Аб’яднаныя прафесіяй: расказваем пра сям’ю Ляшкевіч – педагогаў Высокаўскай сярэдняй школы

- 15:05Образование

Педагогі Аляксандр Мікалаевіч і Алена Уладзіміраўна Ляшкевіч з Высокаўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна заўсёды разам: і дома, і на рабоце. І зусім не дакучаюць адно аднаму, бо аб’яднаны любімай прафесіяй. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ён — настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, яна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Розныя не толькі ў прадметах выкладання, але і па характары: ён спакойны і негаваркі, яна эмацыянальная і гаварлівая. Класічны саюз фізіка і лірыка.

Аляксандр Мікалае­віч захапляўся матэматыкай са школьных гадоў. Калі надышоў час выбі­раць прафесію, не раздумваючы, вырашыў паступаць на матэматычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. Пасля яго заканчэння вярнуўся на малую радзіму, дзе 12 гадоў працаваў у Воўчынскай сярэдняй школе, а потым з жонкай, якую сустрэў там, перайшоў у Высокаўскую сярэднюю школу, што некалі скончыў. Тут ён уцягнуўся ў алімпіядны рух і навукова-даследчую дзейнасць з вучнямі.

“Галоўнае — не стаяць на месцы”, — любіць паўтараць Аляксандр Мікалаевіч. І даказвае гэта штодзённай працай, вынікам якой з’яўляюцца шматлікія перамогі выхаванцаў у прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах і турнірах рознага ўзроўню.

Педагог павышае вучэбную матывацыю дзяцей уласным прыкладам і практычнымі сродкамі. Вельмі дапамагае ў гэтым школьны STEM-цэнтр, адкрыты 3 гады назад. Пад кіраўніц­твам настаўніка вучні 2—11 класаў займаюцца 3D-мадэляваннем, робататэхнікай, Scratch-праграмаваннем і распрацоўкай беспілотных лятальных апаратаў. Уменні і навыкі, атрыманыя ў школе, дзеці замацоўваюць і пашыраюць у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Поспехі выхаванцаў, некаторыя з якіх з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, акрыляюць і натхняюць Аляксандра Мікалаевіча працаваць яшчэ лепш.

На рахунку педагога і школьнікаў шмат цікавых праектаў: аўтаномны аўтамабіль а-ля “Тэсла”, разумнае смеццевае вядро, робарука, робат-футбаліст, дыягнастычныя сістэмы аналізу гукаў сэрцабіцця  і дыябетычнай рэцінапатыі. Ідэі для творчага пошуку Аляксандр Мікалаевіч бярэ з жыцця і на дасягнутым не спыняецца: кожны праект адкрывае дарогу да новага.

Не адстае ад мужа і Алена Уладзіміраўна, якая любіць абмеркаваць з ім яго і свае ідэі, каб дапамагчы адно аднаму ў іх рэалізацыі. У творчым тандэме працаваць куды больш цікава і вынікова.

Алена Уладзіміраўна таксама родам з Камянеччыны. Выпускніца тагачаснага Баранавіцкага педвучылішча і БДПУ.

Павышаць матывацыю вучняў да прадмета настаўніцы дапамагаюць алімпіяды і навукова-даследчая дзейнасць. Пад кіраўніцтвам педагога вучні аналізуюць моўныя асаблівасці і робяць параўнальныя характарыстыкі мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў, што дазваляе глыбей асэнса­ваць іх.

Здольных дзяцей Алена Уладзіміраўна адбірае ў 5—6 класах і мэтанакіравана працуе з імі. Вучні выконваюць алімпіядныя заданні, атрымліваюць даследчыя заданні на лета, удзельнічаюць у творчых конкурсах…

У рабоце педагог аддае перавагу праектнай дзейнасці і ІКТ, дзякуючы якім лепш засвойваецца вучэбны матэрыял. З дапамогай мужа Алена Уладзіміраўна асвоіла Scratch-праграмаванне, якім займаецца з малодшымі школьнікамі. На аснове літаратурных твораў дзеці ствараюць гульні, віктарыны, анімацыю…

Асаблівая гордасць — 2 мабільныя дадаткі — вучэбныя трэнажоры “Вывучай мову.by” і “Вывучай фанетыку.by”, якія дапамага­юць разабрацца ў марфеміцы і фанетыцы, праверыць і замаца­ваць веды, падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання.

А каб вучні не забывалі народную культуру і традыцыі, Алена Уладзіміраўна ладзіць тэатралізаваныя пастаноўкі на аснове мясцовага фальклору.

Дружнай педагагічнай сям’і няма калі сума­ваць. Аляксандр Мікалаевіч і Алена Уладзіміраўна выдатна разумеюць адно аднаго, бо знаходзяцца, як самі кажуць, на адной хвалі, у тым ліку з вучнямі і трыма ўласнымі дзецьмі, якія разам з бацькамі штодзень ходзяць у адну школу. Гэта таксама да многага абавязвае і прымушае трымаць высокую планку прафесіяналізму. І з такой задачай педагогі пас­пяхова спраўляюцца.

— Аляксандр Мікалаевіч і Алена Уладзіміраўна Ляшкевіч — адметныя педагогі з уласным настаўніцкім почыркам, — гаворыць дырэктар Высокаўскай сярэдняй школы Валянціна Патрабенка. — Яны шчыра любяць дзяцей, радуюцца іх поспехам, га­раць любімай справай і літаральна фантаніруюць ідэямі. Мы ганарымся, што ў нашай установе працуе таленавітая педагагічная сям’я, якая паказвае добры прафесійны прыклад моладзі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ