Выстава работ “Каляровыя сны” юнай мастачкі Надзеі Богуш праходзіць у Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.
Экспазіцыя “Каляровыя сны” раскрывае незвычайны ўнутраны свет юнай мастачкі, які з дапамогай пэндзля, фарбаў і творчага натхнення трансфармуецца ў чароўныя вобразы на паперы.
Надзея — сёлетняя выпускніца аб’яднання па інтарэсах “Творчасць” абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, дзе на працягу 11 гадоў пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Аўсішчар яна спасцігала сакрэты сваёй любімай справы, якая, дарэчы, і вызначыла яе далейшы лёс. Выпускніца сярэдняй школы ў гэтым годзе плануе паступаць у ГрДУ імя Янкі Купалы і стаць сапраўдным мастаком.
Надзея была пастаянным удзельнікам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў дзіцячай творчасці “АрхНавацыя”, “Калядная зорка”, “PROнавука”, “Нашы малюнкі любімай краіне”, “Ідзі за марай”, “Вышэй за аблокі”, “Намалюй свае правы” і неаднаразова заваёўвала прызавыя месцы. Толькі ў бягучым годзе яна заняла 2е месца на абласным этапе рэспубліканскага аглядуконкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет”, а затым і на рэспубліканскім этапе. Яе работы дэманстраваліся на персанальнай выставе ZooTerraу ў Гродзенскім гандлёвым цэнтры “Олд Сіці”.
Дырэктар абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская павіншавала выпускніцу аб’яднання па інтарэсах з такой значнай падзеяй, як персанальная выстава. На памяць пра любімыя заняткі ў Палацы творчасці ў дзяўчынкі застанецца грамата з прыемнымі словамі “За яркі талент, вернасць традыцыям установы і асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю выяўленчага мастацтва”.
Падтрымаць Надзею прыйшлі яе бабуля Лілія Валянцінаўна і сяброўка Ксенія Мальцава, якая, дарэчы, таксама на працягу 10 гадоў займаецца ў аб’яднанні “Творчасць”, з’яўляецца ўдзельнікам і прызёрам шматлікіх конкурсаў.
Надзея расказала, што маляваць пачала ў 3 гады, а ўжо з шасці стала займацца з педагогам. Прызналася, што вельмі любіць гэтую справу і плануе яе працягваць. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці яна адрасавала педагогу Таццяне Аўсішчар. У сваю чаргу Таццяна Іванаўна адзначыла не толькі талент сваёй вучаніцы, але і яе адказнасць і працавітасць. Дзяўчына многага ўжо дабілася, а наперадзе толькі новыя дасягненні.
— Упершыню ў нашым Палацы творчасці ладзіцца аўтарская выстава выпускніцы аб’яднання па інтарэсах, — расказала загадчык сектара этнакультуры і мастацкай адукацыі абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Ганна Герасімчук. — Думаю, што трэба зрабіць такія выставы традыцыйнымі. Тым больш што мы бачым, якую цікавасць да работ праяўляюць наведвальнікі ўстановы.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.