Як павысіць цікавасць да прадмета і сфарміраваць даследчыя кампетэнцыі? Пра гэта ведае настаўніца геаграфіі гімназіі № 6 Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Ірына Вішнявецкая. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Любоў да педагогікі ў Ірыны Вішнявецкай пачала фарміравацца яшчэ ў школьныя гады. Ёй падабалася назіраць за сваімі школьнымі настаўнікамі на ўроках, бо яны лёгка знаходзілі агульную мову з дзецьмі і цікава расказвалі пра свой прадмет. Але больш за ўсё Ірыну прываблівала геаграфія. З 6 класа, калі прадмет упершыню з’явіўся ў раскладзе, школьніца паглыбілася ў яго вывучэнне.
“У школе настаўнікі геаграфіі часта мяняліся, але гэта заўсёды былі маладыя спецыялісты, жывыя, энергічныя, — успамінае Ірына Аляксееўна. — Сваёй энергіяй яны зарадзілі і мяне. Я разумела, што геаграфія — практыка-арыентаваная і многафункцыянальная дысцыпліна. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 35 Брэста мэтанакіравана паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на спецыяльнасць “Геаграфія. Эканоміка”.
Такі выбар яшчэ больш пашырыў магчымасці педагога ў выкладанні. Сёння Ірына Аляксееўна вучыць школьнікаў не толькі любімаму прадмету, але і вядзе факультатыў па фінансавай адукаванасці. У метадычнай скарбонцы педагога кожны год з’яўляюцца новыя дзейсныя інструменты, якія дапамагаюць павысіць вучэбную матывацыю школьнікаў.
“Мне падабаецца быць навуковым кіраўніком даследчых работ, праектаў экалагічнага, сацыяльнага кірункаў”, — адзначае настаўніца.
Падрыхтоўка навучэнцаў да ўдзелу ў краязнаўчых алімпіядах, конкурсах эколага-біялагічных работ, у турнірах па інтэлектуальных гульнях і ў навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню — гэта таксама пра Ірыну Вішнявецкую. На чым яшчэ робіць акцэнты педагог?
Расстаўляючы прыярытэты ў сваёй рабоце, І.Вішнявецкая робіць стаўку на фарміраванне ў вучняў даследчых кампетэнцый праз выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў у выкладанні геаграфіі.
“Я ўпэўнена: спантаннае прывіццё навучэнцам шэрага навыкаў даследчай дзейнасці падчас урокаў і нават сродкамі пазаўрочнай работы не можа стаць базай для фарміравання аднайменнай кампетэнцыі, — звярнула ўвагу Ірына Аляксееўна. — Толькі сістэмнае выкарыстанне магчымасцей некалькіх сучасных педагагічных тэхналогій (даследчай, праектнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і інш.) здольна дапамагчы вырашыць пастаўленую задачу”.
Ад простага да складанага
Метады і прыёмы, па меркаванні І.Вішнявецкай, эфектыўныя тады, калі фарміруюць у вучняў даследчыя кампетэнцыі. Гаворка ідзе пра даследчыя ўменні, якія з’яўляюцца базай, навыкі, якія неабходны дзецям для правядзення даследавання, а таксама пра спосабы вучэбна-пазнавальнай дзейнасці — іх павінны асвоіць навучэнцы 6—9 класаў у адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі.
У рабоце з вучнямі 6 класа, якія толькі пачалі вывучаць прадмет, педагог аддае перавагу гульнявым прыёмам навучання. Напрыклад, у пачатку альбо ў канцы ўрока настаўніца праводзіць гульню “Падарожнічаючы па карце”, якая спрыяе адпрацоўцы наменклатуры, фарміруе разуменне вобраза прасторы. Калі ўзнікае адчуванне, што заданні для школьнікаў занадта лёгкія, Ірына Аляксееўна ўскладняе іх — у гульні мяняюцца правілы і назва — “Спінай да карты”.
“Падчас яе правядзення задаю дзецям шэраг пытанняў, напрыклад, цікаўлюся, які акіян абмывае Еўразію з поўначы, які — самы маленькі, на якія паўшар’і экватар дзеліць зямлю, — працягвае дзяліцца педагог. — Таксама прашу назваць мацярык, які абмываецца Паўночным Ледавітым акіянам з поўначы, акіян, які абмывае Аўстралію з захаду, самы шырокі праліў і інш”.
Гэта далёка не ўсё, што дапамагае Ірыне Вішнявецкай ператварыць, здавалася б, звычайны ўрок у самыя цікавыя 45 мінут.
“Часта прапаную навучэнцам правільныя і няправільныя сцвярджэнні, складзеныя па матэрыяле тэмы, якая вывучаецца, — працягвае дзяліцца вопытам настаўніца геаграфіі. — Праводжу такія заняткі часцей у вуснай форме. Калі навучэнцы згодныя ці нязгодныя са сцвярджэннямі, яны папярэджваюць мяне аб гэтым пры дапамозе сігнальных картак “+” і “-”. Спалучаю гэтыя прыёмы нават з фізкультмінуткай: калі сцвярджэнне правільнае, дзеці прысядаюць, калі яно не адпавядае рэальнасці, то трэба ўстаць і падняць угору рукі”.
Педагог растлумачыла, што такую гульню можна праводзіць у пісьмовай форме. Для гэтага дзеці выпісваюць нумары правільных або няправільных сцвярджэнняў. Як вынік, у адказе атрымліваецца ланцужок з лічбаў. Напрыклад, на ўроку ў 6 класе па тэме “Паняцце аб геаграфічнай карце. Легенда карты” адным навучэнцам прапануецца выбраць нумары сцвярджэнняў, у якіх гаворыцца пра карты, а іншым вучням — нумары сказаў, якія характарызуюць акрэслены план. Такое практыкаванне спрыяе развіццю ўвагі і логікі”.
Увага — картам
Асаблівую ролю ў вывучэнні геаграфіі Ірына Вішнявецкая надае фарміраванню навыкаў самастойнай работы з картай. Чаму гэта так важна? Калі навучыцца працаваць з картай, разбірацца ва ўмоўных знаках, то можна, нават не чытаючы падручнік, знайсці адказ на многія пытанні.
“Пры засваенні пачатковага курса геаграфіі добра зарэкамендаваў сябе такі прыём, як пакетмод (маленькая складная кніжачка). Такая кніжачка можа быць памяткай па беражлівых адносінах да прыроды і інструкцыяй да дзеяння ў рэальным жыцці, — дадае настаўніца. — Захапляе навучэнцаў таксама складанне геаграфічнага канструктара”.
На этапе прымянення новых ведаў у нестандартнай сітуацыі Ірына Аляксееўна лічыць эфектыўнымі загадкі і рэбусы, а развіццю ўменняў аналізаваць новую інфармацыю, абагульняць яе, вылучаць галоўнае спрыяе прыём “Самае важнае”.
“Гэты і іншыя прыёмы пабуджаюць крытычна думаць, вылучаць галоўнае, фарміруюць уменне выказваць гіпотэзу, ставіць перад сабой мэту і дасягаць яе, — заключае педагог. — Вывучаць тэорыю можна праз практычныя задачы. Для вучняў 7 класа падыдзе праектнае заданне, дзе трэба стварыць лэпбук па пэўнай тэме — творча выкананая тэматычная папка з кішэнькамі, акенцамі, выразкамі, рухомымі дэталямі. У такой папцы збіраецца матэрыял па адной з тэм, што дазваляе дзецям сістэматызаваць вывучанае”.
На фарміраванне даследчых кампетэнцый уплывае работа з дадатковай літаратурай на ўроку.
“Любая работа з кнігай, газетай ці артыкулам з часопіса дапамагае развіваць уменне вызначаць галоўнае, спрыяе развіццю творчага ўяўлення, аналітычнага мыслення, эмацыянальна ўзбагачае ўрок, — адзначыла настаўніца. — Пры вывучэнні геаграфіі немагчыма абысціся без геаграфічных апісанняў у літаратуры. Вывучэнне гэтага аспекта натхніла на напісанне даследчай работы “Геаграфія ў казках і літаратурных творах”, адзначаная дыпломам І ступені на VII Рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі “Развіццё сацыяльных кампетэнцый асобы ў адукацыйным працэсе: тэорыя і вопыт”.
Выбар метадаў і прыёмаў арганізацыі вучэбнай дзейнасці павінен адпавядаць тым задачам, якія вырашаюцца на кожным яе этапе. Рэфлексія праведзенай работы і яе вынікаў таксама з’яўляецца важным кампанентам даследчай кампетэнцыі.
“Метад “Рэфлексіўная мішэнь” можа мець разнавіднасці, — знаёміць педагог. — Перавагу аддаю варыянту, калі навучэнцы ацэньваюць свае веды па кожным пытанні тэмы ад 0 да 10 балаў. Метад “Завяршы выраз” дазваляе вельмі аператыўна ўключыць вучняў у работу па асэнсаванні вывучанай тэмы. Такім чынам, выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў на ўроках не толькі павышае пазнавальную цікавасць, але і спрыяе фарміраванню даследчых кампетэнцый у школьнікаў. Важнай умовай эфектыўнасці гэтага працэсу з’яўляецца іх сістэматычнае прымяненне. Спалучэнне актыўных метадаў і прыёмаў на розных этапах урока дазваляе пастаянна сачыць за ўзроўнем сфарміраваных даследчых уменняў і своечасова прадухіляць іх згасанне”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА