Абмеркавалі актуальныя пытанні напярэдадні афіцыйнага візіту прэзідэнта

- 11:30Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер у красавіку наведаць з афіцыйным візітам Турцыю. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілванай Дарамай.

“Прычына нашай сустрэчы не толькі ў маёй глыбокай павазе да вашай краіны, да вас як да добрага прадстаўніка Турцыі ў Беларусі. Ёсць і практычны бок справы: у сярэдзіне красавіка, вы ведаеце, у нас афіцыйны візіт на вышэйшым узроўні ў Турцыю і сустрэча з вашым прэзідэнтам. Таму шэраг акалічнасцей, якія падштурхоўваюць нас да гэтай размовы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У найбліжэйшы час павінна адбыцца пасяджэнне беларуска-турэцкай ­міжурадавай камісіі. Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што яно дасць добрыя вынікі напярэдадні яго перагавораў з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Першым крокам у падрыхтоўцы свайго візіту Аляксандр Лукашэнка назваў сустрэчу з Кезбан Нілванай Дарамай.

“Таму давайце абмяркуем нашы пытанні з пункту гледжання тых праблем, якія існуюць, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Усё добрае бачна, аб ім прыемна гаварыць. Тым не менш заўсёды ёсць жа і праблемы, якія трэба вырашаць. У адваротным выпадку не трэба было б сустракацца, весці перагаворы, калі ўсё добра. Мы павінны вырашаць праблемныя пытанні. І я хацеў бы, каб мы адкрыта абмеркавалі тыя праблемныя пытанні, якія, як вы лічыце, трэба вырашаць сёння, заўтра і ў доўгатэрміновай перспектыве”.

Як паведаміла пасол Турцыі, у яе ёсць некалькі пытанняў, якія яна хацела б абмеркаваць з Прэзідэнтам Беларусі. Гэтую сустрэчу яна таксама лічыць часткай падрыхтоўчай работы напярэдадні перагавораў кіраўнікоў дзяржаў. “Мы не бачым праблем у адносінах паміж нашымі краінамі і лічым гэта падставай для гонару”, — падкрэсліла дыпламат.

Тавараабарот паміж краінамі ў мінулым годзе дасягнуў $984 млн, склаўшы амаль 105% да ўзроўню 2017 года. Аднак сальда для Беларусі склалася адмоўнае — у памеры $618 млн.

Аснову беларускага экспарту фарміруюць калійныя ўгнаенні, якія змяшчаюць функцыянальную нітрыльную групу злучэння, жгут сінтэтычных нітак, ільняныя тканіны, полікарбонавыя кіслоты, сінтэтычныя нячэсаныя валокны, дрот з нелегіраванай сталі, паліўная драўніна, газетная папера. Турцыя пастаўляе ў Беларусь сельскагаспадарчую прадукцыю, трыкатажныя палотны і тканіны, сінтэтычныя ніткі, ­адзенне і абутак, часткі і прылады для аўтатрактарнай тэхнікі.

Па выніках 2018 года аб’ём турэцкіх інвестыцый у беларускую эканоміку склаў $43,1 млн. У Беларусі зарэгістравана больш за 300 прадпрыемстваў з удзелам турэцкага капіталу. Краіны працуюць над стварэннем зборачных вытворчасцей камбайнаў Гомсельмаша і тэхнікі Амкадора, прапрацоўваюцца пастаўкі на турэцкі рынак прадукцыі БелАЗа.