Сучасныя праблемы праз прызму кінакласікі

- 12:45Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Час навучання ва ўстановах прафесійнай адукацыі — гэта час, калі моладзь можа праявіць сябе ў розных справах. Атрымліваючы прафесію, можна адначасова быць даследчыкам, вынаходнікам, акцёрам, паэтам, спеваком, валанцёрам і прымераць на сябе яшчэ мноства роляў. Так, напрыклад, навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа паспрабавалі сябе ў якасці кінакрытыкаў і пісьменнікаў: яны ўзялі ўдзел у Міжнародным конкурсе эсэ і рэцэнзій на зададзены фільм “Па той бок экрана”.

Вераніка Яхнавец.

Конкурс “Па той бок экрана” праводзіцца з 2014 года. Спачатку ён аб’яднаў школьнікаў Украіны, а ўжо на наступны год мерапрыемства набыло міжнародны маштаб і да яго далучыліся ўдзельнікі з Беларусі, Арменіі, Узбекістана, розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. У склад журы ўваходзяць міжнародныя эксперты — медыяпедагогі, журналісты і кінематаграфісты з розных краін.

Конкурс — гэта пляцоўка, дзе сучасныя дзеці глядзяць фільмы і разважаюць пра сюжэт, рэжысуру, акцёраў і, самае галоўнае, асэнсоўваюць праблемы, узнятыя ў кінатворах. У сваіх творчых работах удзельнікі  расказваюць пра свае ўражанні і эмоцыі.  Для прагляду канкурсантам прапануюць мастацкія, дакументальныя, навукова-папулярныя фільмы, створаныя на кінастудыях розных краін.

У 2021 годзе на конкурс было даслана 215 творчых работ. Канкурсанты спаборнічалі ў трох узроставых групах. Самымі маленькімі ўдзельнікамі былі трэцякласнікі, а ў старэйшай узроставай групе прымаліся работы вучняў 10—11 класаў, студэнтаў каледжаў і вышэйшых навучальных устаноў, маладых людзей ва ўзросце да 25 гадоў.

Кожнай групе прапаноўваліся свае творы, паводле аднаго з якіх трэба было напісаць эсэ ці рэцэнзію.Так, напрыклад, старэйшым ­удзельнікам неабходна было прапусціць праз прызму свайго ўспрымання мастацкія кінастужкі “Цені забытых продкаў” рэжысёра Сяргея Параджанава, “Усё наадварот” Віталія Фяцісава і Ула­дзіміра Грамацікава і “Маленькі школьны аркестр” Аляксандра Муратава і Мікалая Рашэева.

Навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа адправілі на суд журы тры работы. І ўсе тры былі адзначаны дыпломамі. 3-е месца занялі творы “Планета Зямля быццам курыць кінула…” Вадзіма Страздзе і “Навакольнае асяроддзе — гэта мы з вамі” Яны Шалайка. Яна і Вадзім выбралі для прагляду і асэнсавання дакументальны фільм “Экалогія” з цыкла “У ізаляцыі”, створаны тэлеканалам RTVI. Яны паспрабавалі разабрацца, як пандэмія змяніла стаўленне людзей адзін да аднаго, да пытанняў навакольнага асяроддзя і якая будучыня чакае нашу планету.

1-е месца ў конкурсе заняла Вераніка Яхнавец. Дзяўчына даўно цікавіцца кінакласікай і выбрала для прагляду кінастужку 1981 года “Усё наадварот”. Фільм паказвае старшакласнікаў у перыяд іх сталення, расказвае аб першым яркім пачуцці закаханасці, юнацкім максімалізме. Вераніка ў сваім эсэ паспрабавала параў­наць падлеткаў 80-х і сённяшняе маладое пакаленне, а таксама пастаралася разабрацца, ці змяніўся за гэты час увогуле чалавек.  

Дарэчы, трыа канкурсантаў гэтага года — не першыя ўдзельнікі, якія прадставілі Барысаўскі дзяржаўны каледж на міжнародным конкурсе “Па той бок экрана”. Удзел у ім становіцца для навучэнцаў традыцыяй.

Падзякай арганізатараў конкурсу былі адзначаны педагогі кале­джа —кіраўнікі творчых праектаў Таццяна Анатольеўна Афанасьева і Людміла Анатольеўна Чубарава.

Дар’я РЭВА.