У БДУ прайшла цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам двухгадовых курсаў па кітайскай мове. Гэта другі выпуск адзінай у Беларусі адукацыйнай праграмы ў галіне падрыхтоўкі педагогаў кітайскай мовы для школ і гімназій Беларусі.
Сярод выпускнікоў — 24 практыкуючыя настаўнікі англійскай, французскай і нямецкай моў школ і гімназій Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Баранавіч, Ваўкавыска, Ліды, Мар’інай Горкі, Мазыра, Оршы, Астраўца, Полацка, Светлагорска, Чэрвеня, Заслаўя.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел рэктар БДУ Андрэй Кароль, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоль Тозік і старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі начальнік упраўлення забеспячэння і суправаджэння перакладаў Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Ло Лівэй.
У віншавальным звароце Андрэй Кароль падкрэсліў значнасць атрымання дыплома РІКК БДУ для кожнага выпускніка праграмы. Гэта новыя магчымасці для асобаснага і прафесійнага развіцця. Галоўным вынікам слухачоў курсаў, па словах рэктара, з’яўляецца ўклад ва ўмацаванне стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая, бо сёння ў гэтым кірунку вельмі важны адукацыйны кампанент. Андрэй Кароль пажадаў выпускнікам не спыняцца на дасягнутым, прафесійных поспехаў і новых мэт.
Дырэктар РІКК Анатоль Тозік таксама падкрэсліў важнасць курсаў для развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Ён адзначыў, што поспех праграмы павышаецца з году ў год, аб чым сведчыць штогадовы рост колькасці слухачоў. Першы выпуск складаў 13 чалавек, а сёлета іх ужо амаль удвая больш. Анатоль Тозік падзякаваў кіраўніцтву Міністэрства адукацыі, БДУ і выкладчыкам праграмы за эфектыўную рэалізацыю праекта па падрыхтоўцы настаўнікаў кітайскай мовы і пажадаў усім сваім выпускнікам не губляць сувязі з інстытутам.
Высокі ўзровень падрыхтоўкі па кітайскай мове беларускіх настаўнікаў адзначыў Ло Лівэй. У сваім выступленні ён назваў выпускнікоў стратэгічным рэсурсам Беларусі па папулярызацыі кітайскай мовы і культуры і пажадаў ім дасягнення намечаных планаў.
Ад імя выпускнікоў слова ўзяла Таццяна Запека, якая падзялілася сваёй гісторыяй прыняцця рашэння перакваліфікавацца ў настаўніка кітайскай мовы і падзякавала кіраўніцтву БДУ, РІКК і выкладчыцкаму калектыву за магчымасць вывучыць няпростую, але перспектыўную ўсходнюю мову.
У адпаведнасці з пагадненнямі, падпісанымі БДУ з навучальнымі ўстановамі Беларусі, ва ўніверсітэтах і школах краіны працуюць 4 кабінеты Канфуцыя і 6 цэнтраў вывучэння кітайскай мовы і культуры РІКК БДУ.
Кабінеты знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска, сярэдняй школе № 16 Оршы.
Цэнтры функцыянуюць у сярэдняй школе № 12 Мінска, Смалявіцкай раённай гімназіі, сярэдняй школе № 7 Брэста, гімназіі № 2 Ваўкавыска, Воранаўскай сярэдняй школе, гімназіі № 4 Магілёва.
Кітайскую мову як замежную пачалі выкладаць у школах Беларусі ў 2006 годзе, яшчэ раней — у МДЛУ (з 1993 года) і ў БДУ (з 2001 года). Сёння ў якасці асноўнай мовы і факультатыўна яе вывучаюць у 130 школах і 10 універсітэтах нашай краіны. Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта нашай краіны, у 2020/2021 навучальным годзе кітайскую мову на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі вывучалі 1,2 тысячы школьнікаў.
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.