Мультыборд у школе: цікава, інтэрактыўна, эфектыўна

- 9:10Адукацыйная прастора

Сучасная школа перажывае своеасаблівую тэхналагічную рэвалюцыю: розныя тэхнічныя прылады і электронныя сродкі навучання паступова становяцца нормай адукацыйнага працэсу. У межах Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” з 2013 года з рэспубліканскага бюджэту ва ўстановы адукацыі наладжаны пастаўкі вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, а ў апошнія гады — яшчэ і мультыбордаў. Да канца 2020 года ў навучальныя ўстановы было перададзена каля 2000 адзінак гэтай тэхнікі. Як выкарыстоўваюцца мультыборды ў адукацыйным працэсе, як уплываюць на яго якасць, якіх навыкаў патрабуюць ад настаўнікаў, мы і паспрабавалі высветліць.

Яшчэ ў мінулым навучальным годзе ў гімназію № 1 Валожына быў пастаўлены першы мультыборд — вялікі планшэт з начыннем камп’ютара, які не мае патрэбы ні ў якіх дадатковых прыладах. Пад любым вуглом агляду карцінка атрымліваецца даволі яркай і дакладнай. Аперацыйная сістэма дазваляе выкарыстоўваць усе праграмы і спалучацца з любымі прыладамі на платформе Windows або Android. Сёння інтэрактыўная панэль паспяхова выкарыстоўваецца як сучасны выхаваўчы, навучальны і развіццёвы інструмент, які дае інтэрактыў, мультымедыя, камунікатыўнасць і новы ўзровень засваення матэрыялу.

— Мультыборд мяняе выкладанне і навучанне па розных напрамках, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Таццяна Саевіч. — Гэта візуальны рэсурс (прэзентацыі, дэманстрацыі і стварэнне мадэлей), які дапамагае выкладаць новы матэрыял вельмі жыва і займальна. Ён дазваляе прадставіць інфармацыю з дапамогай розных мультымедыйных рэсурсаў, навучэнцы могуць каменціраваць матэрыял і вывучаць яго максімальна падрабязна. Настаўнік мае магчымасць выкарыстоўваць інтэрактыўную панэль для таго, каб зрабіць працэс прадстаўлення ідэй займальным і дынамічным. Работа з мультыбордам прадугледжвае простае, але творчае выкарыстанне матэрыялаў.

Тлумачэнне новага матэрыялу з апорай на прэзентацыю дазваляе Таццяне Іванаўне весці гутарку з навучэнцамі, задаваць пытанні па тэме, актуалізуючы іх веды, атрыманыя раней, вучыць выказваць здагадкі, аналізаваць атрыманую інфармацыю, параўноўваць, абагуль­няць, рабіць высновы, актывізаваць пазнавальную дзейнасць. Пры дэманстрацыі слайдаў дзейнасць настаўніцы заключаецца ў кіраванні тэмпам падачы матэрыялу, акцэнтаванні ўвагі на найбольш важных момантах, паўтарэнні і тлумачэнні незразумелых палажэнняў.

Інтэрактыўная панэль дае магчымасць выкарыстоўваць розныя вучэбныя інтэрнэт-рэсурсы. Так, на адным з урокаў вучні пазнаёміліся з нацыянальнай адукацыйнай платформай, якой можна карыстацца пры самастойным вывучэнні матэрыялу. Часта педагог звяртаецца да дадатковага матэрыялу, размешчанага на электронным адукацыйным рэсурсе нацыянальнага адукацыйнага партала  (http://e-vedy.adu.by).

У практыцы работы з мультыбордам Т.І.Сае­віч выкарыстоўвае розныя адукацыйныя  платформы, сярод якіх — Learningapps.org (дадатак для стварэння інтэрактыўных заданняў розных узроўняў складанасці: віктарын, крыжаванак, пазлаў і гульняў, якія выкарыстоўваюцца не толькі пры правядзенні ўрокаў, але і на стымулюючых, індывідуальных, факультатыўных занятках), Kahoot (сэрвіс для стварэння тэстаў, апытанняў, віктарын, які дапамагае на ўроку пры ажыццяўленні дыферэнцыяцыі; гэта адначасова і гульня, і ацэнка вынікаў дзейнасці), канструктар адукацыйных рэсурсаў Coreapp Al. У падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання на факультатыўных занятках дапамагаюць матэрыялы платформы “Рашу ЦТ”, даведніка па рускай мове “Граматыка.ру”.

Шырокія магчымасці адкрывае выкары­станне мультыборда на рускай мове пры рабоце з тэкстам. Тэкст-мадэль з’яўляецца асновай для рознабаковага аналізу: арфаграфічнага, лексічнага, пунктуацыйнага. У тэксце  настаўніца колерам вылучае словы, словазлучэнні, сказы, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Могуць быць прапушчаныя літары, знакі прыпынку, якія трэба ўставіць. Зручна выконваць розныя віды граматычнага разбору, працуючы з надрукаванымі словамі, шаблонамі, узорамі.

Выкарыстанне мультыборда дарэчы і на ўроках развіцця мовы. Т.І.Саевіч прадстаўляе  дыдактычны матэрыял пры вызначэнні прымет стылю мовы, асноўнай думкі, пры аналізе выяўленча-выразных сродкаў, сродкаў сувязі сказаў у тэксце. На ўроках падрыхтоўкі да  напісання сачыненняў дэманструюцца рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў, ажыццяўляецца падбор рабочых матэрыялаў (словы, словазлучэнні), вядзецца моўная падрыхтоўка (папярэджванне маўленчых і граматычных памылак).

Пры рабоце з мультыбордам часта арганізуецца групавая работа. Так, напрыклад, на экране праецыруецца табліца, якая ў ходзе абмеркавання вучнямі паступова запаўняецца. Або на ўроку ў 6 класе па тэме “Арфаграмы ў корані слова” дзеці працуюць па групах, выконваючы заданні ў стылі “Сваёй гульні”. Часам настаўніца практыкуе дэманстрацыю работы, выкананай якім-небудзь вучнем, усяму класу. Напрыклад, у рамках вывучэння паэмы А.С.Пушкіна “Яўгеній Анегін” у якасці дамашняга задання вучні запаўняюць рабочы ліст характарыстыкі галоўнага героя, у якім пазнача­юць яго адукацыю, пачуццё гумару, начытанасць і інш. А на ўроку работа аднаго з вучняў прадстаўляецца ўсяму класу.

Незаменны мультыборд на пазакласных мерапрыемствах. У межах культурна-адукацыйнага праекта “Рыцар і захавальнік рускай мовы”, прысвечанага 120-годдзю з дня нара­джэння С.І.Ожагава, навучэнцы шукалі адказы на пытанні інтэлектуальнага задання  “Хто? Дзе? Калі?”. Акрамя таго, яны выконвалі тэсты на веданне слоў са слоўніка мовазнаўца і іх правапіс. Гэтыя заданні спрыялі развіццю ўстойлівай цікавасці да вывучэння вучэбных прадметаў, інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў, удасканаленню культуры чытання і работы з даведачнай літаратурай, пашырэнню кругагляду, уменню працаваць з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Таксама ўдзел у гэтым мерапрыемстве паспрыяў фарміраванню ў навучэнцаў мета­прадметных кампетэнцый, павышэнню ўзроўню інфармацыйнай культуры і медыяпісьменнасці.

— Прымяненне інтэрактыўнай панэлі на ўроку дае магчымасць настаўніку арганізаваць вучэбны працэс на больш высокім навуковым і метадычным узроўні, што, несумненна, адлю­строўваецца на выніку: дапамагае мабілізаваць актыўнасць навучэнцаў, унесці навізну ў вучэбны працэс, павысіць цікавасць да ўрока, павялічыць магчымасць міжвольнага запамінання матэрыялу, вылучыць у матэрыяле галоўнае і сістэматызаваць яго. Акрамя таго, памяншаюцца выдаткі вучэбнага часу на выкананне заданняў, што дазваляе павялічыць тэмп заняткаў і выканаць большы аб’ём заданняў, формы работы на ўроку становяцца больш разнастайнымі, што павышае актыўнасць навучэнцаў, — мяркуе Т.І.Саевіч.

У практыцы работы педагогаў негарэльскай сярэдняй школы № 1 выкарыстанне ІКТ стала звычайнай справай. Яшчэ з пачатковай школы настаўнікі дапамагаюць сваім выхаванцам з лёгкасцю ўліцца ў лічбавы свет.

Настаўніца пачатковых класаў Вольга Бурская на сваіх занятках таксама прымяняе мультыборд. “Я выкарыстоўваю яго ўжо каля года. Перавагі мультыборда ў тым, што ён дазваляе сумясціць вучэбную і гульнявую дзей­насць малодшых школьнікаў. Прадмет “Чалавек і свет” — пазнавальны, але ў той жа час і даволі складаны. Вучэбныя заняткі праводзяцца з вялікай колькасцю ілюстрацый, бо такім чынам навучанне прыносіць задавальненне навучэнцам і развівае іх наглядна-вобразнае мысленне. Каб цікавасць падчас правядзення вучэбных заняткаў не згасала, мне на дапамогу прыйшлі мультымедыя. З гэтым тэрмінам мае вучні пазнаёміліся яшчэ ў 1 класе, калі ў рабоце я пачала выкарыстоўваць прэзентацыі. Навучэнцы ўжо тады з ахвотай уцягваліся ў вучэбны працэс, бо мультымедыйная прэзентацыя — гэта вельмі зручны спосаб прадстаўлення інфармацыі”, — адзначае настаўніца.

Часцей за ўсё Вольга Аляксандраўна выкарыстоўвае мультыборд на этапе знаёмства з новым матэрыялам. Навучэнцы разгадва­юць крыжаванкі, рэбусы, адгадваюць загадкі, шукаюць адказы на пытанні ў малюнках і відэа­роліках. “Гэта вельмі эканоміць час. Бо не трэба нічога чарціць на звычайнай дошцы, пісаць а­­значэнні, развешваць малюнкі і г.д. Увесь распрацаваны матэрыял (тэкст, анімацыі, табліцы) можна ўбачыць пры дапамозе дотыку да экрана”, — тлумачыць педагог.

На этапе праверкі дамашняга задання В.А.Бурская практыкуе філворды — галаваломкі, у якіх неабходна знайсці словы, што раскрываюць мінулую тэму. Экран заўсёды прыцягвае ўвагу, пры гэтым не трэба пастаянна адцягваць увагу на камп’ютар, каб кіраваць прэзентацыяй.

На занятках аб’яднання па інтарэсах “Пра­грамаванне і легаканструяванне” на дапамогу зноў прыходзіць мультыборд. На этапе вывучэння новага матэрыялу з дапамогай відэафра­гмента фармулююцца мэты і задачы заняткаў. Далей разглядаецца падрабязная інструкцыя па зборцы робата. У гэты час ідзе абмеркаванне працэсу пабудовы мадэлі, вывучаюцца простыя механізмы, дэталі, якія будуць выкарыстоўвацца. На этапе праграмавання робата педагог выкарыстоўвае відэаролік з узорам праграмы. Гэта спрашчае задачу і падштурхоўвае вучняў да больш хуткага выканання праграмы.

— Лічу, што заняткі, праведзеныя з мультыбордам, з’яўляюцца больш эфектыўнымі і прадукцыйнымі, бо навучэнцы становяцца больш зацікаўленымі ў адукацыйным працэсе. Яны з энтузіязмам пачынаюць працаваць, бо кожнаму падабаецца кіраваць тэхналогіямі пры дапамозе некалькіх дотыкаў, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна.

Настаўніца хіміі гімназіі № 1 Навагрудка Вольга Амельяновіч ужо даволі даўно выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі пры праектаванні і правядзенні вучэбных заняткаў і лічыць, што, умела выкарыстоўваючы ІКТ на ўроках, можна істотна павысіць інфармацыйную культуру навучэнцаў, дасягнуць якасна новага ўзроўню ў вывучэнні прадмета.

Як прызнаецца педагог, яшчэ больш актыўнаму прымяненню ІКТ паспрыяла тое, што ў гімназіі адбылася рэарганізацыя кабінета хіміі. Разам з новым вучэбным абсталяваннем, мэбляй, наглядным матэрыялам, кабінет папоўніўся інтэр­актыўнай сэнсарнай панэллю (мультыбордам).

— Новы час цягне за сабой і новыя магчымасці. Нездарма кажуць, што настаўнік вучыцца ўсё сваё жыццё, пастаянна шукае новыя формы і сродкі навучання, каб лягчэй, прасцей і больш даступна тлумачыць вучням складаны матэрыял, каб павышаць цікавасць да свайго прадмета, — адзначае Вольга Лаўрэнцьеўна. —  Перад тым як уключыцца ў работу па выкарыстанні мультыборда, шмат чаму трэба было навучыцца. На дапамогу прыйшоў рэсурс  “Дыстанцыйны ўсенавуч для настаўніка”, які прадстаўлены на нацыянальным адукацыйным партале. Яго матэрыялы размешчаны ў свабодным доступе і ўяўляюць сабой паўнавартасныя курсы, прызначаныя для самастойнага асваення педагогамі. З дапамогай названага рэсурсу і самастойнага вывучэння атрымалася асвоіць, як выкарыстоўваць у прафесійнай дзейнасці сэрвісы Google, канструктар інтэрактыўных заданняў LearningApps, даведацца, што такое QR-код і як прымяніць яго магчымасці ў навучанні і многае іншае.

Шматлікія інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы В.Л.Амельяновіч выкарыстоўвае на розных этапах вучэбных заняткаў. Пры вывучэнні новага матэрыялу або абагульненні ведаў педагог прымяняе анлайн-дошкі  linoit.com / ці padlet.com/, з якімі можна працаваць сумесна з навучэнцамі з выкарыстаннем мультыборда, а таксама прадстаўляць вучэбны матэрыял у прывабным выглядзе. Пасля сумеснай работы ёсць магчымасць захаваць вынік, раздрукаваць яго на прынтары і г.д. Для развіцця ў навучэнцаў умення структураваць інфармацыю часта выкарыстоўваюцца заданні на складанне логіка-сэн­савых схем (сэрвіс mindomo.com/, Cacoo). Так, урок абагульнення і сістэматызацыі ведаў з выкарыстаннем мультыборда быў праведзены па тэме “Кіслародаўтрымліваючыя арганічныя рэчывы”. Захаваныя падчас урока запісы настаўніца можа перадаць любому вучню, які прапусціў заняткі ці не паспеў зрабіць адпаведныя запісы ў сваім сшытку. Пры правядзенні заняткаў Вольга Лаўрэнцьеўна выкарыстоўвае розныя відэадоследы (yoursystemeducation.com/videoopyty/, chemistry-chemists.com/Video.html, youtube.com/) і віртуальныя лабараторыі (напрыклад, virtulab.net/), інтэрактыўныя модулі (напрыклад, fcior.edu.ru/). Так, у 10 класе перад выкананнем лабараторнай работы па тэме “Бялкі” вучням былі прадэманстраваны відэадоследы па якасных рэакцыях на бялкі, вучні даведаліся пра паслядоўнасць дзеянняў пры правядзенні лабараторнай работы. Для арганізацыі кантролю ведаў навучэнцаў прапаноўваюцца тэсты і заданні, складзеныя ў праграмах MyTestXPro, ispring.ru/ispring-quizmaker, learningapps.org/, quizlet.com/, liveworksheets.com/, Google- формы і інш. На ўроках педагог часта практыкуе такі від дзейнасці, як сумесная работа над Google-дакументамі, Google-табліцамі. Таксама разам з навучэнцамі рашаюцца тэсты анлайн на бясплатным сэрвісе для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання (https://adukar.by/test/ct-himiya) або адукацыйным партале “Рашу ЦТ” (https://chem.reshuct.by/), пры гэтым робяцца запісы паверх заданняў, якія выводзяцца на экран.

— Выкарыстоўваючы мультыборд, мы можам захаваць на камп’ютары ў спецыяльным файле ўсе запісы, якія рабілі падчас рашэння, для далейшай дэманстрацыі на іншых вучэбных занятках або для адпраўкі навучэнцам праз інтэрнэт, — расказвае В.Л.Амельяновіч. — Дастаткова актыўна пры арганізацыі навучання выкарыстоўваю платформу Google Clasroom, на якой ствараю ўласныя класы і курсы, дзялюся з навучэнцамі неабходным вучэбным матэрыя­лам, рознымі тыпамі заданняў, ацэньваю веды старшакласнікаў і сачу за іх прагрэсам. Так, быў створаны курс па раздзеле “Хімічная кінетыка”. І тут зноў на дапамогу прыходзіць мультыборд, які дазваляе дэманстраваць любыя тыпы заданняў для навучэнцаў на занятках. Часам мы выкарыстоўваем мультыборд проста як экран, напрыклад, пры вывучэнні тэарэтычнага матэрыялу па арганічнай хіміі карыстаемся курсам “Хімія. 10 клас” (profil.adu.by/) або Е-падручнікам “Арганічная хімія”.

Вучэбнае абсталяванне кабінета хіміі дазваляе педагогу больш глыбока ілюстраваць навучэнцам сутнасць працэсаў электралітычнай дысацыяцыі, хімічнай кінетыкі і іншых напрамкаў хіміі. Праўда, як прызнаецца педагог, яно пакуль яшчэ выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. У найбліжэйшы час у раёне запланаваны навучальныя курсы па выкарыстанні праграмна-апаратнага комплексу кабінета хіміі.

— Многія інфармацыйныя адукацыйныя рэсурсы я стала выкарыстоўваць яшчэ да з’яўлення ў кабінеце мультыборда, але толькі цяпер у поўнай меры можна ацаніць тое, наколькі зручна, калі любая інфармацыя ў рэжыме рэальнага часу можа быць данесена да вялікай колькасці навучэнцаў непасрэдна на вучэбных занятках. Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне  — я выкарыстоўваю Whiteboard — да­зваляе працаваць з тэкстамі і аб’ектамі, аўдыя- і відэаматэрыяламі, інтэрнэт-рэсурсамі, рабіць запісы ад рукі паверх адкрытых дакументаў і захоўваць інфармацыю. Выкарыстанне мультыборда дазваляе праводзіць урокі на якасна новым узроўні, зрабіла іх больш цікавымі, актуальнымі і прадукцыйнымі, — адзначае В.Л.Амельяновіч.


Як бачым, сучаснае тэхнічнае абсталяванне дазваляе рабіць заняткі  больш цікавымі і эфектыўнымі. Мае рацыю і старшыня савета дырэктараў карпарацыі Intel Крэйг Барэт, які неяк сказаў, што ўсе тэхнічныя дасягненні не каштуюць нічога, калі педагогі не ў стане іх выкарыстоўваць, і што цуды твораць не камп’ютары, а настаўнікі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.