Ад агратурыстычнага глэмпінга да аўтаномнай сонечнай электрастанцыі

- 10:37Актуально, Апошнія запісы

У рамках двухдзённага рэспубліканскага свята “Баранавічы — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2016” прайшоў фестываль маладзёжнай універсітэцкай навукі. Падчас мерапрыемства, арганізаванага Міністэрствам адукацыі Беларусі, можна было азнаёміцца з перспектыўнымі даследаваннямі маладых навукоўцаў у галіне машынабудавання, інфармацыйных і біялагічных тэхналогій, сацыяльнай сферы, гуманітарных навук і г.д. Плануецца, што такія фестывалі пройдуць на працягу года ў розных УВА краіны і стануць дзейсным сродкам актывізацыі маладзёжнай навуковай думкі.

На фестывалі ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце было прадстаўлена больш за 20 праектаў. Мерапрыемства ўключала работу дыскусійнай пляцоўкі “Развіццё маладзёжнай навукі: праблемы і перспектывы” і стэндавую выставу-прэзентацыю дасягненняў маладых навукоўцаў з чатырох устаноў вышэйшай адукацыі Брэстчыны. Удзельнікі фестывалю, сярод якіх былі і школьнікі, змаглі не толькі ўбачыць цікавыя распрацоўкі, але і задаць пытанні іх аўтарам.
— З 2014 года ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце працуе навукова-педагагічная школа “Навуковыя і тэхналагічныя асновы вырабу і ўмацавання высоканагружаных дэталяў машынабудавання і інструменту”, — расказала прарэктар па навуковай рабоце БарДУ А.В.Нікішова. — Навуковыя даследаванні студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў накіраваны на змяншэнне затрат і павышэнне якасці апрацаваных паверхняў. Так, аспірант А.С.Дзямянчык даследуе метад магнітна-імпульснай умацавальнай апрацоўкі сталёвых вырабаў, аспірант У.У.Цуран распрацоўвае імпартазамяшчальныя тэхналогіі вырабу рубільных нажоў для вытворчасці тэхналагічнай трэскі, а студэнт інжынернага факультэта Сяргей Крулікоўскі займаецца ўмацаваннем рэжучага інструменту метадам іонна-плазменнага азатавання. Малады навуковец кандыдат тэхнічных навук М.У.Нярода вынайшаў спосаб шліфавання газатэрмічнага ахоўнага пакрыцця метадам магнітна-электрычнага шліфавання. У БарДУ дзейнічаюць 5 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (“Палада”, “Закон і правапарадак”, “Арыенцір”, “Эксперыментальная эканоміка”, “Лабараторыя псіхолага-педагагічных даследаванняў”), юрыдычная клініка і 23 навукова-даследчыя гурткі, створаныя на факультэцкіх кафедрах. Магістрантка В.М.Крамянеўская ў рамках работы лабараторыі “Арыенцір” распрацавала інавацыйны праект “Укараненне карт-сістэмы ў функцыянаванне турыстычнага кластара “Зялёнае кола Баранавіч”. Мэта праекта — развіццё турызму ў рэгіёне, а мэта стварэння кластара — фарміраванне канкурэнтаздольнага турыстычнага прадукту на ўнутраным і знешнім турыстычным рынках на аснове кааперацыі прадпрыемстваў першасных і другасных турыстычных паслуг, органаў дзяржаўнага кіравання, фінансавых устаноў і ўстаноў адукацыі.
Студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі Ганна Радчанка і Марына Рамаслаўская пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук В.І.Козел распрацавалі мадэль кабінета рэсурснага забеспячэння прафілактыкі насілля над непаўналетнімі і гандлю людзьмі. Праект вырашае праблему фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці будучых сацыяльных педагогаў па папярэджанні насілля над непаўналетнімі ў школе і сям’і, а таксама асуджальнага стаўлення (найперш з боку настаўнікаў, бацькоў і вучняў) да любых форм праяўлення насілля і жорсткасці ў адносінах да непаўналетніх.
Студэнтка факультэта эканомікі і права Валерыя Серада ў рамках дзейнасці лабараторыі “Закон і правапарадак” ажыццявіла праект “Альтэрнатыўныя мадэлі пенсійнага забеспячэння: вопыт замежных дзяржаў для Беларусі” (кіраўнік — кандыдат юрыдычных навук М.В.Андрыяшка). Мэта праекта — аптымізацыя айчыннай пенсійнай сістэмы. Навуковая навізна работы заключаецца ў наяўнасці тэарэтычных вывадаў і прапаноў па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у дзеючае заканадаўства Беларусі аб пенсійным забеспячэнні, а таксама комплекснага аналізу пенсійнага забеспячэння ў краінах СНД.
Магістрантка Наталля Філімонава і студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі Вераніка Стрэльчык падрыхтавалі праект “Інклюзіўнай адукацыі — інклюзіўнага педагога” (кіраўнікі — кандыдат псіхалагічных навук А.А.Кляшчова і кандыдат педагагічных навук В.В.Хітрук). Мэта праекта — сфарміраваць у студэнтаў гатоўнасць да прафесійнай дзейнасці ў інклюзіўнай адукацыі і неабходныя ўменні для работы ў ёй.
— Большасць праектаў студэнтаў і маладых выкладчыкаў Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта маюць распрацаваныя бізнес-планы па іх камерцыялізацыі і прайшлі апрабацыю ў рамках мінулагодніх бізнес-мерапрыемстваў PINSK — INVEST WEEKEND, — расказаў прарэктар па навуковай рабоце ПалесДУ М.Г.Кручынскі. — Факультэт банкаўскай справы прапанаваў праект “Інфа-Інтэлект”. Праект, распрацаваны пад кіраўніцтвам кандыдата тэхнічных навук У.М.Штэпы, разлічаны на аптымізацыю працэсаў водаачысткі камунальна-прамысловых аб’ектаў з выкарыстаннем інфармацыйна-кіруючых сістэм. Праект быў апрабаваны на заводзе гальванічных пакрыццяў, фабрыцы па вытворчасці лакафарбавых вырабаў і мясакамбінаце.
Асістэнт кафедры фізічнай культуры факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця В.У.Васілец распрацавала праект “Аквамарафон”, які ўяўляе сабой аздараўленчы комплекс аквааэробікі. Аўтарская распрацоўка камерцыялізавана і на працягу трох гадоў рэалізуецца ў спартыўным комплексе ўніверсітэта для жыхароў Пінска. Другі праект В.У.Васілец “Фітнес-фестываль”, які з’яўляецца варыянтам фітнес-марафону для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, апрабаваны падчас правядзення дзён адкрытых дзвярэй універсітэта і дзён горада. Праект студэнткі Кацярыны Бут-Гусаім “Фітнес-клуб для мам і дзяцей “Кенгуру” адзначаны спецыяльным прызам мінулагодняга Рэспубліканскага форуму маладзёжнага стартап-руху, які праходзіў на базе ПалесДУ.
Аспірант кафедры біятэхналогіі біятэхналагічнага факультэта М.П.Водчыц распрацавала праект “Устаноўкі асвятлення на аснове святлодыёдаў для паскарэння росту раслін”. Пілотная ўстаноўка створана разам з Пінскім філіялам НВА “Інтэграл”. Распрацоўка па прамысловай вытворчасці святлодыёдных свяцільняў для цяпліц, лабараторый і аранжарэй прадстаўлена на конкурс інавацыйных праектаў інавацыйнага фонду Брэсцкага аблвыканкама.
Выкладчык-стажор кафедры ландшафтнага праектавання А.А.Несцер прэзентаваў праект “Экадом” — агратурыстычны глэмпінг”. Узор выраблены на доследным участку ўніверсітэта ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве з АПК “Фядорскае” Столінскага раёна і прафінансаваны за кошт пазабюджэтных сродкаў УВА.
У аснову праекта студэнтаў Марыны Калесніковіч і Дар’і Трапачка “Клетачныя тэхналогіі ў раслінаводстве” пакладзена тэхналогія мікракланальнага размнажэння раслін у прамысловых аб’ёмах.
Праект студэнтаў Марыны Ігнатавай, Юліі Астапчук, Наталлі Караткевіч і Ганны Марцінчык “Падарожжа ў Палескую Амазонію” выкананы ў навукова-даследчай лабараторыі рэгіянальнага турызму і Студэнцкага экскурсійнага таварыства ўніверсітэта ў рамках падрыхтоўкі студэнтаў да дзяржаўнай атэстацыі экскурсаводаў у Нацыянальным агенцтве па турызме.
— На рахунку студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта шмат цікавых і перспектыўных распрацовак, — паведаміў кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Робататэхніка” БрДТУ А.П.Дунец. — Сярод іх — праект студэнта Яўгена Кузьміча “Праграма разліку аўтаномнай сонечнай электрастанцыі”, які дазваляе паспяхова вырашыць шэраг задач: скараціць шкодныя выкіды ў навакольнае асяроддзе за кошт укаранення аднаўляльных крыніц энергіі; разлічыць неабходную колькасць АКБ для памяшкання з мэтай бесперабойнай падачы электраэнергіі на працягу 5—7 дзён; вылічыць неабходную колькасць панэлей для аўтаномнага забеспячэння будынка электраэнергіяй; выбраць кантралёр зараду для АКБ і інвертара для неабходнай сістэмы энергазабеспячэння; разлічыць акупнасць устаноўкі сонечнай электрастанцыі пры поўным продажы электраэнергіі дзяржаве і асабістым выкарыстанні электраэнергіі.
Студэнты Аляксандр Дашкевіч і Сяргей Барысюк распрацавалі інтэлектуальную шматмэтавую рабатызаваную платформу. Арыгінальнасць праекта заключаецца ў інтэграцыі навейшых метадаў штучнага інтэлекту і тэхнічных рашэнняў у галіне механатронікі, робататэхнікі і электронікі. Канкурэнтнымі перавагамі распрацоўкі з’яўляюцца выкарыстанне навейшых метадаў штучнага інтэлекту, айчынных тэхналогій і камплектуючых, а таксама шырокі дыяпазон функцыянальных магчымасцей і сфер прымянення. На фестывалі былі прадстаўлены робаты для роба-рэйсінгу з трасай і робат-катар для маніторынгу вадаёмаў. На базе трасы прайшоў майстар-клас RoboRace, у рамках якога адбыліся заезды аўтаномных робатаў у розных камплектацыях.
Выкладчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій Г.Ю.Вайцяховіч падрыхтаваў праект “Нейрасеткавая сістэма дыягностыкі транзіторных ішэмічных атак”, створаны для аналізу сігналаў электраэнцэфалаграмы і атрымання дадатковай інфармацыі аб сігналах, што дазваляе выконваць больш дакладную пастаноўку дыягназу. Для рэалізацыі гэтай функцыі выкарыстоўваюцца спецыяльна распрацаваныя алгарытмы на базе тэорыі нейронных сетак і тэорыі хаосу. Выкарыстанне такіх алгарытмаў для аналізу даных ЭЭГ дазволіла распрацаваць цэлую сістэму па эфектыўным выяўленні транзіторных ішэмічных атак рознай формы і працягласці без спецыяльнага папярэдняга вывучэння гэтай сістэмы.
Шэраг адметных праектаў прэзентавалі і прадстаўнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Так, група аўтараў у складзе кандыдатаў педагагічных навук Т.В.Сакаловай і Н.А.Леанюк, выкладчыка кафедры сацыяльнай работы кіраўніка валанцёрскага атрада “Інсайт” сацыяльна-педагагічнага факультэта Г.А.Галіноўскай і студэнтаў-валанцёраў Іны Цярковіч, Ганны Кавалевіч, Аліны Грыцук і Марыі Янушчык распрацавалі сацыяльны праект “Насустрач адно аднаму”. Мэта праекта — забеспячэнне эфектыўнай інтэграцыі дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, якія наведваюць дзіцячы сад № 10 Брэста, шляхам стварэння безбар’ернага асяроддзя.
Вольга Новік, Настасся Нагорная і Яна Янчук уваходзяць у студэнцкую навукова-даследчую групу “Канструктыўная геаграфія і геаінфармацыйная сістэма”. Пад кіраўніцтвам кандыдатаў геаграфічных навук А.В.Такарчук і С.М.Такарчук яны даследуюць розныя праблемы геаграфіі: “Аптымізацыя ўзаемадзеяння чалавечай супольнасці з прыродай”, “Рацыянальная тэрытарыяльная арганізацыя жыцця грамадства”, “Геаінфармацыйныя сістэмы і іх дадаткі для мэт рацыянальнага выкарыстання і аховы прыродных рэсурсаў” і “Геаэкалагічная ацэнка кампанентаў геасістэм Беларусі”. Былі распрацаваны электронная інфармацыйна-аналітычная сістэма Бярозаўскага раёна для мэт рацыянальнага выкарыстання і аховы паверхневых вод, электронны эколага-гідраграфічны атлас Брэстчыны, вучэбны электронны атлас па курсе “Радыеэкалогія” і геаінфармацыйная мадэль экалагічнага каркаса Брэста.
Студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Уладзімір Рыжоў прапанаваў праект лёгкай сістэмы кіравання сайтам RAS Engine — CMS. Рашэнне, якое ляжыць у аснове праекта, значна паскарае работу сістэмы кіравання сайтам і без праблем выкарыстоўваецца на любых хостынгах. Гэта дазваляе ствараць сайты- візітоўкі без вялікіх грашовых укладанняў. На такой сістэме працуе сайт кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных ураўненняў і іх дадаткаў БрДУ імя А.С.Пушкіна.
Мінулагодні выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Уладзіслаў Басін стварыў высоканагружаную сістэму дыстанцыйнага навучання Brain Education, якая дазваляе арганізаваць дыстанцыйнае навучанне ІТ-спецыялістаў і праводзіць бяспечнае тэсціраванне алгарытмаў і праграм. Brain Education эфектыўна апрацоўвае запыты шматтысячнай аўдыторыі падчас правядзення алімпіяд і спаборніцтваў у анлайн-рэжыме.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.