Будаўнікі ведаюць, як пабудаваць добры дом. Трэба стварыць трывалы падмурак, моцныя сцены і надзейны дах. Па гэтым прынцыпе ствараўся і каледж, які рыхтуе будаўнікоў, — Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў імя У.Г.Каменскага. Трывалы падмурак установы — гэта людзі. Педагогі, майстры вытворчага навучання, кіраўніцтва — менавіта яны з’яўляюцца асновай, на якой усё трымаецца. Моцныя сцены — гэта сістэма навучання і выхавання, спецыяльнасці і праграмы, методыкі і падыходы. А надзейны дах — гэта матэрыяльна-тэхнічная база, якая дазваляе вучыцца ў камфортных умовах. Для многіх пакаленняў будаўнікоў каледж стаў сапраўдным домам, у якім камфортна знаходзіцца і з якога не страшна адправіцца ў самастойнае жыццё.
Што за дом за акном?
З вокнаў каледжа відаць шматпавярховы дом — надзейны, сучасны, з незвычайнымі архітэктурнымі рашэннямі. Галоўны прараб, пад кіраўніцтвам якога вялося будаўніцтва гэтага дома, — выпускнік каледжа. Вось такая рэклама каледжа побач з ім. А колькі яшчэ збудаванняў узведзена рукамі выпускнікоў каледжа! Кожны дзень яны працуюць, каб людзі жылі, працавалі, вучыліся, лячыліся, займаліся спортам і творчасцю ў камфортных умовах. І так ўжо больш за 70 гадоў.
Гісторыя ўстановы пачалася ў пасляваенны час. Спачатку гэта была школа фабрычна-заводскага навучання. Яна была адкрыта ў 1946 годзе, калі разбуранай краіне асабліва патрэбны былі будаўнікі. Выпускнікі будавалі Мінскі трактарны завод, жыллё для яго рабочых, аднаўлялі горад. Першым кіраўніком установы быў выбітны чалавек — В.К.Цяўлоўскі. Ён прайшоў Вялікую Айчынную вайну, быў у партызанскім атрадзе імя Калініна. За сваю прафесійную дзейнасць В.К.Цяўлоўскі атрымаў званне “Заслужаны работнік сістэмы ПТА”, стаў ветэранам працы. На працягу дзесяцігоддзяў тут працавала яшчэ шмат дастойных людзей, якія з гонарам прадоўжылі справу першапачынальнікаў.
Сёння каледж рыхтуе па шэрагу запатрабаваных будаўнічых спецыяльнасцей. Навучэнцы, якія маюць базавую адукацыю, могуць атрымаць на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі кваліфікацыі “маляр”, “абліцоўшчык-плітачнік”, “тынкоўшчык”, “мантажнік каркасна-абшытых канструкцый сухога будаўніцтва”, “электразваршчык ручной зваркі”, “муляр”, “мантажнік будаўнічых канструкцый”, “мастаўшчык”, “цясляр-бетоншчык”, “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “цясляр”, “сталяр”, “рэзчык па дрэве і бяросце”. Тыя, хто прыйшоў у каледж пасля 9 класа, вучацца 3 гады. Тыя, хто скончыў 11 класаў, спасцігаюць прафесійныя навыкі 1 год. Яны могуць атрымаць кваліфікацыі “абліцоўшчык-плітачнік”, “тынкоўшчык”, “электразваршчык ручной зваркі”, “мастаўшчык”. Атрымаўшы прафесійна-тэхнічную адукацыю, навучэнцы могуць атрымаць у каледжы сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” з кваліфікацыяй “тэхнік-будаўнік”. Тэрмін навучання на дзённым аддзяленні — 1 год і 10 месяцаў.
Навучанне ў каледжы арганізавана так, каб кожны навучэнец атрымаў максімальную колькасць навыкаў. Падчас вучобы па праграме прафесійна-тэхнічнай адукацыі яны атрымліваюць не адну кваліфікацыю, а дзве і найчасцей тры. Напрыклад, на 1 курсе ў першым паўгоддзі маладыя людзі атрымліваюць кваліфікацыю электразваршчыка, у другім паўгоддзі асвойваюць справу муляра, на 2 курсе дабаўляецца яшчэ кваліфікацыя мантажніка будаўнічых канструкцый. На 3-м усе веды і навыкі замацоўваюцца. Варта адзначыць, што, атрымаўшы пэўную кваліфікацыю, навучэнец можа на канікулах пайсці працаваць і зарабляць грошы. Моладзь гэта вельмі матывуе.
Канечне, тое, што выпускнік каледжа валоднае цэлым спектрам навыкаў, робіць яго больш канкурэнтаздольным на рынку працы.
Творчасць на карысць прафесіі
Важную ролю ў прафесійнай падрыхтоўцы адыгрываюць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Творчая дзейнасць арганізавана так, каб навучэнцы атрымлівалі дадатковыя ўменні, не звязаныя з той кваліфікацыяй, якую атрымліваюць падчас навучання. Напрыклад, электразваршчыкі ходзяць у аб’яднанне па інтарэсах па сталярнай справе. Або навучэнцы, якія выбралі кірунак тэхнічнай творчасці, які супадае з іх будучай кваліфікацыяй, у гуртку асвойваюць складаныя аперацыі, якія не прадугледжаны праграмай. Такім чынам праз творчасць зноў жа пашыраецца спектр навыкаў будучага спецыяліста.
Кожны навучальны год пачынаецца для першакурснікаў з сустрэчы ў актавай зале, на якой ім расказваюць аб занятках па інтарэсах. Майстры вытворчага навучання дэманструюць свае ўменні, паказваюць выбітныя вырабы. І жаданне прыйсці да іх на заняткі ўзнікае практычна ў кожнага. Штогод дзейнічае да 16 аб’яднанняў розных кірункаў.
У адным з памяшканняў каледжа размешчана выстава вырабаў юных творцаў і майстроў вытворчага навучання. Разная мэбля, прадметы інтэр’ера незвычайнай формы, настольныя гульні, фантазійныя скрыні, аб’ёмныя пано, дзіўныя вырабы з металу… Чаго тут толькі няма! Праўда, экспазіцыя выставы — гэта толькі невялікая частка ўсяго таго, што было прыдумана і зроблена. Таму што большасць вырабаў хутка знаходзіць сваіх пакупнікоў або адпраўляецца на конкурсы. Дарэчы, у творчых конкурсах прадстаўнікі каледжа ўдзельнічаюць пастаянна і паспяхова. Кожны год скарбонка ўзнагарод папаўняецца дыпломамі Рэспубліканскага агляду інавацыйна-тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў ПТА і ССА, конкурсу “ТэхнаЁлка”, Рэспубліканскага злёту рацыяналізатараў і вынаходнікаў і інш.
Заняткі тэхнічнай творчасцю таксама развіваюць крэатыўнасць, вучаць шукаць і знаходзіць нестандартныя рашэнні самых складаных задач.
— Важна паказаць навучэнцам, што любую рэч можна зрабіць не звычайнай, а своеасаблівай, непаўторнай. Варта праявіць творчасць, уключыць фантазію, прыкласці намаганні, і самая прывычная рэч набывае характар і можа выклікаць эмоцыі, а не застацца незаўважанай, — расказвае Леанід Мікалаевіч Бачарэнка, майстар вытворчага навучання.
Леанід Мікалаевіч вучыць юнакоў працаваць з дрэвам. Ён адзначае, што сучасным падлеткам не хапае ў жыцці магчымасцей памайстраваць, зрабіць штосьці сваімі рукамі. Асабліва тым дзецям, што жывуць у гарадах. На жаль, сучасныя бацькі самі рэдка нешта майструюць і, зразумела, не займаюцца гэтым з дзецьмі. Школьныя майстэрні не дазваляюць ствараць нешта вялікіх маштабаў. А прыходзячы ў майстэрні каледжа, навучэнцы маюць магчымасць рэалізоўваць свае самыя дзёрзкія задумы.
Эпіцэнтр майстэрства
Эпіцэнтрам жыцця каледжа з’яўляюцца вучэбныя майстэрні. Тут паглыбляюцца ў прафесію і творчасць.
Мантажная майстэрня каледжа ўнікальная. Такой у іншых установах адукацыі нашай краіны няма. Тут усталявана дзеючая кран-бэлька. Гэта грузападымальны механізм маставога тыпу, які перасоўваецца па кранавых пуцях. Працаваць з ім павінны ўмець мантажнікі будаўнічых канструкцый. І навучэнцы каледжа маюць магчымасць вучыцца гэтаму непасрэдна ў каледжы. Ва ўстановах, дзе рыхтуюць мантажнікаў, а кран-бэлькі няма, навучэнцы знаёмяцца з ёй толькі падчас практыкі на вытворчасці. Прычым да работы на сапраўднай кран-бэльцы на прадпрыемстве дапускаюць толькі паўналетніх, таму на практычнае навучанне ў такім выпадку юнакі могуць трапіць не раней, чым на 3 курсе. Для кран-бэлькі ў вучэбнай майстэрні такіх абмежаванняў няма і навучэнцы Мінскага ДПТК будаўнікоў увесь 2 курс могуць асвойваць навыкі работы з кран-бэлькай непасрэдна ва ўстанове. І пасля 2 курса, калі ўжо спаўняецца 18 гадоў, яны могуць пайсці папрацаваць летам мантажнікамі будаўнічых канструкцый. Патрэніравацца ў навучальнай установе, а потым замацаваць уменні на сапраўднай будоўлі — цудоўная магчымасць для навучэнцаў каледжа.
У каменнай майстэрні, загадчыкам якой з’яўляецца Уладзімір Фёдаравіч Кулеўскі, спасцігаюць сакрэты прафесіі будучыя муляры. А каб навучэнцам было лягчэй засвойваць матэрыял, у інтэр’еры майстэрні можна ўбачыць розныя вывучаемыя элементы — аркі, перамычкі і інш. Так бы мовіць, наглядныя дапаможнікі побач.
У майстэрнях можна заўважыць і печ: у каледжы на занятках аб’яднання па інтарэсах можна асвоіць і прафесію печніка. Сваім майстэрствам у гэтым кірунку дзеліцца Мікалай Васільевіч Шчабляцоў.
Непаўторны пах драўнянай стружкі падказвае, дзе размяшчаецца сталярная майстэрня. Тут навучэнцы спачатку асвойваюць асноўныя сталярныя і цяслярныя аперацыі, вучацца ручной апрацоўцы драўніны, атрымліваючы кваліфікацыі сталяра і цесляра, а потым пераходзяць у майстэрню, дзе размешчаны дрэваапрацоўчыя станкі, каб атрымаць кваліфікацыю станочніка. Тут можна папрацаваць на розных станках — круглапільным, стругальным, фрэзерным, фугавальным, рэйсмусавым і інш. Умеючы працаваць на іх, навучэнец будзе адчуваць сябе больш упэўнена і хутка адаптуецца на рэальным рабочым месцы.
У зварачнай майстэрні з юнакамі працуе майстар вытворчага навучання Віктар Мікалаевіч Герасімаў. Для навучэнцаў абсталяваны індывідуальныя кабінкі — рабочыя месцы. Ёсць у майстэрні і дэманстрацыйны стол, зроблены такім чынам, што майстар можа паказваць, як выконвае работу, а навучэнцы, абступіўшы яго з розных бакоў, могуць назіраць за работай без пагрозы для зроку. Па праграме ў навучэнцаў прадугледжана ручная дугавая зварка. Аднак вывучаюць яны таксама газавую і зварку паўаўтаматам — гэта дазваляюць якраз дадатковыя заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах, пра якія гаварылася вышэй. У выніку навучэнцы ўмеюць не толькі выконваць стандартныя аперацыі, але і рэалізоўваць любыя творчыя ідэі.
У каледжы дзейнічае кабінет будаўнічых інструментаў BOSH. Кампанія з’яўляецца адным з сацыяльных партнёраў каледжа. Тут праходзяць навучанне, майстар-класы, прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Шэраг інструментаў пастаянна абнаўляецца: як толькі з’яўляецца навінка ў лінейцы вытворцы — яна адразу з’яўляецца і ў каледжы. Дзякуючы гэтаму, навучэнцы ведаюць усе сучасныя інструменты і ўмеюць з імі працаваць, адзначае загадчык кабінета, майстар вытворчага навучання Валерый Мікалаевіч Яроцкі.
Абсталяванне ў майстэрнях і кабінетах спрыяе прафесійнаму станаўленню маладых людзей, аднак галоўную ролю ў гэтым адыгрываюць людзі, якія тут працуюць. Усе яны майстры не па пасадзе, а па сваёй сутнасці і прызванні.
Будуюць будучыню
— Мы нацэлены на якасны рост, — расказвае аб планах па развіцці ўстановы дырэктар каледжа Віталь Рыгоравіч Місявец. — Перакананы, што для гэтага патрэбна моцная каманда і агульныя мэты, якія гэтая каманда падзяляе і разумее. І ўсё гэта ў нас ёсць.
Сапраўды, каманда ёсць і мэты вызначаны. У каледжы распрацавалі грунтоўную канцэпцыю развіцця на наступныя тры гады. Яна прадугледжвае пашырэнне сеткі сацыяльных партнёраў, наладжванне міжнароднага супрацоўніцтва, дасканалае вывучэнне рынка працы і адкрыццё новых спецыяльнасцей. У планах таксама — будаўніцтва ўласнага інтэрната і яшчэ шмат крокаў, якія забяспечаць навучэнцам атрыманне актуальных ведаў.
У каледжы ўважліва ставяцца да кожнага аспекта развіцця будучага выпускніка. Выкладчыкі агульнаадукацыйных прадметаў шмат увагі ўдзяляюць матывацыі навучэнцаў, каб яны атрымалі якасную сярэднюю адукацыю. Разнастайныя мерапрыемствы забяспечваюць грамадзянска-патрыятычнае, маральнае выхаванне. Асаблівае значэнне мае спорт. Прафесія будаўніка патрабуе фізічных сіл і моцнага здароўя, і наогул спорт карысны кожнаму. Навучэнцы каледжа маюць магчымасць займацца рознымі відамі спорту. Работа каледжа па ўсіх напрамках аб’яднана агульнай ідэяй — стварыць для навучэнцаў найлепшыя ўмовы.
— Будаўнік — прафесія вечная, — робіць выснову В.Р.Місявец. — Нашы выпускнікі будуюць нашу краіну, нашу будучыню. І мы павінны даваць ім усе магчымыя веды і ўменні, добрае выхаванне, каб яны сваю важную справу рабілі на найвышэйшым узроўні.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановай адукацыі.