Маральныя асновы і прынцыпы — гэта стрыжань, на якім трымаецца асоба чалавека. Ён дазваляе заставацца нясхільным і нязломным нават у самых складаных жыццёвых сітуацыях, дае правільныя арыенціры ў жыцці. Сфарміраваць і загартаваць гэты стрыжань — сутнасць выхавання. На гэта скіравана выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі. Асаблівую актуальнасць работа па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў набывае ва ўстановах прафесійнай адукацыі, куды прыходзяць вучыцца ў падлеткавым узросце. Гэта перыяд, калі маральны стрыжань яшчэ не да канца сфарміраваны, а ўжо падвяргаецца выпрабаванням на трываласць раптам атрыманай свабодай, адчуваннем даросласці і ўсёдазволенасці. Выхаваўчая работа ў прафесійных каледжах і ліцэях заклікана падтрымаць маладога чалавека, каб гэтыя выпрабаванні не зламалі, а загартавалі асобу. У справе выхавання духоўнасці магутны патэнцыял маюць хрысціянскія традыцыі. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці назапашаны багаты вопыт іх выкарыстання ў выхаваўчай рабоце.
Вопытам работы па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў супрацоўнікі прафесійных каледжаў і ліцэяў дзяліліся нядаўна ў Барысаве, дзе прайшоў навукова-практычны семінар “Выхаванне духоўнасці на праваслаўных традыцыях ва ўстановах прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці”. Да работы семінара падключыліся каля 100 прадстаўнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі прысталічнага рэгіёна, а таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Генрыхавіч Турчын, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веньямін.
— Адна з найважнейшых задач часу, у які мы жывём, — фарміраванне духоўна-маральнай асобы, — падкрэсліў мітрапаліт Веньямін падчас мерапрыемства. — Гэта павінна стаць іх унутраным стрыжнем. Ідэалы дабра, справядлівасці, доўгу, гонару, якія праяўляюцца ў дачыненні да людзей і прыроды, закладваюцца не толькі ў сям’і, але і ў розных установах адукацыі, таму работа па выхаванні дзяцей і падлеткаў у школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах павінна праводзіцца пастаянна. Тут можа дапамагчы Праваслаўная царква, якая здольна даць моладзі магчымасць адчуць сваю прыналежнасць да тысячагадовай гісторыі роднай краіны, дакрануцца да нашых святынь, усвядоміць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, бо не сакрэт, што царква не толькі аказала ўплыў на фарміраванне культуры і духоўнасці народа, але і змагла захаваць многія сведчанні яго багатай гісторыі.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веньямін падкрэсліў, што асаблівае месца ў супрацоўніцтве царквы і сістэмы адукацыі павінны займаць установы прафесійнай адукацыі, у якіх праходзіць найважнейшы этап грамадзянскага станаўлення маладога чалавека.
У цэнтры ўвагі на семінары была тэма супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і прыходаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. У рамках семінара спецыялісты абмеркавалі шырокае кола пытанняў, звязаных з духоўна-маральным выхаваннем.
Сіла ўзаемадзеяння
Сістэму работы ўстаноў адукацыі сталічнай вобласці па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў прадставіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Башко. Ён адзначыў, што перад педагагічнымі калектывамі ўстаноў адукацыі, сям’ёй стаяць задачы фарміравання маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны і свайго народа, выхавання адказнага грамадзяніна-патрыёта. Важным складнікам дасягнення гэтай мэты з’яўляецца ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой на аснове праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і БПЦ.
Ва ўстановах адукацыі вобласці функцыянуюць 20 рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. У школах арганізаваны 312 факультатыўных заняткаў па асновах праваслаўнай культуры і духоўна-маральным выхаванні, якія наведваюць каля 3 тысяч школьнікаў. Інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні рэалізуюцца ў 24 установах адукацыі. Штогод ва ўстановах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да значных дат хрысціянскага календара. У 2020 годзе на Міншчыне прайшло больш за 1700 такіх мерапрыемстваў, удзел у іх узялі больш за 30 тысяч навучэнцаў.
Трэці год ва ўстановах адукацыі рэалізуецца абласны праект па духоўна-маральным выхаванні “Духоўнасць. Гармонія. Прыгажосць”, мэтай якога з’яўляецца ўмацаванне інстытута сям’і на аснове праваслаўных традыцый. У рамках праекта падрыхтаваны зборнік інфармацыйных матэрыялаў “Хвілінкі духоўнасці”, які ўяўляе сабой кароткія гутаркі пра дабро, справядлівасць, міласэрнасць, гонар і годнасць. У ходзе рэалізацыі абласнога праекта праведзены значныя мерапрыемствы, такія як дэкада духоўна-маральнага выхавання “У коле сям’і нараджаецца душа”, конкурс “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музеяў”.
Актуальнай формай работы застаюцца адукацыйныя экскурсіі па праваслаўным краязнаўстве. У 2020 годзе педагогі вобласці асвойвалі новыя формы работы — актыўна выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці віртуальныя экскурсіі па праваслаўных храмах, завочныя падарожжы па святых месцах Беларусі. Пачалася работа па стварэнні інтэрактыўнай карты храмаў, якая адлюстроўвае гісторыю малой радзімы, лёсаў мясцовых жыхароў.
Актыўна праводзіцца работа па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў і ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Формы ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і прадстаўнікоў духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы даволі разнастайныя — ад духоўных гутарак, дыспутаў да сацыяльных дабрачынных акцый, такіх як “Цуды на Каляды”, “Велікодны кошык”, “Сагрэем цяплом” і інш.
У інтэрнатах каледжаў і ліцэяў рэгулярна праходзяць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі Праваслаўнай царквы. На сустрэчах размаўляюць аб каштоўнасці і сэнсе жыцця, маралі, міласэрнасці, сумленнасці, духоўнасці і інш.
М.М.Башко асабліва адзначыў сістэму работы па духоўна-маральным выхаванні ў Барысаўскім, Слуцкім, Салігорскім дзяржаўных каледжах. Эфектыўная дзейнасць па гэтым кірунку вядзецца таксама ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, Навапольскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы, Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа, Мар’інагорскім ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічным каледжы імя У.Я.Лабанка, Смілавіцкім, Ільянскім дзяржаўных аграрных каледжах.
Ва ўстановах прафесійнай адукацыі ў рамках экскурсійна-асветніцкай дзейнасці навучэнцы наведваюць праваслаўныя храмы, манастыры, выставы праваслаўнай кнігі, царкоўна-гістарычныя музеі пры храмах. Развіваецца маладзёжны валанцёрскі рух. Валанцёры аказваюць дапамогу храмам, арганізуюць мерапрыемствы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, збіраюць падарункі для пацыентаў псіханеўралагічнага дома-інтэрната і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Для паглыбленага вывучэння духоўна-маральнай і культурнай спадчыны праваслаўя ва ўстановах прафесійнай адукацыі ажыццяўляецца праектная дзейнасць, працуюць аб’яднанні па інтарэсах духоўна-маральнай накіраванасці. Вопыт супрацоўніцтва ўстаноў прафесійнай адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы трансліруецца ў рамках міжнародных, рэспубліканскіх, рэгіянальных навукова-практычных канферэнцый, чытанняў, семінараў.
Праваднікі ў свет духоўнасці
У Барысаўскім дзяржаўным каледжы склалася эфектыўная сістэма работы па фарміраванні маральна-духоўных каштоўнасцей. Установа актыўна ўзаемадзейнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой і ўключылася ў рэалізацыю абласнога праекта “Духоўнасць. Гармонія. Прыгажосць”. Пра гэта расказала дырэктар каледжа Лілія Эдуардаўна Чэча.
— У каледжы вучыцца 1878 навучэнцаў, з іх 1102 — непаўналетнія. 57% навучэнцаў патрабуюць павышанай педагагічнай увагі, і гэта вызначае асаблівыя сацыяльныя функцыі ўстановы адукацыі, — падкрэсліла Лілія Эдуардаўна. — Арыенцірам у справе выхавання для нас заўсёды з’яўлялася царква. Мяняюцца маральныя асновы ў грамадстве, а царква ў гэтым зменлівым свеце адвечна захоўвае сваю маральную аснову.
Духоўна-маральнае выхаванне асобы пачынаецца ў сям’і. Узаемаадносіны ў сям’і праецыруюцца на адносіны ў грамадстве і складаюць аснову грамадзянскіх паводзін чалавека. Таму ў каледжы арганізавана работа клуба “Сям’я”, асноўная мэта якога — навучанне бацькоў уменню ўзаемадзейнічаць з падлеткамі, павышэнне іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці. У рамках работы клуба бацькі абменьваюцца вопытам вырашэння сямейных праблем, атрымліваюць кансультацыі, бяруць удзел у трэнінгах, інтэрактыўных лекторыях. Праводзяцца бацькоўскія сходы, канферэнцыі з удзелам айца Сергія, настаяцеля храма Дзмітрыя Данскога.
Жаданымі гасцямі каледжа заўсёды з’яўляюцца Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веньямін і настаяцелі храмаў Барысаўшчыны. Словы пажадання і Божае благаславенне ў Дзень ведаў атрымліваюць кожны педагог і навучэнец. Для пераможцаў алімпіяднага руху і конкурсаў прафесійнага майстэрства была арганізавана сустрэча з настаяцелем храма-помніка Усіх Святых протаіерэем Фёдарам Поўным, праведзена экскурсія па тэрыторыі храма-помніка.
Пры ўдзеле айца Георгія з прыхода храма Святой Жываначальнай Тройцы праводзяцца маральна-прававыя ўрокі і індывідуальныя гутаркі з непаўналетнімі навучэнцамі. На ўроках духоўнасці, арганізаваных на базе бібліятэк каледжа, клірык храма Нараджэння Хрыстова Арцемій праводзіць заняткі па асновах праваслаўнай культуры, гутаркі на маральна-этычныя тэмы, якія даюць магчымасць задумацца пра вечныя каштоўнасці, ацаніць свае ўчынкі.
Многія гады ў каледжы актыўна развіваецца валанцёрскі рух. Працуюць 7 валанцёрскіх атрадаў. Валанцёры бяруць удзел у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі храмаў, аказваюць дапамогу інвалідам, ветэранам вайны і працы, Барысаўскаму спецыялізаванаму дому дзіцяці, дзіцячаму сацыяльнаму прытулку. Пад кіраўніцтвам педагогаў-арганізатараў навучэнцы выступаюць з канцэртнымі праграмамі і тэатрам “Батлейка” ў храмах Барысава.
Навучэнцы атрада “Імпульс” сталі ўдзельнікамі ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй з усіх беларускіх мемарыяльных месцаў у крыпту храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. Валанцёрскі атрад “Дабро людзям”, у склад якога ўваходзяць навучэнцы-сіроты, ажыццяўляе сваю дзейнасць, накіраваную на фарміраванне здаровага ладу жыцця, экалагічнае і працоўнае выхаванне.
Падарожнічаючы па беларускіх гарадах і пасёлках, наведваючы праваслаўныя храмы, манастыры, педагогі і навучэнцы знаёмяцца з архітэктурнымі помнікамі, традыцыямі і побытам народа. Гэта стала пачаткам работы над краязнаўчымі праектамі. Дзякуючы гэтым праектам, было сабрана мноства цікавых матэрыялаў, і цяпер ажыццявіць віртуальную экскурсію па святых месцах можна з дапамогай QR-кодаў, размешчаных на інфармацыйных банерах. За апошнія тры гады былі рэалізаваны 5 даследчых праектаў навучэнцаў. Аб’ектамі для даследаванняў сталі храмы і прадметы духоўнай і мастацкай культуры Беларусі. Усе праекты — пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў.
Паспяхова ажыццяўляецца работа факультатыўных заняткаў, змест якіх накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў адказных паводзін, прафілактыку дэвіянтных паводзін.
Надзвычай важны ў гэтай рабоце маральны прыклад педагога. І Барысаўскаму дзяржаўнаму каледжу шанцуе на цудоўных людзей, якія валодаюць высокімі маральнымі якасцямі. Так, напрыклад, Таццяна Вітальеўна Рашатняк і Марына Аляксандраўна Вронская з’яўляюцца арганізатарамі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў у нядзельнай школе пры храме Нараджэння Хрыстова горада Барысава. Актыўна прыцягваюць навучэнцаў і выпускнікоў да сумеснай дзейнасці. Педагогі каледжа трансліруюць свой вопыт работы па духоўна-маральным выхаванні на ўзроўні вобласці і краіны.
Самае галоўнае, што ўсе супрацоўнікі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа ў сваёй рабоце зыходзяць з меркавання, што яны павінны не проста вучыць маладых людзей, а быць для іх праваднікамі ў свет духоўнасці.
Дар’я РЭВА.