Пра кадры думаць загадзя

- 9:20Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Сістэма прафесійнай адукацыі — надзейная апора прадпрыемстваў у кадравым забеспячэнні вытворчасці.

Каб заставацца такой апорай, сістэме неабходна гнутка рэагаваць на змены ў вытворчасці, якія ў сучасных рэаліях адбываюцца ўсё хутчэй. У сувязі з гэтым арганізацыя апераджальнай падрыхтоўкі — важны аспект, над якім працуе сістэма. Работа на апярэджанне азначае, што ва ўстанове навучанне рабоце з новым, высокатэхналагічным абсталяваннем пачынаецца яшчэ да таго, як яно з’явіцца на прадпрыемстве; што падрыхтоўка па новых актуальных спецыяльнасцях аператыўна адкрываецца, а па існуючых — мяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснасці. Аб арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі і актуальных для прафесійнай адукацыі пытаннях гутарым з рэктарам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі кандыдатам педагагічных навук дацэнтам В.М.ГАЛУБОЎСКІМ.

— Валерый Мікалаевіч, чаму пытанне арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі сёння такое актуальнае? Якія працэсы ў вытворчасці і грамадстве робяць апераджальную падрыхтоўку такой запатрабаванай? 

— Праграмай развіцця сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады вызначаны прыярытэты развіцця. Адным з іх з’яўляецца інтэлектуальная краіна. У аснове гэтага прыярытэту — адукацыйная сістэма, здольная адказваць на выклікі сучаснага  сацыяльна-тэхналагічнага ўкладу, якая дазваляе фарміраваць актуальныя веды і ўменні ў моладзі і ў дарослага насельніцтва. Гэтыя задачы патрабуюць змянення падыходаў да абнаўлення зместу і арганізацыі адукацыйнага працэсу, у аснову якіх павінны быць закладзены прынцыпы апераджальнай пад­рыхтоўкі кадраў.

Адзначу, што апераджальная падрыхтоўка прадугледжвае 2 важныя аспекты. Першы заключаецца ў тым, што змест адукацыйных праграм павінен апярэджваць узровень развіцця вытворчасці, таму што новыя тэхналогіі могуць укараняцца даволі хутка. Пры наяўнасці сродкаў сучаснае абсталяванне можа быць набыта і падрыхтавана да эксплуа­тацыі на працягу аднаго года, а то і меншага перыяду, а тэрмін пад­рыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі — ад аднаго да трох гадоў. Гэта значыць, што вывучаць сучасныя тэхналогіі неабходна нават пры іх адсутнасці на прадпрыемствах. Другі аспект — гэта своечасовае перанавучанне работнікаў, якія ва ўмовах мадэрнізацыі вытворчасці вызваляюцца ад сваіх рабочых абавязкаў.

Сістэма прафесійнай адукацыі гатова да вырашэння гэтых задач, аднак вельмі важна стварыць умовы для своечасовага паступлення ў сістэму адукацыі інфармацыі аб інвестыцыйных праектах, якія будуць рэалізоўвацца, і тэхналогіях, якія будуць укараняцца.

— Прывядзіце, калі ласка, прыклад, як сёння арганізуецца апераджальная падрыхтоўка ва ўстановах адукацыі.

— Удалы прыклад — цэнтр вытворчых тэхналогій MAZ — Weichai, які дзейнічае на базе філіяла РІПА Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага. Сёння тут рыхтуюць спецыялістаў для новага прадпрыемства па выпуску дызельных рухавікоў новага пакалення, якое дзейнічае ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку “Вялікі Камень”. У 2018 годзе пачалося будаўніцтва доследна-вытворчага прадпрыемства, і ў гэтым жа годзе быў распрацаваны праект стварэння новага вучэбнага цэнтра ў аўтамеханічным каледжы. Такім чынам загадзя паклапаціліся аб тым, каб новае прадпрыемства было забяспечана не толькі абсталяваннем, але і кадрамі.

Гэты цэнтр — яскравы доказ таго, што сёння сістэма прафесійнай адукацыі нашай краіны здольна суправаджаць значныя інвестыцыйныя праекты, працаваць у цеснай звязцы з прамысловымі прадпрыемствамі і быць надзейным партнёрам для вырашэння стратэгічных задач.

У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця ў сферы прамысловасці плануецца развіццё айчыннай вытворчасці электратранспарту і аўтакампанентаў да яго. Будзе павялічаны выпуск электробусаў. Мяркуецца арганізацыя аўтамабільнага кластара, ядром якога стануць прадпрыемствы па вытворчасці дызельных і гібрыдных рухавікоў унутранага згарання экалагічнага класа Еўра-6 і вышэйшага, аўтакампанентаў і рухавікоў для легкавых аўтамабіляў, дарожнай і будаўнічай тэхнікі. У той жа час у складзе кластара няма ўстаноў прафесійнай адукацыі, але кластар прадугледжвае наяўнасць удзельнікаў, якія забяспечваюць стварэнне канчатковага прадукту, і кадры ў гэтым працэсе займаюць далёка не апошняе месца ў кластарным ланцужку.

Мяркую, што поспех рэалізацыі інвестыцыйнага праекта залежыць ад своечасовага падключэння прадстаўнікоў сістэмы адукацыі да абмеркавання патрабаванняў да кадраў і ўзроўню іх кваліфікацыі, гэта значыць не пасля ўводу ў эксплуатацыю мадэрнізаванага або новага прадпрыемства, а на этапе распрацоўкі праекта і вызначэння пераліку абсталявання, як гэта зрабіў МАЗ пры стварэнні сумеснага прадпрыемства MAZ — Weichai.

— Як укараняецца апераджальная падрыхтоўка ў адукацыйны працэс?

— Арганізацыя апераджальнай падрыхтоўкі кадраў для перспектыўных сектараў эканомікі ажыццяўляецца праз эксперыментальную дзейнасць ва ўстановах прафесійнай адукацыі пры каардынацыі РІПА. Адным з найважнейшых з’яўляецца эксперыментальны праект на тэму “Апрабацыя методыкі адбору і структуравання зместу адукацыйных праграм на аснове мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы кваліфікацый”.

У выніку эксперыментальнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць кадры, што патрэбны прадпрыемствам машына- і аўтамабілебудавання, беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, сферы інфармацыйных тэхналогій, будаўніцтва, сувязі і інфарматызацыі і інш. Адкрыты набор, напрыклад, на такія спецыяльнасці, як “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання” (кваліфікацыя “тэхнік-мехатронік”),“Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі” (ква­ліфікацыя “тэхнік-біятэхнолаг”), “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”.

Звярну вашу ўвагу на тое, што сёння ў рамках эксперыментальнай работы вучэбныя планы пабудаваны на модульнай аснове, дзе модуль з’яўляецца функцыянальна завершаным. Гэта дазваляе аператыўна адаптаваць змест навучання да змен. Пры ўкараненні ў працэс вытворчасці новых тэхналогій, прыёмаў модульны прынцып дазваляе дапоўніць модуль, скарэкціраваць яго, замяніць на іншы, распрацаваны з улікам змяненняў, і гарманічна ўбуда­ваць модуль у змест падрыхтоўкі. Пры гэтым кожны модуль у адукацыйнай праграме — гэта асобная кароткатэрміновая праграма павышэння кваліфікацыі. Такім чынам можна арганізоўваць навучанне толькі па асобных модулях для розных катэгорый слухачоў у залежнасці ад патрабаванняў той ці іншай арганізацыі. Эксперыментальна апрабаваныя вучэбныя планы з модульнай структурай зместу плануецца шырока ўжываць пасля прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”, бо паняцце “модуль” замацавана ў новай рэдакцыі закона.

Па завяршэнні эксперыментальнай апрабацыі новых планаў спецыяльнасць уносіцца ў класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, што дазваляе адкрываць падрыхтоўку кадраў па новай спецыяльнасці ва ўсіх рэгіёнах краіны на базе найбольш аснашчаных каледжаў. Суправаджэнне гэтага працэсу ажыццяўляецца праз павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў устаноў ПТА і ССА на базе факультэта павышэння кваліфікацыі РІПА. У год па розных праграмах ПК прахо­дзяць падрыхтоўку больш за 3800 педагагічных работнікаў, у тым ліку каля 300 чалавек з краін СНД.

Напрыклад, у Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным кале­джы імя акадэміка М.С.Высоцкага, які я згадваў раней, для арганізацыі падрыхтоўкі кадраў, здольных абслугоўваць электрамабілі, выкананы шэраг мерапрыемстваў: вывучаны вопыт замежных краін — лідараў у вытворчасці электрамабіляў, распрацаваны праект прафесійнага стандарту сумесна з БелДжы, Volkswagen і іншымі арганізацыямі краіны, распрацаваны змест вучэбнага плана на модульнай аснове. У прафстандарце адлюстраваны функцыянал спецыяліста ў межах спецыяльнасці “Дыягностыка гібрыдных і электрарухавікоў”, а здольнасць выконваць гэтыя функцыі фарміруецца праз вывучэнне адукацыйнага модуля, закладзенага ў вучэбным плане. Некаторыя модулі выкарыстоўваюцца як асобныя праграмы пад­рыхтоўкі для фарміравання пэўнай кампетэнцыі. Напрыклад, у аўтамеханічным каледжы сярод іншых вывучэнне абсталявання электрамабіля прахо­дзілі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных справах для фарміравання алгарытму дзеянняў па выманні пасажыраў з электрамабіля ў выпадку ДТЗ, каб пры гэтым ніхто не пацярпеў ад высокага напружання.

Такім чынам, у 2020 годзе прыняты шэраг мер па стымуляванні набыцця электрамабіляў і развіцці сеткі электразаправачных станцый, а кадры для рынку працы загадзя падрыхтаваны.

— Абнаўленне зместу навучання патрабуе новых вучэбных дапаможнікаў. Як вядзецца работа ў гэтым напрамку?

— Гэтая работа вядзецца актыўна. Распрацоўкай неабходных сродкаў навучання займаюцца аўтарскія калектывы педагогаў-практыкаў, якія маюць вопыт і высокі метадычны патэнцыял, якія вывучаюць развіццё тэхнікі і тэхналогій па профілі падрыхтоўкі кад­раў. Фарміраваннем такіх аўтарскіх калектываў і арганізацыяй іх работы займаецца Цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання РІПА. Штогод для ўстаноў прафесійнай адукацыі ў РІПА выдаецца больш за 70 выданняў: падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, у тым ліку з электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі.

— Раскажыце аб удзеле і ролі прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў у арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі і падрыхтоўкі кадраў увогуле.

— Цеснае ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў — стратэгічна важны напрамак работы ўстаноў прафесійнай адукацыі. Прадпрыемствы павінны падключацца да работы не толькі на этапе працаўладкавання, але таксама ўдзельнічаць у аднаўленні зместу адукацыі, распрацоўцы прафесійных стандартаў, прафарыентацыйнай рабоце. Зараз становіцца актуальным пытанне ўзмацнення ўдзелу сацыяльных партнёраў і ў фінансаванні працэсу падрыхтоўкі кадраў. 

Сусветная практыка паказвае, што ў фінансаванні падрыхтоўкі ўдзельнічае не толькі дзяржава, але і заказчыкі кадраў, прычым не толькі адлічэннямі ў бюджэт падаходнага падатку, але і мэтавым фінансаваннем на развіццё кваліфікацый. Напрыклад, у Францыі прадпрыемствы ­ўдзельнічаюць у фінансаванні прафесійнай адукацыі праз механізм абавязковага збору, які быў заканадаўча замацаваны яшчэ ў 1970-х гадах. Збор спаганяецца ў памеры 1,7% ад фонду аплаты працы прадпрыемства з некаторай дыферэнцыяцыяй у залежнасці ад памераў прадпрыемства і выкарыстоўваецца для навучання дзеючых супрацоўнікаў і моладзі.

У Венгрыі існуе Нацыянальны фонд падрыхтоўкі кадраў, які з’яўляецца субфондам фонду працы. У гэты фонд выдзяляецца 0,25% ад агульнага фонду аплаты працы. У Нідэрландах суфінансаванне заснавана на сістэме галіновых фондаў (іх каля 125). Большасць фондаў фінансуюцца за кошт адлічэнняў наймальнікаў у свой галіновы фонд да 3% ад фонду аплаты працы. Затым яны могуць звярнуцца ў фонд за кампенсацыяй выдаткаў на навучанне супрацоўнікаў. У кожнага фонда ёсць свае прыярытэты, і некаторыя з іх больш актыўныя, чым іншыя. Пэўныя фонды могуць удзяляць прыярытэтную ўвагу прафесійнай падрыхтоўцы маладых людзей, дарослых работнікаў або асоб, якім пагражае звальненне.

Мяркую, пытанне сумеснага фінансавання падрыхтоўкі кадраў з боку арганізацый рэальнага сектара эканомікі неабходна прапрацаваць і ў нашай краіне. Гэта не дадатковая падатковая нагрузка, а механізм збору сродкаў, іх пераразмеркавання па мэтавым пры­значэнні на падрыхтоўку кадраў. Гэта інвестыцыі ў развіццё кадравага патэнцыялу як моладзі, так і дарослых для павышэння прадук­цыйнасці працы, а значыць, павышэння заработнай платы і адлічэнняў падаткаў у бюджэт.

— На якія яшчэ аспекты сёння неабходна звяр­нуць увагу пры прагназаванні працэсаў кадравага забеспячэння прадпрыемстваў краіны?

— Пытанне, вартае павышанай увагі, — гэта сістэма перанавучання і павышэння кваліфікацыі дарослых. У нашай краіне прагназуецца зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы. Заказчыкі кадраў разлічваюць, што пытанне кадравага забеспячэння вырашыць сістэма адукацыі. Зараз існуе кадравая праблема не таму, што сістэма адукацыі не здольна падрыхтаваць кадры ў поўным аб’ёме. Сістэма гатова, аднак статыстыка сведчыць, што на працягу дзесяці гадоў кантынгент навучэнцаў змяншаўся на ўсіх узроўнях адукацыі. Коль­касць навучэнцаў у агульнаадукацыйных школах пачала ўзрастаць толькі з 2014 года. Гэта значыць, што колькасць выпускнікоў 11-х класаў пачне павялічвацца толькі з 2025 года, а праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця трэба выконваць зараз.

Адной з задач дзяржаўнай праграмы “Рынак працы і садзейнічанне занятасці” з’яўляецца забеспячэнне збалансаванасці попыту і прапанавання на рынку працы. Выкананне гэтай задачы прадугледжваецца за кошт развіцця прафесійнай мабільнасці на аснове павышэння кваліфікацыі, навучання і перанавучання, у тым ліку шляхам абнаўлення патрабаванняў да кампетэнцый і кваліфікацый работнікаў.

Такім чынам, прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі трэба выбудоўваць стратэгію на перанавучанне дарослых, правя­дзенне прафесійнай дыягностыкі і вызначэнне, у якой галіне трэба павысіць кваліфікацыю работніка або навучыць новым кампетэнцыям, каб павялічыць прадукцыйнасць працы. Пры гэтым на базе ўстановы прафадукацыі можа рэалізоўвацца частка праграмы — агульнатэарэтычная пад­рыхтоўка і першасныя навыкі, а практыка — на працоўным месцы канкрэтнага прадпрыемства.

Мяркую, мэтазгодна зрабіць акцэнт на стварэнні механізмаў стымулявання і падтрымкі прадпрыемстваў у пытаннях перанавучання работнікаў і пераводу іх на працоўныя месцы, дзе маецца востры дэфіцыт кваліфікаваных кадраў як у межах адной арганізацыі, аднаго сектара эканомікі, так і паміж сектарамі. Гэта дапаможа вырашыць праблемы сацыяльнай занятасці, што ў сваю чаргу забяспечыць рост эканомікі.

Гутарыла Дар’я РЭВА.