У верасні знакаміты беларускі скульптар, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Слабодчыкаў атрымаў дзве ганаровыя ўзнагароды: плацінавы медаль ад Французскага акадэмічнага таварыства мастацтва, навук і літаратуры і званне “Народны мастак Беларусі”. Уладзімір Іванавіч больш за 30 гадоў працуе ў акадэміі і за гэты час падрыхтаваў мноства таленавітых майстроў, якія апошнія дзесяцігоддзі ствараюць гісторыю айчыннай скульптуры. Абмяркуем з ім, як настаўнікі ўплываюць на прафесійнае станаўленне творчай асобы, чаму студэнтаў у першую чаргу варта выхоўваць патрыётамі і да якой працы ён рыхтуе сваіх выпускнікоў.
— Уладзімір Іванавіч, віншую вас з ганаровай узнагародай! Што для вас званне “народны”?
— Яно вельмі ганаровае, прыемнае і ў той жа час адказнае, таму што трэба рабіць яшчэ лепш, чым рабіў. Званне “народнага” заўсёды выклікае асацыяцыі з нашымі класікамі Янкам Купалам і Якубам Коласам, а тут раптам і ты аказваешся далучаным да іх. Адразу пачалася пераацэнка сваіх магчымасцей, сіл, узніклі думкі, а ці варты ты гэтага звання?..
Мастакі ў большасці сваёй індывідуалісты і думаюць пераважна пра свае асабістыя праблемы, імкнуцца даносіць іх да гледача. Але ў мяне як прафесара акадэміі ёсць больш спосабаў перадачы свайго мастацтва, у тым ліку сваіх ведаў, студэнтам, якія чакаюць маёй дапамогі. Увогуле выкладаць я пачаў з 25 гадоў, адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння — БДАМ) у 1975-м, таму педагогікай займаюся гадоў 45, і ўвесь гэты час я перадаю свае ідэі, прафесійныя навыкі маладому пакаленню. Спачатку я працаваў выкладчыкам у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.Ахрэмчыка (зараз — Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка.) больш за 15 гадоў, а потым прыйшоў выкладаць у БДАМ. І вось ужо тры дзясяткі гадоў у мяне адзін маршрут: раніцай — у акадэмію, а пасля яе — у майстэрню.
— У акадэміі вы выкладаеце з 1989 года. Чаму ў першую чаргу вучыце сваіх студэнтаў, якая самая галоўная задача педагога ў мастацтве?
— Першая задача любога педагога — захаваць і раздзьмуць кожную маленькую творчую іскрынку. У той жа час у акадэміі вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню, каб нашы студэнты былі сапраўднымі грамадзянамі, патрыётамі, любілі свой край, заўважалі і цанілі адметнасці нашага народа і культуры. А для гэтага мы пастаянна нагадваем ім, што наша культура роўная сярод іншых, што яна моцная і займае дастойнае месца сярод іншых культур свету. Таму, калі коратка, галоўная задача выкладчыка, настаўніка — выхаванне высокага прафесіянала і патрыёта.
Зразумела, выкладаем мы і асновы прафесіяналізму. На скульптурных прадметах вучым і як каркас зрабіць для скульптуры, і як ляпіць, і як з глінай, каменем, дрэвам, металам працаваць, а яшчэ вучым студэнтаў адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць, думаць, бо потым свае думкі ў сваіх работах яны панясуць гледачам. Гавораць, што скульптура — гэта мастацтва без слоў. Аднак калі ўкласці ў яго душу, яно становіцца зразумелым усім народам. Увогуле кожны мастак у пэўнай меры — выхавальнік духоўнасці і маральнасці, і тое, што закладзена ў яго душы, ён потым перадасць народу ў сваіх творах.
— У акадэмію, як правіла, паступаюць падрыхтаваныя абітурыенты, якія скончылі гімназію-каледж імя Ахрэмчыка ці мастацкае вучылішча імя Глебава і маюць ужо пэўныя творчыя погляды. Ведаю, што вы кожнаму дапамагаеце яшчэ больш раскрыцца. Як вам гэта ўдаецца?
— Акадэмія мастацтваў — найвышэйшая ступень навучання мастака, таму сапраўды бяром толькі падрыхтаваных людзей, якія ўпэўнены, што хочуць займацца менавіта мастацтвам. Да нас прыходзяць маладыя людзі, якія імкнуцца атрымаць яшчэ больш ведаў, таму і ўзровень выкладчыка павінен быць настолькі высокі, каб ён быў цікавы студэнтам. Бо ты або набудзеш вучняў, або згубіш. І вось каб быць цікавым, прыходзіцца і самому пастаянна працаваць у майстэрні, шукаць новыя ідэі і формы. Дарэчы, студэнты заўсёды адчуваюць, ці знаходзішся ты сам у творчым стане. Калі яшчэ мы вучыліся, то момант пазнання і інфармацыйны паток былі меншыя, чым цяпер. А таму нам, педагогам, зараз пастаянна трэба быць у тонусе, у курсе ўсіх падзей, і ведаць значна больш за праграму, як і любому настаўніку ў школе.
Наш вучэбны працэс — гэта сумесь тэорыі і практыкі. Я не аматар умешвацца ў работы сваіх студэнтаў, таму што гэта момант этычны, складаны, не ўсім студэнтам гэта падабаецца. Хоць часам лепш адразу прагаварыць пэўныя моманты, каб студэнт унёс неабходныя карэктывы. Пры гэтым важна памятаць, што работу можна крытыкаваць, але не прыніжаючы яе аўтара. Калі ж ацэньваем студэнцкія творы, часам нават 10-бальнай шкалы не хапае. Мы, бывае, і “+” дабаўляем да адзнакі, напрыклад “8+” або “9-“ (усміхаецца), таму што момант ацэнкі вельмі складаны. Бывае, твор тэхнічна менш цікавы, затое багацейшы духоўна, і як тады ацаніць… Але на нашай кафедры звычайна калегіяльна выстаўляюцца балы і кожнаму студэнту тлумачыцца, чаму пастаўлены такі бал, а не іншы. Іспыт па скульптуры мы называем праглядам, работы выносяцца на ўсеагульны агляд, і студэнты маюць магчымасць параўнаць і прааналізаваць работы.
— Выкладаючы скульптуру і кампазіцыю, вы аддаяце перавагу класіцы ці сучасным метадам і падыходам?
— Канечне, у акадэміі перавага аддаецца акадэмічнаму падыходу. Мы стараемся захаваць школу, якая склалася дзякуючы А.Бембелю, Г.Мурамцаву, А.Анікейчыку. Калі я прыйшоў на кафедру ў 90-я гады, мы разам з калегамі вырашылі не мяняць акадэмічныя задачы навучання і толькі крыху дабавіць да іх сучасных. Аснова ж застаецца акадэмічнай — гэта значыць рэалізм у скульптурным адлюстраванні.
— Але сучаснае мастацтва не стаіць на месцы і часам набывае нечаканыя і незвычайныя формы. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Станоўча, таму што і мае работы розныя, ёсць чыста рэалістычныя, чыста ўмоўныя, і партрэтныя. Тут галоўнае — вырашыць пастаўленую задачу, важны сам вынік, а якім чынам ён будзе дасягнуты — іншае пытанне. Мы стараемся даць прафесійную класічную адукацыю, а далей нашы выпускнікі вольныя ў творчасці і сваіх пошуках.

— Уладзімір Іванавіч, у акадэмію мастацтваў, як мы ўжо гаварылі, звычайна прыходзяць падрыхтаваныя студэнты, але ваша гісторыя — унікальная, бо вы трапілі ў БДТМІ, можна сказаць, толькі дзякуючы свайму таленту, амаль без папярэдняй падрыхтоўкі…
— Так. Наша асяроддзе заўсёды стварае пэўныя перадумовы. Я вучыўся ў звычайнай школе ў вёсцы Даўгінава Вілейскага раёна, і мой першы настаўнік звярнуў увагу на мае мастацкія здольнасці. Пасля мой бацька, які і сам быў мастаком-аматарам, прымушаў маляваць мяне ў класе 2—3-м. А ў класе 8-м я і сам захацеў маляваць і вырашыў паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Сур’ёзна ляпіць пачаў толькі на падрыхтоўчых курсах. Калі нам на экзамене задалі зляпіць кампазіцыю, я і слова такога не ведаў (усміхаецца). Але мне неяк пашанцавала набраць неабходную колькасць балаў для паступлення. А калі б мяне не прынялі, то хто ведае, як склаўся б лёс, магчыма, пайшоў бы ў архітэктары.
— Вы працавалі і з дрэвам, і з каменем, алюмініем, бронзай. А які матэрыял дапамагае вам найбольш поўна перадаваць свае ідэі?
— Ідэя заўсёды вызначае матэрыял, у якім будзеш увасабляць яе. Работа з каменя выглядае моцнай, нават магутнай, калі ж трэба зрабіць нешта вытанчанае, лірычнае, то лепш узяць бронзу. Я спачатку вельмі шмат працаваў з дрэвам, таму што яно цёплае. Мне неяк трапіліся вялікія бярвёны ліпы, і я выразаў скульптуру лялечнікаў. Потым быў перыяд, калі я захапіўся шамотам — вогнетрывалай глінай, абпаленай да страты пластычнасці. Затым быў алюміній, які даў магчымасць ствараць выцягнутыя касмічныя постаці. І, канечне, бронза — класічны матэрыял, у якім выконваюцца паркавыя работы, помнікі, таму што бронза набліжана да чалавечага цела. Сёння, праўда, і пластык можна адліваць пад бронзу для атрымання лёгкіх фігур, і менш выкарыстоўваецца гіпс, а больш — гумовыя формы.
— Стварэнне скульптуры займае шмат часу. Але ў вас сотні работ. Ніколі не падлічвалі іх?
— Каля 350 работ, але гэта сапраўды шмат для скульптур. Бо, напрыклад, калі ствараецца вялікі помнік, то як на распрацоўку эскіза ідзе каля года, так і на яго выкананне. А ёсць жа рэчы, якія расцягваюцца на дзесяцігоддзі.
— А ці ёсць скульптура, якой вы асабліва даражыце?
— Так, напрыклад, “Зімовыя прыцемкі”, якую я зрабіў у 1988-м, дарэчы, яна захоўваецца ў калекцыі Траццякоўскай галерэі. А 6-метровы твор “У лодцы” стаіць у Кітаі ўжо 20 гадоў. Вельмі хацеў і ў Мінску паставіць яе, але пакуль не знайшоў магчымасці. Увогуле ідэя лодак заўсёды мяне цікавіла, таму што лодка — такі аб’ект, які рухаецца не толькі па вадзе, але і па часе. У мяне шмат работ, звязаных з імі.
— Паколькі загаварылі пра вашу творчасць, не магу не запытацца пра вашы планы.
— Планаў шмат. Ёсць жаданне выставіцца, бо апошняя выстава маіх работ “Сублімацыя формы” адбылася ў 2018 годзе. Да таго ж зараз працую над памятным знакам “Жывая памяць удзячных пакаленняў”, якая будзе ўсталявана ў сталічным парку Перамогі. Я называю гэтую кампазіцыю “Лістамі”, бо на яе стварэнне мяне натхнілі трохвугольныя пісьмы майго бацькі з вайны. Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што тры аднолькавыя помнікі будуць размешчаны ў 3 гарадах: Мінску, Брэсце і Маскве.
Увогуле скульптура — гэта мая скура, мае косці і кроў, гэта ўсё маё жыццё. Без скульптуры я не ўяўляю свайго існавання. Увесь час думаю пра яе, бачу ўсюды, хацеў бы вылепіць, адліць кожны кавалачак. Але наш час абмежаваны, таму імкнуся будаваць планы, якія я магу ажыццявіць.
— Уладзімір Іванавіч, у мяне засталося яшчэ адно заключнае пытанне: да чаго, да якой працы акадэмія рыхтуе сваіх выпускнікоў?
— Заказы будуць розныя: помнікі, мемарыяльныя знакі, рэльефныя малюнкі, станковая скульптура для інтэр’ера, паркавая скульптура — і ўсё гэта трэба ўмець рабіць. Штогод у нас выпускаецца 5 чалавек, гэта нямнога для Беларусі, а наша задача ў тым, каб скульптурнае асяроддзе было не толькі ў Мінску, але і па ўсёй рэспубліцы. Да таго ж мы стараемся падрыхтаваць настолькі моцных прафесіяналаў, каб яны маглі годна выступаць на міжнароднай арэне. І варта падкрэсліць, што беларуская школа цікавая і запатрабаваная не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.
Вольга АНТОНЕНКАВА.









