У камандзе з Айбалітам

- 10:00Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Загадзя паспрабаваць сябе ў будучай прафесіі карысна любому спецыялісту. Але ёсць тыя сферы, дзе гэта — неабходнасць. У першую чаргу гэта медыцына, у тым ліку і ветэрынарная. Гэтая ідэя — даць дзецям магчымасць прымераць на сябе прафесію ветэрынара — стала сутнасцю праекта “ЗоаДоктар”, які сумесна рэалізуюць Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства і ветэрынарны цэнтр “Кот Бегемот” Ліды.

Тры крокі да прафесіі

Жанна Цехановіч, дырэктар Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства, расказвае: “У мінулым верасні наш цэнтр стаў удзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі пераемнасці дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў сістэ-му прыродазнаўчай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. І мы пачалі шукаць шляхі, па якіх бу-дзем працаваць. Адным з іх мы выбралі прафарыентацыю ў сферы ветэрынарнай медыцыны”.

У цэнтры ўжо некалькі гадоў запар вучыць усіх жадаючых разумець жывёл Вольга Станіславаўна Лянцэвіч у сваім аб’яднанні па інтарэсах “У свеце жывёл”. Далей эстафету падхоплівае Дзіяна Генадзьеўна Кузьміцкая. Да яе на “Курс юнага ветэрынара” прыхо-дзяць вучні 5—8 класаў: падлеткі ўжо больш падрабязна выву-чаюць будову цела жывёл на занятках у дзіцячым адукацыйным ветэрынарным цэнтры, абсталяваным на базе кутка жывой прыроды. Тут ладзяцца прафарыентацыйныя гульні: юныя ветэрынары вучацца даваць рэкамендацыі сваім пацыентам, падбіраюць прэпараты, зыходзячы з віду і пароды жывёлы, яе вагі, сімптомаў хваробы, выпіс-ваюць рэцэпты на сапраўдных бланках і г.д. Тут жа яны праводзяць свае міні-даследаванні, у прыватнасці, з дапамогай мікраскопа з функцыяй фота- і відэаздымак і вывадам іх на вялікі экран. А летам дабавілася яшчэ і 3-я ступень — “Клуб будучага ветэрынара “ВетЭксперт” для старшакласнікаў пад кіраўніцтвам Паўла Паўлавіча Жульпы, галоўнага ўрача клінікі “Кот Бегемот” і штатнага педагога дадатковай адукацыі Лідскага РЦЭТіК. 

“Як урач я сутыкаюся з праб-лемай кадравага недахопу, — гаворыць ён. — Так бывае (і не толькі ў ветэрынарыі), што студэнты паступілі “не туды”, і таму яны, ужо амаль кваліфікаваныя спецыялісты, проста не хо-чуць займацца сваёй справай, бо ім гэта не падабаецца, і падчас прак-тыкі яны просяць не дав-яраць ім ніякія медыцынскія маніпуляцыі. Таму я вырашыў дзейні-чаць інакш — пачынаць не са студэнтаў, а з дзяцей. І мая задача — матываваць іх на прафесійны выбар, даць ім магчымасць адчуць сябе ў прафесіі загадзя і ў выніку атрымаць матываваных абітурыентаў, зацікаўленых у поспеху студэнтаў і ў канчатковым выніку — надзейных калег. Так, гэта доўгатэрміновая перспектыва, але рэальная. З гэтай ідэяй я і прыйшоў да Жанны Мікалаеў-ны і яе навучэнцаў, якія любяць жывёл. Ім мы і прапанавалі заняткі на базе нашай клінікі”. 

Ініцыятыву займацца са школьнікамі раннім пагружэннем у прафесію падтрымаў і старшыня Лідскага райвыканкама. Цяпер гэта частка праекта па развіцці эканомікі Лідскага раёна. Ветэрынараў у клініках рэгіёна — дэфіцыт.

Часткай прафарыентацыі для падлеткаў сталі відэа- і фотаздымкі, якія ўдзельнікі клуба вядуць з ветэрынарнага цэнтра для сацсетак. Дасягненні сферы становяцца відавочнымі перавагамі для тых, хто ўсё яшчэ разважае наконт выбару прафесіі ветэрынара.

Будучыня ўжо сёння

Першая група жадаючых была набрана адразу. Навучанне доўжылася цэлае лета. Цяпер кожны з выхаванцаў ведае, напрыклад, што сабаку нельга даваць есці бульбу, бо яна арганізмам сабакі не засвойваецца, а яго косная сістэма пакутуе ад такой ежы, што шпіцам супрацьпаказана і сырое, і варанае мяса — ім можна даваць толькі апаранае, што курынае мяса выклікае ў сабак дэрматыты, што ліверная і крывяная каўбаса супрацьпаказана жывёлам і г.д.

Для кожнага навучэнца самым каштоўным было папрысутнічаць на сапраўдных прыёмах. Павел Паўлавіч прытрымліваецца такой практыкі — не хавае ад дзяцей цяжкіх пацыентаў. Дзяўчаты спачатку толькі назіралі, слухалі, потым асісціравалі, падаючы інструменты, і з часам многаму навучыліся. Так, калі ў чэрвені яны трэніраваліся накладваць швы на бананах, то да канца ліпеня рабілі гэта ўжо на жывёлах. А яшчэ яны здымалі сабакам зубны налёт, і стэрылізацыю праводзілі, і пухліны выдалялі… Зразумела, пад пільным кіраўніцтвам Паўла Паўлавіча. І першыя вынікі ўжо ёсць. Ліза Каспорская, выпускніца цэнтра, ужо паспела ў мінулым годзе скончыць 1 курс ветэрынарнага факультэта Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага кале-джа і, убачыўшы на старонцы цэнтра ў Instagram анонс пра ветэрынарны летні курс, папрасілася ў клініку на летнюю практыку. 

“Тэорыю нам у каледжы даюць, а вось практыкі ў нас няма, — гаворыць Лізавета. — І я вельмі рада, што ўдалося прайсці такі курс, многаму навучыцца і ўпэўніцца, што я правільна выбрала свой прафесійны шлях. Калі ў нас будзе практыка (нам абяцаюць, што мы зможам выязджаць на фермы), я ўжо буду да яе гатова”.

Упэўнілася ў сваім выбары і Юля Кіман — адразу пас-ля летняга курса яна паступіла на ветэрынарны факультэт у каледж. А якраз у гэтыя дні ў “Клуб будучага ветэрынара” набіраецца ўжо другая група.

“Тэарэтычная інфармацыя па асновах ветэрынарыі ім давалася ў цэнтры, а практыка ў нас кожны дзень на прыёмах, падчас дыя-г-ностыкі, у аперацыйных. Насам-рэч, вынік ашаламляльны. Так, ёсць тыя, хто прыйшоў і сышоў, вырашыўшы, што гэта не для іх (дзеля гэтага мы ўсё і задумалі). Але тыя, хто застаўся, — мае на-дзейныя памочнікі ўжо нават сёння. Можа, хто і лічыць, што так нельга, але я ўжо цяпер самых пад-рыхтаваных дзяцей дапускаю да практыкі. Яны ўжо могуць правесці маніторынг пацыента — праслухаць сэрца, дыханне, мо-гуць зрабіць укол сабаку, паставіць унутрывенны катэтар, зрабіць фебральную анестэзію, асісціра-ваць на аперацыі і інш. Я гля-джу на іх і не веру, што гэта ўсяго толькі дзевяці- і дзесяцікласнікі! І я рады, што ўжо некалькі дзяўчат дакладна вырашылі, што будуць ветэрынарамі”, — дзеліцца вынікамі праек-та П.П.Жульпа.

Біянічныя пратэзы ствараюцца для кожнай жывёлы індывідуальна. Яны зрастаюцца з косцю і пацыент прывыкае да штучных канечнасцей, не адчувае ніякага дыскамфорту і зноў набывае магчымасць хадзіць і бегаць.

Новыя лапкі для Лапкі

Зацікавіць дзяцей прафесіяй Паўлу Паўлавічу ў многім дапамагаюць інавацыі. Павел Жульпа першы ў горадзе ўсталяваў у ветклініцы рэнтгенапарат, вывеў дыягностыку на новы ўзровень, акрамя таго, ён адзіны ўрач у краіне, які ставіць… пратэзы жывёлам. 

“У клініцы ставяць біянічныя пратэзы для жывёл. Гэта адзіны ў краіне цэнтр, дзе право-дзяць такія аперацыі, але мы не рэкламуем саму клініку — мы прапагандуем інавацыі ў прафесіі. Бо калі дзеці бачаць магутнае развіццё, іх гэта матывуе, робіць іх самавызначэнне больш дакладным”, — гаворыць Жанна Цехановіч.

Так, пра перспектывы прафесіі красамоўна гавораць і сабака Хопі, які выдатна сябе адчувае і не заўважае, што ў яго замест задняй лапы біянічны пратэз, і кот Філя, які ўжо жыве ў сям’і, і кошка Лапа, якой док-тар падарыў адразу дзве новыя лапкі замест страчаных. Лапка ўжо стала брэндам клінікі — сустракае ўсіх валанцёраў, з усімі сябруе. 

Павел Жульпа: “Нашы заняткі па плане праводзяцца 1 раз на тыдзень, але насамрэч дзяўчаты з цэнтра на кожнай маёй змене, а я працую дзень праз дзень. Летам яны былі з 8.00 да 20.00. Я гляджу на іх і не магу нарадавацца — хацелася б, каб такую практыку падхапілі і мае калегі з іншых рэгіёнаў”.

“Мы любім лячыць усіх і ніводнаму пацыенту ў дапамозе не адмовім. А пачалося ўсё з аляняці Бэмбі, якога да нас прынеслі валанцёры з пераломам нагі. Калі мы яго вылечылі, і пачалося… Мы ставілі на лапы ці на крыло ўсіх, хто да нас трапляў: і лася, і ястраба, і цэлую чараду буслоў. Буслы, дарэчы, мне аддзячылі — роўна праз год з моманту вылечвання першага буслінага пералому ў мяне нарадзілася дзіця. Потым пачаўся новы этап — з біянічнымі пратэзамі. Цяпер на чарзе сабака Джэк. У гісторыі з ім для мяне самае важнае тое, што валанцёры ўжо ведалі пра нашу методыку пратэзавання і адразу мне патэлефанавалі з ідэяй пра пратэзы. Гэта вялікі крок наперад, бо пры любой трагедыі, у якую трапляе жывёла, у людзей ужо ёсць думка пра шансы на жыццё. Для пярэдніх лап Джэка ўжо гатовы пратэзы, і ў найбліжэйшыя дні мы правядзём аперацыю. Гэта будзе першая аперацыя па ўжыўленні адразу дзвюх пярэдніх лап сабаку (такі вопыт быў толькі з катом). А наступным уладальнікам новага пратэза будзе кот Персік. Яму мы ўпершыню надрукавалі пратэз з тытану на беларускім прынтары ў Мінску (да гэтага заказвалі іх у расійскім Новасібірску). Мы будзем праводзіць аперацыю па ўжыўленні гэтага пратэза ў Гро-дзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце для студэнтаў факультэта ветэрынарнай медыцыны, каб тыя ўбачылі перспектывы выбранай прафесіі і каб раз-веяць стэрэатып пра ветэрынара, які быццам бы здольны толькі на тое, каб круціць каровам хвасты”. 

Новая глава ў рабоце цэнт-ра — інклюзія жывёл. Гэтым таксама да Паўла Жульпы яшчэ ні-хто не займаўся. “Ёсць катэгорыя жывёл, якія атрымалі траўмы пазваночніка. У такіх выпадках гаспадары найчасцей не пакідаюць іх жыць, але насамрэч яны мо-гуць працягваць жыць паўнацэнным жыццём. Тут дапамагаюць інвалідныя каляскі. Такія каляскі бясплатна робяць нашы валанцёры і тым самым дораць жыццё нашым пацыентам — сабакам з Пінска, Дзяржынска, Слоніма, Слуцка і інш. Мы хочам, каб у тых жывёл, каму пагражае эўтаназія ці ампутацыя, быў выбар — застацца і паўнацэнна жыць”, — дзеліцца доктар.

У планах Паўла Паўлавіча — адкрыць рэабілітацыйнае аддзяленне для жывёл з усёй краіны, а таксама ажыццяўляць іх анкалагічнае і кардыялагічнае лячэнне. Упэўнена, што з такой камандай памочнікаў любыя, нават самыя смелыя планы будзе ажыццявіць лягчэй.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Златы СУБОЦІНАЙ,
удзельніцы “Клуба будучага ветэрынара “ВетЭксперт”.