Адзінай сям’ёй

- 9:20Родная земля

Адзінай дружнай сям’ёй жывуць на беларускай зямлі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Не з’яўляецца выключэннем і Дзятлаўшчына — каларытны куточак былой Заходняй Беларусі, які сваім домам лічаць не толькі беларусы, але і палякі, рускія, яўрэі, украінцы, не толькі хрысціяне, але таксама іўдзеі. Палюбуемся адметнасцямі гэтага краю і прагуляемся па вулачках былых мястэчак Дзятлава і Наваельня.

Завітайце ў музей!

Галоўная плошча Дзятлава невыпадкова названа ў гонар 17 верасня. Менавіта ў гэты дзень, як нам вядома яшчэ са школьных падручнікаў па гісторыі, адбылося ўз’яднанне беларускага народа. “Ты з Заходняй, я з Усходняй // Нашай Беларусі, // Больш з табою ўжо ніколі // Я не разлучуся”, — напісаў Янка Купала ў 1939 годзе з нагоды гэтай значнай падзеі. Ужо 82 гады наш народ жыве адзінай сям’ёй. Жыхары Магілёва ездзяць у Гродна, каб любавацца адметнай архітэктурай “каралеўскага горада”. Гэтак жа жыхары горада над Нёманам часта адпраўляюцца ў падарожжа на ўсход краіны, каб пазнаёміцца з гісторыяй Магілёва, адчуць яго асаблівую атмасферу. Але прыцягальнымі для турыстаў з’яўляюцца не толькі абласныя цэнтры. Былыя мястэчкі таксама прывабліваюць аматараў падарожжаў. У тым жа Дзятлаве ёсць на што паглядзець і ёсць пра што паслухаць. А для гэтага акрамя прагулак па ўтульных вулачках варта завітаць хаця б у адзін са школьных музеяў.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алены Мікалаеўны Гарановіч, ва ўстановах адукацыі раёна функцыянуе 16 музеяў і 4 музейныя пакоі. Адзін з асноўных напрамкаў работы музеяў — праектная дзейнасць. Так, за апошнія тры гады было рэалізавана шэсць праектаў: “Свет школьных музеяў”, “І памяць сэрца гаворыць…”, “Вялікая Айчынная вайна ў мадэлях і дыярамах”, “Захоўваем мінулае, шануем сучаснае, будуем будучыню!”, “Музей будучыні”, “Турызм без меж”. Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Вялікай Перамогі былі аформлены зменныя тэматычныя экспазіцыі, у тым ліку з выкарыстаннем QR-кодаў, створаны дыярамы “Вайна вачыма дзяцей”, распрацаваны інтэрактыўныя карты помнікаў Дзятлаўскага раёна, буктрэйлеры, фотазоны.

“Ва ўсіх установах адукацыі створаны віртуальныя музеі. Традыцыйна ў нашым раёне раз у два гады праводзіцца фестываль музеяў, на якім прэзентуецца работа школ па развіцці інавацыйных падыходаў у дзейнасці музеяў. У мінулым навучальным годзе прайшоў раённы агляд-конкурс музеяў “Зямля бацькоў — зямля святая”. Сёлета створаны тэматычныя экспазіцыі да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Года народнага адзінства. У комплексную праграму выхавання навучэнцаў Дзятлаўскага раёна на 2021—2025 гады ўключаны новы доўгатэрміновы праект, у рамках якога штогод у шосты школьны дзень будзе праходзіць брэндавае раённае мерапрыемства — фестываль падарожжаў “Музейны рэтрыт — турызм без чамадана!”. Сутнасць фестывалю ў арганізацыі выязных мерапрыемстваў з прэзентацыяй вопыту работы музеяў і знаёмствам экскурсантаў з гісторыяй і культурай краю”, — паведаміла Алена Мікалаеўна.

А.В.Радомская расказвае пра даваеннае Дзятлава.

Каларытнае мястэчка

Экспазіцыя кожнага музея ўстаноў адукацыі Дзятлаўшчыны адметная і непаўторная. Аднак у Год народнага адзінства, асабліва з нагоды знамянальнай даты 17 верасня, варта ў першую чаргу завітаць у гімназію № 1 і сярэднюю школу № 1 Дзятлава, а таксама Наваельнянскую сярэднюю школу. У музеях менавіта гэтых устаноў адукацыі захоўваюцца ўнікальныя матэрыялы, прысвечаныя розным аспектам насычанага жыцця краю ў 1920—1930-я гады.

“Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны” — так называецца музей, які функцыянуе ў гімназіі з 2006 года. Дзякуючы арыгінальнаму афармленню экспазіцыі можна нават не прагульвацца па плошчы 17 верасня, не збочваць на суседнія вуліцы Першамайскую і Горкага, дзе захавалася характэрная для колішніх мястэчак Заходняй Беларусі забудова. Адчуць атмасферу даваеннага Дзятлава можна і ў музейных пакоях. У гэтым дапамогуць старыя фотаздымкі і адпаведныя выявы помнікаў архітэктуры на сценах музейных пакояў.

“Экспазіцыя расказвае пра традыцыі даваеннага жыцця мястэчка, у якім на той час пражывалі беларусы, яўрэі (складалі большую частку насельніцтва), палякі, рускія, украінцы. Канцэпцыя нашага музея заключаецца ў тым, каб паказаць адметнасці розных народаў і нацый, іх адзінства на нашай дзятлаўскай зямлі. Першы раздзел экспазіцыі прысвечаны гісторыі яўрэяў Дзятлаўшчыны. У даваенны перыяд у многіх мястэчках Беларусі большая частка насельніцтва была яўрэйскай, але Дзятлава праславілася тым, што тут нарадзіліся вядомыя людзі. Адзін з іх — Ізраэль Меір Ха-Кохэн. Гэта вядомы талмудыст, прадстаўнік артадаксальнага яўрэйства. Нарадзіўся ён у Дзятлаве, аднак актыўнае рэлігійнае жыццё вёў у Радуні, дзе і пахаваны. Цяпер яго магіла з’яўляецца месцам паломніцтва артадаксальных іўдзеяў. Мы нават знайшлі даваенны відэафрагмент, на якім можна ўбачыць яго прыезд на канферэнцыю ў адну з еўрапейскіх краін”, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Алена Вікенцьеўна Радомская.

Пра насычанае тагачаснае жыццё Дзятлава, у тым ліку яўрэйскай абшчыны, сведчаць, напрыклад, чорна-белыя фотаздымкі драматычнага гуртка, маладзёжнага савета, нават футбольнай каманды. Вядома і імя Абрама Абніцкага, дзіцячага паэта-песенніка, вершы якога друкаваліся ў даваенных польскіх і яўрэйскіх падручніках. Можна ўявіць, як ганарыліся вучні таго часу, калі настаўнікі гаварылі, што вось гэты верш напісаў іх зямляк. Што тычыцца асаблівасцей сістэмы адукацыі, то ў перыяд знаходжання Дзятлаўшчыны пад Польшчай тут афіцыйна дзейнічалі толькі польская і яўрэйская школы.

“З 1921 па 1939 год афіцыйна беларускія школы не існавалі. Але ў вёсках былі вызначаны дамы, куды прыходзілі сялянскія дзеці і з імі там займаўся настаўнік. Наогул, Дзятлава славілася тым, што яго жыхары, беларусы, добра ведалі ідыш, а яўрэі добра гаварылі на беларускай мове. Успаміны старажылаў сведчаць пра высокі ўзровень талерантнасці мясцовага насельніцтва. Канечне, канфлікты ўзнікалі, але гэта былі бытавыя спрэчкі, не заснаваныя на непрыязным стаўленні да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей або веравызнання”, — паведаміла Алена Вікенцьеўна.

У працяг тэмы развіцця адукацыі на Дзятлаўшчыне нельга не адзначыць адзін цікавы дакумент, які захоўваецца ў музеі сярэдняй школы № 1. Гэта даведка, якая была дадзена “таварышу Івану Адамавічу Макарэвічу ў тым, што ён сапраўды наведваў у 1940—1941 гадах курсы па ліквідацыі непісьменнасці”. Вось гэты дакумент, на фотаздымку.

Праз выпрабаванні

Наступны раздзел экспазіцыі гімназічнага музея таксама прасякнуты тэмай адзінства і расказвае пра тое, як прадстаўнікі розных нацыянальнасцей змагаліся за вызваленне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паколькі большасць даваеннага насельніцтва былі яўрэямі, то іх лёсу прысвечана значная частка экспанатаў.

“У гэтым пакоі расказваецца пра самыя трагічныя даты ў гісторыі нашага горада: захоп Дзятлава нямецка-фашысцкімі акупантамі, устанаўленне гета. Дзве апошнія даты (30 красавіка і 6 жніўня 1942 года) сведчаць пра акцыі масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва. Расказваецца і пра яўрэяў-партызан, падпольшчыкаў, урачоў, воінаў Чырвонай Арміі. Мы знайшлі цікавыя факты. Напрыклад, Ізраэль Бусел стварыў надзвычай магутную міну. На жаль, ён узарваўся разам з ёй. Цікавы лёс Ёскеля Атласа — камандзіра партызанскага атрада і ўрача. Да пандэміі да нас у музей прыязджала шмат гасцей з Ізраіля, ЗША, Канады, Аргенціны, іншых краін. Гэта выхадцы з Дзятлава або іх родныя. Яны, дарэчы, і прафінансавалі рамонт музея. Нашы госці заўсёды вучаць дзяцей самаму галоўнаму — любові да роднай зямлі. Калі яны прыязджаюць, то абавязкова гавораць, што прыехалі пакланіцца зямлі, якая дала ім карані, нарадзіла іх і іх продкаў”, — падзялілася кіраўнік музея.

Падчас экскурсіі ўвага наведвальнікаў акцэнтуецца на лёсе прадстаўнікоў розных народаў, якія змагаліся з нацызмам. Латыш Ян Фогель, рускі Павел Пятроў (Героі Савецкага Саюза) — яны вызвалялі Дзятлаўшчыну ў 1944-м і пахаваны на гэтай зямлі. Можна прывесці прыклады воінаў Чырвонай Арміі і партызан з ліку ўкраінцаў, яўрэяў, беларусаў. Цікава, што многія з іх пасля заканчэння вайны засталіся жыць на дзятлаўскай зямлі, як, напрыклад, Марыя Васільеўна Ільюшэнка, якая амаль да самых апошніх дзён свайго жыцця працавала з дзецьмі, вяла розныя гурткі патрыятычнай накіраванасці, харавыя студыі, з хорам ветэранаў выступала ў школах, вяла важную выхаваўчую і прапагандысцкую работу, расказвала маладому пакаленню пра вайну. Яе аповеды заўсёды краналі душу, прымушалі глыбей вывучаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

У музеі Наваельнянскай сярэдняй школы.

“Асобны раздзел прысвечаны канфесіям Дзятлаўшчыны. Мы разам з вучнямі збіралі матэрыялы па гісторыі развіцця праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Нам удалося знайсці старыя фотаздымкі, а таксама карціны XVIII стагоддзя, нават спіс ксяндзоў, якія служылі ў дзятлаўскім касцёле, пачынаючы з XVII стагоддзя. Унікальнасць храма ў тым, што ён ніколі не закрываўся. Ніводны абраз не быў вывезены, застаўся аўтэнтычны арган. Вывучаем таксама лёс нашых выпускнікоў (вучняў былой сярэдняй школы № 2 Дзятлава), якія сталі святарамі, манахамі, як праваслаўнымі, так і каталіцкімі. Яшчэ адзін праект — “Святары ў маёй сям’і”, у рэалізацыі якога ўдзельнічалі многія нашы навучэнцы”, — паведаміла Алена Вікенцьеўна.

І, канечне, значная частка матэрыялаў прысвечана культуры і традыцыям беларускага народа. У раздзеле “Беларуская хата” расказваецца пра даўнейшы побыт вёскі. Усе экспанаты прынесены настаўнікамі, вучнямі, іх бацькамі, дзядулямі і бабулямі. У кожнага прадмета — свая гісторыя, кожны з іх значны і цікавы. Больш падрабязна з работай музея гімназіі № 1 Дзятлава можна азнаёміцца ў нашым сённяшнім нумары. У рубрыцы “Да Дня народнага адзінства” ўвазе чытачоў прадстаўлена распрацоўка музейнага квеста.

Хлеб вайны

Героям Савецкага Саюза латышу Яну Янавічу Фогелю і рускаму Паўлу Гаўрылавічу Пятрову, якія загінулі ў 1944-м, у горадзе не толькі ўсталяваны помнікі. У сярэдняй школе № 1 Дзятлава яшчэ ў 1986 годзе быў створаны музей. З цягам часу колькасць экспанатаў павялічвалася, пашыралася тэматыка экспазіцыі, і ў 1994 годзе музей быў перайменаваны ў музей гісторыі Дзятлава. Наступным этапам стаў 2015 год. Цяпер гэта музей гісторыі Дзятлаўшчыны, аднак па-ранейшаму значная частка прадметаў прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны, дзейнічаюць тры раздзелы: “Партызанскі рух на Дзятлаўшчыне”, “Яны абаранялі Радзіму”, “І памятае свет выратаваны”. Сярод адметнасцей — дыярама партызанскага лагера, створаная настаўнікамі і вучнямі.

“Апошнім часам савет музея актыўна працуе над рэалізацыяй праектаў. Да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі ў нас узнікла ідэя стварэння праекта “Хлеб вайны”, якому папярэднічала стварэнне аднайменнай дыярамы. Яна атрымалася выдатная, таму і натхніла нас на праект. На абласным этапе конкурсу ПА ТРЫЁТ.by ён заняў 1-е месца, на рэспубліцы таксама стаў пераможцам. Акрамя нашай школы, у рэалізацыі праекта прынялі ўдзел 11 устаноў адукацыі раёна. Унікальным экспанатам, створаным у рамках праекта, з’яўляецца бохан хлеба, выпечаны па рэцэпце ваеннага часу. Каб даведацца гэты рэцэпт, мы з вучнямі спецыяльна наведваліся да старажылаў, сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Апілкі, “шпалерная” мука… Уявіце, які хлеб елі нашы продкі падчас вайны! Толькі з трэцяга разу нам удалося яго спячы. Калі гаварыць пра планы, то цяпер мы задумалі работу над праектам “Землякі”, прымеркаваным да Года народнага адзінства. Гэты праект таксама плануем прадставіць на конкурс ПАТРЫЁТ.by”, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аліна Сяргееўна Макарэвіч.

Дзеці ліхалецця

Праектная дзейнасць з’яўляецца прыярытэтнай і ў рабоце музея “Дзеці ліхалецця” Наваельнянскай сярэдняй шко лы. Колькі рэалізавана праектаў за 33 гады, складана падлічыць. Аднак вынікі гавораць пра надзвычай плённую працу: больш за 6 тысяч прадметаў асноўнага і дапаможнага фондаў, ганаровае званне “народны”, прысвоенае ў 1997 годзе і пацверджанае ў 2013-м. І ўсё гэта дзякуючы ініцыятыўнасці і актыўнасці нязменнага кіраўніка музея Тамары Уладзіміраўны Крывені. Апошнія гады жанчына актыўна асвойвае інфармацыйныя тэхналогіі, бо лічыць, што без іх нельга паспяхова папулярызаваць музейную справу сярод пакалення Z.

Пра гэты аспект музейнай педагогікі мы пагаворым з Тамарай Уладзіміраўнай у асобным газетным матэрыяле. Пакуль што звернемся да асноўнай тэматыкі экспазіцыі. Яна выдатна спалучаецца з тэматыкай Года народнага адзінства і сведчыць пра талерантнасць, гасціннасць, інтэрнацыянальнасць беларусаў. Музей невыпадкова названы “Дзеці ліхалецця”. Як нескладана здагадацца, ён расказвае пра хлопчыкаў і дзяўчынак, чый лёс быў абпалены Вялікай Айчыннай вайной. Прычым не толькі юных беларусаў, але і рускіх, балгар, кітайцаў, аўстрыйцаў, немцаў, славакаў, італьянцаў, карэйцаў, румын, сербаў, палякаў. Справа ў тым, што літаральна за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Наваельні быў арганізаваны міжнародны піянерскі лагер для дзяцей палітэмігрантаў, якія праследаваліся ў сваіх краінах за антыфашысцкую дзейнасць.

Па словах Тамары Уладзіміраўны, раніцай 22 чэрвеня 1941 года госці разам з мясцовымі дзецьмі пайшлі купацца на раку Маўчадка. Яны нават не паспелі парадавацца ласкаваму сонцу, адчуць водар сасновага бору. Раптоўна ўбачылі, як ляцяць нямецкія самалёты з чорнымі крыжамі на крылах. Менавіта гэты момант адлюстраваны на дыяраме, прадстаўленай у школьным музеі. Дзеці надоўга былі разлучаны з роднымі. У першыя дні вайны траіх самых маленькіх удалося пасадзіць на машыну з параненымі і адправіць у эвакуацыю на ўс ход. Аднак гэтыя тры хлопчыкі ва ўзросце 8—9 гадоў трапілі ў канцлагер “Дразды”. Там фашысты адбіралі чарговую партыю для работы ў Германіі. Джым Камагораў уцёк. Ён трапіў у дзіцячы прытулак на ўскраіне Мінска, арганізаваны дактарамі і настаўнікамі ў падвале дома. Тут і пражыло вайну дзевяцігадовае негрыцяня. Некалькі разоў спрабавалі збегчы Эрык і Уладлен, але іх лавілі і жорстка білі. Пасля апошняга ўцёку Эрык не вярнуўся. Стомлены, ён закапаўся ў снезе і замёрз. Уладлена фашысты злавілі і перавялі ў больш жудасны лагер “Астрашыцкі гарадок”, а ў 1942 годзе з групай самых аслабленых ён быў пераведзены ў сёмкаўскі лагер, дзе дзяцей чакала галодная смерць.

“З матэрыялаў партызанскай брыгады “Штурмавая” нам удалося высветліць, што ноччу былі вызвалены 270 маленькіх вязняў. Уладлен, сын аўстрыйскага антыфашыста Зіхфрыда Бадзіяна, знайшоў сабе прытулак у вёсцы Дашкі. Простыя беларускія сяляне замянілі хлопчыку бацькоў. Дзеці, якія засталіся ў Наваельні, сабраліся ў адным з памяшканняў. Як успамінаў Юрый Галавін, у Маскву вырашылі ісці пяцёра: ён, кітаец Ван Лі, рускі Ігар Астаф’еў, балгарын Іонка Чэнгелаў і славак Юлій Геры. Неўзабаве акупанты зацікавіліся дзецьмі. Гітлераўцы ведалі, што дзеці прыехалі на адпачынак з Масквы. Аднак усе як адзін адказвалі, што яны дзеці замежных спецыялістаў. Восенню 1941-га ўсіх пасялілі ў закінутым будынку, арганізаваўшы для іх своеасаблівы прытулак. У будынку было холадна і сыра, не было ні дроў, ні цёплай вопраткі. Мясцовыя жыхары збіралі для дзяцей прадукты, адзенне, абутак і таемна перадавалі ў прытулак. Дапамагалі дзецям і партызаны атрада “Кастрычніцкі”, а таксама жыхары хутара Радзюкі”, — паведаміла Тамара Уладзіміраўна.

Падчас экскурсіі можна азнаёміцца з фотаздымкамі дзяцей. Па-рознаму склаўся іх лёс. У гэтым сумным аповедзе экскурсавода, напоўненым трагічнымі фактамі, ёсць і станоўчыя моманты — сведчанні пра тое, што звычайныя сяляне-беларусы ўсяляк імкнуліся дапамагчы абяздоленым дзецям, якія прыехалі на Дзятлаўшчыну з розных куткоў свету. Гэта яшчэ раз сведчыць пра інтэрнацыянальнасць і гасціннасць нашага народа. На жаль, у снежні мінулага года памёр Джым Камагораў. Ён быў апошнім з выхаванцаў наваельнянскага піянерлагера, з якім Тамара Уладзіміраўна падтрымлівала кантакт. Нягледзячы на гэта, пошук працягваецца. Па словах кіраўніка музея, яшчэ шмат застаецца невядомага з лёсу “дзяцей ліхалецця”, ды і вядомыя факты варта зноў пераасэнсаваць.

Наша Беларусь

Ужо 82 гады наш народ жыве адзінай сям’ёй. Жыхары Магілёва ездзяць у Гродна, каб любавацца адметнай архітэктурай “каралеўскага горада”. Гэтак жа жыхары горада над Нёманам адпраўляюцца ў падарожжа на ўсход краіны, каб прагуляцца па вуліцах Магілёва, Віцебска, Гомеля, адчуць іх асаблівую атмасферу. Архітэктурныя, гістарычныя, прыродныя асаблівасці — няхай толькі гэтымі аспектамі адрозніваюцца былая Заходняя і былая Усходняя, а сёння — наша адзіная любімая Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.