Бераг левы, бераг правы

- 16:36Родная земля, Рознае

Пра галоўную адметнасць Мастоўскага раёна здагадацца няцяжка, падкажа сама назва райцэнтра — Масты. Інжынерных збудаванняў, якія злучаюць два берагі Нёмана і Шчары, а таксама шматлікіх рачулак, на Мастоўшчыне, напэўна, больш чым дзе на Беларусі. Акрамя выканання сваёй непасрэднай функцыі, масты ўпрыгожваюць мясцовыя краявіды, з’яўляюцца візіткай раёна, месцам прагулак мастаўчан, іх сустрэч і спатканняў.

Неардынарны ўчынак

На жаль, гістарычныя дакументы не гавораць пра тое, калі быў узведзены першы мост. Мы не ведаем ні імя, ні нацыянальнасць чалавека, які ў даўнія часы вырашыў пераправіцца на процілеглы бераг ракі і дзеля гэтага збудаваў на той час яшчэ прымітыўную канструкцыю. Можна толькі здагадвацца, што падштурхнула першаадкрывальніка здзейсніць сапраўдны прарыў у інжынернай справе. Напэўна, каханне. А як жа інакш? Толькі закаханы чалавек здольны на неардынарныя ўчынкі. Спадзяёмся, ён паспяхова дабраўся да сваёй каханай, яны пажаніліся і пражылі доўгае, шчаслівае жыццё. А сакрэт будаўніцтва мастоў перадаўся іх дзецям, потым унукам, праўнукам. Так на працягу стагоддзяў інжынерная думка развівалася, удасканальвалася.
Можа, дзякуючы такому энтузіясту, жыхары старадаўніх Мастоў і перасяліліся некалі на процілеглы бераг Нёмана, пачалі абжываць новае месца. Ад моста, па якім людзі пераносілі пажыткі, паселішча і атрымала сваю назву. Хаця існуе іншая версія: ад слова “масціць”, што азначала працэс сплаўкі лесу, якім актыўна займаліся мясцовыя жыхары. Дзве гэтыя версіі цалкам раўнапраўныя, што пацвярджае сучасны герб горада з ваявай моста, а пад ім ракі з плытом.

Масты ў мінулае

Колькі мастоў знаходзіцца на Мастоўшчыне? Адказаць на гэтае пытанне, з аднаго боку, даволі проста: дастаткова падлічыць колькасць адпаведных інжынерных збудаванняў. Але ж масты бываюць не толькі праз рэкі, а, і напрыклад, у гісторыю. Такімі мастамі па праву з’яўляюцца школьныя музеі і музейныя пакоі. Цікавы аповед экскурсаводаў, прыгожа аформленыя залы, шматлікія прадметы даўніны — усё гэта дазваляе нам своеасаблівым чынам перабрацца з берага сучаснасці на бераг мінуўшчыны. Гэтых незвычайных мастоў у сістэме адукацыі раёна дваццаць. Найбольш багатыя экспазіцыі размешчаны ў сярэдняй школе № 5 Мастоў, Правамастоўскай і Луненскай сярэдніх школах, Гудзевіцкай гімназіі. А яшчэ своеасаблівым мостам можна назваць сям’ю. Менавіта такой думкі прытрымліваюцца аўтары праекта “Сям’я — мост паміж мінулым і будучым” педагогі дадатковай адукацыі Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Віктараўна Заблоцкая і Наталля Іванаўна Сарока.
Дарэчы, гэтую ўстанову дадатковай адукацыі таксама можна параўнаць з мостам, які пракладзены на бераг пазнання, добрых спраў, цікавага адпачынку. Акрамя таго, цэнтр — гэта своеасаблівы штаб, які каардынуе работу па вывучэнні малой радзімы, што праводзіцца ва ўстановах адукацыі раёна.
— Наша ўстанова з’яўляецца шматпрофільнай, у ёй займаецца больш за 1,5 тысячы дзяцей у 127 гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, харэаграфічнага, спартыўнага, краязнаўчага кірунку. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем вывучэнню гістарычных адметнасцей малой радзімы. У выніку адпаведнай работы ствараюцца праекты, як, напрыклад, “Шлях з учора ў заўтра”. Выхаваўчая работа рэалізуецца праз правядзенне раённых мерапрыемстваў, якія мы з калегамі курыруем і арганізоўваем, і ўнутрыцэнтраўскіх, што праходзяць у рамках праграмы “Вольны час” у шосты школьны дзень. З сучаснымі навучэнцамі мы імкнёмся праводзіць інтэрактыўныя формы работы: шоу-праграмы, брэйн-рынгі, урокі мужнасці, віктарыны па гісторыі горада. Нядаўна арганізоўвалі гульнявую праграму ў форме падарожжа “За шчасцем на веласіпедзе”. Веласіпедная вандроўка пачалася ад нашага знакамітага падвяснога моста і закончылася ў вёсцы Гудзевічы, у якой многія гады дзейнічае самы вялікі ў раёне мост у мінулае — літаратурна-краязнаўчы музей. Музей створаны і ў нашым цэнтры. Ён прысвечаны гісторыі ўстановы, — расказвае дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Іна Іванаўна Дзенісевіч.
Вывучэннем гістарычных і прыродных адметнасцей Мастоўшчыны займаюцца ў асноўным прадстаўнікі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый. Як паведаміла метадыст цэнтра Алена Міхайлаўна Касьяновіч, у раёне актыўна дзейнічаюць пярвічкі БРСМ, БРПА і Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Кожная з гэтых арганізацый распрацоўвае свой адметны праект па вывучэнні роднай зямлі. Напрыклад, у рамках праграмы “Спадчына” піянеры праводзяць экскурсійныя, турыстычныя маршруты з абавязковым наведваннем інжынерных збудаванняў. У першую чаргу гэта падвясны пешаходны мост і аўтамабільны мост, што злучае дзве вёскі — Масты Правыя і Левыя.
За пяць гадоў дзейнасці мастоўскага клуба ЮНЕСКА “Амега” юнымі краязнаўцамі пад кіраўніцтвам Алены Міхайлаўны распрацавана шмат цікавых праектаў, якія рэгулярна прадстаўляюцца на рэспубліканскіх семінарах і форумах. Напрыклад, на нядаўнім міжнародным фестывалі “Жывая вада сяброўства”, што праходзіў у канцы сакавіка ў Гомелі, мастоўскія “амегаўцы” Яўген Кандратовіч і Надзея Шамбер прадставілі праект “Мінулае дзеля будучыні”, у якім расказваюць пра нематэрыяльную спадчыну Мастоўшчыны. Праект атрымаў дыплом ІІІ ступені. Штуршком для стварэння праекта стала жаданне дзяцей развучыць мясцовую Котчынскую кадрыль. Яшчэ “амегаўцы” спрабавалі свае акцёрскія здольнасці на здымках супрацоўнікамі Беларускага тэлебачання фільма пра Мастоўскі раён.
Актыўна мінулае малой радзімы даследуецца не толькі ў цэнтры творчасці. Напрыклад, члены савета музея “Гісторыя школы ў гісторыі краіны” гімназіі № 1 Мастоў стварылі работу “Мастоўшчына ў легендах і паданнях”. Актыўна даследаваннем малой радзімы займаюцца і ў сярэдняй школе № 5 Мастоў. Навучэнцы гэтай установы адукацыі рэгулярна ўдзельнічаюць у конкурсах рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. За два апошнія гады імі праведзена краязнаўчая экспедыцыя “Гістарычныя сядзібы: шлях да адраджэння”, створаны “Летапіс майго горада”, апісаны “Таямніцы малой радзімы: легенды і паданні Мастоўшчыны”. Дарэчы, аўтары апошняй з названых работ Вера Пазняк і Кацярына Голец сталі лаўрэатамі конкурсу “Таямніцы малой радзімы”.

Галоўная візітка

Каб пераканацца ў тым, што тутэйшыя масты не менш прыгожыя і ўнікальныя, чым, напрыклад, іх сусветна вядомыя пражскія або будапешцкія браты, неабходна абавязкова наведаць унікальны падвясны пешаходны мост. Інжынерная канструкцыя ўражвае як сваім размахам, памерам, так і маляўнічасцю панарамы. Гэты самы доўгі ў краіне падвясны пешаходны мост (даўжыня 193 метры, шырыня паўтара, трымаецца мост на дзвюх апорах і канатах) ужо сорак гадоў злучае два нёманскія берагі.
Ініцыятарам будаўніцтва моста з’яўляецца былы дырэктар “Мастоўдрэва” Яўген Радкевіч, які ў свой час узводзіў падвясныя масты праз бурлівыя горныя рэкі, працаваў у розных куточках Сярэдняй Азіі і Сібіры. Усяго амаль за два месяцы быў складзены план. Цікавым быў і працэс узвядзення моста. За гэтай справай назіраў літаральна ўвесь горад. Збіраліся канструкцыі моста зімой 1973 года на скаванай лёдам рацэ. Бліжэй да лета ён быў выпрабаваны і здадзены ў эксплуатацыю. У 90-х гадах мост рэканструявалі. Цяпер гэта асноўная візітка горада, любімае месца адпачынку жыхароў і гасцей райцэнтра. Па ім любяць прагульвацца, тут часта фатаграфуюцца, выпускнікі сустракаюць першы світанак дарослага жыцця. А колькі мост чуў прызнанняў у каханні, колькі лёсаў злучылася пад ціхі пошум нёманскіх хваляў? Пра гэта раскажуць самыя звычайныя замкі, якія пакінулі тут маладыя пасля ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Наведванне гэтага моста абавязкова ўваходзіць у турыстычныя і экскурсійныя маршруты, распрацаваныя педагогамі і навучэнцамі раёна.
— Калі мост толькі ўзвялі, то спачатку на ім было крыху страшнавата знаходзіцца. Ад парыву ветру ён пачынаў гойдацца нібыта арэлі. Ды і цяпер пасля рэканструкцыі адчуваюцца яго вібрацыі, што дадае прагулцы па мосце крышачку экстрыму, — адзначыла Іна Іванаўна, калі мы, адвярнуўшыся ад моцнага ветру, назіралі за тым, як Нёман, яшчэ не да канца скінуўшы сваё ледзяное футра, імкліва накіроўваўся да Балтыйскага мора, узнімаючы бурлівыя хвалі.
Па словах Алены Міхайлаўны Касьяновіч, на месцы сучаснага райцэнтра, які раскінуўся на правым беразе Нёмана, першапачаткова знаходзіўся фабрычны пасёлак, а таксама вёскі Міхалоўка, Занёманск, Зэльвяны, якія пазней былі аб’яднаны. Старажытнае ж мястэчка ўзнікла на месцы сучаснай вёскі Масты Правыя.
— Памятаю, як у часы майго дзяцінства па рацэ ганялі плыты, сплаўлялі лес. На месцы моста, на якім мы стаім, была лодачная пераправа. Па гэтай пераправе нас, дзяцей, дастаўлялі на процілеглы бераг у піянерскі лагер. Цяпер на тым беразе толькі лясны масіў — месца адпачынку мастаўчан, — расказвае педагог.

Наша Буда, свой Пешт

Старадаўнія Масты — гэта наш беларускі Будапешт. Менавіта такое параўнанне ўзнікае, калі стаіш на высокім правым беразе Нёмана і любуешся панарамай аўтамабільнага моста, за якім адразу пачынаюцца вуліцы і сядзібы Мастоў Левых. Як і сталіца Венгрыі, якая складаецца з Буды і Пешты, старадаўнія Масты раскінуліся па абодва берагі беларускага Дуная. Ёсць тут і свой ланцуговы мост — аўтамабільны, жалезабетонны праз Нёман. Калі ж перабрацца на левы бераг Нёмана і ўзірацца ўжо ў панараму Мастоў Правых, то параўнанне з венгерскай сталіцай стане яшчэ больш відавочным. Былы панскі палац, які ўзвышаецца на беразе, вельмі нагадвае жамчужыну будапешцкай архітэктуры — будынак венгерскага парламента. Ён таксама глядзіцца ў люстэрка вялікай ракі. На жаль, істотным адрозненнем старадаўніх Мастоў ад Будапешта з’яўляецца яго недастатковая турыстычная папулярнасць. Калі па мастах венгерскай сталіцы штодзень прагульваюцца госці з многіх краін Еўропы і свету, то для беларускіх Мастоў такая з’ява хутчэй выключэнне, чым заканамернасць. Хаця мастоўскія легенды і паданні сваёй арыгінальнасцю і прыгажосцю не саступаюць творам вуснай творчасці венгерскага народа. У гэтым пераканала наведванне Правамастоўскай сярэдняй школы.
Па словах настаўніка гісторыі Правамастоўскай сярэдняй школы Юрыя Віктаравіча Бубена, некалі на адным хутары жылі ў згодзе дзве сям’і. Маладзейшыя амаль кожны вечар прыходзілі да старых, каб проста пагаварыць або атрымаць параду. Неяк у маладога гаспадара захварэлі каровы. Стары адразу зразумеў, што гэта справа ведзьмы-малочніцы, і параіў капаць праз балаціны, сярод якіх жылі хутаране, канавы і рвы, масты масціць і выбірацца на новае месца, дзе нячыстая сіла не водзіцца. Тыя людзі пасяліліся на беразе Нёмана і пачалі на чаўнах з аднаго берага на другі перавозіць сялян i купцоў, ваяроў і проста падарожных. Груд з іх хатай вяскоўцы назвалі Мостам, тым самым падкрэсліваючы занятак гэтых людзей. Тая назва і захавалася да сённяшняга часу.
— Першыя звесткі пра Масты можна знайсці ў Літоўскай метрыцы пад 1486 годам. У тыя часы нашы землякі займаліся не толькі сельскай гаспадаркай, але і рамяством, гандлем. Планіроўка мястэчка была даволі цікавай. Ад рыначнай плошчы, вакол якой знаходзілася 25 дамоў, адыходзілі тры вуліцы: Віленская, Гродзенская і Касцёльная. Сучасная планіроўка падобна на ранейшую. Былая Віленская цяпер носіць імя Леніна (замест 51 дома на сярэдзіну XVI стагоддзя 96 дамоў), вуліца Касцёльная з 23 дамамі цяпер называецца вуліцай Гагарына, на ёй 36 дамоў. Вуліца Гродзенская з 6 дамамі носіць назву Школьнай, на ёй 13 дамоў. А ці ведаеце вы, што ў мінулыя стагоддзі ў нашым мястэчку знаходзіўся каралеўскі, а потым і панскі дом. Цяпер там размяшчаецца Курылавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых. Не меншыя за Масты Правыя і вёска Масты Левыя, якія злучае прыгожы мост, — расказвае вучаніца 9 класа Настасся Кошаль.
Як адзначыў Юрый Віктаравіч, драўляны мост, што некалі знаходзіўся на месцы сучаснага бетоннага, быў пабудаваны ў першай палове ХХ стагоддзя. Гавораць, што ў тым мосце былі каменныя апоры, якія стаялі на сасновых быках (прыкладна 15 бярвенняў забівалася ў грунт). На аснове быкоў ствараліся своеасаблівыя калодзежы, іх запаўнялі каменнем. На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны той мост быў узарваны.
Знаёмства з арыгінальна складзеным планам мястэчка, пра які расказвала Настасся, дазваляе здзейсніць завочнае падарожжа па Мастах у 1561 годзе. Гэта адзін з каштоўных экспанатаў музея. Своеасаблівы школьны мост у мінулае ствараўся паступова. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Іванаўна Маскевіч, спачатку ў музейным пакоі размяшчаўся кабінет сусветнай мастацкай культуры, які стварыла настаўніца гэтага прадмета Алена Станіславаўна Гайдукевіч. Паступова кабінет напаўняўся рознымі прадметамі даўніны. Актыўны ўдзел у іх зборы прымала былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Канстанцінаўна Касцянкоўская. Цяпер гэтую справу працягвае кіраўнік музея Галіна Іосіфаўна Цяслюк. Павелічэнне колькасці экспанатаў стала прычынай таго, што з 2010 года музей знаходзіцца на рэканструкцыі. Завяршыць яе плануецца да пачатку новага навучальнага года. Калі ўсё будзе добра, то 1 верасня настаўнікі, навучэнцы і госці школы змогуць зноў прагуляцца па незвычайным мосце ў мінулае, азнаёміцца на процілеглым беразе з гісторыяй Мастоў, побытам нашых продкаў, легендамі і паданнямі краю. У музеі зноў актыўна пачнуць праводзіць пазакласныя мерапрыемствы, урокі гісторыі, мовы і літаратуры, сустрэчы гасцей, прыём школьнікаў у піянеры.
Падрабязныя звесткі пра мінулае старадаўняга мястэчка, а цяпер дзвюх вёсак, змешчаны настаўнікамі і навучэнцамі ў шматлікіх даследчых работах. Адна з апошніх — праект “Гісторыя сядзібы: з мінулага ў сучаснае”, якую стварылі ўдзельнікі гуртка “Музейная справа”. У праекце не толькі расказваецца пра мінулае вёсак, але і ўзнімаюцца праблемы аднаўлення былой панскай сядзібы, размешчанай у вёсцы Масты Правыя. Актыўная работа ў школе ідзе над праектам “Гісторыя пяці ўзнагарод”. Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што навучэнцам прапаноўваецца сабраць звесткі пра гісторыю пяці ўзнагарод сваіх продкаў. За грунтоўна праведзеную работу навучэнец 6 класа Павел Мятлюк на першай адкрытай раённай канферэнцыі даследчых работ “Ступені да навукі”, якая праходзіла нядаўна ў Лідзе, атрымаў дыплом ІІІ ступені. Рэалізуецца ў школе і праект “Паклонімся вялікім тым гадам”. Наогул, вывучэнне роднай зямлі разнапланавае. Акрамя гісторыі, увага ўдзяляецца і экалагічнаму выхаванню, што пацвярджае суседства са школай Мастоўскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра, а таксама маштабнае даследаванне крыніц малой радзімы, якое школьнікі правялі пад кіраўніцтвам былой настаўніцы геаграфіі Алены Раманаўны Купрыян. Праект “Даражэй за алмаз” стаў у мінулым навучальным годзе прызёрам раённай канферэнцыі.

Памятаеце, знакамітае “Усё пакінуць след павінна…”? Падарожжа па Мастоўшчыне, знаёмства з яе адметнасцямі запэўнілі, што такімі слядамі ў нашым жыцці могуць стаць масты. Яны не абавязкова павінны быць класічнымі інжынернымі збудаваннямі з металічнымі пралётамі і аркамі, бетоннымі апорамі. Дастаткова ўзвесці мост на бераг памяці пра сваіх продкаў, на бераг кахання, мост ад берага чэрствасці і абыякавасці да берага дабрыні і спагады. Будаўніцтва мастоў ніколі не было простым, але ствараць іх трэба, інакш нам не перабрацца на процілеглы бераг.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.