Брэсцкі раён — унікальны куточак Беларусі, які расцягнуўся ўздоўж Заходняга Буга амаль на 100 км. Сотня кіламетраў пралягае праз маляўнічыя прыродныя мясціны, каля адметных помнікаў гісторыі і архітэктуры. На гэтай сотні кіламетраў вас чакае мноства яркіх уражанняў. Хаця і некалькіх кіламетраў вандроўкі па Прыбужжы дастаткова, каб атрымаць незабыўныя эмоцыі.
Маршрут на любы густ
Зіма вырашыла развітацца з намі ў перадапошні сакавіцкі панядзелак, акурат у дзень маёй камандзіроўкі. Таму не здзіўляйцеся “заснежаным” фотаздымкам. Зроблены яны не ў студзені або лютым, а ўсяго некалькі дзён назад. Як прырода шчодра засыпала маляўнічыя прасторы Прыбужжа снегам, гэтак жа і гісторыя шчодра адарыла Брэсцкі раён багатай спадчынай. Старадаўнія цэрквы і касцёлы — калі ласка. Прыгожыя палацы, рэшткі шляхецкіх сядзіб таксама ёсць. Паркі, закладзеныя ў мінулыя стагоддзі прадстаўнікамі знакамітых радоў, — і гэтым можна любавацца, прагульваючыся ціхімі прысадамі. А яшчэ тут шмат мясцін, праз якія можна пракласці цікавыя турыстычныя маршруты. І яны пракладваюцца, у прыватнасці, супрацоўнікамі Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна.
Калі захочаце наведаць 5-ы форт, а таксама іншыя аб’екты Прыбужжа арганізаванай групай, то варта скарыстацца транспартнымі паслугамі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Нявялікая падказка: у апошнюю пятніцу кожнага месяца для навучэнцаў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” плануецца 50-працэнтная скідка.
Як паведаміла дырэктар цэнтра Алена Пятроўна Падліпская, ва ўстанове рэалізуецца 15 адукацыйных праграм аб’яднанняў па інтарэсах па 4 профілях. Асноўны напрамак — турысцка-краязнаўчы. Працуюць аб’яднанні па інтарэсах на базе 10 устаноў адукацыі раёна. Найбольшая колькасць у сярэдніх школах Новых Лышчыц і Дамачава. У рабоце аб’яднанняў актыўна выкарыстоўваюцца школьныя стадыёны, спартыўныя залы і пляцоўкі. У красавіку мінулага года на базе сярэдняй школы Мухаўца быў уведзены скаладром, дзе праводзяцца спаборніцтвы раённага ўзроўню, ажыццяўляюцца трэніроўкі навучэнцаў. Таксама даволі актыўна праводзяцца трэніроўкі на вяровачным парку. У раёне дастаткова палігонаў для спартыўнага арыентавання. У першым паўгоддзі гэтага навучальнага года сярод спартыўна-масавых мерапрыемстваў былі праведзены спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні сярод навучэнцаў Брэсцкага раёна, адкрытае першынство раёна па спартыўным арыентаванні “Прыбужская восень”, навучэнцы зборнай раёна ўдзельнічалі ў Кубку Брэсцкай вобласці памяці У.А.Прудэлюка.
Калі ў раённым цэнтры турызму і краязнаўства ўхіл робіцца на турыстычна-спартыўны складнік, то ў краязнаўчым аспекце Прыбужжа актыўна вывучаюць педагогі і навучэнцы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Кіраўнікі і ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Юны краязнаўца”, “Географы-краязнаўцы”, “Юныя экскурсаводы”, “Гісторыкі-краязнаўцы”, “Юныя этнографы” прайшлі пехатой, праехалі на веласіпедах сотні кіламетраў краязнаўчых дарог Прыбужжа. Некаторую частку гэтых маршрутаў мы пераадолеем разам з загадчыкам аддзела краязнаўства абласнога цэнтра кіраўніком аб’яднання “Гісторыкі-краязнаўцы” Аляксандрам Пятровічам Строкачам. Да нашага падарожжа далучацца загадчык філіяла “Музей 5-ы форт” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Аляксандравіч Каркатадзэ і дырэктар сярэдняй школы Скокаў Валянціна Андрэеўна Саявец.
“Наш раён прыгранічны, размешчаны ўздоўж Заходняга Буга, таму тут перапляліся беларускія, украінскія, рускія, польскія культурныя традыцыі. Шмат самых розных помнікаў гісторыі. 60 кіламетраў на поўдзень ад Брэста — і вы ў Тамашоўцы, на малой радзіме Пятра Клімука, дзе ў мясцовай школе размешчаны музей касманаўтыкі. У тых мясцінах знаходзіцца і рэспубліканскі заказнік “Прыбужскае Палессе”, які спалучаецца з Шацкімі азёрамі Украіны. На поўначы раёна ў Чарнаўчыцах з XVI стагоддзя стаіць унікальны мураваны касцёл. У Збірагах — драўляны праваслаўны храм пачатку XVII стагоддзя. І такіх прыкладаў вялікае мноства. І праз усе гэтыя аб’екты пралягаюць нашы краязнаўчыя маршруты. Калі, скажам, у Тамашоўку пешы маршрут доўжыцца некалькі дзён, то да форта № 5 або сядзібы Нямцэвічаў, размешчаных каля самага Брэста, дастаткова і аднадзённага”, — расказвае Аляксандр Пятровіч.
Таямніцы форта
Апошні раз маштабнае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Беларусі праводзілася ў 60-я гады. З таго часу тэрыторыя большасці раёнаў не мянялася. Зусім іншая сітуацыя з раёнамі, цэнтры якіх — абласныя гарады, у прыватнасці, Брэст. Горад актыўна забудоўваецца, прырастае новымі мікрараёнамі, як вынік — практычна кожны год паглынае новыя вёскі, размешчаныя ў прыгарадзе. Прычым тэрыторыя горада разрастаецца так актыўна, што не на ўсіх сучасных картах праўдзіва адлюстроўваюцца яго межы. Напрыклад, на Google-карце і цяпер форт № 5 пазначаны як тэрыторыя Брэсцкага раёна, хаця афіцыйна ён ужо ўключаны ў склад горада. На жаль, пра гэтую акалічнасць я даведаўся толькі падчас камандзіроўкі, аглядаючы велічныя ўмацаванні, засыпаныя сакавіцкім снегам. Карэкціраваць запланаваны маршрут ужо было немагчыма, таму будзем лічыць, што мы здзейснілі невялікае падарожжа ў часе і форт № 5, які мы зараз наведаем, уваходзіць у склад Брэсцкага раёна.
Форт хоць і знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад цэнтральнай часткі Брэсцкай крэпасці, і дабірацца туды не заўсёды зручна, але ён абавязковы для наведвання. Па словах Аляксандра Аляксандравіча Каркатадзэ, каб зразумець, што такое крэпасць як фартыфікацыйны аб’ект, трэба абавязкова ехаць у 5-ы форт. Наведванне самой крэпасці на беразе Мухаўца і 5-га форта павінны быць у пары. Тады ў наведвальнікаў атрымліваецца цэласная гістарычная ацэнка, што такое крэпасць, для чаго яна пабудавана, якія падзеі адбываліся на яе тэрыторыі ў розныя перыяды. Да таго ж многія збудаванні форта захаваліся ў выдатным стане, а экскурсія па іх будзе сапраўдным квестам. Дарэчы, збіраючыся ў 5-ы форт, не забудзьце пра цёплае адзенне, а таксама ліхтарыкі, таму што частка экскурсіі будзе праходзіць па цёмных, неасветленых бетонных сутарэннях, якія прыхоўваюць шмат таямніц.
Пяты форт з’яўляецца ўнікальным помнікам фартыфікацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Будаваўся ў некалькі этапаў. Спачатку ў 1879—1880 гадах, пасля ў 1886—1889 гадах была праведзена яго мадэрнізацыя. Пабудаваны два капаніры і два паўкапаніры для абстрэлу вадзянога рова, а таксама цагляныя казематы. У 1906—1913 гадах пад кіраўніцтвам ваеннага інжынера Івана Бялінскага форт істотна ўзмацнілі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут размяшчалася 6-я рота артылерыі. За перыяд першай паловы ХХ стагоддзя ў форце размяшчаліся розныя арміі. Так, з 1915 па 1918 год у форце кайзераўскія войскі, з 1921 па 1939 год былі склады польскай арміі, а з красавіка 1941 года тут размяшчаўся 3-ці батальён 44-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі. У першы ж дзень Вялікай Айчыннай вайны форт захапілі салдаты вермахта. У ліпені 1944 года, як і ўся тэрыторыя Брэсцкага раёна, форт быў вызвалены байцамі Першага Беларускага фронту. У пасляваенныя гады ў форце размяшчаліся вайсковыя склады, з канца 60-х гадоў ён стаяў у запусценні.
Новае жыццё форта пачалося ў 1995 годзе, калі ён быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе стаў філіялам мемарыяльнага комплексу, у тым жа годзе была праведзена першая экскурсія, а 8 мая 2000 года адкрыта і першая выстава. У апошнія гады (калі не ўлічваць перыяд пандэміі) 5-ы форт з’яўляецца папулярным турыстычным аб’ектам. Напрыклад, у 2019 годзе філіял наведала 231 група, а гэта каля 22 700 чалавек, значную частку якіх складаюць навучэнцы. Дарэчы, сёлета на перыяд вясновых канікул на кожны дзень запісана па некалькі экскурсійных груп. Калі захочаце наведаць 5-ы форт, а таксама іншыя аб’екты Прыбужжа арганізаванай групай, то варта скарыстацца транспартнымі паслугамі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Нявялікая падказка: у апошнюю пятніцу кожнага месяца для навучэнцаў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” плануецца 50-працэнтная скідка.
У музейных залах, аформленых у памяшканнях былой казармы, наведвальнікі знаёмяцца з гісторыяй фартыфікацыі на беларускіх землях. Расказваецца пра стварэнне Камянецкай вежы, Ляхавіцкага замка, Бабруйскай крэпасці, замкаў у Міры, Нясвіжы. Паступова, эпоха за эпохай, экскурсантаў падводзяць да гісторыі Брэсцкай крэпасці. Падрабязна расказваецца пра крэпасць як сістэму фартыфікацыйных аб’ектаў, біяграфію ваенных інжынераў, якія прымалі ўдзел у будаўніцтве і мадэрнізацыі крэпасці, экскурсанты наведаюць стылізаваную ваенную канцылярыю канца ХІХ стагоддзя, азнаёмяцца з бытам салдат таго часу. За паўтары гадзіны, якія праляцяць незаўважна, у бетонных капанірах і паўкапанірах наведвальнікі пабачаць і пачуюць шмат цікавага, пабываюць у падземных галерэях (патэрнах). А што такое цікавае чакае наведвальнікаў, вы можаце даведацца дзякуючы гэтым фотаздымкам. Але, пагадзіцеся, лепш ад зін раз убачыць у рэальнасці, чым сто разоў на фотаздымку. Вас з радасцю сустрэнуць і ў абласным цэнтры турызму і краязнаўства, і ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, і ў яго філіяле “Музей 5-ы форт” — яго новай экспазіцыі. Так што пры магчымасці наведайцеся на Прыбужжа. А мы працягнем нашу вандроўку. І з ваеннай тэматыкі, тэматыкі фартыфікацыйных пагранічных збудаванняў, пераключымся на тэматыку шыкоўных палацаў, архітэктурных стыляў і адправімся ў знакамітыя Скокі, у былыя ўладанні Нямцэвічаў.
Будынак палаца Нямцэвічаў — найбольш значны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Прыбужжа, найстарэйшы будынак свецкай архітэктуры на тэрыторыі сучаснага Брэсцкага раёна, узведзены ў стылі барока.
Знакамітая сядзіба
Перад тым як наведацца ў Скокі, варта прачытаць кнігу кандыдата фізіка-матэматычных навук, выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, апантанага краязнаўца Анатоля Антонавіча Гладышчука “Нямцэвічы. Сапраўдная гісторыя”. Перад вамі паўстане яркае жыццё знакамітага роду, кніга настроіць вас на адпаведны лад, ад чаго экскурсія па палацы і старадаўнім парку будзе асабліва запамінальнай і цікавай. Прадстаўнікі роду Нямцэвічаў былі высокаадукаванымі, таленавітымі людзьмі, яны актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці краю. Гэтыя мясціны памятаюць такіх асоб, як Аляксандр ІІІ, Міхал Агінскі, Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, якія гасцявалі ў Нямцэвічаў, у вось гэтым самым палацы, што вы бачыце на фотаздымку. Дарэчы, будынак палаца Нямцэвічаў — найбольш значны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны Прыбужжа, найстарэйшы будынак свецкай архітэктуры на тэрыторыі сучаснага Брэсцкага раёна, узведзены ў стылі барока. Самым знакамітым прадстаўніком роду з’яўляецца Юльян Урсын Нямцэвіч — літаратар, гісторык, грамадскі дзеяч.
“Былая сядзіба Нямцэвічаў — гэта дарагое для нас, мясцовых жыхароў, месца, асабліва для нашай школы, бо ў будынку сядзібы ў пасляваенны час аж да 1986 года знаходзілася школа. Для мяне гэтае месца ўтрайне дорага. Па-першае, я ўраджэнка Скокаў. Усе мае продкі адсюль. Па-другое, я скончыла гэтую школу. Па-трэцяе, у ёй я пачынала працаваць. Усе тыя звесткі, якія сёння вядомы нам пра Нямцэвічаў, пачыналі збіраць менавіта настаўнікі. Яшчэ ў 80-я гады мы з калегамі пачалі цікавіцца гісторыяй сядзібы пасля таго, як аднойчы ў вясковай бібліятэцы трапілі на артыкул пра нашу вёску, якая раней называлася Валькавічы, потым, ужо не менш як тры стагоддзі, — Скокі. Нам стаў цікавы лёс яе былых уладальнікаў, бо да гэтага ніхто і не ведаў, як іх звалі. Мясцовыя жыхары ў сваіх успамінах гаварылі “пан”, “пані”, а як іх звалі, якое ў іх было прозвішча, чамусьці ніхто не ўзгадваў, ды і не прынята было тады вывучаць падобную тэму. У тыя часы сярод мясцовых жыхароў было шмат людзей, якія памяталі Нямцэвічаў і нават працавалі ў іх. Напрыклад, школьная прыбіральшчыца баба Ядзя працавала пакаёўкай. Яна часта расказвала пра былыя часы, паказвала, дзе ў будынку знаходзіўся камін, дзе якая мэбля стаяла, як праводзіліся балі”, — паведаміла Валянціна Андрэеўна Саявец.
Калі ў 1986 годзе была ўзведзена новая школа, то ў будынку сядзібы планавалася стварыць і музей, і школу мастацтваў. Але толькі прыкладна ў 2007 годзе пачалася яго рэканструкцыя. Наогул, пачатак актыўнаму даследаванню гісторыі роду Нямцэвічаў з далучэннем шырокіх колаў грамадства стаў весціся ў 2002 годзе, пасля міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Юльяну Нямцэвічу, якая прайшла ў Брэсце. Шмат людзей было зацікаўлена ў адраджэнні гэтай сядзібы, у тым ліку настаўнікі, а таксама аўтар ужо згаданай кнігі Анатоль Гладышчук. Настаўнікі па крупінках збіралі інфармацыю, звязваліся з архівамі, у тым ліку замежнымі. Дарэчы, тады на канферэнцыю завітала Тэрэза Вярыха — апошняя з нашчадкаў Нямцэвічаў, якая нарадзілася ў Скоках у 1925 годзе. Яна прыехала з двума ўнукамі. Шмат цікавых успамінаў пакінула жанчына. Праз некаторы час нашчадкі знакамітага роду перадалі ў школу 12 копій старых фотаздымкаў фармату А4 з сямейнага архіва з выявамі інтэр’ераў палаца, парку. Сённяшняя экспазіцыя, размешчаная ў палацы, фактычна пачала сваё існаванне з тых краязнаўчых крупінак, якія сабрала школа, у якой калісьці дзейнічаў музейны пакой.
“У нашай школе праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Нямцэвічам, у першую чаргу Юльяну. У нас быў краязнаўчы клуб, які займаўся вывучэннем гісторыі роду і нашай вёскі, — працягвае дырэктар школы. — Другі напрамак — тэатральная студыя. Ёй ужо каля 20 гадоў. Дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў пераклалі з польскай мовы на беларускую адну з п’ес Нямцэвіча. Апошні раз яе пастаноўка была ў 2018 годзе з нагоды 260-гадовага юбілею Юльяна Нямцэвіча. Калі ў школе дзейнічаў музейны пакой, то мы распрацавалі па ім экскурсіі, да нас прыязджалі вучні з навакольных вёсак, школ Брэста. Сёння разам з супрацоўнікамі сядзібы Нямцэвічаў мы праводзім шмат розных мерапрыемстваў. Напрыклад, на базе сядзібы дзейнічае краязнаўчы гурток пад кіраўніцтвам былой настаўніцы гісторыі Людмілы Аляксееўны Пальм. У гуртку займаюцца нашы вучні. Дарэчы, пад кіраўніцтвам Людмілы Аляксееўны вучаніца 9 класа Ганна Галубковіч напісала даследчую работу “Ёсць такая вёска” і атрымала дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ навучэнцаў. У залах сядзібы праводзім вучэбныя заняткі, у першую чаргу па гісторыі і мастацкай культуры. Тут ярка прадстаўлены і архітэктура, і жывапіс, і побыт. Усім гэтым мы карыстаемся. Асаблівая дата для скокаўскіх настаўнікаў і вучняў — 16 лютага, дзень нараджэння Юльяна Нямцэвіча. Традыцыйна з яе нагоды ў школе сумесна з супрацоўнікамі сядзібы праводзіцца тыдзень, прысвечаны знакамітаму земляку”.
Не пашкадуеце!
Прыбужжа — унікальны паўднёва-заходні куточак Беларусі. Тут і старадаўнія цэрквы, і касцёлы, і прыгожыя палацы, і рэшткі шляхецкіх сядзіб, і паркі, закладзеныя ў мінулыя стагоддзі прадстаўнікамі знакамітых родаў. Шмат цікавага чакае вас падчас падарожжа ўздоўж Заходняга Буга. Знайдзіце некалькі дзён для вандроўкі ў Брэсцкі раён, не пашкадуеце!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.