, як зрабіць жыццё больш прыязным да навакольнага асяроддзя. Затым выбраныя вамі веды і парады можна перадаць вучням. Усе заданні і поспехі можна абмяркоўваць праз групавыя званкі ў Zoom або ў агульным чаце. Курс бясплатны, пачаць можна ў любы дзень.
Ідэі для адзіночных прагулак — дадаткі, якія распазнаюць галасы птушак і назвы раслін
Прапануйце сваім вучням устанавіць на смартфон дадатак BirdNerd (падыходзіць для тэлефонаў з добрым мікрафонам). Ён аналізуе птушыныя галасы і паказвае, якая з птушак спявае. А дадатак АПБ Ptushki дапамагае вызначыць птушку па колеры апярэння, форме дзюбы, месцы і сезоне сустрэчы з ёй і іншых характарыстыках. Існуюць мабільныя дадаткі і для распазнавання раслін, напрыклад Plantsnap. Можна даваць вучням канкрэтныя заданні, напрыклад, распазнаць 5 розных птушак і 5 раслін у мясцовым парку або ў лесе і падзяліцца інфармацыяй з іншымі вучнямі ў агульным чаце.
На сувязі з прыродай: нумары птушак і Telegram-бот
Нядаўна ў птушак з’явіліся свае нумары тэлефонаў і Telegram-бот
@ptushkabot. Прапануйце вучням патэлефанаваць і паслухаць галасы дзікай прыроды, а заадно прайсці тэст у Telegram. Нумары тэлефонаў птушак можна знайсці тут: ptushki.org/news/689311.html.
Анлайн-гульні
Змірыцеся: дзеці гулялі і будуць гуляць у камп’ютарныя гульні. Але гэта можна выкарыстоўваць у адукацыйных мэтах. Па спасылцы games.florafauna.by вы знойдзеце 7 гульняў рознай складанасці на прыродную тэматыку. Вось, сапраўды, сумяшчэнне прыемнага з карысным.
Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Паўла НОВІКАВА і Сяргея ЗУЁНКА.