Мэты дасягаюцца працай

- 9:20Прафесійна-тэхнічная адукацыя

“Маладосць — час фарміравання асобы, вызначэння жыццёвых прыярытэтаў. Стаўце перад сабой высокія мэты і здзяйсняйце задуманае. Любой мэты можна дасягнуць працай, засваеннем новых навыкаў, імкненнем да новых ведаў. Усе ўмовы для гэтага ў вас ёсць”, — такое меркаванне выказаў падчас сустрэчы з навучэнскім актывам Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа памочнік прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

На вочным, вячэрнім і завочным аддзяленнях ВДТК вучацца каля 2000 чалавек па 41 спецыяльнасці і прафесіі. Дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін падрабязна праінфармаваў памочніка прэзідэнта аб арганізацыі, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні адукацыйнага працэсу і сістэме падрыхтоўкі кадраў, развіцці ўстановы на сучасным этапе, планах на найбліжэйшую перспектыву, ажыццяўленне якіх дазволіць право­дзіць работу больш эфектыўна і якасна па ўсіх напрамках. У ходзе азнаямлення з вучэбнымі карпусамі і вучэбна-вытворчымі майстэрнямі асаблівую ўвагу Анатоля Ліневіча прыцягнуў рэсурсны цэнтр “Будаўнічыя тэхналогіі” — высокатэхналагічная адукацыйна-вытворчая пляцоўка з найноўшым абсталяваннем, дзе па мадэлі сеткавага ўзаема­дзеяння набываюць і ўдасканальваюць прафесійныя навыкі, стажыруюцца, павышаюць кваліфікацыю навучэнцы, работнікі каледжа і ўстаноў праф­адукацыі, прадстаўнікі будаўнічых арганізацый вобласці. Высокую ацэнку атрымалі спартыўны комплекс і нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй інтэрнат на 318 месцаў.

Анатоль Канстанцінавіч пагутарыў з навучэнцамі, выкладчыкамі і майстрамі вы­творчага навучання, пацікавіўся ўмовамі работы і вучобы, памерам заработнай платы, перспектывамі далейшай вучобы і прафесійнага росту, прадукцыяй і паслугамі, якія каледж прапануе насельніцтву, стаўленнем да падзей, што апошнім часам адбываюцца ў краіне. Працяг размовы з навучэнцамі і кіраўніцтвам установы адбыўся ў канферэнц-зале каледжа. Моладзь скарыстала выпадак, каб агучыць сваю пазіцыю і з першых вуснаў пачуць адказ на хвалюючыя пытанні. Юнакі і дзяўчаты выказалі свае прапановы па асобных момантах службы ва Узброеных Сілах (магчымасць служыць па атрыманай на ступені ПТА рабочай спецыяльнасці, адтэрміноўкі прызыву для тых, хто набыў у каледжы прафесійна-тэхнічную адукацыю і паступіў на ступень ССА, змянення ў тэрмінах прызыву, каб можна было пайсці на службу пасля здачы сесіі, а не пасярод семестра), удасканальванні арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў, ільготах на праезд у грамадскім транспарце. На думку маладзёжнага актыву каледжа, апошнія варта пашырыць і разам са школьнікамі прадаставіць бясплатны праезд тым навучэнцам, хто паступіў ва ўстановы праф­адукацыі на базе 9 класаў: да дасягнення 18-гадовага ўзросту, калі кожны з іх зможа працаваць і самастойна забяспечваць сябе. У фармаце адкрытага дыялогу былі абмеркаваны перспектывы дыстанцыйнага навучання, працаўладкавання выпускнікоў устаноў ПТА і ССА, працяг вучобы на ступені вышэйшай адукацыі, адносіны моладзі да несанкцыяваных мерапрыемстваў і фэйкавай інфармацыі ў інтэрнэце, змяненні ў вучэбных праграмах, абмен вопытам паміж студэнтамі на міжрэгіянальным і міжнародным узроўні — у прыватнасці, праз мала­дзёжныя грамадскія аб’яднанні. На частку ўзнятых пытанняў і прапаноў памочнік прэзідэнта адказаў адразу, на астатнія адзна­чыў: яны не могуць быць вырашаны імгненна, бо патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі спецыялістамі, пасля чаго ў кароткі тэрмін абавязкова будзе дадзены адказ.

— Вы зрабілі правільны выбар, калі па­ступілі ў каледж, — звяртаючыся да навучэнцаў, падкрэсліў Анатоль Ліневіч. —Узровень прафесійнай падрыхтоўкі тут адпавядае сучасным міжнародным стандартам, спецыяльнасці запатрабаваны: гэта гарантыя паспяховага працаўладкавання. Умовы для навучання, актыўнага адпачынку, пражывання ў інтэрнаце, заняткаў творчасцю, спортам, грамадскай дзейнасцю сапраўды цудоўныя. Важна, што многае для іх паляпшэння створана і ствараецца самімі навучэнцамі разам з педагогамі. На занятках свой вопыт вам перадаюць дасведчаныя выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. Большасць з іх маладога і сярэдняга ўзросту: яны таксама будучыня нашай краіны. Вы атрымліваеце прагрэ­сіўны пакет ведаў, засвойваеце культуру вытворчасці, раскрываеце ўласны патэн­цыял, развіваеце таленты і здольнасці — гэта сур’ёзная аснова для далейшага асабовага і прафесійнага росту. Хто з вас хоча далей працягваць адукацыю — калі ласка, дзверы ўніверсітэтаў адчынены. Прычым вы прыйдзеце туды не толькі з грунтоўнай тэарэтычнай базай, якая дапаможа выдатна вучыцца, але і з прафесіяй, практычнымі навыкамі, чым зможаце карыстацца ў тым ліку, каб у пе­рыяд навучання зарабляць пэўныя сродкі. Уражанне ад знаёмства з установай адукацыі пазітыўнае. Хочацца выказаць удзяч­насць за праведзеную работу калектыву каледжа і ў першую чаргу яго дырэктару Аляксандру Ласякіну. Тыя, хто прыўносіць у жыццё стваральны пачатак, мяняе да лепшага навакольны свет, — дастойныя людзі, і аўтарытэт іх вельмі высокі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.