Перад тым як напісаць сачыненне ў сшытку, вучань піша яго ў чарнавіку. Перад тым як сшыць новую калекцыю адзення, дызайнер малюе эскізы. Перад тым як зрабіць пастаноўку, рэжысёр праводзіць рэпетыцыі. Словам, перад тым як ажыццявіць вялікую справу, робяць маленькую спробу. Гэта дапамагае пазбегнуць памылак, убачыць, што можа атрымацца, і ў выніку зрабіць вялікую справу як мага лепш. Як цудоўна было б мець такую магчымасць у дачыненні да самай вялікай справы — нашага жыцця. Правесці рэпетыцыю жыцця, напісаць лёс на чарнавіку… Такую магчымасць паспрабавалі даць навучэнцам філіяла “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” УА “Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі”. Як гэта магчыма і што з гэтага атрымалася?
У мінулым навучальным годзе ў каледжы праводзілі імітацыйную гульню “Жыццё за гадзіну”. Падчас гульні можна “пражыць” жыццё: тут не раз трэба рабіць складаны выбар, пераадольваць перашкоды, можна апынуцца ў розных сітуацыях, сустрэцца з праблемамі і супярэчнасцямі, трапіць у небяспеку і ўсё страціць… Словам, усё як у жыцці.
Аўтарам гульні з’яўляецца педагог сацыяльны каледжа Наталля Уладзіміраўна Кіхілевіч. Ідэя гульні нарадзілася як адказ на складанасці ў рабоце з сучаснай моладдзю. Важнымі напрамкамі работы педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных, якія ўзаемадзейнічаюць з падлеткамі (а менавіта ў такім узросце трапляюць у прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі), з’яўляюцца прафілактыка дэвіянтных паводзін, фарміраванне ўстановак на вядзенне здаровага ладу жыцця, умацаванне псіхалагічнага здароўя. Задачы няпростыя, і іх вырашэнне ўскладняецца тым, што педагогам, псіхолагам даводзіцца ўвесь час знаходзіцца ў пошуку новых форм работы і падыходаў, бо многія з тых, што выкарыстоўваюцца, ужо не працуюць. Акрамя таго, асаблівасць падлеткавага ўзросту ў тым, што чалавек ужо актыўна карыстаецца сваёй даросласцю, самастойнасцю, але пры гэтым яшчэ не здольны цалкам разумець і ўсведамляць наступствы сваіх учынкаў, пралічваць і дакладна бачыць, да чаго могуць прывесці пэўныя дзеянні, выбар. Нярэдка ў гэтым хаваюцца прычыны таго, што падлеткі здзяйсняюць правапарушэнні, эксперыментуюць з ужываннем алкаголю і наркатычных рэчываў, рызыкуюць жыццём. Гульня-імітацыя “Жыццё за гадзіну” дае падлеткам магчымасць убачыць наступствы сваіх дзеянняў, набыць у гульнявой сітуацыі ўласны вопыт, таму аказвае на ўдзельнікаў моцнае ўздзеянне.
З пачаткам гульні ўдзельнікі становяцца жыхарамі горада N і могуць пражыць жыццё так, як ім гэтага хацелася б, кіруючыся сваімі жыццёвымі прынцыпамі. І на гэтае жыццё адводзіцца толькі гадзіна.
Кожны атрымлівае самы важны дакумент у горадзе — пашпарт, а таксама стартавы капітал. Сума грашовага капіталу ў кожнага свая, як і ў рэальным жыцці, дзе ўсе нараджаюцца ў сем’ях з розным узроўнем даходаў.
Горад N мае даволі развітую інфраструктуру, якая прадстаўлена шэрагам устаноў, — гэта падрыхтаваныя станцыі, якія можа наведаць кожны ўдзельнік. Станцыі прадстаўляюць асноўныя сферы жыцця. Тут можна атрымаць адукацыю — ёсць ліцэй і ўніверсітэт. У залежнасці ад атрыманай адукацыі можна працаўладкавацца на адно з прадпрыемстваў і зарабляць грошы. Ёсць дзе іх патраціць: весела правесці час у казіно, набыць прысмакі ў магазіне, наведаць рэстаран, салон прыгажосці. Для тых, хто задумаецца аб стварэнні сям’і, ёсць ЗАГС. Для ўмацавання здароўя — паліклініка і цэнтр здароўя. Таксама ў горадзе дзейнічае сацыяльны прытулак для дзяцей і царква. Кожная станцыя тэматычна аформлена і мае свае правілы праходжання, пра якія ўдзельнікі даведваюцца ў пачатку гульні.
Але ёсць і тое, што ім невядома. Так, у гульні падлеткаў чакаюць пасткі. Гэта, напрыклад, чалавек, які гандлюе дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Ён рэкламуе свае паслугі і прапануе “атрымаць адукацыю”, не марнуючы на гэта час. Яшчэ адзін чалавек у горадзе прадае “наркатычныя сродкі” і актыўна прапануе ўдзельнікам паспрабаваць іх, а таксама зарабіць хуткія грошы, далучыўшыся да распаўсюджвання. Не здагадваюцца ўдзельнікі і пра існаванне турмы. Трапіць сюды можна за парушэнне законаў горада — набыццё і распаўсюджванне забароненых рэчываў, набыццё дыплома без праходжання навучання, крадзеж, падман. Час знаходжання ў турме суадносіцца з сур’ёзнасцю правапарушэння. У выпадках, звязаных з наркотыкамі, тут можна правесці палову жыцця — 30 хвілін.
Нечаканасцю для ўдзельнікаў становіцца і тое, што ў другой палове гульні жыхары горада пачынаюць “паміраць” — выбраныя ў выпадковым парадку людзі пакідаюць гульню і могуць у далейшым толькі назіраць, як “жывуць” іншыя. З гэтымі ўдзельнікамі абавязкова праводзяць рэфлексію і аказваюць ім псіхалагічную падтрымку.
Не ведаюць удзельнікі і тое, хто можа стаць пераможцам у гэтай гульні. А перамагаюць тыя, у каго ў пашпарце ёсць чырвоныя меткі. Набыць іх можна, калі ты наведаў царкву, сацыяльны прытулак і цэнтр здароўя “Баланс”. На гэтых станцыях патрабуецца выканаць нескладаныя заданні. У прытулку — дапамагчы грашовым ахвяраваннем або валанцёрскай дзейнасцю. У цэнтры здароўя — выканаць практыкаванні на ўмацаванне ўласнага псіхалагічнага і фізічнага здароўя. У царкве — падумаць пра жыццё і ацаніць свае ўчынкі. Гэта неабходна для ўсведамлення ўдзельнікамі галоўнай ідэі гульні: важна не проста жыць, а развіваць сябе інтэлектуальна, эмацыянальна і маральна, умацоўваць сваё здароўе — фізічнае, псіхалагічнае, духоўнае. А вось чорныя меткі пазбаўляюць магчымасці стаць пераможцам. Іх атрымліваюць тыя, хто здзейсніў правапарушэнне, а таксама тыя, хто бавіў час у казіно.
Найважнейшая частка імітацыйнай гульні — выніковая рэфлексія з удзельнікамі, калі яны дзеляцца сваімі пачуццямі: задумваюцца над тым, ці задаволены пражытым жыццём і чаму, якія магчымасці выкарысталі і якія страцілі, чаму перамаглі ці прайгралі, што зрабілі б інакш, калі ў іх была б такая магчымасць.
Імітацыйныя гульні аказваюць вельмі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на навучэнцаў Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе. Пасля першай спробы ўдзельнікі гульні звярталіся да арганізатараў з просьбай правесці яе яшчэ раз для іх сяброў, аднакурснікаў. Водзывы падлеткаў былі вельмі эмацыянальныя. “Я зразумела, што трэба бавіць вольны час з розумам”, “Галоўная выснова, якую я для сябе зрабіў, заключаецца ў тым, што трэба жыць! Жыць кожным днём, не існаваць, не пражываць жыццё марна”, “Маё ўяўленне пра жыццё перавярнулася з ног на галаву. Прыярытэты змяніліся. Я зразумела, што на першым месцы ў маім жыцці стаяць зусім не тыя рэчы, якія хацелася б” — вось што казалі падлеткі пасля гульні.
Каб усё спрацавала і гульня знайшла эмацыянальны водгук, неабходны пэўныя ўмовы, адзначае аўтар і арганізатар гульні Наталля Уладзіміраўна Кіхілевіч.
— Працэс гульні прадугледжвае самаарганізацыю ўдзельнікаў. Яны самі вырашаюць, куды ісці, што рабіць, як сябе паводзіць. Трэба ўсё добра арганізаваць, але не ўмешвацца ў гэты працэс, утрымацца ад парад і падказак. Важна, каб удзельнікі атрымалі свой уласны вопыт, — падкрэслівае Наталля Уладзіміраўна.
Падчас гульні людзі паводзяць сябе па-рознаму: хтосьці ўвесь час траціць на забавы, а хтосьці на самаразвіццё, адзін ідзе на здзелку з сумленнем, а другі робіць добрыя справы. Які б выбар ні зрабіў чалавек, як бы ні пражыў жыццё ў гульні, важна, каб потым ён зрабіў для сябе вывады. Таму найважнейшая частка гульні — рэфлексія.
— Калі якасна не правесці рэфлексію, то сутнасць метаду страчваецца. Каб для ўдзельнікаў гульня не засталася проста гульнёй, важна іх эмоцыі, успаміны аб’яднаць з сапраўдным жыццём, перанесці вопыт гульні ў рэальнасць, — адзначае Н.У.Кіхілевіч. — Таму вельмі важна падрыхтавацца да размовы з навучэнцамі. Падчас рэфлексіі трэба падтрымліваць удзельнікаў, дзякаваць ім за адказы, не даваць ніякіх ацэнак і спыняць ацэначныя меркаванні іншых удзельнікаў, заахвочваць да самааналізу і свабоднага выказвання ўласных думак. Неабходна дасягнуць усвядомленасці сапраўдных матываў навучэнцаў, разумення імі таго, што насамрэч імі кіруе і што ўплывае на іх выбар.
Арганізатары пераканаліся, што гульня “Жыццё за гадзіну” дапамагае чалавеку ўбачыць фактычныя, а не дэклараваныя прыярытэты ў жыцці, наступствы выбару, дазваляе задумацца над тымі каштоўнасцямі, якія ёсць сёння, і пераасэнсаваць планы на далейшае жыццё. Яна можа быць карыснай многім. Таму зараз Наталля Уладзіміраўна працуе над метадычнай распрацоўкай гульні. У хуткім часе яна з’явіцца на нашым сайце ng-press.by у рубрыцы “Псіхалагічная дапамога”. Канечне, пры арганізацыі гульні яе можна адаптаваць да ўмоў той ці іншай установы адукацыі, мяняць станцыі і правілы іх наведвання. Аднак важна не страчваць яе сутнасці і факусіраваць увагу на ўсведамленні ўдзельнікамі таго, чаму яны прымаюць тое ці іншае рашэнне.
Усе мы ведаем выраз пра тое, што разумныя людзі вучацца на памылках іншых людзей. Аднак мы ведаем і тое, што ўласныя памылкі вучаць значна больш эфектыўна, праўда, робяць гэта даволі балюча. Якасна праведзеная імітацыйная гульня — гэта магчымасць для падлеткаў павучыцца на сваіх памылках без страт і шкоды для сябе. Дайце ім такую магчымасць.
Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены Каледжам сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе.