Надышла восень, і інтэрнаты ўстаноў прафесійнай адукацыі зноў зашумелі звонкімі галасамі і вясёлым смехам, тут зноў завіравала жыццё. Якім будзе гэтае жыццё — часам знаёмстваў і сяброўства, часам сталення і набыцця карыснага вопыту або часам бясконцых бытавых і асобасных праблем? У многім гэта залежыць ад таго, як дарослыя дапамагаюць навучэнцам арганізаваць свой побыт і вольны час. Падлеткам бывае няпроста зрабіць гэта самастойна, бо яшчэ ўчора яны былі пад апекай бацькоў, а сёння засталіся сам-насам з мноствам сур’ёзных пытанняў. Існуе нямала прыкладаў, калі добра арганізаваная ў інтэрнаце работа з дзецьмі не толькі дапамагае зрабіць іх жыццё больш насычаным, але і выхоўвае іх, спрыяе сацыялізацыі. Такія прыклады можна ўбачыць у розных каледжах і ліцэях. Давайце пазнаёмімся з напрацоўкамі спецыялістаў дзвюх устаноў адукацыі Гродна.
Вольны час як сродак сацыялізацыі
Заняткі займаюць толькі частку дня навучэнцаў каледжа ці ліцэя. Не менш часу яны праводзяць у інтэрнаце. І тое, чым напоўнены гэты час, не менш значна, чым тое, чым напоўнены вучэбныя заняткі. Калі навучэнец прадастаўлены сам сабе, то толькі чалавек з вельмі высокім узроўнем самадысцыпліны, адказнасці, матывацыі выкарыстае вольны час з карысцю. У іншых выпадках атрымаецца проста марнаванне часу або, што яшчэ горш, падлетак зоймецца не самымі дастойнымі справамі. Вось чаму ва ўстановах адукацыі гэты працэс не пускаюць на самацёк. У Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы надаюць важнае значэнне адаптацыі навучэнцаў да жыцця ў інтэрнаце, а таксама ствараюць педагагічныя ўмовы для паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў ва ўмовах інтэрната.
Пачатак навучання на новай ступені адукацыі кардынальна мяняе жыццё чалавека. Першакурснікі сустракаюцца з шэрагам складанасцей: яны перажываюць, што страцілі маральную падтрымку, якую атрымлівалі ў школьным калектыве, непакояцца аб наладжванні зносін з новымі людзьмі, хвалююцца, як уладкаваць побыт. Каб дапамагчы ім зарыентавацца і пазбавіцца разгубленасці, у Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы распрацаваны план адаптацыі першакурснікаў. Важна, што рэалізоўвае яго ўвесь педагагічны калектыў. Вызначаны шэраг умоў, набходных для паспяховай адаптацыі, і педагогі ствараюць іх для навучэнцаў. Сярод гэтых умоў выкананне правіл, прынятых у каледжы і інтэрнаце; павышэнне статусу навучэнца каледжа і матывацыі да атрымання прафесіі; аказанне дапамогі ў працэсе ўладкавання побыту і самаабслугоўвання, асабліва пры пераходзе з хатніх умоў у інтэрнат; арганізацыя сумеснай дзейнасці жыхароў інтэрната для фарміравання калектыву; падтрымка органаў вучнёўскага самакіравання; абарона правоў і інтарэсаў непаўналетніх навучэнцаў; стварэнне камфортнага псіхолага-педагагічнага асяроддзя ў інтэрнаце; стварэнне сітуацый поспеху з мэтай павышэння самаацэнкі і пазітыўнага самасцвярджэння; арганізацыя вольнага часу і інш.
Арганізацыя вольнага часу з’яўляецца важнай часткай работы па сацыялізацыі моладзі. Для гэтага выкарыстоўваецца шэраг форм. Сярод іх найперш традыцыйныя, знаёмыя ўсім спецыялістам, якія працуюць у гэтым напрамку. У той жа час вельмі палюбіліся педагогам і навучэнцам унікальныя, уласна распрацаваныя формы работы, якія, дарэчы, паказалі сваю эфектыўнасць. Многія ідэі падказаў педагогам унікальны і непаўторны горад Гродна, дзе знаходзіцца каледж.
Напрыклад, навучэнцам прапануецца адправіцца на сэлфі-экскурсію па горадзе “Гродна нашымі вачыма”.
— Мы праводзім экскурсіі па культурна-гістарычных мясцінах, знаёмім навучэнцаў з гісторыяй Гродна, звяртаючы ўвагу на помнікі і факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, паўстаннем 1863 года, гісторыяй Гродзенскага яўрэйскага гета, — расказвае Вольга Уладзіміраўна Салей, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа. — Таксама знаёмім з сацыяльна-бытавымі аб’ектамі, якія давядзецца наведваць навучэнцам, пражываючы ў горадзе. Падчас экскурсій юнакі і дзяўчаты робяць сэлфі і потым дзеляцца сваімі здымкамі ў сацыяльных сетках. Пасля экскурсій у групе каледжа ва “УКантакце” праводзім конкурс на лепшае сэлфі.
Выхавальнікі інтэрната распрацавалі праект “Гродна — скрыжаванне культур і канфесій”. Навучэнцаў знаёмяць з канфесіямі, якія распаўсюджаны ў горадзе, — праваслаўем, каталіцтвам, іудзействам, пратэстантызмам. Для іх становіцца відавочным, што асновай усіх рэлігій з’яўляюцца любоў да бліжняга, прыстойнасць у адносінах з людзьмі, вернасць сям’і, любоў да Айчыны. І гэтае разуменне ўмацоўвае талерантныя адносіны да людзей іншай веры ці культуры.
У інтэрнаце дзейнічае ўнікальны клуб “Знята ў Гродне”. Справа ў тым, што Гродна стаў здымачнай пляцоўкай для больш чым 70 мастацкіх фільмаў. За гэта горад нават называюць беларускім Галівудам. На пасяджэннях клуба вывучаюць гэтыя фільмы. Спачатку адпраўляюцца на экскурсію на месца, дзе праходзілі здымкі, знаёмяцца з гісторыяй стварэння кінакарціны, а потым у інтэрнаце ладзяцца прагляд і абмеркаванне ўбачанага. Першым кандыдатам на прагляд штогод становіцца неўміручы шэдэўр “Белыя Росы”.
Каб аб’яднаць навучэнцаў, выкарыстоўваюць і іх зацікаўленасць камп’ютарнымі гульнямі. Ужо некалькі гадоў у інтэрнаце да 23 лютага ладзіцца турнір па гульні World of Tanks. Здаецца, гэта проста гульня, аднак, падчас турніраў гульцы знаёмяцца, вучацца ўзаемадзейнічаць, выконваць правілы, спакойна сябе паводзіць у напружаных сітуацыях.
І яшчэ адна цікавая ініцыятыва — Мужчынскі кулінарны клуб. Ён дзейнічае ў інтэрнаце, дзе жывуць юнакі. Многія хлопцы, якія прыязджаюць вучыцца, зусім не ўмеюць гатаваць ежу. Клуб быў створаны з мэтай навучання іх асновам кулінарыі, аднак вырас у нешта большае. Ён стаў пляцоўкай для нефармальных зносін. Потым працэс гатавання пачалі здымаць на відэа, каб яго маглі паглядзець і тыя, хто не быў на пасяджэнні клуба. Удзельнікі клуба сталі праяўляць свае акцёрскія здольнасці, а таксама вывучаць майстэрства стварэння відэапрадукцыі, бо запісваюць відэа і манціруюць яго яны самі. Хлопцы ўжо гатавалі “Штрудзель па-сувораўску”, салат “Брутальная мазаіка”, бутэрброды “Майскія вяснушкі”. А напярэдадні 8 сакавіка юнакі анлайн гатавалі для сваіх мам святочныя капкейкі.
Такія заняткі не проста напаўняюць жыццё навучэнцаў цікавымі падзеямі, але і пашыраюць іх кругагляд, даюць шырокі спектр розных навыкаў, карысных у штодзённым жыцці і рабоце.
Любіць сваё, цаніць чужое
У Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 у рабоце з навучэнцамі, якія жывуць у інтэрнаце, вялікую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню нацыянальнай свядомасці і полікультурнаму выхаванню.
— Мы ствараем у інтэрнаце такое асяроддзе, каб падлеткі былі адкрытыя да пазнання як культуры сваёй краіны, так і культуры іншых народаў, каб маглі пераадольваць неабгрунтаваныя сацыяльныя і этнічныя стэрэатыпы і не дапускаць узнікнення канфліктаў, — адзначае Марына Васільеўна Афоніна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя. — Нацыянальная самасвядомасць і талерантнасць — інтэграваныя якасці асобы, таму неабходны сістэмны падыход да іх фарміравання. Улічваючы індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў, іх інтарэсы, пажаданні, мы робім іх дзейнасць разнастайнай, эмацыянальна насычанай, прадукцыйнай і сучаснай.
У інтэрнаце ліцэя склалася сістэма работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці, у першую чаргу праз захаванне і папулярызацыю роднай мовы. У ліцэі на беларускай мове выкладаецца справаводства, праводзіцца значная частка мерапрыемстваў, інфармацыйныя стэнды таксама даюць звесткі па-беларуску.
Навучэнцы ўдзельнічаюць у праектнай і даследчай дзейнасці. Аб’ектамі вывучэння становяцца гісторыя і культура роднага краю. Адметна, што навучэнцам прапануюць прафесійна арыентаваныя праекты, пэўным чынам звязаныя з будаўнічымі спецыяльнасцямі. Атрымліваецца, што навучэнцы асвойваюць і прымяняюць прафесійныя навыкі і адначасова ўзбагачаюць свае веды аб беларускіх традыцыях. Гэта дазваляе фарміраваць прафесіянала з нацыянальнай самасвядомасцю. Напрыклад, навучэнцы ствараюць сталярныя вырабы ў этнастылі, выконваюць дэкаратыўную тынкоўку з элементамі нацыянальных беларускіх узораў. У рамках сумеснага творчага праекта ліцэя і дзіцячага хоспіса навучэнцы ліцэя змайстравалі для выхаванцаў хоспіса драўляныя цацкі-складанкі па матывах народных цацак, кармушкі для птушак, аздобленыя нацыянальнымі ўзорамі.
Пашырыць свае прафесійныя навыкі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай нашай краіны навучэнцы могуць у аб’яднаннях па інтарэсах. Напрыклад, займаючыся разьбой па дрэве, навучэнцы спачатку вывучаюць гісторыю і развіццё рамяства, знаёмяцца з традыцыйнымі прыроднымі матэрыяламі, спосабамі іх апрацоўкі, а потым вучацца рабіць карціны, гадзіннікі, шкатулкі, дзіцячыя цацкі з нацыянальным каларытам.
Навучэнцы зацікавіліся, як раней будавалі іх продкі, і даследавалі старажытныя прылады працы. Многія з прылад знайшлі ў сваіх бабуль і дзядуль. Так у інтэрнаце з’явіўся стэнд “Прылады майго дзеда”. Навучэнцы нават паспрабавалі папрацаваць, як іх дзяды і прадзеды: па старажытных тэхналогіях і з дапамогай старажытных прылад працы падлеткі вырабілі зэдлік, упрыгожылі яго з дапамогай сучаснай тэхнікі дэкупаж.
У рамках даследчага праекта “Спадчына” падлеткі вывучалі і збіралі прадметы побыту, без якіх у мінулым не абыходзілася ні адна беларуская сялянская хата. У выніку жыхары інтэрната стварылі этнаграфічны куток, стылізаваны пад інтэр’ер беларускай хаткі. У інтэрнаце ладзяцца вечарыны, тэатралізаваныя пастаноўкі, дзе падлеткі знаёмяцца з беларускімі песнямі, святамі, абрадамі.
Нярэдка ў інтэрнаце праходзяць і літаратуразнаўчыя мерапрыемствы. Праводзяцца сустрэчы з вядомымі гродзенскімі пісьменнікамі і паэтамі. Для даследавання літаратурнай спадчыны малой радзімы ажыццяўляецца экскурсійная дзейнасць. Распрацаваны 8 экскурсійных маршрутаў “Гродзеншчына літаратурная”.
Узмацніць работу ў кірунку полікультурнага выхавання вельмі лагічна для ўстановы, якая размешчана ў Гродне, горадзе з моцнымі талерантнымі перакананнямі і міжнацыянальнымі адносінамі. Тут кожныя два гады праходзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які стаў адной з самых маштабных і любімых гродзенцамі падзей. Кожны раз на фестываль прыязджаюць прадстаўнікі больш чым 80 краін, у тым ліку навучэнцаў, студэнтаў. Ды і ва ўстановах адукацыі Гродна можна сустрэць не толькі беларусаў. Непасрэдна ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 навучаюцца дзеці з каранямі дзевяці нацыянальнасцей і трох рэлігійных канфесій. Таму фарміраванне талерантнасці навучэнцаў і павагі да культурных каштоўнасцей іншых народаў надзвычай актуальнае для ўстановы. А фестываль нацыянальных культур — цудоўная магчымасць знаёмства з рознымі культурамі і іх носьбітамі.
У ліцэі наладжана супрацоўніцтва з культурна-асветніцкай установай АСЕТ. У рамках узаемадзеяння ў інтэрнаце адбылася цікавая сустрэча з аднагодкамі з ЗША. Амерыканскія студэнты завіталі ў госці да гродзенскіх ліцэістаў. Тэмай сустрэчы сталі сямейныя зносіны, яе ўдзельнікі пагаварылі аб узаемаадносінах бацькоў і дзяцей, падзяліліся сваімі ўяўленнямі аб ідэальнай сям’і. Дзеці, якія жывуць на розных кантынентах, выказвалі падобныя думкі, дзяліліся падобнымі праблемамі. Разуменне таго, што ў людзей у розных кутках свету агульныя пытанні, радасці, інтарэсы, спрыяе добразычліваму стаўленню да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.
Асаблівая ўвага ў інтэрнаце ўдзяляецца правядзенню мерапрыемстваў на згуртаванасць, давер, развіццё сяброўскіх сувязей, фарміраванне навыкаў бесканфліктных зносін. У супрацоўніцтве з цэнтрам “Медыяцыя і права” рэалізуецца праект па ўрэгуляванні спрэчак і канфліктных сітуацый, працуе “Школа юнага медыятара”, дзе навыкам бесканфліктных зносін навучаюцца падлеткі, якія пражываюць у інтэрнаце.
Добра наладжаная ў інтэрнаце работа з навучэнцамі дае шырокія магчымасці для іх усебаковага развіцця, што ў далейшым станоўча ўплывае на іх прафесійную дзейнасць і жыццё наогул.
Дар’я РЭВА.