Заслужаныя ўзнагароды і ліст настаўніку

- 9:20Адукацыйная прастора

Увесь тыдзень напярэдадні Дня настаўніка на Гродзеншчыне быў напоўнены мноствам цікавых творчых мерапрыемстваў. Кульмінацыяй святкавання сталі ўрачысты вечар і абласны настаўніцкі баль, якія прайшлі на базе Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. 

Начальнік упраўлення адукацыі Руслан Абрамчык і “Выдатнік адукацыі” Жанна Цехановіч.

Упершыню ў вобласці прайшла сустрэча старшыні Гродзенскага аблвыканкама У.С.Караніка з настаўнікамі, якія ў розныя гады прадстаўлялі вобласць і станавіліся пераможцамі на фінальных этапах рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Была прэзентавана кніга, прысвечаная 100-годдзю прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі рэгіёна. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Р.Ю.Абрамчык падчас відэаканферэнцыі пагутарыў з будучымі настаўнікамі — навучэнцамі профільных педагагічных класаў, а таксама ў фармаце “прэс-снедання” сустрэўся з прадстаўнікамі вядучых СМІ вобласці. 

З прафесійным святам педагогаў на ўрачыстым вечары павіншаваў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк: 

— Настаўнік — адна з самых важных прафесій у нашым грамадстве, і я ўпэўнены, што так будзе заўсёды. З удзячнасцю ўспамінаю пра сваіх настаўнікаў і добра іх памятаю, таму што ведаю, наколькі важныя былі веды і жыццёвы вопыт, якія яны перадалі. Упэўнены, што новае пакаленне педагогаў прыняло ўсе лепшыя традыцыі педагогікі Беларусі. Безумоўна, адказнасць вельмі высокая, бо ад пазіцыі настаўнікаў залежыць будучыня нашай краіны: яны выхоўваюць у сваіх вучнях любоў да Радзімы і патрыятызм. З пакалення ў пакаленне гэтыя якасці перадавалі ветэраны педагагічнага руху, якія сёння з намі. Упэўнены, прафесія настаўніка і ў будучыні будзе адной з найважнейшых у нашай краіне.

Сістэма адукацыі Гродзеншчыны сёння — гэта 25 тысяч педагогаў, 119 тысяч школьнікаў, 44 тысячы выхаванцаў дашкольных устаноў, 18 тысяч навучэнцаў сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Такім чынам, практычна кожны чацвёрты жыхар вобласці вучыцца альбо працуе ў школе. Увогуле, у сістэме адукацыі працуе 40 тысяч супрацоўнікаў. Таму Дзень настаўніка лічыць сваім святам вялікая частка жыхароў рэгіёна.

Актыўна вядзецца будаўніцтва новых адукацыйных устаноў. За апошнія 5 гадоў у вобласці пабудавана 12 дзіцячых садоў, 2 школы, 8 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Узводзяцца дзіцячы сад у гродзенскім мікрараёне Паўднёвы і ў Скідзелі, 4 праекты знаходзяцца на стадыі экспертызы. Актыўна будуецца новая школа ў мікрараёне Грандзічы ў Гродне.

— Сістэма адукацыі вобласці рэалізоўвае шэраг падыходаў, агучаных падчас Усебеларускага народнага сходу, вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню сацыяльнага статусу педагога, — расказаў Руслан Абрамчык. — Мы стараемся больш расказваць пра ролю настаўніка ў грамадстве, пра перспектывы для тых, хто выбраў гэтую прафесію. Працуем і над павышэннем заробкаў педагогаў — летам гэтага года паспяхова прайшоў пераход на новую сістэму аплаты працы. Таксама ўдзяляем увагу павышэнню прэстыжу педагагічнай адукацыі, каб у нашы школы прыходзіла больш матываваных і неабыякавых педагогаў. На сённяшні дзень у школах вобласці вучацца 800 старшакласнікаў, якія выбралі педагагічны профіль. Па выніках уступнай кампаніі мінулага года кожны чацвёрты выпускнік гэтых класаў паступіў на спецыяльнасці педагагічнага профілю.

Хвалюючым момантам свята стаў паказ відэафільма “Ліст настаўніку”, знятага па выніках рэалізацыі аднайменнага праекта ТРК “Гродна”. Шчырыя словы павагі сваім настаўнікам напісалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, Герой Беларусі старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Васіль Равяка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, мастак Уладзімір Качан, алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі і іншыя знакамітыя людзі Гродзеншчыны. Падчас урачыстага мерапрыемства “Ліст настаўніку” быў перададзены ў музей гісторыі адукацыі на Гродзеншчыне, які размяшчаецца ў ГрАІРА.

І, безумоўна, галоўнай часткай святочнага мерапрыемства стала ўручэнне заслужаных узнагарод лепшым педагогам і кіраўнікам устаноў адукацыі рэгіёна. Нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымала дырэктар Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Жанна Цехановіч. Педагог прызналася, што за 23 гады працы самым галоўным лічыць свой уклад у навукова-метадычную дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі, рэалізацыю інавацыйных, эколага-адукацыйных, інклюзіўных і прафарыентацыйных праектаў.

Граматы Міністэрства адукацыі, граматы і падзячныя пісьмы Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымалі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, педагогі з вялікай літары. Не абышлі ўвагай і моладзь, а таксама тых, хто перадае маладому пакаленню свой вопыт. Былі ўручаны дзве ўнікальныя ўзнагароды: прэмія “Паспяховы старт” маладым спецыялістам, якія добра зарэкамендавалі сябе ў першыя гады работы, заснаваная галіновым прафсаюзам і абласной арганізацыяй ГА “Белая Русь”, і прэмія “Лідар настаўніцтва”. Новыя імёны ўпісаны ў абласную віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў.

Фінальным і вельмі прыгожым акордам свята стаў настаўніцкі баль. Больш як 20 пар — маладыя настаўнікі з усёй вобласці — закружыліся ў вальсе і іншых танцах.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.