Экалагічнае выхаванне: тэорыя і практыка

- 12:35Адукацыйная прастора

З новымі методыкамі і тэхналогіямі, перадавым вопытам па экалагічным выхаванні навучэнцаў азнаёміліся ўдзельнікі пасяджэння Савета кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці, праведзенага на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Адкрываючы пасяджэнне, стар­шыня савета кіраўнікоў ды­рэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін адзначыў значнасць і актуаль­насць выбранай тэматыкі, падзякаваў прымаючаму боку за падрыхтаваную разнапланавую праграму, выказаў спадзяванне на выніковую сумесную работу і прадставіў калегам новага члена савета — дырэктара Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа УА “ВДТУ” Валерыя Каралёва. Аналізуючы сённяшні стан развіцця сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна, Аляксандр Міхайлавіч падрабязна спыніўся на такіх ключавых момантах, як правядзенне экзаменаў, абарона дыпломных праектаў, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, падрыхтоўка да новага навучальнага года, міжнароднае супрацоўніцтва, трансляцыя мадэлей лепшага вопыту і ўкараненне іх у адукацыйны працэс, якасць падрыхтоўкі кадраў і матывацыя навучэнцаў да вучобы, а таксама на перспектывах развіцця сеткі рэсурсных цэнтраў і выключнай важнасці высокіх кіраўніцкіх кампетэнцый, асабістай адказнасці, ініцыятыўнасці дырэктараў у рабоце падначаленых устаноў.

Разгорнуты і цікавы агляд дзейнасці Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прапанаваў яго дырэктар Алег Лебедзь. Педагагічны калектыў, які ён узначальвае, нацэлены на падрыхтоўку запатрабаваных на рынку працы высокакваліфікаваных спецыялістаў з інавацыйным мысленнем, кіраўніцкай культурай, псіхалагічнай устойлівасцю і адказнасцю за даручаны ўчастак работы, здольных да асваення тэхнікі і тэхналогій.

— Мы разумеем прафесійнае станаўленне навучэнцаў як паэтапнае авалоданне сукупнасцю прафесійных кампетэнцый, — падкрэсліў Алег Валер’евіч. — Фарміраванне патрэбнага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці будучага спецыяліста мы грунтуем на прынцыпе “павышэнне кампетэнтнасці навучэнцаў праз павышэнне кампетэнтнасці выкладчыкаў”, таму што падрыхтаваць канкурэнтаздольнага спецыяліста здольны толькі канкурэнтаздольны калектыў каледжа. Як ёміста ахарактарызаваў гэты складнік сучаснай адукацыі педагог-наватар Марк Паташнік, “нельга рухацца наперад з галавой, павернутай назад, таму недапушчальна выкарыстоўваць неэфектыўныя, састарэлыя тэхналогіі навучання, якія вымотваюць і навучэнцаў, і выкладчыкаў, патрабуюць вялікіх часавых затрат і не здольны гарантаваць якасць адукацыі”.

Каледж уваходзіць у лік самых буйных у вобласці па колькасці навучэнцаў устаноў прафадукацыі аграрнай накіраванасці і ажыццяўляе падрыхтоўку па 14 спецыяльнасцях на ўзроўнях ПТА і ССА. Ярка і творча іх прэзентавала гасцям навучэнская агітбрыгада. Лепяльчане маюць адметны вопыт у напрамку экалагічнага выхавання маладога пакалення. На яго ролі ў фарміраванні ў будучых спецыялістаў каштоўнасцей экалагічнай культуры, матывацыі да захавання навакольнага асяроддзя, развіцці адказнага стаўлення да навакольнага свету і вынікаў дзейнасці ў праекцыі на вопыт педагагічнага калектыву зрабіла акцэнт у сваім выступленні намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Святлана Салавей. З вопытам зялёнага будаўніц­тва з ужываннем сучасных экалагічных тэхналогій у Беларусі, у прыватнасці на Лепельшчыне, у супрацоўніцтве з нямецкімі партнёрамі азнаёміла вядучы спецыяліст міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЭкаБудаўнік” Алена Андрайчук. Выхаванню экалагічнай культуры, захаванню ўнікальнага прыроднага багацця Лепельшчыны і актуальным напрамкам узаемадзеяння з установамі адукацыі ў названым аспекце было прысвечана выступленне начальніка Лепельскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага свету Вольгі Бажэнавай. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік планава-эканамічнага аддзела галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Марына Бабашынская засяродзіла ўвагу дырэктарскага корпуса на асобных пытаннях бягучай і выніковай атэстацыі, арганізацыі ўрачыстага ўручэння дыпломаў выпускнікам з запрашэннем прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый — заказчыкаў кадраў, размеркавання выпускнікоў, падрыхтоўкі да новага навучальнага года і правядзення бягучых рамонтаў, арганізацыі прыёмнай кампаніі і выканання кантрольных лічбаў прыёму, пераходу на нарматыўнае фінансаванне, узмацнення кантролю за гарантаваннем бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, неабходнасці вакцынацыі работнікаў ад кавіда, функцыянавання аўтапаркаў устаноў адукацыі і рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, налічэння заработнай платы работнікам, вядзення вучэбна-плануючай дакументацыі. Запамінальным завяршэннем пасяджэння стала падарожжа па экалагічнай сцяжынцы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжам.