Да абароны Айчыны гатовы!

- 12:12Актуально, Апошнія запісы

Гэтыя 5 летніх спякотных дзён надоўга запомняцца 140 падлеткам, якія сабраліся ў вялікім палатачным гарадку, абсталяваным на агульнавайсковым палігоне “Брэсцкі”, для ўдзелу ў фінальных спаборніцтвах рэспубліканскай ваенна­патрыятычнай гульні “Зарніца” і спартыўна­патрыятычнай гульні “Зарнічка”. Мерапрыемствы, арганізаваныя БРПА пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і абароны, прысвячаліся 80­годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

— Гісторыя масавай ваенна­спартыўнай гульні “Зарніца” пачалася ў канцы 60­х гадоў мінулага стагоддзя з ініцыятывы газеты “Піянерская праўда”, — расказала старшыня Цэнтральнага савета БРПА А.У.Ганчарова. — Тысячы школьнікаў з усяго СССР актыўна ўдзельнічалі ў гэтых спаборніцтвах. У Беларусі гульня адрадзілася больш за 20 гадоў назад і па­ранейшаму працяг­вае знаёміць падлеткаў з гераічным мінулым продкаў, адыгрывае важную ролю ў патрыятычным выхаванні падлеткаў, прапагандзе баявых традыцый Узброеных Сіл Беларусі і падрыхтоўцы да службы ў іх і іншых воінскіх фарміраваннях. Гэта выдатная школа мужнасці для будучых абаронцаў Айчыны. У гарадскіх і раённых этапах гульні ўдзельнічалі некалькі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У 2017 годзе арганізатары піянерскай гульні “Зарніца” пашырылі яе межы за кошт малодшых членаў БРПА — акцябрат, для якіх праводзіцца “Зарнічка”.

Павіншаваць “зарнічнікаў” з пачаткам спаборніцтваў завіталі памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі генерал­маёр Л.В.Касінскі, прадстаўнікі камандавання сіл спецыяльных аперацый і мясцовай выканаўчай улады. Л.В.Касінскі зачытаў удзельнікам прывітальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу многіх гадоў абедзве гэтыя гульні былі візітнымі карткамі піянерыі і сёння яны працягваюць аб’ядноўваць тысячы акцябрат і піянераў Беларусі.

“Стаўшы часткай гэтага руху, вы далі слова захоўваць вернасць зарнічнаму братэрству, атрымалі магчымасць загартаваць дух і характар, набыць сяброў, навучыцца працаваць у камандзе, — гаворыцца ў прывітанні. — Жадаю, каб “Зарніца” і “Зарнічка” з кожным днём прырасталі разумнымі, моцнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія любяць Радзіму”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што тых, хто ведае мінулае і цэніць сучаснасць роднай Беларусі, чакае вялікая будучыня. “Рухайцеся толькі наперад, станавіцеся дастойнымі і адданымі грамадзянамі нашай краіны. Поспехаў вам, моцнага здароўя, сіл і вынослівасці”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Гаспадары палігона, ваеннаслужачыя 38­й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна­штурмавой брыгады, максімальна наблізілі гульню да сапраўдных ваенных збораў. Школьнікі жылі ў тых жа умовах, што і салдаты падчас вучэнняў.

За кожнай з 7 каманд ва ўзроставых катэгорыях 9—10 і 13—14 гадоў былі замацаваны ваеннаслужачыя, якія вучылі школьнікаў азам ваеннай навукі. Падчас гэтых заняткаў юнармейцы займаліся страявой і медыцынскай падрыхтоўкай, збіралі і разбіралі аўтаматы, праходзілі школу юнага разведчыка, дзе практыкаваліся ў маскіроўцы і ўзвядзенні шалашоў, авалодвалі навыкамі карыстання рацыяй і іншымі сучаснымі сродкамі сувязі.

Удзельнікі “Зарніцы” праходзілі 7 выпрабаванняў: прэзентавалі візітоўкі атрадаў, выяўлялі лепшых у аглядзе строю і песні, квізе “75 кадраў пра вайну” на веданне ваеннай гісторыі Беларусі, у ваенізаванай эстафеце з пераадоленнем спецыяльнай паласы перашкод і інш. Усё гэта дазволіла падлеткам акунуцца ў армейскае жыццё, прымяніць набытыя ўменні і навыкі на вучэбнай практыцы і адчуць сябе абаронцамі Айчыны.

Удзельнікі “Зарнічкі” змагаліся ў 5 тэматычных спаборніцтвах інтэлектуальнага і спартыўнага характару, кожнае з якіх мела сімвалічную назву і мэту.

Цікавая і насычаная праграма прадугледжвала экскурсіі і сустрэчы з камандным і афіцэрскім складам, ваеннаслужачымі брыгады, творчыя конкурсы і ваенна­спартыўныя спаборніцтвы. Вечарамі, у коле сяброў і аднадумцаў, падлеткі спявалі песні ля піянерскага вогнішча.

Ранкам 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, школьнікі наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць­герой”, дзе ўсклалі кветкі да Вечнага агню, а затым на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання прынялі ўдзел у маштабнай ваенна­гістарычнай рэканструкцыі гераічнай абароны легендарнай цытадэлі над Бугам.

З піянерамі і акцябратамі сустрэўся міністр адукацыі І.В.Карпенка, які правёў для іх урок мужнасці. “Вы нашчадкі пераможцаў, тых, хто не зламаўся і не здрадзіў сваёй Радзіме. Упэўнены, вы сапраўдныя патрыёты Беларусі. Ведайце: памяць пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці і піянераў­герояў заключана не толькі ў манументах па ўсёй краіне. Яна — у вашых розумах і сэрцах. Назіраючы за вашымі дасягненнямі ў гульні “Зарніца”, мы, дарослыя, бачым, што любоў да роднай зямлі ў вас, як кажуць, у крыві, што вы выхаваны на прынцыпах дабра, справядлівасці і патрыятызму. Мы ганарымся вамі! Мірнага неба вам над галавой, сіл, натхнення, доўгіх і шчаслівых жыццёвых дарог”, — адзначыў міністр.

Дзеці падзяліліся з ім уражаннямі аб днях, праведзеных у палатачным гарадку, і задалі госцю шмат пытанняў, якія тычыліся выхавання маладога пакалення, сакрэтаў піянерскага дзяцінства, арганізацыі экскурсій па памятных мясцінах Беларусі, пошукавай дзейнасці ў школах, плюсоў і мінусаў лічбавізацыі, недапушчэння фальсіфікацыі гісторыі і важнасці захавання гістарычнай памяці.

Па выніках усіх выпрабаванняў пераможцай “Зарніцы” стала каманда “Абаронцы” піянерскай дружыны сярэдняй школы № 27 Бабруйска. На 2­м месцы — каманда “Патрыёт” піянерскай дружыны сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, на 3­м — каманда “Нёман” піянерскай дружыны гімназіі № 43 Мінска. У “Зарнічцы” лепшымі аказаліся каманды “Лётчыкі” з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, “Маракі” з Азарыцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці і “Начны дазор” з гімназіі № 36 Мінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.