Аб’ёмныя перспектывы

- 7:50Падзеі, Сацыяльны ракурс

Работа з адоранымі навучэнцамі патрабуе ад педагогаў асаблівага падыходу. Як зацікавіць дзіця экалогіяй? Як развіваць гэтую яго цікавасць? Як пераўтварыць яе ў прафесію мары? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні знайшлі для сябе ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-нарады “Развіццё здольнасцей адораных дзяцей у сістэме экалагічнай адукацыі: вопыт, праблемы, перспектывы”.

Эдуард Тамільчык, начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, абгрунтаваў важнасць гэтай педагагічнай сустрэчы так:

— Важна вызначыць прыярытэты развіцця здольнасцей адораных дзяцей у сістэме экалагічнай адукацыі ў Беларусі, абмяняцца вопытам арганізацыі эколага-біялагічнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі, абмеркаваць пытанні арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі, акрэсліць перспектывы. Бо якім будзе наша грамадства праз 15—20 гадоў, залежыць ад таго, наколькі паспяхова будуць падрыхтаваны да жыцця ва ўмовах інавацыйнага развіцця нашы цяперашнія выпускнікі.

Таццяна Кананчук, начальнік Галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у сваім выступленні адзначыла: 

— У Беларусі экалагічная накіраванасць закладзена ў якасці аднаго з асноўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. У абноўленай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прадугледжаны прынцып уключэння ў змест вучэбных праграм асноў ведаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання. Гэта адбываецца на ўсіх этапах, пачынаючы з дашкольнікаў.

Пра вопыт наладжвання такіх узаемаадносін з прыродай і расказалі ўдзельнікі семінара. Тэмамі іх выступленняў сталі і адметнасці арганізацыі работы па экалагічным выхаванні з адоранымі дзецьмі ў НДЦ “Зубраня”, у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, быў прадстаўлены вопыт работы вучэбна-метадычнай лабараторыі экалагічнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ. 

Шырока быў прадстаўлены рэгіянальны вопыт. Так, педагогі з Віцебшчыны падзяліліся сакрэтамі па фарміраванні прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Педагогі з Брэстчыны засяродзіліся на рэгіянальных асаблівасцях падыходу да экалагічнай работы з адоранымі дзецьмі. Інавацыйнымі практыкамі ў гэтым кірунку падзяліліся з калегамі педагогі-эколагі з Ліды. На прыкладах было паказана, як маніторынг якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўплывае на творчае развіццё педагогаў Магілёва. Цікавымі былі парады педагогаў з Гомельшчыны, як, мяняючы формы рэалізацыі праграм аб’яднанняў па інтарэсах, забяспечыць запыты навучэнцаў. Прадстаўнікі Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму падзяліліся вопытам экалагічнага выхавання моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 

Нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым 100 разоў пачуць. Таму другі дзень семінара-нарады быў выязным. Сустракалі ўдзельнікаў семінара сярэднія школы № 18 і № 25 Барысава. На іх базе разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе сваімі напрацоўкамі дзяліліся педагогі і навучэнцы з больш як 10 устаноў адукацыі горада і раёна.

Госці змаглі азнаёміцца з работай творчых лабараторый, з інавацыйнымі распрацоўкамі барысаўчан, прыняць удзел у анлайн-стрымах з навуковым таварыствам студэнтаў МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ і з музеем салаўя Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў.

Адчуць прыроду на смак у сваім мабільным экабары “Лабараторыя смаку” прапанавалі гасцям навучэнцы Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму. Цукаты з морквы, буракоў, гарбузоў, чыпсы з морквы, сухафрукты, духмяныя напіткі — меню было здаровым і разнастайным.

Педагогі і вучні з сярэдняй школы № 2 Барысава прэзентавалі творчую лабараторыю навуковага таварыства навучэнцаў “ASTRA” ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі”. Тут школьнікі шукаюць шляхі вырашэння многіх экалагічных праблем. Так, яны расказалі, як з дапамогай лішайнікаў вызначыць, ці чыстае паветра навокал, як хімічны склад паветра ў кабінеце ўплывае на паспяховасць вучобы, а выбар экаўпакоўкі — на колькасць смецця.

Пра свае сувязі з прыродай у цэлым і з птушкамі ў прыватнасці расказалі ўдзельнікі навуковага таварыства навучэнцаў “Праметэй” сярэдняй школы № 18 Барысава. Шасцікласніца Паліна Канавалава разам са сваімі сябрамі вывучала віды птушак, якія гняздуюцца на тэрыторыі школы ці залятаюць сюды ў госці.

Узімку школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў акцыі па падкормцы птушак. За кожным класам была замацавана пэўная кармушка, і школьнікі частавалі птушак тым кормам, які пераважны для канкрэтнага віду. У гэтай жа школе навучэнцы ладзілі конкурс экасумак, конкурс “Свет фантазій”, праект “Свет без пластыку” (сумесна з маладзёжным парламентам Барысава). Вынікам апошняга праекта, дарэчы, стаў новы комплекс вулічнай мэблі на тэрыторыі школы.

Сёння ў трэндзе пластыкавая мэбля, якую можна зрабіць на 3D-прынтары з ПЭТ-бутэлек. Упэўнена, гэта яшчэ наперадзе і ў навучэнцаў сярэдняй школы № 25 Барысава, якія робяць свае першыя крокі ў IT-экалогіі. Іх 3D-прынтар — адзін з самых вялікіх сярод тых, што ёсць у школах краіны. Ён стаў самым цікавым экспанатам сярод інтэрактыўных пляцовак, якія разгарнуліся ў гэтай школе. Тут быў прадстаўлены комплекс абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў экалагічным адукацыйным працэсе. Пакуль 3D-прынтар пераўтварае пластыкавую стужку ў аб’ёмнае сэрца, Аляксандр Парфененка, настаўнік інфарматыкі і фізікі сярэдняй школы № 25, тлумачыць:

— Нашы дзевяцікласнікі прымаюць удзел у эксперыментальным праекце па апрабацыі 3D-друку і 3D-мадэлявання ў адукацыі. На ўроках інфарматыкі кожны навучэнец працуе над сваім індывідуальным праектам, а таксама мы супрацоўнічаем з іншымі настаўнікамі і ствараем для іх наглядныя матэрыялы. Вось гэтае сэрца таксама будзе выкарыстоўвацца для нагляднасці.

Ёсць у педагога і яго навучэнцаў ідэі па экалагізацыі прыбора. Па словах педагога, для 3D-друку прымяняецца стужка з вельмі дарагога пластыку, таму ён з навучэнцамі хоча знайсці яму замену — ПЭТ-бутэлькі. І гэты праект ужо на стадыі рэалізацыі.

Не меншую цікавасць у гасцей гэтай пляцоўкі выклікала і метэастанцыя. Аляксандр Парфененка патлумачыў:

Наша метэастанцыя — наша гордасць. Гэта аўтаномны комплекс, які ўсталёўваецца на вуліцы, сілкуецца ад сонечных батарэй і дазваляе дыстанцыйна вымяраць атмасферны ціск, вільготнасць і тэмпературу паветра, хуткасць і кірунак ветра і перадаваць на асноўны модуль. Усе параметры фіксуюцца ў памяць устройства і ў аўтаматычным дзённіку на камп’ютары. Такім чынам, ёсць магчымасць аналізаваць, абагульняць звесткі, будаваць ружы вятроў, тэмпературныя графікі, праводзіць даследчыя праекты, прагназаваць надвор’е.

Малодшыя навучэнцы школы № 25 любяць бавіць час за інтэрактыўным гульнявым сталом. У яго аснове — спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе праводзіць з дзецьмі навучанне і інтэрактыўныя гульні па розных прадметах.

Педагогі сярэдняй школы № 3 Барысава падзяліліся сваімі варыянтамі прымянення ПЭТ-бутэлек. Тут навучаць кожнага жадаючага змайстраваць з іх і цацку, і кармушку для птушак, і рукамыйнік, і садовую мяцёлку, і кашпо для азелянення вертыкальных сцен. Экачэленджы, экашоу, экатэатры, экалагічны аўдыт сталі фішкай Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна. 

Навучэнка Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Ганна Казлова расказала пра сваю работу “Доступ да чыстай пітной вады і нябачная небяспека забруджвання нітратамі”, над якой разам са сваім навуковым кіраўніком Аленай Шубара працавала тры гады ў сельскіх населеных пунктах Барысаўскага раёна. Нядаўна за гэту работу на Міжнародным кірмашы ідэй і інавацый у Інданезіі Ганна была ўдастоена залатога медаля і спецыяльнай узнагароды. 

Таццяна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, пасля насычанага падзеямі дня выказала словы ўдзячнасці педагогам устаноў Мінскай вобласці за іх працу і падзялілася сваімі назіраннямі: “За 6 гадоў маёй работы ў Міністэрстве адукацыі я столькі цікавага і інавацыйнага ўбачыла ў вашых установах адукацыі! І я не перастаю здзіўляцца, наколькі вы, педагогі, можаце зацікавіць сваімі заняткамі дзяцей. Але нязменным застаецца адно — сістэмнасць працы. Гэта ў нашай рабоце — галоўнае”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.